Вы тут

Акварэлі Архангельска: Іх аўтар Валерыян Галямін нарадзіўся ў Гродна


Мастак, які нарадзіўся ў Беларусі ў 1794 годзе, прайшоў многімі дарогамі Расійскай імперыі. І як вынік — мастацкія працы, якія расказваюць пра розныя мясціны... Набярэжная Паўночнай Дзвіны ў Архангельску з відам на Успенскую царкву і цукровы завод Брандта... Набярэжная Архангельска, Кузнячэўская слабада, злева Троіцкая царква... Цэнтр Архангельска, перасячэнне Троіцкага праспекта і Васкрасенскай вуліцы, Ламаносаўская плошча... Выгляд Архангельска з Масеева вострава, выгляд на Бор, Троіцкі сабор... Будынак Арсенала ў Царскім Сяле... Затока ў адным з маёнткаў Цвярской губерні... Архангельск, Троіцкі сабор, Саборная плошча... 


Магчыма, маляваў і Беларусь... Дапусцім такое меркаванне, не будзем спяшацца адпрэчваць яго... Усё ж былі ў яго лёсе і беларускія сцяжынкі. 

Нарадзіўся Валерыян Емяльянавіч Галямін ў Гродна. У сям’і правіянцкага чыноўніка. З лістапада 1811 года малады чалавек вучыўся ў Інстытуце Корпуса інжынераў шляхоў зносін у Санкт-Пецярбургу. У 1812 годзе яму прысвоілі званне прапаршчыка. Яшчэ праз год наш суродзіч становіцца падпаручыкам. У час службы ці дакладней — у перыяд навучання Валерыян Галямін праводзіў здымкі рачных басейнаў, рабіў замеры руслаў рэк Пецярбургскай губерні. Складаў тапаграфічныя планы. У бібліятэцы Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта шляхоў зносін захавалася карта Санкт-Пецярбурга і ваколіц, выкананая Валерыянам Галяміным. 

Закончыўшы вучобу ў інстытуце, з 1 чэрвеня 1814 года ваенны тапограф пачаў службу інжынерам 3-га класа ў Корпусе інжынераў шляхоў зносін. У жніўні 1814 года яму прысвоілі воінскае званне паручык. У ліпені 1816 года Валерыян Емяльянавіч быў пераведзены ў Корпус ваенных тапографаў, у Світу Яго Імператарскай Вялікасці па кватэрмейскай частцы. У жніўні 1817 года яму прысвоілі званне штабс-капітана. У 1917 — 1818 гг.. Валерыян Галямін удзельнічае ў здымках ваеннага паселішча ў Наўгародскай губерні. У 1819 г. быў адзначаны дыяментавым пярсцёнкам. У верасні 1819 года Галямін — ужо штабс-капітан. З красавіка 1822 года — падпалкоўнік. Бліскучая вайсковая кар’ера! Галяміну ўсяго толькі 28 (!) гадоў. У маі 1823 года нашага земляка прызначаюць памочнікам дырэктара вучылішча ваенных тапографаў. 

Але вайсковая кар’ера істотна прыпынілася ў сваёй хуткасці. У канцы 1825 года В. Галяміна арыштавалі па справе дзекабрыстаў. Следства высветліла, што членам дзекабрысцкага таварыства ўраджэнец Гродна ўсё ж такі не быў. Але ў пярэдадзень паўстання кантактаваў з некаторымі дзекабрыстамі і спаліў ліст пісьменніка і дзекабрыста Аляксандра Карніловіча (1800 — 1834), пакінуты старэйшаму таварышу пасля паўстання... Вызвалілі Галяміна з-пад варты 24 лютага 1826 года. Афіцэра перавялі ў Пятроўскі пяхотны полк, які знаходзіўся на тэрыторыі Фінляндыі. Валерыяна Емяльянавіча ўключылі прадстаўніком Расіі на перамовах аб усталяванні мяжы са Шведска-Нарвежскім каралеўствам у Лапландыі За выдатнае выкананне гэтага даручэння афіцэр атрымаў у якасці ўзнагароды дзве тысячы рублёў, а таксама ордэн Мяча і дыяментавую табакерку. 

У 1829 годзе В. Галяміна перавялі ў Генеральны штаб. Удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1828 — 1829 гадоў. Дарэчы, у тых самых падзеях удзельнічаў і другі вядомы ваенны тапограф, геадэзіст — наш зямляк Міхаіл Урончанка (1802, Копысь, Аршанскі раён — 1855), які праз гады стане генерал-маёрам і перакладчыкам «Дзядоў» Адама Міцкевіча на рускую мову. 6 красавіка 1830 года ваенны тапограф атрымлівае званне палкоўніка. 

У 1830-1831 гадах Валерыян Емельянавіч удзельнічае ў падаўленні Польскага паўстання. Быў старшым ад’ютантам Галоўнага штаба дзеючай арміі. За ўдзел у шутрме Варшавы 10 лістапада 1831 года быў узнагароджаны залатой зброяй. У 1832 годзе нашага земляка зволілі з вайсковай службы. І адразу ж В. Галяміна прызначаюць на пасаду дырэктара Імператарскага фарфоравага завода. Новай для сябе справай Валерыян Емяльянавіч займаўся ажно да мая 1848 года. У адстаўку Галямін выйшаў па хваробе. 

Урадавыя, імператарскія адзнакі яго, ураджэнца Гродна, грамадзянскіх і вайсковых памкненняў — многія ўзнагароды: ордэны Святога Уладзіміра 2-й сутпені, Святой Анны 2-й ступені з імператарскай каронай, Святога Уладзіміра 3-й ступені, ордэн Льва і Сонца 2-й ступені (Персія), медалі, залатая шпага з надпісам «За адвагу».

Памёр Валерыян Емяльянавіч 8 (20) лютага 1855 года. Пахаваны ў Санкт-Пецярбургу. 

Вядома, што В. Галямін — аўтар некалькіх батальных карцін. У фондах Рускага музея захавалася болей 20 акварэляў, якія наш зямляк напісаў у Фінляндыі і на Балканах. Архангельскія гравюры знайшліся зусім выпадкова, калі Архангельскі музей выяўленчых мастацтваў набыў у аднаго маскоўскага калекцыянера альбом акварэляў з выявамі Архангельска. Яны былі створаны мастаком у 1826 годзе — перад экспедыцыяй па дэмаркацыі мяжы са Шведска-Нарвежскім каралеўствам, у якой і ўдзельнічаў Валерыян Емяльянавіч... Дык, можа быць, усё ж такі палкоўнік, ваенны тапограф Валерыян Галямін маляваў і краявіды Беларусі..? 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».