Вы тут

Як карэспандэнт «Звязды» спрабавала набыць у арт-вёсцы закінуты дом


Аб вёсцы Салацці, што ў Гродзенскім раёне, даводзілася чуць неаднойчы. Маўляў, там пасяліліся мастакі і рамеснікі, праводзяць пленэры і аздобілі вёску рознымі інсталяцыямі. І быццам цяпер там амаль няма закінутых дамоў. Каб упэўніцца ў такім феномене, я накіравалася ў гэтую вёску, што знаходзіцца непадалёку ад аграгарадка Парэчча.


Частка І. Знаёмства з месцам

Прызнацца, арт-вёска зацікавіла яшчэ з адной нагоды. А ці не набыць там якую старую хату па невялікім кошце і пасяліцца ў гэтым мастацкім асяроддзі? Паціху прывесці яе ў парадак і атрымліваць асалоду ад спакойнага вясковага жыцця сярод маляўнічага наваколля... З такімі думкамі я ехала ў бок вёскі разам са сваімі знаёмымі. Можна дабрацца і цягніком, які ходзіць туды з Гродна некалькі раз на дзень. Многія месцічы, як аказалася, у асноўным ездзяць альбо на аўтамабілях, альбо на веласіпедах. Да найбліжэйшага аграгарадка Парэчча ўсяго некалькі кіламетраў.

Перш чым агледзець саму вёску, прыгадаліся тыя самыя арт-аб'екты. Сапраўды, раз-пораз каля дарогі на вочы траплялі розныя цікавыя інсталяцыі: можна было ўбачыць вялізную гітару, дзіўную кампазіцыю з зоркай, драўляную галаву з каронай. Як потым растлумачылі, гэта выява князя Вітаўта, якім яго ўявілі мастакі.

Самая высокая канцэнтрацыя арт-аб'ектаў сабрана на полі паблізу мясцовай аграсядзібы. Яе гаспадар Юрый Рэмша згадзіўся расказаць пра сваю ўнікальную вёску, бо ён, уласна кажучы, і з'яўляецца арганізатарам такіх пленэраў. Сам ён жыве тут больш за 20 гадоў, а потым і для маці купіў тут дом, калі тая выйшла на пенсію. Кажа, што мастакі, якія сталі прыязджаць да яго ў госці, таксама зацікавіліся гэтай мясцовасцю. А потым некаторыя і самі набывалі тут дамы альбо ўчасткі. Праз некаторы час узнікла ідэя правесці пленэр, але не зусім звычайны, а такі, што дапаможа надаць вёсцы асаблівы акцэнт.

— Многія мастакі пагадзіліся прыняць удзел, — расказаў Юрый Рэмша. — Былі прывезены вялікія катушкі з атамнай станцыі, дзесьці каля трыццаці. Пасля першых двух пленэраў мы многія аб'екты развозілі па акрузе. Такія інсталяцыі ўстаноўлены ў многіх навакольных вёсках. А вось з апошняга пленэра вырашылі пакінуць усё тут, у Салацці. Гэта было дзесьці тры гады таму.

Акрамя электракатушак, у ход пайшло ўсё, што валялася пад нагамі: гарбылі, дошкі, гаршкі... Штосьці трапіла ў музей хатніх прылад на аграсядзібе. Некалькі катушак яшчэ стаяць непрыдбаныя. «Спатрэбяцца», — ківае Юрый і вядзе на паляну, якую смела можна назваць музеем пад адкрытым небам.

— Вось гэта рыба-пірання, мясарубка, вежа, нейкае НЛА... — каментуе экспанаты мой субяседнік. — А гэта трактар, праўда дзесьці знік руль, прыйдзецца замяніць, магчыма, са старога аўтамабіля. Але ён на хаду, хоць і колы драўляныя, яго прыкацілі сюды пасля заканчэння работы.

Каля дарогі бачым цэлую кампазіцыю, дзе можна распазнаць Францыска Скарыну з мядзведзем і аленя святога Губерта — ахоўніка Гродна. Ёсць у вёсцы і незвычайны крыж. Па словах гаспадара аграсядзібы, ён асвечаны трыма святарамі — праваслаўным, каталіцкім і грэка-каталіцкім. Маўляў, такі крыж адзіны на ўсю Беларусь. А зроблены ён з дубу, які паваліла маланка на вясковым падворку. Гаспадыня хацела яго распілаваць, але, калі даведалася, што мастакі зробяць з яго крыж, дазволіла забраць дрэва. Праўда, мясцовыя жанчыны аддаюць перавагу сваім старым крыжам, што стаяць у пачатку вёскі, — там збіраюцца і ўпрыгожваюць кветкамі.

Між тым звяртаю ўвагу, што многія экспанаты музея пад адкрытым небам пацямнелі — фарбы выцвілі, штосьці зламалася, быццам яны тут стаяць даўно... Ці не збіраюцца ўдзельнікі пленэраў, якія тут жывуць, іх аднаўляць? Напрыклад, дадаць колеру. Сапраўды, штосьці будзе рабіцца. Два аб'екты сёлета адрамантавалі. Напрыклад, Пізанскую вежу апрацоўвалі два разы спецыяльным растворам. Але ў цэлым узнаўляць гэтыя творы наўрад ці будуць. Больш перспектыўным гаспадар аграсядзібы бачыць арганізацыю новага пленэру.

