Вы тут

Ваеначальнік з Гродзеншчыны: Генерал-маёр Нічыпар Герко


Раптам здарыцца пабываць у Львове, зазірніце на Лычакаўскія могілкі. Там знайшоў свой апошні прытулак наш зямляк — Нічыпар Ігнатавіч Герко. Служыў пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Прыкарпацці, ва Украіне. Да 1956 года. Хаця, відавочна, мог служыць і далей. Узрост дазваляў. Ды і ў 1953 годзе закончыў Ваенна-артылерыйскія курсы пры Ваеннай акадэміі імя К. Я. Варашылава... Ды, пэўна, скарачэнне Узброеных сіл зрабіла сваю справу. Сыходзілі з войска афіцэры, сыходзілі і генералы... Тут, на Заходняй Украіне, у Львове, і застаўся жыць. Памёр у 1973 годзе...


А за плячыма ўраджэнца Слонімшчыны (нарадзіўся 1 студзеня 1902 года ў вёсцы Чапялева) — грамадзянская вайна, барацьба з басмачамі ў Сярэдняй Азіі, Вялікая Айчынная вайна (генерала земляку прысвоілі ў 1943 годзе), словам, дзесяткі гадоў вайсковай службы... У 1920 годзе зусім юнага беларуса прынялі ў шэрагі Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў). У 1921 годзе чапялёвец прымаў удзел у падаўленні Ішымскага сялянскага паўстання. Цяжка ўявіць, якім жа было гэта супрацьстаянне — сына сяляніна з такімі ж сялянамі, якіх абяздоленасць вымусіла ўзяцца за зброю... 

У кастрычніку 1925 года Нічыпар Герко — чырванаармеец 3-га Туркестанскага артылерыйскага палка. Са студзеня 1926 года — курсант вучэбнай батарэі. Ваяваў з басмачамі ў раёне Керкі. Па сённяшняй геаграфіі гэта — горад як цэнтр Керкінскага этрапа Лепабскага велаята. Левы (заходні) бераг ракі Амудар’я. Усход Туркменістана. А тады, у 1920-я гады, — Керкінскае бекства Бухарскага эмірата. Дарэчы, другі наш зямляк — пісьменнік, краязнаўца, журналіст і гісторык Мікола Калінковіч (1950 — 1990) напісаў у 1980-я гг. гістарычны раман «Керкінскі бастыён». На жаль, твор не надрукаваны і да сённяшняга дня. Ведаю, што ў свой час рукапіс рамана разглядаўся ў рэдакцыі часопіса «Ашхабад»... У верасні 1927 года будучы генерал — старшына аддзялення, а з 25 сакавіка 1928 г. — старшына дывізіёна у 3-м Туркестанскім артылерыйскім палку. З верасня 1929 года па верасень 1930 — слухач ваенна-палітычных курсаў пры Аб’яднанай Сярэднеазіяцкай ваеннай школе імя У. І. Леніна. Легендарная ваенная навучальная ўстанова!.. 

І пасля выпуска некаторы час наш зямляк займаў ваенна-палітычныя пасады. А з чэрвеня па лістапад 1932 года Нічыпар Герко — слухач Маскоўскіх курсаў удасканальвання камандзірскага складу мотамеханічных войскаў. У лістападзе 1932 вяртаецца ў Сярэднеазіяцкую ваенную акругу — паліткіраўніком танкавай роты. З сакавіка 1934 года — камандзір 83-й асобнай танкавай роты 83-й горнастралковай дывізіі. У 1937 годзе — ужо камандзітр вучэбнага танкавага батальёна 9-й лёгкатанкавай брыгады. З 15 красавіка 1938 года — камандзір 10-га лёгкатанкавага палка Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі. Воінская часць дыслакавалася ў горадзе Чырчыку. Затым Герко ізноў камандуе танкавым батальёнам. 

А ў сакавіку 1941 года Нічыпар Ігнатавіч прызначаны камандзірам 56-га танкавага палка 28-й танкавай дывізіі. На гэтай пасадзе маёр Герко і сустрэў Вялікую Айчынную вайну. У Прыбалтыйскай ваеннай акрузе. 23 жніўня 1941 Герко быў цяжка паранены ў раёне Ноўгарада. Пасля шпіталя вяртаецца ў строй. У маі 1942 года прызначаны камандзірам 25-й танкавай брыгады. А з лютага 1943 г. Герко — камандуючы бронетанкавымі і механізаванымі войскамі 70-й арміі Цэнтральнага фронта. 

Яшчэ ў ліпені 1941 года Нічыпар Ігнатавіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Пагадзіцеся, па тым часе, часе першых баёў, адзнака для камандзіра высокая. Узнагароджванне — за тое, што пад яго кіраўніцтвам былі адбіты 4 контратакі ворага і знішчэнне групы фашыстаў, якія спрабавалі пераправіцца праз Заходнюю Дзвіну. 27 жніўня 1943 года Н. Герко Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР узнагароджаны ордэнам Кутузава 2-й ступені. 

Вызваляў наш зямляк і родную Беларусь. Ужо — на пасадзе намесніка камандуючага бронетанкавымі і механізаванымі войскамі 1-га Беларускага фронта. Вызваляў польскую Лодзь. Дайшоў да Берліна. Быў узнагароджаны яшчэ адным ордэнам Чырвонага Сцяга, орэнам Чырвонай Зоркі, а таксама — ордэнам Суворава 2-й ступені і ордэнам Кутузава 1-й ступені. Нагадаем, што ордэнамі Суворава і Кутузава адзначаліся камандзіры Чырвонай Арміі за выдатныя поспехі ў справе кіравання войскамі, выдатную арганізацыю баявых аперацый і настолйівасць у іх правядзенні, у выніку чаго была дасягнута пераомга ў баях за Радзіму ў Айчыннай вайне. Ордэнам Суворава 2-й ступені ўзнагароджваліся камандзіры карпусоў, дывізій і брыгад, іх намеснікі і начальнікі штабоў. За арганізацыю боя па разгрому варожага корпуса ці дывізіі, дасягнутаму з меншымі сіламі, у выніку рашучай атакі... 

Слонімшчына — радзіма многіх ваеначальнікаў. Адсюль родам — і генерал-палкоўнік Леанід Сямёнавіч Мальцаў, які займаў пасаду міністра абароны Рэспублікі Беларусь. А яшчэ — савецкі і польскі ваеначальнік Уладзіслаў Вікенцьевіч Корчыц (1893 — 1966). У Савецкай Арміі — генерал-палкоўнік, у польскай — генерал броні. Нарадзіўся Корчыц у Багданавічах. Са Слонімшчыны — і французскі генерал Ян Канопка (1777 — 1814). І генерал-лейтэнат Васіль Арцюх (1953 — 2017), які камандаваў берагавымі войскамі Балтыйскага флота ВМФ Расіі ў 2005 — 2008 гг. Дарэчы, ужо ў 1974 годзе Васіль Арцюх закончыў Ташкенцкае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча. Нагадаем: у Ташкенце ваеннай справе вучыўся і Нічыпар Герко... Слонімская зямля выпеставала і яшчэ аднаго генерала — Героя Савецкага Саюза Мікалая Мультана (1900 — 1975), які ўдзельнічаў у Вялікую Айчынную вайну ў вызваленні роднай Беларусі...

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».