Вы тут

Літаратура са старых канвертаў


Амаль паўгода мінула, як айчынныя літаратурныя часопісы перайшлі пад дах выдавецтва «Мастацкая літаратура».


Якія змены плануюцца ў выданнях? Пра што будуць найцікавейшыя публікацыі? На гэтыя і іншыя пытанні пра змест часопісаў у наступным годзе адказалі галоўныя рэдактары «Полымя», «Нёмана» і «Маладосці».

Віктар Шніп: «…Быць у чымсьці нечаканымі!»

Наступны год для часопіса «Полымя» юбілейны: у снежні 2022 года выданню спаўняецца 100 гадоў.

Як высветлілася, я — дванаццаты рэдактар. Тое, што друкуецца на старонках часопіса, не заўжды залежыць ад галоўнага рэдактара, а, хутчэй, ад аўтараў. На жаль, новых твораў не напішуць ні Уладзімір Караткевіч, ні Міхась Стральцоў, ні Рыгор Барадулін… Часопіс адлюстроўвае літаратурны працэс, і ў друку з’яўляецца тое, што прапаноўваюць пісьменнікі.

Між тым пэўныя матэрыялы ў рэдакцыі ўжо ёсць. Гутарка датычыць блока, што ідзе пасля традыцыйных паэзіі і прозы: гэта ўспаміны, згадкі, ліставанне. Дарэчы, нярэдка другая палова часопіса бывае больш цікавая, чым першая. Так, да юбілею выдання запланаваны да друку ўспаміны тых, хто працаваў у часопісе. Згадкі аднаго з рэдактараў — Міколы Мятліцкага, які ўзначальваў «Полымя» на працягу 12 гадоў — пачалі ўжо публікавацца, першая іх частка пабачыла свет у кастрычніцкім нумары. Гэта адмысловы для часопіса аповед — «Сполах даўніх зарніц». Пачынаецца ён здалёк: з часоў дзяцінства і юнацтва аўтара, а гэта 1950—1960-я гады. Надзвычай цікава, як у яго ўсё складвалася, з чаго пачынаўся творчы чалавек. Другая частка ўспамінаў М. Мятліцкага — «Універсітэт». Там пісьменнік распавядае, як і з кім ён вучыўся, з кім з пісьменнікаў знаёміўся, з кім пачынаў хадзіць па рэдакцыях. Знаёмствы маладога Міколы Мятліцкага з класікамі надзвычай захапляльныя. Трэцяя частка называецца «Літаратура і мастацтва» — аб рабоце ў «ЛіМе». Працаваў ён у газеце няшмат, але, тым не менш, яго расповед — своеасаблівая гісторыя беларускай літаратуры. Пасля ідуць згадкі пра «Мастацкую літаратуру», і скончацца ўспаміны часткай аб рабоце ў часопісе.

Плануецца, што ў кожным нумары будуць згадкі пра «Полымя». Дарэчы, не толькі пісьменнікаў. Звяртаюся і да чытачоў часопіса: дасылайце нам свае гісторыі пра выданне, расповеды пра тое, што яно значыць у вашым жыцці, як вы яго выпісвалі, чыталі, чаго чакалі…

Бо творы, якія на пэўны час яшчэ не выйшлі кніжкай, але ўжо надрукаваны ў часопісе, успрымаюцца па-іншаму: ты — першы чытач…

Рэдакцыя звярнулася і да іншых пісьменнікаў з просьбай напісаць успаміны: да Казіміра Камейшы, Андрэя Федарэнкі, Алеся Бадака, Алеся Жука, Анатоля Вярцінскага, Васіля Зуёнка, Георгія Марчука, Алеся Марціновіча, Васіля Шырко, Анатоля Казлова, Міхаіла Шыманскага. Магчыма, хтосьці з творцаў прапануе сам, бо гісторыя часопіса — гэта яшчэ і гісторыя беларускай літаратуры.

У першым нумары новага года пачынаем друкаваць дзённікі Вячаслава Адамчыка з 1987 года, якія яшчэ не публікаваліся. Падрыхтавана першая порцыя — 65 старонак — і другая — 40 старонак. Надзвычай цікава адлюстравана тое, чым жылі пісьменнікі ў гады, што папярэднічалі часу, калі Беларусь атрымала незалежнасць, як творцы сябе пачувалі і пра што пісалі…

Анатоль Бутэвіч прапанаваў адмысловы твор пад назвай «Жыццё вучыць, альбо Мае жыццёвінкі (з нявыдуманага)». Тут ёсць раздзел «Добрыя словы ад добрых людзей», які пачынаецца з ліставання з Нінай Мацяш (якое яшчэ не друкаваліся). А цікава гэта не толькі для даследчыкаў, але і для маладых пісьменнікаў, дый увогуле тых, хто цікавіцца беларускай літаратурай. Можна шмат даведацца з гэтых лістоў. Запланаваны да друку і пісьмы дачкі пісьменніка Адама Бабарэкі Алесі — яе адшукаў у Маскве і перапісваўся з ёю Сяргей Чыгрын. Выглядала ліставанне такім чынам: ён задаваў ёй пэўнае пытанне пра часы, калі быў жывы яе бацька, пра тагачасных пісьменнікаў, у тым ліку і Адама Бабарэку, а яна адказвала. Будуць у друку апошнія лісты Якуба Коласа да жонкі.