Паступова гутарка пераходзіць на саму вёску. Чаму менавіта сюды перабраўся гараджанін? Аказалася, што былі на прыкмеце і іншыя населеныя пункты, але тут вельмі вабіла прырода — два возеры, лес, цішыня. Праз дарогу працякае невялікая рэчка, на балоце жывуць чаплі, бабры, прылятаюць лебедзі. Вось і выбраў гэтыя мясціны для аграсядзібы, а потым і сам дом пабудаваў. Дарэчы, тут нямала велічных катэджаў. Відаць, многія аблюбавалі гэту вёску, каб укласці сродкі ў маёмасць. У вёсцы нават ёсць дзве каровы, і на малочныя прадукты тут добры попыт.

Цікаўлюся, ці многа ў вёсцы закінутых хат. Па логіцы, яны павінны быць, бо вёска невялікая, няма гандлёвых пунктаў, знаходзіцца паводдаль ад аўтатрасы. Сапраўды, пагаджаецца суразмоўца. Калі засяляўся, тут было шмат пустых дамоў, але зараз іх няма. Народу тут не шмат, але амаль усе дамы даглядаюцца альбо самімі месцічамі, альбо нашчадкамі, якія прыязджаюць пастаянна і сочаць за парадкам. Вось і гэтым летам тут купілі дом. Прасілі за яго 10 тысяч еўра, але на якой цане сышліся, мой суразмоўца не ведае. Праўда, прадаваўся ён доўга. Ёсць і яшчэ адзін на продаж.

Гэта зацікавіла. Да яго і накіраваліся мы са сваімі спадарожнікамі. Шукаць доўга не прыйшлося. Дом каля самай дарогі з вялікай расцяжкай аб продажы і нумарам тэлефона. Вядома, напачатку агледзелі ўсё навокал Падворак зарос бур'янам, гаспадарчыя пабудовы пакасіліся і чакаюць хіба толькі зносу, сам дом таксама з ліку праблемных. І дах трэба мяняць, і падмурак амаль увесь пасыпаўся... Наогул, патрэбны даволі значныя ўкладанні, каб давесці яго да належнага стану. І ўсё ж вырашыла патэлефанаваць па вызначаным на шыльдзе нумары, пацікавіцца, колькі просяць за яго гаспадары. Жанчына адказала, што дом прадае яе сястра, якая жыве ў Літве, і просіць за яго 10 тысяч умоўных адзінак. А вось у якой канкрэтна валюце — ці то ў доларах ці ў еўра, — не ўдакладніла. Што ж, арт-вёска, па ўсім відаць, становіцца прэстыжным месцам пражывання. Прынамсі такі кошт адназначна не па маёй кішэні. Відаць, з марай аб гэтым маляўнічым наваколлі давядзецца развітацца...

Частка ІІ. Перспектывы

І ўсё ж на адным Салацці, як кажуць, свет клінам не сышоўся. Ёсць іншыя прыгожыя вёскі, і, магчыма, там мне пашанцуе больш. Галоўнае — атрымаць адпаведную інфармацыю. А дзе яна сабраная, як ні ў мясцовых органах улады? З гэтай мэтай патэлефанавала старшыні Парэцкага сельвыканкама Андрэю Мацкевічу і папрасіла расказаць аб тым, якія ёсць механізмы набыцця закінутых дамоў, акрамя перагавораў з непасрэднымі ўласнікамі. Аказалася, што ёсць і іншыя шляхі.

Як паведаміў старшыня сельвыканкама, на тэрыторыі Парэцкага сельскага савета знаходзіцца 25 вёсак. Многія, як і Салацце, карыстаюцца папулярнасцю з-за прыгожага ландшафту. Таму і попыт на дамы і ўчасткі тут ёсць пастаянна. Увогуле, зараз многіх вабіць менавіта прырода. Гэта часта становіцца важным фактарам пры пакупцы. Некаторыя ў пошуках дома спецыяльна праязджаюць па населеных пунктах, каб ацаніць і ландшафт, і стан дамоў. Пры неабходнасці сельвыканкам дапамагае выйсці на ўладальнікаў закінутых сядзіб.

Купіць дамы можна непасрэдна ў сельвыканкама праз аўкцыён. Размова пра маёмасць, якая перададзена мясцовай уладзе па рашэнні суда. Кошт вызначаецца спецыялістам тэхнічнай інвентарызацыі. Гэта і будзе стартавай цаной, а вось фініш можа быць самы непрадказальны. Калі ёсць адзін заяўнік, дом прадаецца па стартавай цане. Тут галоўнае — сачыць за сітуацыяй і не прапусціць чарговыя таргі.

Трэба сказаць, што рэестры пустых дамоў пастаянна аднаўляюцца. Чарговая база даных павінна быць сфарміравана напрыканцы года. Спецыяльная камісія аб'язджае населеныя пункты і хутары, каб устанавіць такія аб'екты. Калі суд вынесе рашэнне аб перадачы іх на баланс сельсавета, той можа пачаць працэдуру продажу. Як зазначыў Андрэй Мацкевіч, у наступным годзе мяркуецца весці гэту работу больш актыўна, каб даваць другое жыццё закінутым дамам. І апошні час назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да іх скарачэння.

— У гэтым плане заканадаўства пастаянна ўдасканальваецца. І варта яго прымяняць на справе. Мы можам канфіскаваць закінутыя дамы і перадаваць іх тым, хто хоча і можа імі займацца, прывядзе ў парадак. Сапраўдны гаспадар нават аварыйнае жыллё перабудуе і добраўпарадкуе, — упэўнены старшыня сельвыканкама.

Магчыма, прасцей набыць участак пад будаўніцтва, але не заўсёды ён ёсць. Як выхад — пакупка старых дамоў. І калі пашанцуе, іх можна набыць даволі танна. Тады яшчэ застануцца сродкі, каб прывесці дом у парадак.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ці кожнаму па кішэні жыць на прыродзе?

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.