Вы тут

У аграгарадку Магілёўскага раёна прадэманстравалі, як матэрыялізуюцца нават самыя смелыя ідэі


За апошнія чатыры гады пра аграгарадок Семукачы мы пісалі неаднойчы. Тут то мемарыялы будуюць, то крынічкі вяртаюць да жыцця, то алеі саджаюць, то саламяныя скульптуры ўстанаўліваюць. Адным словам, крэатыўшчыкі, якіх пашукаць. Каштоўна, што гэтыя невялікія праекты аб'ядноўваюць тутэйшых жыхароў і натхняюць іх на новыя справы. У апошнюю пятніцу кастрычніка тут, напрыклад, з'явілася бібліятэка пад адкрытым небам, а днямі адкрылася жывая лабараторыя — своеасаблівы кантактны заапарк. Праўда, прызначэнне яго — не столькі забаўляць, колькі выхоўваць падлеткаў. Як, дарэчы, і ў выпадку з бібліятэкай.


Гісторыя ў метале

Двухметровы глобус, на версе якога напісана «Зямля мая, зямля бацькоў святая», і восем металічных фаліянтаў памерам 60х75 сантыметраў на каваных падстаўках з'явіліся на плошчы каля Семукацкага комплексу дзіцячы сад — школа. На старонках кніг-веліканаў адліты гісторыі тутэйшых вёсак. Яшчэ тры гады таму іх было 31, а зараз ужо 29. Насельніцтва старэе, шматдзетныя выязджаюць будаваць жыллё ў горад. Маюць права. Канешне, калі б усе былі такімі патрыётамі, як старшыня Семукацкага сельскага Савета Тамара Укружская, напэўна, агні вялікага горада так моцна не вабілі б да сябе людзей, не адрывалі б ад зямлі. На гэты раз дэпутатка вырашала сама вывучыць гісторыю роднага сельсавета, а заадно далучыць да яе і ўсіх мясцовых, пачынаючы ад школьнікаў і заканчваючы жыхарамі залатога ўзросту.

— Такая ідэя ўзнікла летась, — расказвае няўрымслівая Тамара Укружская. — Перад гэтым мы тры гады — у адпаведнасці з трылогіяй Года малой радзімы — працавалі над праектам «Вяртанне да вытокаў». Рабілі алеі памяці ў гонар нашых землякоў, высаджвалі дрэвы і ўзводзілі міні-манументы на тэрыторыі сельсаветаў, прыводзілі ў парадак могілкі — гэта ж таксама наша памяць. А сёлета, у Год народнага адзінства, плённа працавалі над зборам матэрыялаў па гісторыі населеных пунктаў. Яшчэ не кожны жыхар сельсавета з ходу агучыць усе іх назвы, ну а пра іх паходжанне нават дасведчаныя не заўсёды ведалі.

Каб рэалізаваць задуманае, была праведзена вялікая даследчая работа. Школьнікі па гэтай тэме пісалі адпаведны праект, апытвалі бацькоў і знаёмых, сярод ураджэнцаў знайшліся ахвотнікі правесці аналіз матэрыялаў па роднай спадчыне ў бібліятэках, добраахвотнікі апыталі і занатавалі нідзе яшчэ не згаданыя гістарычныя факты са слоў старажылаў, у тым ліку ўдзельнікаў або відавочцаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, малалетніх вязняў.

— Калі сабралі ўвесь гэты матэрыял, вельмі парадаваліся: якая ж багатая і слаўная ў нас гісторыя! — дзеліцца Тамара Укружская.

— Матэрыялаў і сапраўды сабралася на цэлую кнігу. У сельсавеце знайшлося шмат людзей, якія праславілі родны край працоўнымі подзвігамі. У Кнігу Славы Магілёўскага раёна ўвайшлі толькі адзначаныя ордэнамі. Крыўдна было, што подзвігі іншых на гэтым фоне засталіся незаўважанымі. Вырашылі выправіць гэты недахоп. Акрамя металічных кніг з гісторыямі вёсак, была створана яшчэ і папяровая, дзе ўся сабраная інфармацыя знайшла сваё адлюстраванне. Тэксты, дарэчы, напісаны выключна на роднай беларускай мове. Асобнай старонкай у яе ўпісана партызанскае мінулае. На тэрыторыі сучаснага сельсавета ваявалі два партызанскія атрады — Канстанціна Белавусава і Асмана Касаева.

