Вы тут

Возера, у хвалях якога дужэеш


Дасведчаны чытач добра ведае, што ў шмат якіх літаратурных персанажаў ёсць прататыпы. Не абыходзіўся без іх і Фёдар Дастаеўскі. Сведчанне таму —  раман «Браты Карамазавы». Гэта найперш тычыцца вобраза Міці Карамазава, які, паводле сюжэта, здзейсніў страшнае злачынства. Абаронцам на судзе выступае адвакат Іпаліт Фецюковіч. Яго прамова — гэта і тыя прынцыпы, якімі ён заўсёды кіруецца ў сваёй дзейнасці: «Лучше отпустить десять виновных, чем наказать одного невиновного — слышите ли вы, слышите ли вы этот величавый голос из прошлого столетия нашей славной истории?


Мне ли, ничтожному, напоминать вам, что русский суд есть не кара только, но и спасение человека погибшего! […] В ваших руках судьба моего клиента, в ваших руках и судьба нашей правды русской. Вы спасете ее, вы отстоите ее, вы докажете, что есть кому ее соблюсти, что она в хороших руках!»

Гэта мела ў зале вялікі рэзананс: «[…] разразившийся на этот раз восторг слушателей был неудержим, как буря. Было трудно и немыслимо сдержать его: женщины плакали, плакали многие из мужчин, даже два сановника пролили слезы».

Прататып Фецюковіча — Уладзімір Спасовіч. Фёдар Міхайлавіч выйшаў на яго дзякуючы выдатнаму рускаму юрысту, вядомаму літаратару і грамадскаму дзеячу Анатолю Коні, з якім зблізіўся, працуючы над «Братамі Карамазавымі». Анатоль Фёдаравіч з’яўляўся кансультантам па пытаннях юрыспрудэнцыі. Дарэчы, пры напісанні не толькі гэтага рамана, але і іншых яго твораў, у якіх закранаецца адпаведная праблематыка.

Праводзіць прамую паралель паміж Фецюковічам і Спасовічам, безумоўна, наіўна. Але не сакрэт, што чым больш пісьменнік улюбёны ў свайго героя, тым часцей уносіць у яго характар звычкі і паводзіны прататыпа. А ўражанне Фёдара Дастаеўскага ад таго, з кім яго пазнаёміў Анатоль Фёдаравіч, было прыемным:

«[…] Спасовіч — гэта талент. Дзе б ні пачалі гаварыць аб пане Спасовічу, усе паўсюдна адзываюцца аб ім: “Гэта — талент”». Дык хто ж ён, Уладзімір Спасовіч?

Уладзімір Данілавіч — наш зямляк. Нарадзіўся 16 студзеня 1829 года ў Рэчыцы, дзе яго бацька працаваў медыкам. Неўзабаве сям’я пераехала ў Мінск. У 1845 годзе, скончыўшы з залатым медалём гімназію, паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Вучыўся старанна, праявіўшы цікавасць да даследчыцкай працы, таму пасля завяршэння вучобы быў пакінуты ў сценах альма-матар. А ў 1851 годзе на кафедры міжнароднага права абараніў актуальную для свайго часу магістарскую дысертацыю «Аб правах нейтральнага сцяга і нейтральнага грузу». Не толькі для Расіі, якая ўпэўнена выходзіла на сусветную арэну. Некаторыя палажэнні гэтай навуковай працы былі выкарыстаны ў 1856 годзе ў Парыжскай дэкларацыі аб захаванні міжнароднага права, падпісанай 55 краінамі.

