Вы тут

«Чысціня слова — чысціня душы»: у Савеце Рэспублікі прайшоў тэматычны круглы стол


Што зрабіць, каб дрэнныя словы не гучалі ў грамадскіх месцах? Як перабіць гэты «трэнд» у моладзевым асяродку? Якія крокі неабходна зрабіць, каб чысціня мовы стала звычкай? Адказ на гэтыя пытанні шукалі сенатары, святары, навукоўцы, кіраўнікі міністэрстваў, грамадскіх арганізацый і прадстаўнікі Маладзёжнага парламента. 


Каб мір і дабрыня былі з намі

— Я хачу сказаць аб супрацоўніцтве Беларускай праваслаўнай царквы і дзяржаўных органаў, які выйшаў на абсалютна новы ўзровень, — калі мы разам вырашаем пытанні, што хвалююць людзей, уплываюць на развіццё грамадства — такія вечныя ісціны, як міласэрнасць, дабрыня, шчырасць у адносінах да адзін аднаго, — адзначыла напачатку круглага стала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА.

Яна нагадала, што нядаўна ў Полацку прайшло сумеснае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі з прадстаўнікамі Беларускай праваслаўнай царквы, прысвечанае праблемам пянства і алкагалізму ў грамадстве. 

— Па ініцыятыве Мітрапаліта Веніяміна, які звярнуўся да нас з просьбай, мы праводзім мерапрыемства, прысвечанае чысціні слова і таму, як людзі размаўляюць адно з адным, — акцэнтавала ўвагу спікер верхняй палаты парламента. 

Яна звяртае ўвагу на тое, што на першы пункт погляду можа падацца, што праблема не так востра стаіць перад грамадствам, але пры больш шчыльным яе вывучэнні, бачна — праблема, сапраўды, ёсць. 

— Тое, як людзі размаўляюць паміж сабой і ўмеюць па-добраму адносіцца адзін да аднаго, выказваючы гэта словамі, — важна, — пераканана Наталля Качанава. — Гэта характарызуе культуру паводзінаў, узровень развіцця нашага грамадства. 

Спікер вярнулася да падзей мінулага года, якія паказалі, што ў шэрагу момантаў страчвалася культура паводзінаў, чалавечыя нормы, нормы зносінаў.

— Гэта было страшна. Калі людзі пераставалі разумець, што і каму яны кажуць, як звяртаюцца. Гэта дало штуршок да таго, каб убачыць праблему, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі.

Яна прапанавала ўдзельнікам абмяняцца меркаваннямі з той мэтай, каб выпрацаваць комплексны падыход да далейшай работы ў гэтым кірунку:

— Мы павінны даваць ацэнку гэтым негатыўным момантам і шчыльна праводзіць работу па чысціні слова, і працягваць яе на сістэмнай аснове: з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці, БПЦ, членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і ўсіх нераўнадушных людзей, якія перажываюць за развіццё сваёй краіны, свайго народа і за тое, каб мір і дабрыня былі з намі, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Сімвалічна, што мерапрыемства праходзіць у Год народнага адзінства. І ўсе выпрацаваныя меры павінны ўплываць на дабрабыт нашага народа, краіны і грамадства. 

Прышчэпка ад брыдкаслоўя

— Слова ад Бога стваральнае. Місія слова — благаслаўляць, радаваць, ствараць дабро. Але яго творчая моц можа быць накіравана і на нядобры бок. Брыдкае слова нясе ў свет зло, памнажаючы яго. У ім гучыць гнеў і апаганьванне. Яно разбурае ўнутраны мір, пашкоджваючы розум, псіхічнае здароўе як тых, хто яго агучвае, так і тых, на каго яно накіравана, — лічыць Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ВЕНІЯМІН. 

Ён перакананы, што мова патрабуе да сябе вельмі трапяткога стаўлення — бо менавіта слова з’яўляецца нябачнай сувяззю паміж целам і духам. І датычыцца гэта не толькі асобнага чалавека.

— Мова — душа народа, аснова яго культуры. Выкарыстанне нячыстых словаў разбурае галоўнае багацце — унутраную чысціню, цнатлівасць і маральнасць грамадства, — падкрэслівае святар. 

Ён звяртае ўвагу на тое, што гісторыкамі, культуролагамі, філосафамі неаднаразова падкрэслівалася, што станаўленню народа, яго маральнаму і духоўнаму ўзрастанню спадарожнічае развіццё мовы, якая становіцца ўсё больш багатай, выразнай, дасканалай. І наадварот, дэградацыя, згасанне народа, суправаджаецца збядненнем яго гаворкі, шырокім распаўсюджаннем зніжанай, абсцэннай лексікі. 