Тамара Укружская ўжо выношвае чарговую ідэю. Правесці сумесную канферэнцыю з прадстаўнікамі яшчэ двух раёнаў — Бялыніцкага і Клічаўскага, на тэрыторыі якіх дзейнічалі гэтыя атрады.

Ідэі ёсць? Грошы будуць

Агульныя мясцовыя святы аб'ядноўваюць мацней, чым усе астатнія. Напэўна, таму жыхары больш ахвотна выдзяляюць на іх свае зберажэнні. На метал для «бібліятэкі» народ сабраў 560 рублёў. Яшчэ 500 ахвяравалі на глобус супрацоўнікі дзіцячага садка-школы. Глобус асаблівы тым, што на яго сусветнай прасторы адзначаны самы важны населены пункт на зямлі — Семукачы. Кнігі ў метале рабіў ураджэнец Семукачаў Мікалай Сталяроў. Зараз ён майстар вытворчага навучання Шклоўскага ліцэя № 12. На выраб металічных фаліянтаў яму спатрэбілася тры тыдні. Каштоўны груз даставіў да месца размяшчэння старшыня Сухароўскага сельскага Савета Аляксандр Зінкевіч, таксама ўраджэнец Семукачаў. Сваю лепту ўнесла Магілёўская абласная Асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, ахвяраваўшы на праект 3140 рублёў. Калектыўная праца яшчэ больш з'яднала ўдзельнікаў. На прэзентацыю прыехала шмат розных людзей. І адкрыццё было па-сапраўднаму шчырым і душэўным.

— Мы рабілі гэта дзеля памяці нашых продкаў, з пачуццём любові да нашай малой радзімы, — прызналася на адкрыцці Тамара Укружская. — І тое, што гэты комплекс з'явіўся ў самым ажыўленым месцы Семукачаў, невыпадкова. Можна не сумнявацца, што хутка кожны будзе ведаць гісторыі нашых малых вёсак. Дзеля гэтага не трэба ісці ў бібліятэку і шукаць адпаведную літаратуру. Дастаткова завітаць у нашу чытальню пад адкрытым небам. .

Жывая лабараторыя...

Дарэчы, у Семукачах аператыўна адрэагавалі і на пажаданне Прэзідэнта заахвочваць моладзь займацца сельскагаспадарчай працай, як гэта было ў савецкія гады, калі пры школах існавалі фруктовыя сады і падсобныя гаспадаркі, а студэнты ездзілі на бульбу. У Семукачах пад лабараторыю, дзе зараз жывуць трусы, чарапахі, галубы, дэкаратыўныя куры, фазаны і іншыя жывёлы, прыстасаваны будынак былога дзіцячага садка. Тут жа знаходзіцца фіталабараторыя і зімовы сад. Цікавую ініцыятыву дзіцячы сад — школа рэалізавала сумесна з райвыканкамам.

— У нас у раёне ідзе актыўная работа па стварэнні такіх падсобных гаспадарак і замацаванні фруктовых садоў за школамі, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Аляксандр Алекса. — Гэта не толькі прывучэнне да працы, але і прафарыентацыя, прывычка працаваць у камандзе. У Семукачах мы адной справай вырашылі два пытанні. Па-першае, жывая лабараторыя дазволіць дзецям лепей вывучаць школьны матэрыял, дзесьці вызначыцца з прафесіяй, з карысцю правесці час замест таго, каб сядзець у камп'ютары. Па-другое, увялі ў абарот будынак, які доўгі час не выкарыстоўваўся. Гэты дзіцячы садок быў закрыты яшчэ ў 2003 годзе. У яго былі розныя ўласнікі, але другое жыццё яны яму так і не далі. Педкалектыў Семукацкага комплексу дзіцячы садок — школа выйшаў з прапановай на выканкам, і яна была падтрымана. Будынак давялі да ладу метадам народнай будоўлі. Зараз там знаходзяцца і жывёлы, і расліны. Дзеці будуць вывучаць, як вырошчваецца зерне, як рыхтуецца глеба, як працаваць з жывёламі. Акрамя гэтага, яны будуць займацца яшчэ і даследчай работай. З лабараторыяй вывучэнне жывёльнага і расліннага свету пойдзе значна хутчэй.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Сінергетычны эфект па-семукацку

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.