Рэдка каму ўдаецца, каб здзейсненае ў 22 гады атрымала такую высокую ацэнку і шырокі водгалас. На гэты час Уладзімір Спасовіч ужо працаваў ва ўніверсітэце прафесарам крымінальнага права. Неўзабаве ўзначаліў кафедру. І ўсё ж улюбёнцам лёсу, які лёгка хапае зоркі з неба, не быў. Ад іншых адрозніваўся тым, што не растрачваў свой талент на нешта выпадковае. А пры неабходнасці знаходзіў для сябе іншы занятак. Характэрна такое яго прызнанне: «У жыцці маім я супраць волі павінен быў некалькі разоў мяняць прафесіі; пакінуўшы любімыя мною прафесарскія заняткі, узяўся за пяро журналісцкага крытыка, а потым прысвяціў сябе адвакатуры. Мяне цікавілі пытанні мастацтва; у вольны час я вывучаў выдатных пісьменнікаў, асабліва паэтаў».

Прафесарам крымінальнага права працаваў усяго чатыры гады, але ўнёс значны ўклад у развіццё крыміналістыкі. Лекцыі, што чытаў студэнтам, ляглі ў аснову «Падручніка крымінальнага права». За яго атрымаў навуковую ступень доктара права. Аднак не абышлося без зайздроснікаў. З’явіліся даносы, у якіх яго аб’яўлялі чалавекам палітычна нядобранадзейным, а развагі і абагульненні шкоднымі для грамадства. Дайшло да таго, што Аляксандр І сваім распараджэннем «Падручнік…» забараніў. У няміласць улад Уладзімір Данілавіч трапляў і раней. У 1861 годзе ў знак пратэсту супраць жорсткай расправы над некаторымі ўдзельнікамі студэнцкага руху ён пакінуў універсітэт. Пачаў выкладаць крымінальнае права ў вучылішчы правазнаўства.

Але па-сапраўднаму пра яго загаварылі пасля таго, як заняўся адвакацкай дзейнасцю. Удзельнічаў амаль ва ўсіх найбуйнейшых палітычных працэсах свайго часу: «справа нячаеўцаў», «працэс 50-ці», «працэс 193-х» і іншых. Апошні — самы буйны ў Расіі ў ХІХ стагоддзі. Было арыштавана больш чым 4 тысячы чалавек. Сярод іх — такія вядомыя рэвалюцыянеры, як Андрэй Жалябаў, Соф’я Пяроўская, вядомы арганізатар народніцкага руху Сяргей Кавалік, ураджэнец вёскі Свадкавічы Чэрыкаўскага павета. У тым, што многія, хто праходзіў па гэтым працэсе, атрымалі прысуд больш мяккі, чым меркавалася, несумненна, заслуга Уладзіміра Данілавіча. З лёгкай рукі паэта, судовага прамоўцы, крытыка Сяргея Андрэеўскага яго пачалі называць «каралём рускай адвакатуры».

У нашы дні пад гэтым эпітатам звычайна і згадваюць Уладзіміра Данілавіча, адцяняючы, хай сабе і міжвольна, іншыя бакі яго дзейнасці. Прынамсі тое, што мае дачыненне да ўзнікнення партыі «белых». Як і іншыя лібералы, спяліў надзею аб культурна-нацыянальнай аўтаноміі Беларусі і Літвы ў складзе Расійскай імперыі. Пра гэта сведчыць у сваіх «Успамінах 1857—1864 гадоў» публіцыст Якуб Гештар.

Канчаткова праект выпрацаваў гродзенскі губернскі прадвадзіцель дваранства граф Віктар Старжынскі. У 1862 годзе матэрыялы перадалі Аляксандру ІІ. Меркавалася стварыць мясцовую адміністрацыю, пабудаваную на прынцыпе самакіравання. Законную сілу мусіў атрымаць да гэтага адменены Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Выказвалася спадзяванне аб адкрыцці ў Вільні ўніверсітэта з юрыдычным, эканамічным і медыцынскім факультэтамі з выкладаннем на мове карэннага насельніцтва. З улікам паходжання студэнтаў — на беларускай, польскай і літоўскай мовах.

