Вы тут

Уладзімір Андрэйчанка наведаў з рабочай паездкай Ушацкі раён


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка здзейсніў рабочую паездку ва Ушацкі раён Віцебскай вобласці. Тут ён правёў чарговы асабісты прыём грамадзян, а таксама наведаў фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Юнацтва-Ушачы» і Ушацкую раённую цэнтральную бальніцу.


Фота: БелТА

На асабісты прыём да спікера Палаты прадстаўнікоў, які праходзіў ва Ушацкім раённым выканаўчым камітэце, звярнуўся пенсіянер з вёскі Звонь. Іван Ягоравіч Карабань расказаў, што за вырубку дрэў на дровы мясцовы суд пакараў яго штрафам, а гэта 45 базавых велічынь. Пенсіянера такое рашэнне не задавальняе. Уладзімір Андрэйчанка адказаў заяўніку, што падрабязна пазнаёміўся з матэрыяламі справы і не бачыць падстаў адмяняць рашэнне суда.

— Усё зроблена абгрунтавана і справядліва. Ёсць Закон «Аб раслінным свеце». Згодна з ім, вы павінны былі атрымаць дазвол на вырубку дрэў. Такі дазвол даюць мясцовыя органы ўлады — уласнік зямель. Калі вы не згодны з рашэннем раённага суда, трэба было яго абскардзіць, вы гэтага на працягу года не зрабілі. Вас пакаралі не за кусты, як вы кажаце, а за парушэнне Закона «Аб раслінным свеце».

Наступны заяўнік, Мікалай Леднік, старэйшына вёскі Ваўчо, прыйшоў з прыемнай нагоды — падзякаваць Уладзіміру Андрэйчанку, які з'яўляецца дэпутатам ад Докшыцкай выбарчай акругі, куды ўваходзіць Ушацкі раён, за арганізацыю водазабеспячэння ў сельскай мясцовасці.

— Я трэці раз у вас на прыёме і хачу падзякаваць за тую работу, якая зроблена. Нам правялі ваду — вялікі дзякуй за ваш клопат, — сказаў Мікалай Леднік. Трэба адзначыць, што работы былі праведзены вельмі аператыўна, і 90 % жыхароў вёскі пажадалі падключыцца да водазабеспячэння.

З пытаннямі вырубкі кустоўя звярнуўся і яшчэ адзін пенсіянер, жыхар вёскі Шчарбёнкі. Ён паскардзіўся, што кустоўе расце побач з вясковай дарогай (на невялікім участку ад вёскі Арэхаўна да Шчарбёнак), з-за чаго зімой па ёй праехаць праблематычна. Высветлілася, што заяўнік ужо звяртаўся ў мясцовыя органы ўлады, і ДРБУ ўсе небяспечныя ўчасткі ўжо высекла. Там, дзе кустоўе засталося ў кюветах і паласе адводу, яно будзе высечана ў найбліжэйшы час.

Як адзначыў Уладзімір Андрэйчанка, ёсць рашэнне прэзідэнта па 7 тысячах кіламетраў мясцовых дарог, якія павінны быць адрамантаваны ў найбліжэйшую пяцігодку. І пацікавіўся ў мясцовых улад, як выконваецца гэта даручэнне. Старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Аўдошка расказаў, на якіх участках сельскіх дарог у раёне за апошнія месяцы зроблены рамонт. І папрасіў садзейнічання ў рамонце ўчастка дарогі да сядзібы Васіля Быкава, якую часта наведваюць турысты. Уладзімір Андрэйчанка паабяцаў дапамагчы вырашыць гэта пытанне.

— Кантактаваць з насельніцтвам вельмі важна. Але важна і іншае: за апошні час вельмі многае зроблена па розных кірунках дзякуючы сістэмнай рабоце, якая праведзена ў Беларусі. І, напэўна, у сувязі з гэтым колькасць зваротаў змяншаецца, — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка ў размове з журналістамі. — Раней масава людзі прыходзілі на прыём па капітальным рамонце жылля, сістэм ацяплення. Цяпер гэтыя пытанні зняты, бо шмат зроблена па капітальным рамонце, устаноўлены нарматывы па колькасці рамонтаў у год, і я мяркую, гэта дае вынікі. Былі і пытанні з забеспячэннем пітной вадой. Сёння ў краіне рэалізоўваецца праграма «Чыстая вада» — у выніку таксама зваротаў стала менш. Цяпер ёсць пытанні па мясцовых дарогах. Дзякуючы таму рашэнню, якое прыняў Прэзідэнт краіны на пяцігодку — а гэта 7 тысяч мясцовых дарог, якія трэба адрамантаваць, — ужо сёлета 1,5 тысячы кіламетраў зроблена, гэтыя пытанні вырашаюцца. Крытычных пытанняў на сёння я не бачу.

Ва Ушацкай раённай бальніцы Уладзімір Андрэйчанка пракантраляваў ход рамонтных работ, а таксама наведаў хірургічнае і тэрапеўтычнае аддзяленні. Галоўны ўрач Анжаліка Міранкова ад калектыву бальніцы падзякавала старшыні Палаты прадстаўнікоў за ўвагу да аховы здароўя і дапамогу ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Яна расказала, што выдзеленыя ў апошні год сродкі накіроўваліся на дааснашчэнне мясцовай лабараторыі і рэанімацыйнага аддзялення, што надзвычай важна ва ўмовах цяперашняй эпідэмічнай сітуацыі. Закуплены апараты ШВЛ, шэсць інфузаматаў для цітравання лекавых сродкаў, кіслародны канцэнтратар, лабараторнае абсталяванне для біяхімічных даследаванняў, электракардыёграф, дыфібрылятар.

Цяпер у бальніцы вядзецца капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі. Але рамонту яшчэ патрабуе прыёмнае аддзяленне, таксама мусіць быць добраўпарадкавана тэрыторыя.

— Зрабіце дастойна, каб тэрыторыя выглядала сучасна, заасфальтуйце яе, пракладзіце дарожкі, — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. У цэлым старшыня Палаты прадстаўнікоў застаўся задаволены работай мясцовай бальніцы, падкрэсліўшы, што на асабістых прыёмах заяўнікі пакідаюць пра яе добрыя водгукі.

Наведаў спікер Палаты прадстаўнікоў і фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Юнацтва-Ушачы». Начальнік аддзела спорту і турызму Ушацкага райвыканкама Сяргей Ціханёнак распавёў, што, згодна з праграмай «Алімпійскі талент», па адборы таленавітай моладзі было праведзена тэсціраванне ў 9 раёнах Віцебскай вобласці, падчас якога адабраны адораныя дзеці. Але іх трэба дарасціць да вучылішчаў алімпійскага рэзерву, а для гэтага сабраць разам. Гэта было б магчыма на базе комплексу «Юнацтва-Ушачы», калі б тут быў інтэрнат. Таксама дапрацоўкі патрабуе і Кодэкс аб адукацыі, каб у спартыўных класах стала магчымым навучанне з кругласутачным знаходжаннем. Уладзімір Андрэйчанка даручыў падрыхтаваць прапановы ў Кодэкс аб адукацыі і не пярэчыў будаўніцтву інтэрната ў раённым цэнтры.

Алена КРАВЕЦ

г. п. Ушачы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».