Вы тут

Цені Брэйгеля, бярозы Рушчыца... Якімі карцінамі натхняліся беларускія паэты?


Кажуць, у нашых далёкіх продкаў усе жанры мастацтва былі з'яднаныя. Сапраўды, нашто для рытуалу дзеля ўдалага палявання шукаць асобна спевака, кампазітара, музыку, танцора і мастака? Хто буйвала заваліць хоча — сам і станчыць, і спяе, і тую звярыну на сцяне пячоры намалюе… Потым усё мастацтва стала высокім, складаным, прафесійным і раздрабнёным. І, на жаль, нашы мастакі часам не чытаюць сваіх сучаснікаў-паэтаў, а апошнія рэдка завітваюць на выстаўкі ці на музычныя імпрэзы, збядняючы сябе. Але сапраўды таленавітыя заўсёды ведалі і натхняліся тым, што створана ў іншых мастацкіх жанрах. Давайце перачытаем творы беларускіх паэтаў, натхнёныя карцінамі.


Максім Багдановіч і Рафаэль

Максім Багдановіч, ведаючы пра смяротную хваробу, мала меў надзей на шчаслівае сямейнае жыццё, на вечнае каханне... Якое ўвасабляла для яго карціна Рафаэля Санці «Сіксцінская мадонна». Копію менавіта гэтай карціны падарылі Адаму Багдановічу, бацьку паэта, сваякі яго другой жонкі, Аляксандры Волжынай (Адам Рыгоравіч і Максім Горкі нейкі час былі жанатыя на сёстрах Волжыных). Карціну Багдановічы бралі з сабою падчас усіх пераездаў. Кажуць, што Адам Рыгоравіч, як прагрэсіўны чалавек, не меў у доме абразоў — і «Сіксцінская мадонна» стала для юнага Максіма гэткім нябесным знакам. Гэты вобраз можна ўгледзець шмат у якіх яго вершах. Калі Максім пасля доўгага перапынку прыехаў на родную Беларусь, пад уражаннем жыцця ў фальварку «Ракуцёўшчына» напісаў паэму «У вёсцы», дзе намаляваў вобраз вясковай мадонны. Герой паэмы натрапіў на маленькага хлопчыка, які спалохаўся мінака і папоўз да сваёй нянькі — васьмігадовай дзяўчынкі, магчыма, сястры:

І, як схіляецца ад ветра верх бярозкі,

Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі

Сціраючы яму, штось пачала казаць,

Каб заспакоіць плач — зусім як быццам маць,

І саліваліся ў жывы абраз ядыны

Той выгляд мацяры ды з воблікам дзяўчыны —

Дзіцячым, цененькім; і ў гэты час яна,

Здавалася, была аж да краёў паўна

Якойсь шырокаю, радзімаю красою,

І, помню, я на міг пахарашэў душою.

А можа, не краса была ў дзяўчынцы той, —

Дзяўчынцы ўпэцканай, і хілай, і худой, —

А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі

Стараўся выявіць праз Маці Божай лікі.

Максім Танк і Фердынанд Рушчыц

Малады Максім Танк, які чытаў у віленскіх салонах вершы і працаваў на падпольныя беларускія выданні, не быў далёкі ад культурнага жыцця... Ён добра ведаў мастакоў, бачыў выстаўкі... Пра яго захапленне мастацтвам сведчаць многія творы, напрыклад, паэма «Люцыян Таполя», пра разьбяра, які «Уздоўж Віллі і Нёмна // І па ўсіх шляхах і скрыжаваннях // Будаваў капліцы і крыжы, // Выразаў апосталаў, прарокаў, // Больш падобных да сялян смаргонскіх, / /Да вілейскіх лесарубаў, рыбакоў».

Ёсць у Танка напісаны ў 1946 годзе верш, дзе згадваецца карціна Фердынанда Рушчыца «Балада» — менавіта яе ўспомніў паэт, сузіраючы восеньскі пейзаж... Цікава, што карціна тая, напісаная Рушчыцам у беларускім Багданаве ў 1898 годзе, загінула падчас вайны, у 1944-м. Ёсць толькі яе чорна-белая выява. Максім Танк відавочна бачыў яе арыгінал. Змрочны краявід, бярозы, з якіх вецер зрывае лісце, прыводзяць на памяць сяброў, што згінулі хто ў віхурах вайны, хто ў польскіх засценках, хто ў сталінскіх лагерах.

...Стары гасцінец асамотнены.

З бяроз чырвоны ліст цярушыцца.