— На жаль, узровень культуры нашага грамадства пакідае жадаць лепшага. Ненарматыўнай лексікай карыстаюцца многія, але асабліва дзеці і падлеткі, — працягвае думку Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі намеснік старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ Андрэй ЛАМАКІН. — На жаль, у маладзёжнай культуры выкарыстанне брыдкіх слоў нярэдка ўспрымаецца як пазітыўная рыса, прыкмета сучаснасці, знаходжання ў трэндзе. І хаця гэты факт не так адназначны, існуе і культурная моладзь, накіраваная на высокія, жыццясцвярджальныя ідэалы, якая сочыць за культурай мовы, але праблема ёсць. 

Святар расказаў, што ў праваслаўнай традыцыі ненарматыўная лексіка называецца брыдкаслоўем і лічыцца грахом. 

— Грэх брыдкаслоўя страшны тым, што мы грашым супраць адной з рыс падабенства Божага ў нас. Адпаведна, дрэннае слова скажае ў чалавеку тое, праз што ён становіцца падобным да Бога, скажае любоў, чысціню, прастату душы, — тлумачыць ён. — Таму выкарыстанне брыдкаслоўя ачарняе ў нас дар слова, які адрознівае нас ад усяго іншага бачнага тварэння. І барацьба супраць брыдкаслоўя — гэта не барацьба супраць шкоднай звычкі. Гэта барацьба за тое, каб заставацца чалавекам. 

Святар задаецца пытаннем: што ж тады рабіць, каб змяніць сітуацыю да лепшага?

— Якой бы не здавалася вялікай праблема, існуюць канкрэтныя крокі па яе вырашэнні, — перакананы Андрэй Ламакін. — І ў першую чаргу, добры прыклад. 

Ён перакананы, што аўтарытэтныя прыклады заўсёды ўплываюць на чалавека, асабліва падлетка. 

— Калі лаяцца матам няправільна, то тады як правільна? — пытае ён і дае адказ. — У гэтым сэнсе СМІ і сродкі інтернет-камунікацыі — ідэальная прастора для ўкаранення добрага прыкладу і высокай культуры мовы. 

Святар нагадвае, што сярод сучасных падлеткаў вялікая колькасць разважлівых людзей, і для іх абавязкова важна бачыць альтэрнатыву. Таму на яго пункт гледжання з гэтай задачай справяцца яркія асобы ў медыйнай прасторы, напрыклад, блогеры, — якіх святар лічыць самымі відавочнымі прэтэндэнтамі на папулярызацыю культуру мовы. 

Не трэба забывацца і аб уздзеянні сям’і, якая ў норме павінна мець на дзіця больш моцнае ўздзеянне, чым культура вуліцы. 

— Чым жывуць сучасныя сем’і? Ці ёсць у іх месца ўтульным сямейным святам, цікавым падарожжам і любімым традыцыям? Гэта асобная вялікая тэма для размовы, — перакананы Андрэй Ламакін. 

Сталі менш размаўляць

Чаму ў моладзевым асяродку так папулярна ненарматыўная лексіка? Сваім меркаваннем падзяліўся дэкан філалагічнага факультэта БДПУ імя М.Танка Васіль СТАРЫЧОНАК. Прафесар лічыць адной з прычын нізкага ўзроўню культуры мовы тое, што студэнты і школьнікі мала размаўляюць. Ён кажа, што зараз рэдка можна пачуць прыгожую, інтанацыйна вывераную, граматычна і лагічна правільную гаворку. 

— Студэнты на занятках стараюцца адмоўчвацца, а выкладчыку трэба выцягваць словы, якія дакладна характарызуюць пэўную з’яву, выказваюць асабісты пункт гледжання. Такое «маўчанне» студэнтаў не садзейнічае выпрацоўцы неабходных маўленчых навыкаў, — падзяліўся вопытам педагог. 

Ён згодны са сцвярджэннем папярэдняга спікера, што асаблівы ўплыў на стан маўленчай культуры аказваюць сродкі масавай інфармацыі і звяртае ўвагу на тое, што ў многіх перадачах і друкаваных выданнях сустракаецца нематываваныя запазычанні, жаргонная лексіка. У перадачах для моладзі часта прапагандуюцца кар’ерныя поспехі, культ гвалту і грошай, імкненне да абагачэння без прыкладання намаганняў. І прыгадаў папулярныя сярод моладзі «Comedy club», «Наша Раша», «Забойная ліга», «Бландзінка ў шакаладзе», шоу мадэльера Сяргея Зверава. 

