Вы тут

Як спагнаць аліменты ад партнёра, калі ён не хоча іх плаціць?


Каханне скончылася — дзеці засталіся, і гадаваць іх да паўналецця, вядома, лягчэй удваіх, нават калі адзін з бацькоў удзельнічае ў працэсе толькі пасродкам аліментаў. Як атрымаць аліменты, калі былы сужэнец не хоча іх плаціць? Што робяць аліментшчыкі, каб схаваць свой заробак? З якіх даходаў, акрамя зарплаты, можна атрымаць аліменты? Пра гэтыя і іншыя акалічнасці расказалі практыкуючыя адвакаты Мінскай абласной юрыдычнай кансультацыі № 1 Наталля МЕНЧА і Жанна КІСЯЛЁВА.


Выплаты са стыпендыі, пенсіі і з-за мяжы

Налічваць аліменты ў Беларусі, згодна з законам, можна з усіх відаў даходаў, у тым ліку са стыпендый, пенсій, дывідэндаў па акцыях. За мяжой, прынамсі, з сацыяльных датацый даўжніка аліменты не ўтрымліваюцца. Таму калі маці-беларуска хоча спагнаць грошы, напрыклад, з бацькі — замежнага пенсіянера, то гэта ёй праз суд зрабіць не ўдасца. Каб атрымаць грашовую дапамогу, калі даход жанчыны нязначны, яна мусіць звярнуцца па прызначэнне ёй пэўных выплат у Беларусі згодна з Законам РБ «Аб дзяржаўных выплатах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей». Аднак пры гэтым за замежным бацькам будуць сачыць: ці не з'явіцца ў яго жаданне папрацаваць на пенсіі і атрымаць заробак, з якога грошы ўжо можна будзе спаганяць на карысць малога.

Памер аліментаў, вызначаны законам у Беларусі, складае: на аднаго малога — 25 % ад заробку бацькі, на двух — 33, на трох і больш — 50 %. Пры гэтым для працаздольных бацькоў штомесячны памер аліментаў павінен складаць не менш як 50 % бюджэту пражытачнага мінімуму на аднаго малога, 75 % — на дваіх і 100 % — на траіх і больш малых.

— Тэрмін выплаты аліментаў абмяжоўваецца паўналеццем дзіцяці незалежна ад таго, ці мае яно пасля свайго 18-годдзя даход, вучыцца ці працуе, — удакладніла Жанна Кісялёва. — Калі бацька атрымлівае непастаянны даход або мае даход у натуральнай форме, напрыклад з'яўляецца фермерам, то памер выплат вызначаецца дакладнай сумай — пэўнай колькасцю базавых велічынь.

З іншага боку, ёсць выпадкі, калі памер аліментаў можа быць паменшаны або аліментшчык увогуле будзе вызвалены ад выплат. Напрыклад, калі бацька — інвалід І ці ІІ групы. Або калі аліментшчык мае іншых дзяцей, якія праз выплату аліментаў папярэднім малым аказваюцца ў менш выгадным фінансавым становішчы ў параўнанні з імі. Прымаецца як паважлівая прычына да памяншэння памеру аліментаў доўгая хвароба ці страта працаздольнасці.

Сцэнарый аліментшчыка-ўхіліста

Аліментшчыкі намагаюцца паменшыць выплаты сваім дзецям самымі рознымі спосабамі, прытым настолькі часта, што ў законе гэтае пытанне спецыяльна агаворана.

Сярод найбольш распаўсюджаных варыянтаў, як плаціць менш, — «ліпавы» другі развод. У гэтым выпадку плацельшчык уздымае пытанне аб змяншэнні выплат на дзіця ад першага шлюбу, бо «экс-жонка» другой сям'і таксама падае заяву на аліменты.

— Другая сям'я спыняе сваё існаванне праз суд, бо ў ёй ёсць непаўналетні. Аліменты на першую сям'ю змяншаюцца. Каб адмяніць судовае рашэнне па змяншэнні сумы аліментаў, першай былой жонцы трэба даказаць, што другі развод — фіктыўны, а значыць, няма падставы памяншаць памеры выплат на дзіця ад першага шлюбу. Тут могуць дапамагчы і сведкі, і фотаздымкі, і нават самі дзеці, якія раскажуць, ці жывуць мама і тата ў адной кватэры. А калі жывуць, ці падзелены ў іх палічкі ў халадзільніку? З усімі сабранымі доказамі першай жонцы трэба ісці ў суд, — параіла адвакат.

Ці не кожная другая скарга на неплацельшчыка-аліментшчыка датычыцца таго, што ён хавае сапраўдную суму свайго заробку. Высветліць, ці так гэта на самой справе вельмі складана.