Яшчэ ў канцы 50-х гадоў ХІХ стагоддзя Уладзімір Спасовіч узяўся за падрыхтоўку перавыдання згаданага Статута. Аднак выхаду яго перашкодзіў пачатак паўстання, адным з кіраўнікоў якога ён стаў. Яго імя неаднаразова называлася ў час допытаў на пасяджэннях следчай камісіі. Ды настолькі добрым канспіратарам з’яўляўся, што Мураўёў-вешальнік у скрусе паведаміў папячыцелю Санкт-Пецярбургскай вучэбнай акругі Івану Дзялянаву: «Спасовіч больш за яго (Іасафата Агрызку — журналіста, выдаўца польскамоўнай газеты «Слова», з якім сябраваў з часу вучобы ў гімназіі. — К. Л.) віноўны, але застаўся цэлы таму, што не трапілася ніводнай літары, напісанай яго рукой».

Як любіў ён сваю радзіму, відаць, хай у нечым і ўскосна, з яго артыкула «Аб мове ў галіне судаводства». Быў перакананы, што расійскія судовыя чыноўнікі павінны ведаць мову таго народа, сярод якога працуюць і справы прадстаўнікоў якога разглядаюць. А хіба не красамоўны такі факт?! З гонарам прызнаваўся, што меў шчасце асабіста ведаць Кандратовіча (Уладзіслава Сыракомлю. — К. Л.). Яму прысвяціў і манаграфію.

Уладзімір Данілавіч, па сведчанні Анатоля Коні, «быў сведкам зараджэння «Вестника Европы» і толькі крыху не дажыў да смерці часопіса пад старой рэдакцыяй». Не абышлося без яго ўдзелу і заснаванне польскамоўных часопісаў: «Атэнэум» — у Варшаве і «Край» — у Пецярбургу. Гэта ў «Краі» Аляксандр Ельскі выступіў з артыкулам «Пра беларускую гаворку», завяршыўшы свае развагі такой упэўненасцю: «Калі народ любіць і ўшаноўвае песняй сваё гняздо, ужо гэта адно добра аб ім сведчыць; у такім выпадку, хто можа, няхай памагае яму палюбіць і захаваць для ўласнай славы і шчасця айчынную мову, якая з’яўляецца яго сапраўдным скарбам, без якога не быў бы ён тым, чым ёсць, і не спяваў бы так чулліва і слаўна, як спявае пра родны край!..» (пададзена ў перакладзе Генадзя Кісялёва). Аўтарам «Краю», як вядома, быў і Францішак Багушэвіч.

Удзельнічаў Уладзімір Данілавіч і ў падрыхтоўцы выдання «Валюміна легум». У перакладзе з латыні — «Збор законаў». Увабраў ён яшчэ і сеймавыя пастановы, прывілеі, іншыя заканадаўчыя акты, што дзейнічалі на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Беларусі і правабярэжнай Украіны з 1347 да 1793—1795 гадоў.

Анатоль Коні так ахарактарызаваў Спасовіча-літаратара: «Ён уяўляў сабой таго практычнага байца, які ўмеў з аднолькавым поспехам і бляскам будаваць сінтэз самых розных з’яў жыцця і ўрывацца ў яго з тонкай і вострай зброяй аналізу. Удумлівы літаратурны крытык, з найвялікшым запасам звестак не толькі з галіны humanitora, але і з галіны прыродазнаўства, і са строгім навуковым метадам, глыбока адукаваны юрыст і непараўнаны па своеасаблівай сіле і арыгінальнасці даравання адвакат, ён ішоў заўсёды і ва ўсім самастойным шляхам, маючы смеласць і гонар не паддавацца чужому ўплыву».

Літаратура ў жыцці і творчасці займала, безумоўна, вялікае месца. У яго 10-томным Зборы твораў толькі чатыры тамы прысвечаны юрыспрудэнцыі. Астатнія — таму, што ў той ці іншай ступені тычыцца прыгожага пісьменства.