І вее ў твар вятрамі слотнымі

Бы з казачнай «Балады» Рушчыца.

Куды ў пахмуры гэткі дзень ісці?

Дзе захінешся, куды дзенешся?

І дрэвы нат ад безнадзейнасці

Кідаюцца ў азёры верасня.

А мне шкада іх. З кожным дрэвам я

Дружыў. Яны шумелі некалі

Над сном маім і над напевамі,

Над пройдзенымі мною рэкамі.

І я крычу ім: — Што вы робіце?

Няўжо вас дождж пазбавіў розуму?

Я рукі вам падам, і ў золаце

Вы зноў шуміце над бярозамі!

Іх ратаваў, як мог, дзень цэлы я.

І вось яны над шляхам высяцца,

І стройныя ствалы іх белыя

У чырвані лістоў калышуцца.

Уладзімір Караткевіч і Пітэр Брэйгель

Караткевіч быў чалавекам надзвычай адукаваным, ён выдатна разбіраўся ў сусветным мастацтве. І творы яго насычаны алюзіямі, цытатамі і вельмі цікавымі развагамі пра творчасць. Сам, дарэчы, лічыў сябе копіяй хлопчыка з партрэта італьянскага мастака Пінктурык'ё. Асабліва шмат у Караткевіча згадваецца мастакоўскіх работ у рамане «Нельга забыць», альбо «Леаніды не вернуцца да зямлі». Сюжэтнай лініяй паслужыла каханне Уладзіміра Караткевіча да расійскай мастацтвазнаўцы Ніны Молевай, якая выкладала на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, дзе ён вучыўся. Муж Молевай — вядомы калекцыянер, яна сама аўтар шматлікіх манаграфій... Менавіта той маскоўскі перыяд дапамог Караткевічу ўгрунтаваць свае веды... І верш пра свайго ўлюбёнага мастака, Пітэра Брэйгеля па мянушцы Мужыцкі, ён прысвяціў Ніне Молевай. Калі чытаеш гэты верш, усплываюць у памяці не толькі карціны нідэрландскага творцы XVІ стагоддзя, але і сцэны рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», пра тую ж эпоху, толькі на Беларусі. У апісаным угадваецца знакаміты «Пейзаж з Ікарам»: людзі займаюцца штодзённымі справамі, ніхто не зважае, што ў мора абрынуўся і патанае крылаты мройнік, ад якога на паверхні толькі смешна боўтаюцца ногі... Паэт і грамадства...

Трызненне мужыцкага Брэйгеля

Н. М. Молевай

...Мужыцкі Брэйгель ля шынка на плошчы

Сядае і ў руцэ альбом сціскае.

Ён бачыць тоўстых бюргераў за півам,

Сляпога, што пяшчотна гладзіць скрыпку,

Сталы, што цяжка крэкчуць ад жратвы,

Настаўленай на іх. На нізкім ганку

Стаіць шынкарка і глядзіць на плошчу,

На цяжкія сталы і на гуляк...

А зрэштаю, такіх жанчын тут любяць.

І вось млынар з натоўпу выплывае.

Перад шынкаркаю нагою дрыгнуў

І запрасіў яе з сабой на танец...

Павекі Брэйгеля прыкрылі зрэнкі.

Ён думае, што млынару з шынкаркай

Цудоўна будзе спаць на сенавале,

А там усё на свеце хоць бы што.

За сытасцю яны не заўважаюць,

Што шашаль есць іх дом, што іх абкрадуць,

І назву самую «край Нідэрландаў»

Забудуць спячыя. Пракляты край!

Ніхто не хоча ведаць пра свабоду,

Пра пошукі, гарэнне і мастацтва.

Не, — ён схлусіў, — мастацтва дазваляюць.

Яно павінна лашчыць вочы сытых,

Высакароднымі рабіць іх твары,

І мышцамі рабіць на шыях тлушч,

І апяваць іх цёплыя пакоі,

Іх коўдры, начнікі і іхніх жонак,

Спакойных, як галандскія каровы,

І пераконваць іх, што быццам людзі,

Лаўцы амараў і ткачы шаўкоў

Не кашляюць крывёй і ў шторм не тонуць.

Што выведзе іх з сытай асалоды?!

Сам кожны за сябе. Нішто не ўзрушыць.