Пабачаць свет не друкаваная дагэтуль эпісталярная спадчына Івана Шамякіна. Падборка цікавая тым, што гэта звароты да дзяржаўных дзеячаў, у тым ліку да міністра культуры БССР Юрыя Міхневіча, старшыні выканкама Мінскага гарадскога савета дэпутатаў Георгія Таразевіча, старшыні Вярхоўнага савета Петруся Броўкі; асабліва цікавыя пісьмы першаму сакратару ЦК КПБ Пятру Машэраву.

Раіса Баравікова прапануе да друку ўспаміны пра пачатак творчага шляху і сустрэчы з Канстанцыяй Буйло «Падарункі жыцця». Што да Канстанцыі Буйло, то высветлілася: у музеі Янкі Купалы ёсць яе раней не друкаваныя вершы, прысвечаныя класіку. Яны з адпаведнымі каментарыямі плануюцца да друку ў нумарах за першае паўгоддзе. Як і невядомыя раней успаміны Ігара Брусевіча пра свайго бацьку Максіма Брусевіча, педагога і публіцыста, дзеяча нацыянальнага вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, ліставанне мастака, паэта, настаўніка Юльяна Сергіевіча з дзеячамі беларускай культуры. Адмысловыя запіскі этнографа Сяргея Сахарава, якія рыхтуе краязнаўца Сяргей Казлоўскі.

Многія навукоўцы і даследчыкі працуюць над прапанаванымі ім тэмамі: Іван Саверчанка, Мікола Мікуліч, Мікола Трус, Жана Шаладонава, Валерый Максімовіч, Алесь Бельскі, Ігар Запрудскі, Іван Штэйнер, Васіль Старычонак, Уладзімір Чарота.

Чытачам прыйшліся даспадобы лірычныя мініяцюры Казіміра Камейшы «Паміж кубкам і вуснамі», што былі ў друку раней. Плануецца іх працяг: там шмат дэталяў пра ХХ стагоддзе, з гісторыі літаратуры.

Што да мастацкіх твораў, то на першы нумар 2022 года запланаваны раман Уладзіміра Гніламёдава «Праўда жыве пасярэдзіне». Акрамя таго, у першым паўгоддзі на старонках часопіса пабачаць свет аповесці і апавяданні Уладзіміра Гаўрыловіча, Георгія Марчука, Віктара Гардзея, Алеся Бадака, Віктара Праўдзіна, Людмілы Рублеўскай, Раісы Баравіковай, Васіля Ткачова, Алены Брава, Адама Глобуса і іншых; вершы Міколы Маляўкі, Віктара Гардзея, Міколы Мятліцкага…

Акрамя таго, запланаваны і цікавыя гутаркі. Мы распачалі супрацу з БДАМЛМ, з дырэктарам Ганнай Запартыкай: ва ўстанове ўжо апрацоўваюць некаторыя матэрыялы са спадчыны нашых пісьменнікаў, якія будуць прапанаваны да друку ў часопісе.

Не спыніцца публікацыя найлепшых твораў і ў рубрыцы «Галасы свету». Дзякуючы працы нашых перакладчыкаў, у наступным годзе многія ўзоры і з класікі, і з сучаснай літаратуры загучаць па-беларуску ўпершыню.

Выданне не абміне ўвагай і 50-гадовы юбілей выдавецтва «Мастацкая літаратура». Звяртаюся да чытачоў і аўтараў: чытайце нашы часопісы, а мы пастараемся адпавядаць вашым запатрабаванням і спадзяванням і адначасова быць у чымсьці нечаканымі.

Вольга Рацэвіч: «Ёсць што сказаць маладым»

Пэўныя змены, якія ў нас адбыліся, найперш звязаны з імёнамі маладосцеўскіх аўтараў: павялічылася колькасць сталых паэтаў і празаікаў — яны будуць прысутнічаць на старонках часопіса, бо менавіта з «Маладосці» пачыналі свой шлях у літаратуру. Сёння яны — настаўнікі, ім ёсць што сказаць маладым, і гэта важна, бо літаратура — адна вялікая сям’я… Вучыцца, дарэчы, можна незалежна ад узросту, напрыклад, падчас круглых сталоў, што запланаваны ў «Маладосці» з удзелам і маладых, і сталых пісьменнікаў.