Дзякуючы Уладзіміру Спасовічу, і пісьменнікі-прафесіяналы, і аматары літаратуры рэгулярна збіраліся ў Шэкспіраўскім гуртку. А на яго кватэры часта бывалі юрысты-аднадумцы. Стварылі як бы хатні гурток. З яго ўрэшце ўзнікла Пецярбургскае юрыдычнае таварыства. З’яўляючыся тонкім псіхолагам, распрацаваў шэраг праблем псіхафізіялогіі, выказаўшы вельмі арыгінальныя думкі і ідэі. Быў выбраны членам псіхіятрычнага таварыства пры Ваенна-медыцынскай акадэміі.

Добра ведалі яго і цанілі талент Іван Тургенеў, Мікалай Ганчароў, Мікалай Чарнышэўскі, Мікалай Дабралюбаў, Аляксандр Пыпін… Ілья Рэпін прысвяціў яму адну са сваіх карцін. Уладзімір Данілавіч адлюстраваны ў звыклай для яго аратарскай позе. Жэстам правай рукі ён нібы запрашае хутчэй услухацца ў тое, што неўзабаве будзе сказана.

Называлі яго і рускім, і польскім адвакатам і перакладчыкам, а ён нібы адасабляўся ад усіх, заяўляючы: «Я — антыцаркоўнік, антынацыяналіст і антыдзяржаўнік». Удакладніў: «У маленстве я акунуўся ў іншы асяродак, дакладней у глыбокае возера, у хвалях якога я паздаравеў і падужэў. Гэтае возера была мая радзіма, мая Літва, ці Белая, ці Чорная Русь, — розныя па-рознаму яе называлі».

Падказаў, аб гэтым не здагадваючыся, як трэба пісаць мастацкія біяграфіі выдатных людзей: «Я папракаю ўсе сучасныя заканадаўствы ў тым, што яны недастаткова адцяняюць, недастаткова адрозніваюць тое, што склала літаратурную працу аўтара, і тое, што, не складаючы ніякай літаратурнай працы, можа мець цікавасць і значэнне як рыса з жыцця аўтара, як матэрыял для яго біяграфіі. Па маім меркаванні, іншага роду даныя павінны б з мінуты смерці аўтара зрабіцца набыткам грамадскім, зусім прымальнымі з юрыдычнага пункту гледжання да надрукавання без чыйго б на тое дазволу. Забарона выдаваць гэтыя матэрыялы, якія маюць значэнне самі па сабе, сціскала правы гісторыі, перашкаджае яе працы, а таму шкодзіць наогул, не прыносячы ніякай істотнай карысці».

Не стала Уладзіміра Спасовіча 26 кастрычніка 1906 года. Няма сумнення, што пазнаёміўся з асобнымі кнігамі, што выйшлі ў бібліятэцы «Жизнь замечательных людей», заснавальнікам якой стаў Фларэнцій Паўлянкоў. Магчыма, заўважыў: нешта ў іх сапраўды «сціскае правы гісторыі». Таму і выступаў за тое, каб у мастацкіх жыццяпісах не замоўчваліся і факты, якія характарызуюць чалавека ў нечым не з лепшага боку. Каб у вачах наступнікаў ён выглядаў як мага больш праўдзіва.

Сведчанне таму, наколькі ўрокі і вопыт Уладзіміра Спасовіча варты ўвагі, — правядзенне Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь штогадовага конкурсу на прыз яго імя ў 11 намінацыях: суд, пракуратура, следства… Ёсць, дарэчы, і такія, як права і журналістыка, студэнцкая навука.

Кастусь ЛЯДНЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў. 

Грамадства

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Нават у лёгкай форме перанесеная каранавірусная інфекцыя не праходзіць для арганізма бясследна.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СТРАЛЕЦ. Ад таго, як сплануеце тыдзень, залежыць, ці паспееце завяршыць важныя справы. 

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?