— У іх прадстаўлена ўся «разнастайнасць» моладзевай лексікі, ад слэнгавых выразаў да нецэнзурных і брыдкіх словаў, — звяртае ўвагу Васіль Старычонак. — Наўрад ці рэдактары задумваліся аб выніках «прышчэплівання» маладым людзям непісьменнасці і маўленчай безгустоўшчыны.

Не выключэннем з’яўляецца і песенны жанр, кажа педагог. У многіх сучасных песнях актыўна выкарыстоўваюцца прастамоўі і жарганізмы, стылістычна зніжаная і абразлівая лексіка. 

— Прымітывізм і абсурднасць тэкстаў часта суправаджаецца схаваным падтэкстам, — лічыць Васіль Старычонак і ў якасці прыкладаў прыводзіць гурт «Ленінград» і яго саліста Сяргея Шнурава. — Самае жахлівае, што такія праграмы і песні карыстаюцца папулярнасцю ў студэнтаў і школьнікаў, якія часта капіруюць выразы зорак і ўключаюць у свой маўленчы запас жаргонныя словы, ненарматыўную і абсцэнтную лексіку. Усё гэта пужае філолагаў і прымушае паднімаць праблему экалогіі мовы і культуры, забруджвання маўленчага асяродку. 

Акрамя таго, брыдкаслоўе негатыўна ўплывае на чалавека, кажа прафесар і пералічвае пашкоджанні: зніжае ўзровень інтэлекту; процідзейнічае эфектыўным зносінам; збядняе мовы і мысленне; негатыўна ўплывае на навакольных; разбурае біяполе чалавека; разбурае свядомасць, светаадчуванне; апаганьвае чалавека, забівае яго душу; павышае агрэсію і гэтак далей. 

Педагог задаецца пытаннем, вядомым з класічнай літаратуры: што рабіць? І прапануе арганізаваць выкладанне курса «Культура мовы і маўленчы этыкет» («Лінгвістычная экалогія») ва ўсіх установах адукацыі. З яго пункту гледжання, установы педагагічнай адукацыі павінны стаць «прасторай чыстага маўлення». 

Вучаць у школе...

З актуальнасцю ўзнятай на круглым стале тэмай згодны і намеснік міністра адукацыі Аляксандр КАДЛУБАЙ. Ён падкрэсліў, што прафілактыцы брыдкаслоўя і выкарыстання непрыстойнай лексікі асаблівае значэнне мае навучальны працэс і звярнуў увагу ўдзельнікаў, што адной з задач навучання рускай, беларускай, замежнай мовам з’яўляецца фарміраванне маўленчай культуры і камунікатыўных уменняў навучэнцаў. Менавіта на ўроках мовы і літаратуры абагачаецца іх слоўнікавы запас, адбываецца развіццё дыялагічнага і маналагічнага маўленчага навыка. 

Намеснік міністра расказаў удзельнікам круглага стала, што вялікую дапамогу ў пераадольванні брыдкаслоўя аказваюць урокі літаратуры.

— Мастацкія творы класікаў літаратуры з’яўляюцца эталонам правільнай, багатай і выразнай мовы. Аналіз тэксту, гаворкі герояў дазваляюць убачыць, асэнсаваць і «прысвоіць» узоры ветлівага, культурнага выразу думак і пачуццяў, — перакананы Аляксандр Кадлубай. 

У прафілактыцы брыдкаслоўя задзейнічаны і ўрокі грамадазнаўства, дзе навучэнцы даведваюцца аб адміністратыўнай адказнасці за нецэнзурныя выразы ў грамадскіх месцах:

— У навучальным дапаможніку прапануюцца практычныя сітуацыі, у якіх неабходна ацаніць, якое спагнанне будзе накладзена на непаўналетняга, які здзейсніў дробнае хуліганства ў выглядзе нецэнзурнай лаянкі ў публічным месцы, — прыводзіць прыклад намеснік міністра. 

Паводле яго слоў, культура стасункаў фарміруецца ў навучэнцаў і ў межах пазаўрочнай дзейнасці, на факультатыўных занятках. Напрыклад, на факультатыве «Правілы ў маім жыцці», разлічаным на школьнікаў 2-4 класаў, яны атрымліваюць элементарныя правілы паводзінаў у грамадскіх месцах і дома, факультатывы «Вучымся жыць у міры і згодзе» (5-8 класы) скіраваны на фарміраванне ўмення будаваць адносіны з іншымі людзьмі, паважлівыя адносіны да закона і адказнасці за свае дзеянні. Навучальная праграма «Асновы сучаснага этыкету» (8-11 класы) накіравана на фарміраванне ўяўленняў аб нормах і правілах этыкету, уменняў і навыкаў сацыяльна прымальных паводзін. У праграме «Духоўна-маральнае выхаванне і патрыятызм» разглядаецца ўплыў слова на духоўны свет чалавека.

