Вы тут

​«Люблю маляваць дзяцей!..»: кніжны графік Алена Афанасьева нарадзілася ў Брэст-Літоўску


Мастацкім сімвалам Беларусі па праву з’яўляецца Віцебск. І тут — асабліва на мяжы XIX — XX стагоддзяў — адбыліся многія яркія культурныя з’явы, і адсюль, з Віцебска, у вялікі свет выправіліся шмат хто з дзіўных, прыкметных і з вышыні сённяшняга часу асоб. Але ж і іншыя гарады, паселішчы Беларусі цікавыя мастацкай гісторыяй, цікавыя там, што маленства, дзяцінства, юнацтва будучых мастакоў прайшло на іх вуліцах, у іх дварах і ваколіцах...


Алена Аляксандраўна Афанасьева (1900 — 1998) нарадзілася ў Брэст-Літоўску. У сям’і афіцэра расійскай арміі. На дзевяць гадоў раней за спадарыню Алену ў Брэст-Літоўску нарадзіўся французскі мастак Якаў Балглей (1891 — 1934). А ў 1889-м — амерыканскі мастак, карыкатурыст Уільям Ауэрбах-Леві... 

У гімназію Алена Афанасьева пайшла ўжо ў Чыце. Відаць, па адрасе новага месца службы бацькі. А закончыла гімназію дзяўчына ў Харбіне. Дзе і атрымала першыя ўрокі малявання ў мастака Яругскага-Эругі. Ён жыў у Харбіне з 1916 года. Працаваў мастаком у кабарэ «Chat noir» (Харбін, вул. Аптэкарская, 2). Выконваў ілюстрацыі для літаратурна-мастацкага штомесячніка «Окно». У 1922 годзе ў Харбіне адбылася персанальная выстаўка Якава Маркавіча Яругскага. Але на той час наша зямлячка ўжо жыла і працавала ва Уладзівастоку... Безумоўна, у Яругскага Алена навучылася многаму. Жыццё ў сям’і было досыць складаным — шмат дзяцей, хваробы, пераезды, складаныя побытавыя ўмовы, матэрыяльная нястача... І на фоне ўсяго гэтага — творчая атмасфера заняткаў у прафесійнага мастака. Алена шмат капіравала з рэпрадукцый: пейзажы Левітана, карціны Макоўскага, кветкі Кляйн... Майстар «пейзажу настроя» Левітан быў на той час культавай асобай сярод мастакоў Расіі. Дзякуючы яму пейзаж адваёўваў свае правы ў расійскім жывапісе... У Харбіне Алена перамалёўвала ілюстрацыі з кніг Біблібіна. Мо гэта і былі яе першыя ўрокі кніжнай графікі, кніжнага ілюстравання?.. 

Ва Уладзівастоку, па запрашэнню цёткі — Ванды-Марыі Фердынандаўны Курышчанка, Алена працавала настаўнікам малявання ў адной са школ. У той самы час наведвала заняткі па малюнку, кампазіцыі, партрэту ў студыях графіка Камароўскага, акварэліста Баталава, жывапісца Клеменцьева... Дарэчы, у Пекіне мне давялося сустракацца з адным з вучняў Аляксея Мікалаевіча Клеменцьева (1875 — 1946) — легендарным кітайскім каліграфам Гаа Манам. Ён займаўся ў рускага жывапісца ў складзе сяброў з Хрысціянскага саюза маладых людзей. Між іншым, праз многа гадоў працы мастака былі паказаны разам з творамі яго вучня на выстаўцы Гаа Мана ва Уладзівастоку ў 2010 годзе...

У 1919 годзе Алена Афанасьева атрымала першую прэмію на конкурсе партрэтных накідаў і першую прэмію на конкурсе тэатральнага касцюма. Абодва праекты былі арганізаваны Літаратурна-мастацкім таварыствам Далёкага Усходу. У 1920 годзе ўпершыню ілюстрацыя А. Афанасьевай была надрукавана (вокладка) ва ўладзівастоцкім часопісе «Юнь» («Юность»). Следам некалькі малюнкаў былі надрукаваны ў адной з мясцовых газет. У 1920 годзе мастачка намалявала партрэт аднаго з заснавальнікаў рускага футурызма — Давіда Бурлюка, які на той час аказаўся ва Уладзівастоку. Сам не пазбаўлены мастакоўскага таленту (вядома, што Бурлюк з’яўляецца аўтарам болей як 20 тысяч карцін!), паэт высока адгукнуўся пра Алену Афанасьеву: «Гэта геніяльная дзяўчына!»

