Вы тут

Кітайскую вакцыну пачнуць размяркоўваць па рэгіёнах


У Беларусь на аэрадром Мачулішчы з Кітая прыбыў ваенна-транспартны самалёт Іл-76МД. Борт даставіў кітайскую вакцыну SARS-CoV-2 Vaccine (Vero Cell), Inactivated кампаніі Sinopharm. Агульная працягласць маршруту склала 13,6 тысячы кіламетраў.


«Беларускіх лётчыкаў сустрэлі галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра арганізацыі медыцынскага рэагавання Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Альховік і прадстаўнікі РУП „Белфармацыя“. Камандзіра 50-й змешанай авіяцыйнай базы ВПС і войскаў СПА Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўніка Андрэя Лук’яновіча таксама віталі на зямлі прадстаўнікі БРСМ — яны падарункі выказалі словы падзякі за дапамогу, якую аказваюць лётчыкі медработнікам падчас пандэміі COVID-19», — адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя.

У агульнай складанасці ў Беларусь прыбыло 1,5 млн. доз вакцыны SARS-CoV-2 Vaccine (Vero Cell), Inactivated кампаніі Sinopharm — гэтую колькасць закупіла ў Кітая Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Таксама кітайскі бок перадаў Беларусі 500 тысяч доз вакцыны і 500 тысяч шпрыцаў у якасці замежнай бязвыплатнай дапамогі. У вырашэнні гэтага пытання Міністэрству аховы здароўя Беларусі актыўна дапамагалі прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў і пасольства дзвюх краін. Работнікі МНС Беларусі прымалі і суправаджалі дапамогу, а курсанты ведамства разгружалі самалёт Міністэрства абароны па прыбыцці.

Міністр аховы здароўя Дзмітры Піневіч і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Се Сяаюн падпісалі акт прыёму вакцыны ад каранавіруса Vero Cell, паведаміла прэс-служба міністэрства. Міністр аховы здароўя падкрэсліў, што Кітай упэўнена рухаецца наперад і застаецца найважнейшым партнёрам Беларусі. «Дынамічнае развіццё беларуска-кітайскіх палітычных і гандлёва-эканамічных сувязяў абумоўленае агульнасцю прынцыпаў унутранай і знешняй палітыкі, супадзеннем поглядаў на найважнейшыя праблемы сусветнага парадку дня. У нас адбываецца актыўны палітычны дыялог, эканамічныя сувязі, сфарміраваны дружалюбны клімат. Я хачу падкрэсліць, што ў крытычных сітуацыях праяўляецца характар — як людзей, так і краін. Крызіс пандэміі паказаў нашыя асаблівыя дружалюбныя адносіны. Нашае супрацоўніцтва можна лічыць узорным. Кітай першым паведаміў аб эпідэміі, мабілізаваў усе краіны і паказаў усім, як трэба арганізаваць сістэму аказання дапамогі — пачынаючы ад сацыяльнага дыстанцыявання заканчваючы выпрацоўкай медыцынскіх рашэнняў. Нагадаю, што па распараджэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, наша краіна першай адправіла ў Кітай груз з гуманітарнай дапамогай і Кітай таксама першым падставіў нам наймагутнейшае плячо», — сказаў міністр.

Дзмітрый Піневіч нагадаў, што ноччу прыйшоў самалёт з чарговай партыяй вакцыны. «Мы вельмі шануем такі сяброўскі жэст з боку Кітая. Гэтай колькасцю вакцыны мы зможам прывіць 750 тысяч чалавек. Цяпер вакцынацыя пайшла паскоранымі тэмпамі, мы ўсё ж дастукаліся да тых, хто сумняваўся. Мяркуем, што ўсе жадаючыя змогуць вакцынавацца без якіх-небудзь праблем», — сказаў ён. Міністр таксама дадаў, што ў Беларусі зараз знаходзяцца ў абароце прыкладна 600 тысяч доз першага кампанента вакцыны.

«Тэмпы захворвання каранавіруса ідуць на спад, таму ў нас у планах на працягу месяца пераводзіць клінікі да звычайнага рэжыму работы. Планы распрацаваны па рэгіёнах і ідуць крыху з апярэджаннем. Мы гаворым пра гэта асцярожна, планы карэктуюцца кожны дзень. Мы застаемся ў гатоўнасці і заклікаем грамадзян не расслабляцца — захоўваць меры засцярогі і зрабіць выбар на карысць вакцынацыі», — сказаў Дмітрый Піневіч.

Нагадаем, што сёлета кітайскі ўрад ужо чатыры разы пастаўляў у Беларусь гуманітарныя партыі вакцыны агульным аб’ёмам 1,4 мільёна доз. 

«Нашыя адносіны грунтуюцца на ўсебаковым стратэгічным партнёрстве і ўзаемавыгадным супрацоўніцтве. І паміж нашымі народамі існуе глыбокае сяброўства. Мы ніколі не забудзем, як у пачатку ўспышкі эпідэміі Беларусь стала першай краінай, якая дала нам гуманітарную дапамогу. Таму, як толькі ў вас узнікла складаная сітуацыя, мы аказваем дапамогу і вам, бо, як кажуць, сябры спазнаюцца ў бядзе», — сказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Се Сяаюн.

Дыпламат таксама расказаў, што «прэпараты кітайскай традыцыйнай медыцыны, накіраваныя на лячэнне каранавіруса і распрацаваныя сумеснымі намаганнямі нашых краін, ужо атрымалі ліцэнзію на экстранае прымяненне ў Беларусі. Вырабляюцца яны ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку „Вялікі камень“. Па маёй інфармацыі, у хуткім часе ў „Вялікім камені“ распачнецца афіцыйная вытворчасць».

Паводле слоў генеральнага дырэктара РУП «Белфармацыя» Сяргея Літаша, «мільён доз цяпер захоўваецца на аптэчным складзе РУП „Белфармацыя“ ў спецыяльных халадзільных камерах і 500 тысяч доз размешчаны на складах „Белмытсэрвіса“. Дастаўка вакцыны арганізавана з захаваннем усіх патрабаванняў халоднага ланцуга, на працягу ўсяго шляху руху ажыццяўляўся маніторынг тэмпературнага рэжыму. Гэта гарантуе, што вакцына паступіць у лячэбныя арганізацыі якасная і бяспечная. Тэмпературны рэжым захоўвання — ад +2 да +8 градусаў. Вакцыну пачнем размяркоўваць па рэгіёнах на наступным тыдні пасля заканчэння кантролю якасці ў акрэдытаванай лабараторыі».

Захар БУРАК

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».