Вы тут

Пісьменніца, сцэнарыст, ваенны карэспандэнт і... жонка Аркадзя Гайдара: Лія Саламянская нарадзілася ў Мінску


Калі па тэлевізару альбо ў сацыяльных сетках надараецца разгледзець Марыю Гайдар, дачку вядомага расійскага палітыка і віцэ-прэ’мера Ягора Гайдара (ды і сама спадарыня Марыя — таксама ўжо досыць вядомы палітык; адразу — украінскі і расійскі), неўпрыкмет задаюся пытаннем: «А ці ведае яна што-небудзь пра свае беларускія карэнні..?»


І ўсё ж размова не пра Марыю, а пра яе прабабулю — ураджэнку Мінска рускую пісьменніцу Лію Саламянскую (1907 — 1986). Нарадзілася наша зямлячка ў сімвалічны дзень — 5 мая... Кажучы жартам, вось і спраектавала прывязанасць да журналістыкі — і сваю ўласную, і сына, ды і ўнука Ягора Гайдара таксама... Сын — контр-адмірал Цімур Гайдар. Служыў ваенным карэспандэнтам газеты «Правда». Быў уласным карэспандэнтам галоўнай партыйнай газеты Савецкага Саюза на Кубе, у Югаславіі, у Афганістане. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За баявыя заслугі»... Унук — Ягор Гайдар — працаваў у газеце «Правда» загадчыкам аддзела эканомікі ( у 1990 г.); а раней — загадчыкам аддзела эканамічнай палітыкі ў часопісе «Коммунист»... 

У Мінску сям’я беларускага ўдзельніка рэвалюцыйнага руху Бунд Лазара Саламянскага (1879 — 1945) пасля нараджэння Ліі пражыла нядоўга. Вядома, што ў 1911 годзе Саламянскія жылі ў Стаўбцах. Праз некаторы час сям’я пераехала ў Перм, дзе ў 1920-я гады Лазар Саламянскі займаў пасаду члена Пермскага губренскага камітэта РКП (бальшавікоў). Уваходзіў таксама ў склад савета Пермскай кааператыўнай біржы. А ў 1925 годзе стаў старшынёю Пермскага біржавога камітэта. 

У Пярмі Лія Саламянская яшчэ падлеткам стала заснавальнікам першай піянерскай газеты — «Муравей-чудодей». І было гэта ў 1920 годзе... Праз два гады Лія становіцца адной з сямі заснавальнікаў першай школьнай камсамольскай арганізацыі ў Пярмі. Дзяўчынку выбіраюць членам гарадскога дзіцячага камітэта. Крыху пазней Лія кіруе арганізацыйна-інструктарскім пададдзелам гарадской дзіцячай арганізацыі. Пазней увайшла ў склад рэдакцыйнай калегіі газеты «На смену!». Працавала на радыё. У Пярмі Лія і пазнаёмілася з Аркадзем Гайдарам, куды ён прыехаў працаваць у газету. Свае першыя творы ён і пісаць пачынаў у Пярмі. У 1926 годзе ў Ліі і Аркадзя і нарадзіўся сын — Цімур (памятаеце, што адна з аповесцяў Гайдара так і называецца — «Цімур і яго каманда»?..). 

З 1926 года Лія Саламянская — у Архангельску. У верасні 1929 года была прызначана першай загадчыцай радыёцэнтра пры краявым упраўленні сувязі і рэдактарам Архангельскага краявога радыёвяшчання. У 1928 — 1929 гг. Лія Саламянская вучылася ў Ленінградскім інстытуце камуністычнага выхавання імя Н. К. Крупскай (завочна). Пасля працавала журналістам, рэдактарам газеты «За урожай» (пры Іўнянскай машынна-трактарнай станцыі). А ў другой палове 1930-х — у «Пионерской правде», у часопісе «За пищевую индустрию». 

Пражылі пісьменнік Аркадзь Гайдар і журналістка, камсамольская актывістка Лія Саламянская нядоўга — у 1931 годзе разыйшліся... Наша зямлячка працавала ў «Мосфильме», загадвала сцэнарным аддзелам «Союздетфильма». У 1938 — 1940 гг. Лія Саламянская знаходзілася пад арыштам. Асуджана 2 жніўня 1938 года — як член сям’і здрадніка Радзімы (быў арыштаваны як «вораг народа» другі муж спадарыні Ліі — журналіст Ізраіль Разін; расстраляяны па абвінавачванню ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі). Знаходзілася ў сумна славутым Акмолінскім лагеры жонак здраднікаў Радзімы. Вызвалілі 18 студзеня 1940 года... 

У гады Вялікай Айчыннай вайны Лія Саламянская — ваенны журналіст газеты «Знамя». Пасля Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічала ў розных газетах і часопісах — «Юность», «Техника — молодежи», «Физкультура и спорт». Лія Саламянская — аўтар і сааўтар кніг «Іван Балотнікаў», «Гульні на стале», «Гульні моладзі», «Алімпіяда ў двары, дзе жывуць «вясёлыя чыжы»... 300-тысячным накладам выйшла кніга Ліі Саламянскай «Рыкі-Цікі-Таві. Фільм-казка (па Р. Кіплінгу)» (Масква, Бюро прапаганды савецкага каінмастацтва, 1971; яшчэ раней — у 1965 годзе — па сцэнраыю нашай зямлячкі быў пастаўлены на «Саюзмультфільме» аднайменны фільм).

Памерла Лія Саламянская ў 1986 годзе ў Маскве. Пахавана на Ваганькаўскіх могілках. Такая вось няпростая біяграфія ва ўраджэнкі Мінска, у жанчыны, чыё лёс звязаны і са Стоўбцамі, на Міншчыне...

Сяргей ШЫЧКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».