Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Дарагая перадача

Далёка зайшоў прагрэс. Шмат хто за ім не паспявае. Баба Ліда некалі, убачыўшы першыя мабільнікі, штораз хрысцілася, а потым згадвала той дзень, калі ў яе роднай вёсцы з'явіўся першы тэлевізар. Ну такое, казала, дзіва было! Усе чыста вяскоўцы да Саўкі збегліся: ад старога да малога... І потым многія прыходзілі — па вечарах, па нядзелях — глядзелі, што там дзеецца на невялічкім чорна-белым экране.

Па сённяшнім часе ні мабільнікам, ні тым больш тэлевізарам ужо нікога не здзівіш. Мая сваячка (назаву яе Тамарай) у трохпакаёўцы жыве — з мужам і сынам. У кожнага свой пакой, у кожнага свае інтарэсы ды любімыя перадачы. І ў кожнага свой тэлевізар. А ў гаспадыні цяпер дык нават два, бо нядаўна юбілей адзначала, і сваякі, нічога іншага не прыдумаўшы, ёй яшчэ адзін тэлевізар падарылі. На кухню.

Цяпер вам няцяжка ўявіць, як Тамара здзівілася, пачуўшы, што ў мяне гэтага цуду тэхнікі дома няма — наогул, што перадачы па тэлебачанні я не гляджу гадоў дзесяць як мінімум...

Праўда, не так даўно ў нас з'явілася лецішча, і ўжо там — «тэлевізар». Так мы жартам называем вялікае (амаль на ўсю сцяну), глухое акно без штор. Праз яго любуемся ўсходамі-захадамі сонца ды птушкамі каля шпакоўні. А ў сезон, калі суседзі выходзяць на свае агароды, рэгулярна глядзім свайго роду серыял пад назвай «Дачнікі».

...Дык вось на днях я вырашыла памыць свой «тэлевізар» (то-бок акно) і згадала адну праўдзівую гісторыю.

Бацькі майго добрага знаёмца — людзі ў гадах: абодвум за 80. Але яны ого-го яшчэ! Асабліва Піліпавіч: і на падворку, і ў хаце ён узорны парадак трымае, гаспадарку глядзіць (нават з канём!), сам за плугам ходзіць...

А па вечарах, як і большасць сучасных вяскоўцаў, уключае тэлевізар. Ён, здаецца, дня не пражыве без футбола і навін, жонка — без серыялаў. У прызначаны час уключае і...

Не ідзе тэлевізар! Відаць, зламаўся... Пры камуністах куплены.

Расстроіліся старыя, пазванілі сыну. Той вырашыў скарыстацца нагодай і зрабіць сюрпрыз: у той жа дзень паехаў у райцэнтр і купіў там новы сучасны тэлевізар з вялікім вадкакрышталічным экранам.

Радасці ў бацькоў было без межаў! «Гэта ж найлепшы падарунак за ўсё жыцце», — казалі яны Казіку. І шкада, што эйфарыя нядоўгай была, бо дзён праз колькі маці зноў тэлефануе сыну і ледзь не плача. Заедзь, маўляў, паглядзі: нешта тэлевізар не ўключаецца. Казік заехаў і ўбачыў, што бацька — акуратыст і чысцюля да мозгу касцей — пыл на новым экране працёр гэтак жа, як на старым — вільготнай анучкай.

...У выніку сын забраў тэлевізар, павёз у рамонт. Майстар яму паспачуваў і сказаў, што пакупка новага тэлевізара абыдзецца танней, чым рамонт «старога».

Ва ўнівермагу зніжкі былі, і Казік ужо за бацькоўскія грошы купіў ім яшчэ адзін тэлевізар. Але на гэты раз з рук у рукі перадаў Піліпавічу адмысловыя сурвэткі для вадкакрышталічных экранаў — каб ніякіх анучак...

Зрэшты, пра гэта можна было і не казаць: бацька зразумеў сваю памылку і так.

