Вы тут

Што плануюць змяніць у Працоўным кодексе


У Мінску на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях прапанаваны новы памер мінімальнай заработнай платы, а таксама  адобраны новыя падыходы, замацаваныя ў праекце Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносін», які прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс. 


Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны  Ігар Старавойтаў расказаў  аб найбольш прыкметных навацыях прапанаваных міністэрствам.

Так, сярод навін -- новыя падыходы да рэгулявання дыстанцыйнай работы. Працоўны кодэкс дапаўняецца нормамі, якімі прадугледжваецца, што дыстанцыйная работа зможа мець не толькі сталы характар, але і часовы (не больш за шэсць месяцаў у каляндарным годзе), а таксама ажыццяўляцца шляхам чаргавання работы дыстанцыйна і на рабочым месцы ў арганізацыі (камбінаваная работа).

Дамоўленасць аб умовах такой працы наймальнік і працаўнік змогуць дасягнуць як пры прыёме на працу, так і ў перыяд працоўнай дзейнасці.

Выкананне дыстанцыйнай работы на часовай аснове не запатрабуе ўнясення змяненняў у працоўны дагавор і будзе ажыццяўляцца на падставе загада наймальніка. Умова аб выкананні камбінаванай работы павінна будзе ўключацца ў працоўны дагавор.

Таксама анансаваны дадатковыя меры па абароне здароўя работнікаў. Так, новы артыкул заканапраекта прадугледжвае права работніка на вызваленне ад працы для праходжання дыспансерызацыі з захаваннем сярэдняга заробку па месцы працы. Колькасць свабодных ад працы дзён будзе вызначацца ў залежнасці ад узросту работніка.

Такое права будзе рэалізоўвацца шляхам падачы работнікам заявы. Пры гэтым дзень вызвалення ад працы будзе ўзгадняцца працаўніком з наймальнікам.

У Працоўным кодэксе прапанаваны больш гнуткія падыходы пры выкарыстанні права на аплатны вольны дзень у тыдзень бацькамі, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей ва ўзросце да шаснаццаці гадоў, або дзіцяці-інваліда ва ўзросце да васямнаццаці гадоў.

Прадугледжваецца магчымасць па заяве работніка і па ўзгадненні з наймальнікам замест аднаго свабоднага дня ў тыдзень устанаўліваць работніку скарочаную працягласць работы (змены) на адну гадзіну з захаваннем заработнай платы.

Увагу надалі і пашырэнню правоў у частцы кампенсацый па ўмовах працы.

Так ўстанаўліваецца права работніка, занятага на работах са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы, па яго заяве, атрымліваць замест малака або раўнацэнных харчовых прадуктаў грашовую кампенсацыю.

Нацсавет таксама прапанаваў устанавіць з 1 студзеня 2022 года новы памер мінімальнай заработнай платы.

Нагадаем, што з 15 лістапада 2021 года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2021 г. № 98-З «Аб змяненні законаў па пытаннях сацыяльных нарматываў і мінімальнай заработнай платы».

Згодна з нормамі закона памер месячнай мінімальнай заработнай платы ўстанаўліваецца Саветам Міністраў па прапанове Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях.

Нацсавет прапанаваў устанавіць з 1 студзеня 2022 года месячную мінімальную заработную плату ў памеры 457 рублёў.


Наша даведка

Нацыянальны савет з'яўляецца галоўным трохбаковым органам сацыяльнага партнёрства на ўзроўні рэспублікі, асноўная мэта якога -- ажыццяўленне ўзаемадзеяння ўрада, рэспубліканскіх аб'яднанняў наймальнікаў і прафсаюзаў па рэалізацыі сацыяльна-эканамічнай палітыкі, абароне працоўных правоў, эканамічных і сацыяльных інтарэсаў грамадзян.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».