Вы тут

Аб чым марыла Хома


Аб бежанцах разважаць проста. А што мы аб іх ведаем?


У пачатку 90-х мінулага стагоддзя мы гэтых маладых людзей не называлі бежанцамі. Гэта былі проста студэнты міжнароднага аддзялення БДУ, якія спачатку на падрыхтоўчым факультэце год вывучалі рускую мову, а пасля ўжо ішлі вучыцца па спецыяльнасці. Мы жылі з імі ў інтэрнаце каля стадыёна «Дынама» — славутай «двойцы», на адным паверсе. Некаторыя з іх, атрымаўшы прафесію, вярнуліся на радзіму, і ў іх, спадзяюся, усё склалася добра. Я пра тых, каму вяртацца проста не было куды. І такіх ужо тады было нямала. Зрэшты, нічога дзіўнага. Перадзел свету, які назіраем дагэтуль, тады якраз пачынаўся.

З Хомай, прыгожай, бы статуэтка са слановай косці, пуштункай, мы нават нейкі час жылі ў адным пакоі. Спачатку яна ставілася да нас насцярожана, і разгаварыць яе было даволі складана. Па вечарах да яе прыходзіў жаніх Кава, таксама афганец, і яны ціхенька шапталіся аб нечым у кутку. Але пасля Кава некуды прапаў, і аднойчы яна запрасіла нас выпіць з ёй чаю і загаварыла.

Яны былі ўжо даволі дарослыя — абодвум па дваццаць сем гадоў. Універсітэт яны скончылі два гады таму, а ў час нашага знаёмства нібыта вучыліся ў аспірантуры. Нібыта — бо гэта была хутчэй гуманітарная дапамога, каб яны проста маглі застацца. Вяртацца насамрэч ім не было куды. Яны, дзеці кабульскіх чыноўнікаў, прыехалі вучыцца ў СССР, калі яшчэ не былі выведзены войскі з Афганістана і пры ўладзе быў рэжым Наджыбулы. Пакуль вучыліся, да ўлады прыйшлі маджахеды, Наджыбула схаваўся ў місіі ААН у Кабуле, а яго паплечнікаў новыя ўладары расстрэльвалі проста на вуліцы. Бацькоў Хомы і яе старэйшых братоў расстралялі на кабульскім стадыёне, яе жаніх таксама застаўся сіратой — падчас перастрэлак, якія там не сціхалі, проста ў іх дом прыляцеў снарад...

Будучыня ў гэтых маладых людзей была дзе заўгодна, толькі не на радзіме. Яны хацелі паехаць у Галандыю: там ужо атабарыліся нейкія сваякі. Але была праблема з дакументамі: іх пашпарты, выдадзеныя ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан, былі ўжо не сапраўдныя (не існавала такой дзяржавы). Ехаць у пасольства дзяржавы новай па дакументы было справай больш чым рызыкоўнай — яны ж лічыліся ворагамі, і верагоднасць з таго пасольства больш не выйсці была вялікая. І таму на разведку ў Маскву, дзе пасольства размясцілася, паехаў адзін Кава. А яго нявеста, не маючы ніякіх навін (тады яшчэ не было ні электроннай пошты, ні мабільнікаў), супакойвала сябе тым, што расказвала нам, які прыгожы яе родны Кабул, як бы яна хацела зноў апынуцца там. А яшчэ яна гаварыла пра тое, што гэта яе жаданне наўрад ці спраўдзіцца, бо свет, у якім жыла яе сям'я, паў і ўжо наўрад ці калі небудзь паўстане з небыцця. Дагэтуль памятаю яе словы: «Я басанож бы пайшла туды пешшу, калі б была хоць маленькая надзея, што ў мяне і ў маіх дзяцей, якіх спадзяюся нарадзіць, ёсць будучыня. Але гэтай надзеі няма, ёсць толькі страх. Таму на Радзіму я наўрад ці калі вярнуся».

Яе жаніх праз пару месяцаў вярнуўся з дакументамі і з'ехаў у тую запаветную Галандыю. Хоме так не пашанцавала: якраз з-за небяспекі закрылася расійскае пасольства ў Кабуле, пачаліся дыпламатычныя непаразуменні, было не да яе дакументаў. Аспірантурны тэрмін у яе скончыўся, з інтэрната яна з'ехала. Жыла недзе каля Камароўкі ў сваіх землякоў, перабівалася неяк — каму ў Мінску быў патрэбен дыпламаваны журналіст з роднай мовай пушту? Пасля ёй «пашанцавала»: да ўлады прыйшлі талібы, з якімі мала хто дыпламатычныя адносіны меў, і ёй неяк без удзелу афганскага боку ўдалося выправіць паперы, па якіх можна было з'ехаць да сваякоў у Еўропу. Яна не ведала, ці дачакаўся яе жаніх, а найбольш, памятаю, перажывала, што ёй ужо за трыццаць і з-за гэтага могуць быць праблемы з нараджэннем дзяцей...

З таго часу мінула дваццаць пяць гадоў. Хому я больш не бачыла і нічога аб ёй не чула. Зрэдку толькі з сяброўкай згадвалі яе і Каву, калі ўспаміналі студэнцкія гады. Часам нават жартам гадалі, што з імі цяпер: увішны Кава адкрыў дзе-небудзь у Амстэрдаме краму з садавіной, Хома выдае газету для мясцовай абшчыны, а іх шасцёра дзяцей ставяць на вушы мясцовую школу. Мы былі проста перакананыя, што ўсё ў іх добра. Мы ж ніколі не разглядалі іх — маладых, адукаваных, прыстойна апранутых — як бежанцаў. А перадумовы іх вандроўкі па Еўропе неяк адыходзілі на другі план, гэтак як і словы пра вяртанне на Радзіму пешшу і басанож, калі б была такая магчымасць.

Усё гэта, і вельмі яскрава, я прыгадала менавіта цяпер, калі на выхадныя з маладзейшымі сваякамі гаварылі пра крызіс на граніцы. «Якія яны бежанцы: паглядзіце, як добра апранутыя і ва ўсіх жа ёсць грошы... Якімі дурніцамі трэба быць, каб цягнуць у такую далеч і невядомасць дзяцей... Едуць, каб не працаваць, сядзець на шыі ў Германіі, атрымліваць грошы...» Выслухаўшы гэтыя рэплікі, я пачала ім расказваць пра Хому. Пра тое, што за знешнім дабрабытам можа хавацца трагедыя краіны, дома, сям'і. Мы ж сапраўды мала ведаем, што сёння робіцца ў Афганістане, Сірыі, як жывуць курды ў сваёй непрызнанай дзяржаве. Пра тое, што, каб чалавек адмовіўся ад радзімы і фактычна пазбавіў гэтай радзімы ўласных дзяцей, патрэбны вельмі важкія прычыны: адсутнасць перспектывы і пытанне выжывання, напрыклад. А не нейкія там «дармавыя грошы», якія плацяць у Еўропе. Пра тое, што гэтыя людзі вартыя як мінімум падтрымкі і чалавечных адносін.

І галоўнае — пра тое, што не дай Бог апынуцца на іх месцы. Калі б кожны, ад каго ў той ці іншай ступені залежыць вырашэнне гэтага крызісу, хоць на пару хвілін прымераў сітуацыю на сябе, усё было б нашмат прасцей.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».