Таццяна Маркава,

г. Віцебск.


Хітрая жонка

Неяк раз на беразе возера сабралася кампанія сталых мужчын-рыбакаў. Пасядзелі яны, закінуўшы вудачкі, паглядзелі на свае паплаўкі — ну ніводзін не зварухнуўся! Не ловіцца рыба, і ўсё тут!

Што застаецца рыбакам? Толькі паспадзявацца на заўтра, на тое, што раніцай хоць нешта ды зменіцца. А пакуль расклалі яны вогнішча, дасталі свае прыпасы-тармазкі, выпілі па чарцы-другой ды сталі расказваць розныя гісторыі.

— Некалі ў нашай вёсцы цікавая пара жыла, — пачаў адзін. — Мужа Янкам звалі, Іванам, а жонку Марыськай. Па характары яна цішэй вады была, а ён дык якраз наадварот: у гарачай вадзе, відаць, пакупаны, бо такі ж задзірысты... Ледзь што не па ім — адразу ў бойку.

Марыся ведала гэтую мужаву слабіну і таму пабойвалася, ва ўсім старалася дагадзіць свайму чалавеку...

Дык вось неяк з раніцы збіраецца Іван на рыбалку. Жонка яму далікатна так: «Можа, не хадзіў бы? Гэткі холад на дварэ... Нічога ж не зловіш, толькі намерзнешся... А дома столькі работы...» — «Во... У цябе дык іншых думак няма, — агрызнуўся муж. — Адна работа ў галаве! Можна я хоць дзень без яе пасяджу? Каму ад гэтага дрэнна будзе? Нікому».

Сказаў так, сабраў свае прылады і цягу.

Добрага паўдня на рыбалцы правёў, не злавіў нічога, нават Мурчыку на гасцінец... А да ўсяго яшчэ і з лодкі кульнуўся. Добра, што на мелкім — каля самага берага. Але ж усё роўна — і валёнкі змачыў, і вопратку... Замерз як сабака!

Хто ў тым вінаваты быў? Ну, вядома ж, яго Марыся, бо гэта ж яна яшчэ з самай раніцы «каркала», што змерзне, што нічога не зловіць...

Таму цяпер Янка на парог, а яна, прадчуваючы гнеў, як не лістам перад ім сцелецца: сухое адзенне падае, чакушку нясе, стол накрывае...

Муж у гэты час маўчыць: распранаецца, разуваецца. Мокрую вопратку кідае ў кут, валёнкі да печы — Марысьцы загадвае ўсё прасушыць. Сам жа выпівае-вячэрае ды кладзецца спаць. Жонка ні слова яму не кажа: вакол грубкі развешвае маклякі, у цеплаватую печ састаўляе нанач гаршкі з бульбай для свіней, складвае колькі паленцаў дроў і на іх — у лёгкі дух — кладзе мокрыя валёнкі. Потым сама аглядае ўсю гаспадарку ды і таксама ў ложак.

Заспала крыху — раніцай падхапілася, толкам не прачнуўшыся, і адразу ж да печы. Дроўцы сухія — мігам загарэліся! А на іх сінім полымем і... валёнкі.

Як на тое ліха ў тую ж самую хвіліну Янак яе падняўся: міма печы і жонкі (Марыська ледзь не самлела, бедная!) на двор пайшоў. «Зараз жа вернецца, — прыкідвае жонка, — і крый бог унюхае... Крый божа спытае... Скажу, што згарэлі, — прыб'е! Ай, — думае, — была ні была!» А далей — рукавы закасала, спадніцу вышэй падаткнула, анучу ў рукі і давай падлогу шараваць.

Муж, вярнуўшыся ў хату, паглядзеў на гэты працэс ды кажа:

— Кінь, Марыська! Хадзі да мяне.

А сам і чакаць не хоча: наблізіўся, прыгарнуў. Яна яму:

— Хвіліначку, любы... Я толькі валёнкі з печы дастану, а то ж згараць!