— У распрацаваных дапаможніках гэтых факультатыўных заняткаў адпрацоўваюцца формулы ветлівасці, звароту, ацэнкі пачуццяў, — тлумачыць Аляксандр Кадлубай. 

Акрамя таго, ён звяртае ўвагу, што работа па пераадольванні брыдкаслоўя з’яўляецца актуальнай пры правядзенні павышэння кваліфікацыі педагогаў. 

— Выхаванне навучэнцаў, стварэнне аптымальных умоў для гарманічнага развіцця асобы падрастаючага пакалення, у тым ліку работа па пераадольванні брыдкаслоўя, уваходзіць у лік асноўных задач дзейнасці ўстаноў адукацыі, — падкрэсліў намеснік міністра адукацыі. — І гэты аспект нашай сумеснай дзейнасці патрабуе пастаяннай ўвагі і сістэмнага падыходу, высокага ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці яе арганізатараў.

А што кажа закон?

— Узаемадзеянні паміж людзьмі адрозніваюцца сваёй шматграннасцю і, на жаль, не заўсёды бываюць гладкімі, часцяком пераходзячы на асобы, — кажа першы намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Юрый НАЗАРАНКА. — Часам канфлікты прымаюць выгляд татальнага тролінга, могуць выражацца і ў іншых формах хамскіх паводзін. 

Лагічнымі ў гэтай сувязі выглядаюць пытанні з пункту гледжання закона: а якія меры можна выкарыстаць і які прадухіліць узнікненне канфліктаў і іх наступстваў? 

Першы намеснік міністра патлумачыў, што абраза ўяўляе сабой наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, якая выражаецца ў непрыстойнай форме. Адказнасць вызначаецца часткай 1 артыкула 10.2 КаАП і прадугледжвае штраф да 30 базавых велічынь. Трэба сказаць, што на практыцы штогод да адказнасці за такія правапарушэнні прыцягваюцца звыш пяці тысяч чалавек. 

— Што датычыцца брыдкаслоўя, — кажа прадстаўнік профільнага міністэрства, — яно, на жаль, стала свайго роду бытавой зявай. 

Ён патлумачыў, што раней нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы лічылася адміністратыўным правапарушэннем — дробным хуліганствам. З лібералізацыяй заканадаўства ў 2018-м гэтая з’ява як самастойная разнавіднасць дробнага хуліганства з адміністратыўнага кодэксу выключана. 

— На сённяшні дзень непасрэднае выкарыстанне ненарматыўнай лексікі ў грамадскім месцы не можа выступаць у якасці канчатковага складу дробнага хуліганства, — кажа Юрый Назаранка і дадае. — У той жа час нецэнзурная лаянка застаецца кваліфікуючай прыкметай іншай супрацьпраўнай дзеі, напрыклад, абразлівае прыставанне да грамадзян. 

У гэтым выпадку, кажа ён, парушальнік можа патрапіць на штраф ад 2 да 30 базавых і грамадскіх работ да адміністратыўнага арышту. 

Трэба сказаць, што некаторыя брыдкія словы могуць несці ў сабе пагрозу, аднак намераў увасабляць іх у жыццё, як правіла, няма. У той жа час пры пэўных умовах агучаныя пагрозы могуць разглядацца як злачынства. Калі?

Напрыклад, у адпаведнасці з арт.186 Крымінальнага кодэксу злачынствам з’яўляецца пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў ці знішчэннем маёмасці агульна небяспечным спосабам, калі былі падставы яе ажыццявіць. За гэта прадугледжаны розныя віды пакарання, ажно да пазбаўлення волі да трох гадоў. 

Абраза віртуальная — адказнасць рэальная

Расказаў намеснік міністра і аб павелічэнні рэгіструемых фактаў абраз і пагроз у сеціве. 

— Лічачы, што інтэрнэт забяспечвае абсалютную ананімнасць, такія асобы зневажаюць не толькі маральна-этычныя нормы, але і парушаюць Закон, — нагадвае Юрый Назаранка і звяртае ўвагу, што нацыянальнае заканадаўства аператыўна адрэагавала на гэтую сітуацыю. 