У 1923 годзе рашэннем Губернскага камітэта УКП (б) Далёкаўсходняй Рэспублікі Алена Афанасьева была камандзіравана для паступлення ва «ВХУТЕМАС» . Грошы на дарогу сабралі сябры, наладзіўшы розыгрыш яе малюнка на продаж. Па дарозе ў мастачкі скралі ўсе падрыхтаваныя для камісіі пры паступленні малюнкі. Таму Алене давялося прама ў цягніку тэрмінова маляваць новыя партрэты. З імі — партрэтам чырванаармейца і партрэтам камсамольца Мішы — яна і прыехала ў Маскву. З гэтымі малюнкамі ўраджэнку Брэст-Літоўска без экзаменаў прынялі на архітэктурны факультэт. На іншых факультэтах месцаў ужо не было. Вучылася малюнку ў прафесара Дз. Шчарбіноўскага. За яго спінай былі ўрокі І. Рэпіна, П. Чысцякова, вучоба ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў, у Акадэміі Жуліяна ў Парыжа. Вось што пісаў Ілля Рэпін пра свайго вучня: «...Шчарбіноўскага вельмі ўпрыгожвае магутная інтэлігентнасць, талент і гэтая гнуткасць культурнага чалавека». 

На малюнкі Алены адразу ўсе звярнулі ўвагу. Але ўвесну 1924 года нашу зямлячку адлічылі з навучальнай установы. Прычына: «чужы элемент». Так, Алена — дачка царскага афіцэра... Назад на вучобу вярнулася толькі пасля таго, як звярнулася да Надзеі Канстанцінаўны Крупскай. На другім курсе Афанасьева перайшла на графічны факультэт. Вучылася на літаграфічным аддзяленні. Настаўнік — мастак-графік, майстар малюнка, ксілаграфіі і літаграфіі, кніжнай графікі Мікалай Мікалаевіч Купрэянаў (1894 — 1933). У час вучобы Алена і шмат працавала: малявала і павялічвала партрэты, вырабляла шрыфтавыя плакаты, рабіла малюнкі і шаржы для насценнага друку. Закончыла вучобу наша зямлячка ў 1929 годзе. Дыпломнай працай стаў альбом аўталітаграфій «Гарэлка». Адну з шасці кампазіцый надрукаваў часопіс «За трезвость» — «Чарга за гарэлкай». 

Працавала Алена Афанасьева ў выдавецтве «Детская литература». Затым — у выдавецтве «Учпедгиз». У 1931 и 1932 гг. атрымала прэміі за ўдарную падрыхтоўку ўзорных падручнікаў. У 1932 годзе Алена Аляксандраўна была прынята ў толькі што створаны Маскоўскі абласны саюз савецкіх мастакоў. Калі пачалася Вялікая Айчыннай вайна, мастачка працавала брыгадзірам мастакоў ў эстампнай майстэрні. Па эскізах Алены Афанасьевай друкаваліся партрэты герояў-лётчыкаў на лістоўках. У 1941 — 1942 гг. працавала ў эвакашпіталі N 290. Намалявала дзесяткі партрэтаў супрацоўнікаў шпіталя. Але і не абмінала працу над ілюстрацыямі для дзіцячых кніг. У 1944 годзе атрымала першую прэмію «Детгиза» ў конкурсе на лепшую кнігу-цацку — за кнігу «Палічы цацкі» на лік ад 1 да 10. У 1954 — 1968 гг. працавала мастаком на студыі «Дыяфільм». Уваходзіла ў склад рэдакцыйна-мастацкага савета Студыі. Адначасова працавала ў маскоўскіх тэатрах над цыклам «Партрэты артыстаў у ролях». У лістападзе 1957 года прайшоў агляд прац Алены Афанасьевай у Маскоўскім аддзяленні Саюза мастакоў. Некаторыя партрэты ўзялі на выстаўку да 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, частку набыў Тэатральны музей імя А. А.Бахрушына. Персанальныя выстаўкі Алены Аляксандраўны пад назвай «Артысты тэатраў у ролях» прайшлі ў некалькіх тэатрах Масквы. 

...Калі зазірнуць у галоўныя бібліятэкі Масквы, Санкт-Пецярбурга, Мінска, то па падшыўках усесаюзных часопісаў «Мурзилка», «Крестьянские ребята», «Дружные ребята», «Искорка», іншых выданняў, можна ўбачыць тую безліч ілюстрацый, якія выканала Алена Афанасьева. Мастацтвазнаўцы, мастацкія крытыкі адзначалі істотнае адрозненне малюнкаў ўраджэнкі Брэст-Літоўска: хуткасць накіду. Гэтым спосабам яна малявала дзяцей, людзей на сходах, пасяджэннях, артыстаў ў час спектакла. Яна імкнулася «спыніць імгненне». І гэта таленавітай мастачцы, таленавітаму графіку ўдавалася. 

У 1968 годзе ў інтэрв’ю часопісу «Мурзилка» Алена Аляксандраўна прызнавалася: «Сябе без алоўка не помню... Я люблю болей за ўсё маляваць маленькіх дзяцей...» А. Афанасьевай належаць ілюстрацыі да дзіцячых кніг Льва Квітко, Сяргея Міхалкова, Мікалая Носава, Агніі Барто, Георгія Скрабіцкага... Часам пісьменнікам даводзілася раўнаваць фактычнага свайго сааўтара. Пра кніжную графіку Алены Афанасьевай можна было пачуць і такога характару выказванні: пра кнігу Агніі Барто «Марыйка» з малюнкамі Афанасьевай гаварылі, што ілюстрацыі ў ёй пераўзыйшлі вершы... Пагадзіцеся, вышэйшай адзнакі і не трэба. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Прэв'ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.