Акрамя круглых сталоў на старонках часопіса будуць прысутнічаць і дыскусійныя клубы, бо сёння вельмі важна гаварыць пра тэндэнцыі развіцця маладой літаратуры. Тым больш што многія маладыя аўтары сябе сцвердзілі, але застаюцца незаўважанымі нашымі крытыкамі і чытачамі.

На старонках часопіса запланаваны новыя тэмы, імёны, аўтары, пераважна маладыя, будзем адзначаць юбілеі: і выдавецтва «Мастацкая літаратура», і пісьменнікаў Яўгена Хвалея, Раісы Баравіковай, Георгія Марчука. Акрамя таго, мы супрацоўнічаем з літаб’яднаннямі, шукаем маладых літаратараў: гэта творчыя суполкі ў Горках, Магілёве, і Мінская «Альтанка». Безумоўна, будзем друкаваць пераклады, у асноўным студэнтаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Чакаюцца цікавыя даследаванні замежнай літаратуры: запланаваны ўжо работы па тэме турэцкай і італьянскай.

Ёсць у нас рубрыка «Анкета» — на наступны год у яе межах прапануем цікавыя тэмы і абмеркаванні. Плануем шэраг інтэрв’ю з супрацоўнікамі выдавецтва, успаміны. Акрамя таго, мы супрацоўнічаем з БДАМЛМ — ужо ёсць дамоўленасць аб публікацыі дзённікавых запісаў Алеся Наўроцкага — яму ў наступным годзе магло б быць 85. Напісаныя адметнай літаратурнай мовай, яны з'яўляюцца споведдзю маладога чалавека з вельмі няпростым лёсам. Ужо займаюцца падрыхтоўкай запісаў да друку.

Наталія Касцючэнка: «Важна зрабіць акцэнт на духоўным развіцці грамадства»

Галоўнай задачай часопіса «Нёман», як і раней, застаецца фарміраванне дастойнага зместу. Сёння асабліва важна зрабіць акцэнт на духоўным развіцці грамадства. На старонках выдання чытач сустрэне імёны даўно ўпадабаных майстроў слова і малавядомых маладых, але таленавітых аўтараў. Паэзіяй парадуюць Віктар Гардзей, Дар’я Дарошкіна, Таццяна Ляйко, Уладзімір Мазго, Лізавета Палеес, Кацярына Роўда ды іншыя.

Сярод празаікаў — Валерый Гапееў, Таццяна Дземідовіч, Алена Папова, Васіль Ткачоў.

Верагодна, цікавым для чытача будзе новы раман Сяргея Трахімёнка «Прынцып слабага звяна», дзе аўтар звяртаецца да падзей мінулага стагоддзя, калі ў Тэхасе падчас перадвыбарчай паездкі быў забіты Прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі, а галоўным падазроным аказаўся Лі Харві Освальд, які ў 1960-я гады жыў у Мінску і працаваў на радыёзаводзе.

У межах праекта «Маладыя перакладчыкі» будуць у друку пераклады студэнтаў МДЛУ з беларускай і іншых моў свету твораў, якія нясуць ідэі міру і гуманізму.

Да 140-годдзя Якуба Коласа парадуе перакладамі Андрэй Цяўлоўскі: даволі нечаканы факт, што паэма «Новая зямля» ніколі не перастваралася па-руску цалкам. Пераклад, які ўжо лічаць класічным, карацейшы ад арыгінала амаль на трэць. На старонках часопіса будуць упершыню апублікаваны тыя часткі твора, якія дагэтуль на рускую мову не перакладаліся.

Чакаюць чытачоў і сустрэчы са знакамітымі публіцыстамі, літаратуразнаўцамі, крытыкамі. Так, тэатральны крытык Таццяна Арлова прадставіць пад вокладкай выдання архіўныя тэксты калегі Ліліі Брандабоўскай, якая нядаўна пайшла з жыцця: рэцэнзіі, тэатральныя партрэты, лісты, нарысы. З іх яскрава відаць постаць Ліліі Брандабоўскай з асаблівым поглядам на тэатральнае і будзённае жыццё. Адна з найцудоўнейшых дэталаляў гэтай публікацыі — пачуццё мовы і стылю.

Не пакіне абыякавым чытача і перапіска пісьменніка і мовазнаўца Міколы Лобана з яго каханай. У свой час ліставанне легла ў аснову пасляваеннай аповесці М. Лобана «Іркуцянка». Чакае і новая рубрыка Юліі Андрэевай «Другое дыханне», дзе будуць абмяркоўвацца пытанні здароўя.

Падрыхтавала Марыя ЯРАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.