— Каб высветліць, ці не атрымлівае плацельшчык зарплату ў канверце або мае іншы від даходу, які нідзе не фігуруе, павінна быць праверка, напрыклад, падатковых органаў або запатрабаванне інфармацыі з пэўных крыніц. Прычым спагнаннік павінен даказаць свае падазрэнні, каб ініцыіраваць падобныя праверкі. Тое ж самае, калі аліментшчык працуе за мяжой. Аднак далёка не заўсёды гэта прыносіць вынік і выводзіць грошы з ценю, — заўважыла адвакат Наталля Менча.

Тлумачэнне «я беспрацоўны!» таксама «не працуе». Парадак спагнання грошай з яго такі ж, як і з працоўнага.

Аспрэчванне бацькоўства і крымінальная адказнасць

За ўхіленне ад выплаты аліментаў у Беларусі прадугледжана адказнасць, у тым ліку крымінальная. Пры ўзнікненні запазычанасці па аліментах па віне аліментшчыка ён выплачвае спагнанніку няўстойку ў памеры 0,3 % ад сумы нявыплачаных аліментаў за кожны дзень пратэрміноўкі. Такім чынам прадугледжана хоць мінімальнае павышэнне выплат для такіх нядобрасумленных плацельшчыкаў, падкрэсліла Жанна Кісялёва:

— Запазычанасць па аліментах вызначаецца зыходзячы з заробку ці іншага даходу, які атрымаў даўжнік за час, што не рабіў выплаты. І калі неплацельшчык у гэты час сапраўды не працаваў ці не прадставіў дакументы, якія пацвердзілі б яго заробак, памер выплат вызначаецца наступным чынам. На адно дзіця — 50 % бюджэту пражытачнага мінімуму, на двух — 100 %, на трох — 150 %.

Часам праз уласны гонар жанчына сама застаецца без аліментаў, бо проста не падае заяву на іх, як бы цяжка ні даводзілася. На жаль, па законе зрабіць гэта за яе, напрыклад, бабуля дзіцяці не можа, паколькі не з'яўляецца афіцыйным прадстаўніком малога.

Выступаючы супраць аліментаў, таты часам ідуць нават на аспрэчванне бацькоўства. Аднак калі аліменты ўжо спаганяюцца, суд не прыме заяву аб аспрэчванні бацькоўства ад плацельшчыка, пакуль не будзе адменена пастанова аб спагнанні аліментаў. Для гэтага аліментшчык павінен напісаць скаргу, у якой укажа, што ён жадае аспрэчыць бацькоўства, заўважыла Наталля Менча.

Дамаўляйся, але правярай

Адзін добрасумленны бацька пасля разводу штотыднёва набываў малому ежу і рэчы і захоўваў усе цэтлікі пра гэта. Здаецца, бацькі дамовіліся паміж сабой, і ўсе былі задаволены. Аднак раптоўна былая жонка перадумала і падала заяву на атрыманне аліментаў. І ў гэтым выпадку ніякія чэкі не выратавалі бацьку ад адказнасці па выплаце аліментаў. Таму, перш чым дамаўляцца палюбоўна, трэба высветліць, ці мае такая дамоўленасць юрыдычную моц, каб пасля ніхто не пацярпеў, раяць эксперты.

Увогуле, каб пасля разводу, калі такі здарыцца, не бегаць па судах, лепш загадзя заключаць пагадненне аб дзецях ці шлюбны дагавор, у якім можна прапісаць усе акалічнасці выхавання і ўтрымання малога.

— Каб забяспечыць правы і інтарэсы сваіх непаўналетніх дзяцей, бацькі могуць заключыць паміж сабой пагадненне аб дзецях, калі пытанні адносна іх не вырашаны судовай пастановай, якая ўступіла ў законную сілу, і не ўрэгуляваны шлюбным дагаворам, пагадненнем аб утрыманні сваіх непаўналетніх дзяцей або непрацаздольных паўналетніх дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, — расказала Наталля Менча. — Такім чынам, бацькі могуць заключыць пагадненне нават пасля скасавання шлюбу, а не толькі ў той час, калі яны з'яўляюцца сужэнцамі. Аліменты на непрацаздольных паўналетніх дзяцей, дарэчы, выплачваюцца да канца жыцця або да моманту, калі такое дзіця набывае працаздольнасць.

А вось пагадненнем аб выплаце аліментаў можна прадугледзець аднамомантную грашовую выплату на будучыню або перадачу пэўнай маёмасці замест штомесячных укладанняў у выглядзе аліментаў.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.