Вы тут

Службы і арганізацыі рэагуюць на шматлікія надзвычайныя сітуацыі ў рэжыме рэальнага часу


Вучэнне па адпрацоўцы плана абароны насельніцтва і тэрыторый ад здарэнняў прыроднага і тэхнагеннага характару ў Барысаўскім раёне пачалося з ліквідацыі наступстваў умоўнага снегападу.


Па легендзе, у аграгараду Неманіца адбыўся падмыў плаціны і яе частковае разбурэнне. Дапамога спатрэбілася і рыбаку, які перакуліўся з лодкі. 30 домаўладаняў у вёсцы Вуглы аказаліся затопленыя. Надзвычайная сітуацыя адбылася з-за багатага выпадзення мокрага снегу. Супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах не далі рыбаку патануць. Мужчыну даставілі на бераг і з прыкметамі пераахаладжэння перадалі медыкам.

Для аператыўнага аказання дапамогі людзям, якія пацярпелі з-за разбурэння дамбы, адбылося выязное пасяджэння раённай камісіі па надзвычайнай сітуацыі, у ходзе якой былі вызначаны службы, неабходныя для аператыўнага рэагавання на сітуацыю і іх канкрэтныя дзеянні. Аб здарэнні ратавальнікі і супрацоўнікі міліцыі аператыўна апавясцілі мясцовае насельніцтва. Ажыццяўляўся абыход жыхароў вёскі для арганізацыі іх адсялення ў пункт часовага знаходжання.

Тым часам дарожнікі пры дапамозе пяску ліквідавалі пранікненне вады ў меліяратыўны канал, з якога, каб мінімізаваць падтапленне жылых дамоў, ратавальнікі аператыўна адпампавалі ваду. Адпаведнымі службамі быў адрэгуляваны ўзровень вады, адбылося даследаванне яе якасці, для мясцовых жыхароў арганізавалі падвоз пітной вады.

— Сёння сіл і сродкаў для рэагавання на надзвычайныя і іншыя пазаштатныя сітуацыі дастаткова, — адзначыў першы намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Уладзімір ЯНЧЫК. — Галоўнае — у выпадку рэальнай надзвычайнай сітуацыі прыняць правільныя кіраўнічыя рашэнні, скаардынаваць і наладзіць выразнае ўзаемадзеянне ўсіх органаў і службаў. Вучэнні, якія праходзяць на тэрыторыі раёна, пакажуць, наколькі наладжана гэтае ўзаемадзеянне ў рэгіёне.

Паводле легенды іншага этапу вучэння, каля вёскі Ланкаўшчына ў выніку праходжання цыклону ўтварыліся снежныя сумёты, пападалі дрэвы. З-за гэтага адбылося дарожна-транспартнае здарэнне: сутыкнуліся легкавы аўтамабіль і экскурсійны аўтобус. Пацярпелі тры чалавекі. Затор, які ўтварыўся ў выніку аварыі, прывёў да поўнага спынення аўтатранспрату ў абодвух кірунках. А, між іншым, па задумцы арганізатараў, на вуліцы — 20 градусаў марозу.

Падраздзяленні МНС, якія аператыўна прыбылі на месца здарэння, дэблакіравалі кіроўцу легкавога аўтамабіля і эвакуіравалі пасажыраў аўтобуса. Пацярпелыя былі перададзены медыкам, астатнія грэліся ў разгорнутым пункце Чырвонага Крыжа. Супрацоўнікі лясгаса распілілі дрэвы, якія ўпалі, і вызвалілі праезную частку. Міліцыянеры ачапілі месца здарэння і зябяспечылі бяспечнае правядзенне работ па ліквідацыі наступстваў непагадзі.

Акрамя таго, у межах вучэння была адпрацавана ліквідацыя наступстваў пашкоджання падземнага газаправода высокага ціску. У той жа дзень спецыялісты спраўляліся з аварыйным адключэннем у сістэме цяплазабеспячэння.

— Сітуацыі, якія адпрацоўваюцца ў гэтыя дні, цалкам магчымыя ў рэальным жыцці, — заўважыў намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама Дзмітрый МАКСІМЕНКА. — Наперадзе зіма, і ўсе аб'екты жыццязабеспячэння павінны функцыянаваць бесперабойна. А калі пэўныя няштатныя сітуацыі і адбудуцца, то службы павінны аператыўна на іх рэагаваць.

Вераніка КАНЮТА

Барысаўскі раён

Загаловак у газеце: Аператыўны адказ на здарэнні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».