У прыватнасці, падчас падрыхтоўкі новага Кодэкса ад адміністратыўных правапарушэннях вылучаны асобныя склады, якія прадугледжваюць павышаную (у параўнанні са звычайнай абразай) адказнасць за такія дзеянні з выкарыстаннем інфармацыйных і іншых медыярэсурсаў. Цяпер правапарушальнік можа «нарвацца» на штраф да 200 базавых велічынь, альбо на адміністратыўны арышт.

Як патлумачыў выступоўца, з моманту пачатку дзеяння новага Кодэкса да адміністратыўнай адказнасці за такія правапарушэнні прыцягнуты больш за 160 чалавек. 

— Пры гэтым праблемнай тэндэнцыяй застаецца выказванне пагроз як у адрас прадстаўнікоў улады, так і іх блізкіх. Выразна гэта праявілася ў постэлектаральны перыяд, — кажа першы намеснік міністра унутраных спраў. 

Таму ў бягучым годзе крымінальная адказнасць стала больш жорсткай за такія злачынствы. Сёння за абразу прадстаўніка ўлады ў якасці максімальнага пакарання прадугледжана пазбаўленне волі да трох гадоў і штраф (раней было два), за пагрозы — да сямі гадоў замест папярэдніх пяці. 

Як адзначыў Юрый Назаранка, у структуры пратэснага толку больш траціны дзеянняў крымінальнага характару так ці інакш звязаны з пагрозамі і абразамі. Большасць з іх (амаль 75%) здзейснена ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі. Больш 90% такіх злачынстваў зафіксаваны ў сеціве. 

— На сённяшні дзень падазраваныя выяўленыя практычна ў кожным другім выпадку, — паведаміў прадстаўнік профільнага міністэрства. — Па крымінальных справах, якія былі заведзены па фактах замахаў у адносінах супрацоўнікаў міліцыі, асуджана больш за 300 асоб.

Напрыканцы Юрый Назаранка нагадаў, што заўсёды неабходна ўзважліва і абдуманна падыходзіць да рэалізацыі права на вольнае выказванне меркавання, не дапускаць дзеянняў, якія парушаюць правы іншых, незалежна ад перакананняў, сацыяльнай і прафесійнай прыналежнасці. Міліцыянеры ў рабоце з насельніцтвам заклікаюць людзей да гэтага. Таму, лічыць выступоўца, такога ж падыходу павінны прытрымлівацца іншыя суб’екты прафілактыкі і дзяржаўныя органы. 

Работа над памылкамі

Падсумоўваючы вынікі работы круглага стала, Наталля Качанава адзначыла:

— Для грамадскасці тут вялікае поле дзейнасці. Не пачнём займацца праблемай брыдкаслоўя комплексна, нічога не атрымаецца. А гэта напрамую датычыцца развіцця грамадства, нашай культуры, паводзінаў, у цэлым пытання сапраўднага патрыятызму, — падкрэсліла спікер верхняй палаты парламента. 

Таму па выніках работы круглага стала эксперты выпрацавалі некаторыя рэкамендацыі.

У прыватнасці, міністэрству адукацыі — падумаць над стварэннем курса «Культура мовы і маўленчы этыкет» і ўкараніць яго ва ўсе ўстановы адукацыі. Акрамя таго, увесці тэмы па прафілактыцы ненарматыўнай лексікі ў праграму факультатыву «Асновы духоўна-маральнага выхавання і патрыятызму». Уключыць у мерапрыемствы ў рамках праекта «ШАГ» (Школа актыўнага грамадзяніна) тэмы па эстэтыцы стасункаў у маладзёжным асяродку. Правесці рэспубліканскі круглы стол «Экалогія слова ў электронным маўленчым асяродку» і міжнародны кангрэс «Маўленчая культуры і міжмаўленчыя камунікацыі». А таксама вызначыць установы педагагічнай адукацыі «прасторай чыстага маўлення».

  • Міністэрству інфармацыі — падрыхтаваць відэаролікі, накіраваныя на прафілактыку і выкараненне брыдкаслоўя, і сацыяльную рэкламу для размяшчэння ў СМІ, сацсетках, на банерах. 
  • Нацыянальнай акадэміі навук — уключыць у тэматыку навукова-даследчых работ у сацыяльна-гуманітарнай галіне вывучэнне праблемы абсцэннай лексікі і вербальнай агрэсіі як сацыяльнай зявы. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА, pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.

Грамадства

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Ідэя стварыць гурток авіямадэлістаў у нейкім сэнсе звязана і з размяшчэннем побач з райцэнтрам былога ваеннага аэрадрома.

Грамадства

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Будаўнічыя ідэі распрацоўваюцца ў лабараторыі аднаго брэсцкага вучонага.