— Ну і халера з імі, з тымі валёнкамі! — на вушка шэпча Іван. — Знайшла пра што гаварыць і думаць!..

На шчасце, бываюць у жыцці такія хвіліны».

...На гэтым расказчык скончыў сваю гісторыю. Мужчыны дружна пасмяяліся, а потым і выпілі — за тое, каб падобных хвілін (ну, калі не да валёнак...) у жыцці як найболей было!

Мікалай Багданаў,

Мёрскі раён.


Каб не тыя боты...

Таня хацела быць артысткай, але...

У жыцці так часта здараецца: трапіла не ў тэатр, а ў дзіцячы садок. І ўжо там, працуючы выхавальніцай, штодня... выступала, да таго ж — перад самай удзячнай публікай: іграла то клоўна, то фокусніка, то Чыпаліна, то ката ў ботах на святочных ранішніках... А хацелася ж на Новы год...

Не, зусім не Снягурку, не ўнучку Дзеда Мароза (у прыгожанькім футрачку і шапцы, з доўгай касой), а... самога чараўніка. Бо гэта ж ён запальвае агні на ёлцы і раздае ўсім падарункі! Бо гэта ж яму дзеткі чытаюць вершы, спяваюць песні, паказваюць танцы, малюнкі. Во дзе шчасце!

І Таццяна не проста марыла аб ім — яна... рыхтавалася да гэтай ролі, а на фінішы года ўсё часцей і часцей думала, што ж рабіць. Напрасіцца самой? А раптам адмовяць?.. Альбо возьмуць і пагодзяцца, а яна не зможа, не справіцца?

...І вось апошнія дні лістапада, загадчыца садка збірае ў музычнай зале ўсіх выхавальнікаў, каб пагаварыць пра навагодняе свята. Там жа пачынаюць размяркоўваюць ролі. Галоўную — Дзеда Мароза — як і ў мінулыя гады, аддаюць Танінай зменшчыцы Зінаідзе Ягораўне. Але на гэты раз яна рашуча адмаўляецца — кажа пра свае хваробы, узрост. І тады ролю прапануюць Таццяне!

...У той самы дзень яна пачала рэпетыцыі: зубрыла тэкст, вучылася прамаўляць яго мужчынскім грубаватым голасам і хадзіць, як той дзед, стукаючы аб падлогу посахам, да дробных драбніц прадумвала свой будучы касцюм... Іншымі словамі — рабіла ўсё, каб дзеці не сумняваліся, што Дзед Мароз сапраўдны!.. І, трэба сказаць, ёй гэта вельмі ўдавалася!

Карацей, святочны ранішнік прайшоў на «ўра!»: у ролі Дзеда-чараўніка Таня правяла ўсю святочную праграму. Дзеці вадзілі з ёй карагоды, спявалі, чыталі вершы...

І вось ранішнік скончыўся, малыя з усіх бакоў акружылі яе і раптам наперабой закрычалі: «Таццяна Міхайлаўна, а мы вас пазналі!» — «Не можа быць! — спалохалася дзяўчына, бо як? — Па чым?» — «Ды па боціках!»

Таня расхінула полы доўгага «дзядулевага» футра і паглядзела на ногі. Там былі яе любімыя светлыя боцікі на высокай платформе, у якіх яна кожны дзень хадзіла на працу.

Таццяна Чэкед,

г. Гомель.

Рубрыку вядзе
Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж...

Вы зразумелі: «вясёлай і праўдзівай гісторыяй» пра боты Дзеда Мароза «Звязда» хацела нагадаць, што не за гарамі Каляды, а там (на шчасце ці на жаль)... «Апошнія лісткі ў календары: сыходзіць год самотны і стары...» Гэта значыць (апроч іншага), што завяршаецца чарговы конкурс на найлепшую чытацкую гісторыю. Вам шкада, што без вас? Тады за справу: у апошні вагон яшчэ можна паспець. І нават — перамагчы.

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».