Ікар загіне — і ніхто не кіне

Нат позірку на ўспененыя хвалі,

Дзе жаласна, пакутліва і горда

Мільгнула надламанае крыло…

Рыгор Барадулін і Марк Шагал

Калі параўноўваць паэзію Рыгора Барадуліна з жывапісам, гэта, безумоўна, нешта яркае, складана-метафарычнае, магчыма, імпрэсіянізм... Нядзіўна, што жывапіс Марка Шагала, родам таксама з Віцебшчыны, адгукнуўся паэту. Рыгор Барадулін — адзін з перакладчыкаў на беларускую мову паэзіі Марка Шагала, той пісаў не толькі карціны, але і вершы. І ў сваім паэтычным прысвячэнні Шагалу Барадулін закадзіраваў вобразы творчасці вялікага віцебскага мастака:

Марк Шагал

Жыццё працякала —

І не стараўся

Залапіць гарбаты дах.

Губляў галаву і не спяшаўся

Яе адшукаць.

Ягоны сусед Макар

Пасвіў цялят

Недзе ў Маркаўшчыне

Ці на Пескаваціку,

А ён пераганяў коз

З Елісейскіх палёў

Па Млечны выган.

Козы былі з Віцебска,

Дзе дагэтуль

На глухаватай вуліцы

Чакае яго мураванка

І на падаконні

Гараць бальзамінкі

Зоркамі малалецтва

У цёплым космасе

Незабытай бацькаўшчыны.

Яўгенія Янішчыц і Леанід Шчамялёў

Леанід Шчамялёў умеў ператвараць звыклыя беларускія краявіды, якія некаторыя папракалі ў аднастайнасці — «гразь, балота ды пясок», — у хвалюючы сусвет неверагодных колераў. У майстэрні народнага мастака Беларусі бываў шмат хто з вядомых творцаў. А вось паэтка Яўгенія Янішчыц, як засведчана ў яе вершы, завітвала якраз для таго, каб ратавацца асаблівым мастакоўскім бачаннем родных краявідаў.

Зайду да Шчамялёва

Утапілася рака. Раскісла глеба.

Зрывае форткі вецер халасты.

Халоднае, дажджом размыта неба.

Уліплі ў гразь іржавыя лісты.

Размоклі ў полі маміныя боты.

Знасілася нядзелечка мая.

А ты, душа, хацела адзіноты?

Бяры ж яе — яна уся твая!

Вось мокры плот. І мокры кот ля плота.

Азяблая рабіна сыпле плод.

Запі дажджом няпрошаным гаркоту

І памяні салодкі самы год...

З якой красы тады сатчэцца слова?

Відаць, сама не праглыну зараз.

...Пайду, пазычу неба ў Шчамялёва,—

Яно ў яго блакітнае якраз.

Ніна Мацяш і Мікалай Чурлёніс

Паэтка Ніна Мацяш, якая правяла ўсё жыццё ў родным палескім азёрным краі, з юначых гадоў спазнала хваробу: як і ў дзвюх старэйшых сясцёр, сталі нямець ногі, давялося сесці ў інвалідны вазок... Але духоўная моц дзяўчыны была такой, што і вышэйшую адукацыю атрымала, і кніжкі сталі выходзіць адна за адной, мовамі авалодала, шмат перакладала з сусветнай класікі, выкладала... З верша, прысвечанага Мікалаю Чурлёнісу, мы можам здагадацца, чым паэтку так уразіла яго карціна «Дзень». Матыў пераадолення, змагання і неадольнай улады часу.

М. К. Чурлёніс. Дзень

Ніяк не ўстаць.

Ніяк не распрастацца.

У невядомасць цягне, бы ў смалу.

Але ўпіліся ў край планеты пальцы,

Усходзіць галавы цяжкой валун!

А за спіною —

Дзень таго не бачыць, —

Хай бачаць тыя, хто сустрэне Дзень! —

Як тайны вырыс Космасу,

Маячыць

Светлая постаць —

Часу пільны цень.

Ляжыць зямля пустынная, нямая.

Стварэнню свету йсці ў каторы раз!..

Глядзіць нам проста ў вочы, не міргае,

З засцерагальна ўзнятым пальцам

ЧАС.

Перачытайце вершы беларускіх паэтаў, перагледзьце карціны беларускіх мастакоў! Хай ваша восень будзе яркая.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.

Грамадства

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Ідэя стварыць гурток авіямадэлістаў у нейкім сэнсе звязана і з размяшчэннем побач з райцэнтрам былога ваеннага аэрадрома.

Грамадства

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Будаўнічыя ідэі распрацоўваюцца ў лабараторыі аднаго брэсцкага вучонага.