Восень больш не радуе яркімі фарбамі, таму лістапад – гэта хутчэй час, калі ўсе знаходзяцца ў нейкім чаканні зімовых цудаў. Пакуль зямлю чапаюць толькі рэдкія замаразкі, мы вырашылі адшукаць месцы, якія пагружаюць ў атмасферу спакою і супакаення. Гаворка ідзе аб храмах, захавальніках нашай душы і ўнутранай гармоніі.
Вядома, што Гродзенская вобласць як ніякая іншая ў Беларусі багатая на храмы, манастыры і капліцы. Многія з іх на слыху і даўно заслужылі званне візітных картак свайго горада ці пасёлка. Сёння мы нагадаем пра пяць найбольш знакамітых з іх, дзе варта пабываць у лістападзе, каб пазбавіцца позняга восеньскага смутку.
Помнік праваслаўнага дойлідства ХІІ стагоддзя, Барысаглебская царква ў Гродне – жамчужына беларускай культуры. Яна не мае аналагаў ні ў старажытнарускай, ні ў балканскай архітэктуры. Гэта ўзор старажытнага мураванага дойлідства, узведзены майстрамі гродзенскай архітэктурнай школы.
Яго ўнікальная асаблівасць – мноства керамічных гаршкоў-галаснікоў, якія ўбудаваны ў скляпенні сцен і выходзяць наверх рыльцамі, дзякуючы чаму многія стагоддзі тут захоўваецца добрая акустыка і так цудоўна гучаць царкоўныя песнапенні. Яшчэ адна знакамітая асаблівасць Каложы – аздабленне фасадаў і сцен устаўкамі з вялікіх паліраваных валуноў і шматкаляровых маёлікавых пліт у форме крыжоў. Унутранае ўбранне Каложскай царквы ўпрыгожвалі ўнікальныя фрэскі, фрагменты якіх былі знойдзены ў 1970-х на алтарным скляпенні і ў нішах.
Разам з комплексам помнікаў замкавай гары аб'яўлена гісторыка-архітэктурным запаведнікам. Уваходзіць у лік аб'ектаў, прапанаваных урадам Беларусі ў якасці кандыдатаў на ўнясенне ў Спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Зэльвенскі раён
Царква ў Сынкавічах лічыцца адным з найстарэйшых абарончых храмаў Беларусі. Па легендзе царкву заснаваў князь Вітаўт. Нібыта, у 1382 годзе, уцёкшы ад пераследаў свайго брата Ягайлы з Крэўскага замка, ён нейкі час хаваўся ў мясцовых жыхароў і ў падзяку за выратаванне загадаў закласці храм.
Паводле менш рамантызаванай версіі, царква будавалася на мяжы XV-XVI стагоддзяў на сродкі гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага. Міхайлаўская царква з'яўляецца прыкладам беларускай готыкі. У міжваенны перыяд Сынкавічы сталі цэнтрам уніяцкай парафіі. У савецкі час царква была зачынена.
Сёння храм з'яўляецца дзеючым: вернікам ён быў перададзены яшчэ ў 1990 годзе, пасля перажыў знешнюю і ўнутраную рэстаўрацыю.
Шчучынскі раён
Таксама, як і Міхайлаўская царква ў Сынкавічах, з'яўляецца храмам абарончага тыпу і помнікам гатычна-рэнесанснай архітэктуры. Асвечана ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы.
Маламажэйкаўскі храм, будучы пабудаваны як праваслаўны, пасля не раз падвяргаўся перабудове ў адпаведнасці з патрэбамі чарговых «гаспадароў». Усе гэтыя перамены ў яе лёсе прывялі да таго, што ад першапачатковага ўнутранага строя да нашых дзён захаваліся толькі элементы, якія не маглі быць змененыя. Перш за ўсё размова ідзе пра нервюрныя скляпенні. У еўрапейскай гатычнай архітэктуры такія скляпенні называлі “кветкавымі” або “карункавымі”.
Сёння гэта цэнтр парафіі, які аб'ядноўвае восем вёсак. Царква Раства Багародзіцы належыць да ліку аб'ектаў, прадстаўленых да ўключэння ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА – у комплексе з іншымі храмамі абароннага тыпу, якія захаваліся на сучасных беларускай, літоўскай і польскай тэрыторыях. У сувязі з гэтым храм у Мураванцы зрабіўся аб'ектам пільнай увагі даследчыкаў.
Слонімскі раён
Гісторыі Жыровіцкага манастыра больш за 550 гадоў. Храм узнік на месцы, дзе, паводле падання, цудоўным чынам з'явіўся абраз Маці Божай. Манастыр быў заснаваны ў канцы XV ст. як праваслаўны. Цяпер у Жыровіцкім комплексе ёсць братэрскія карпусы і некалькі цэркваў — старажытныя будынкі, якія захоўваюць сваю частку гісторыі гэтага месца.
Царква Узвышэння крыжа Хрыстова — неад’емная частка архітэктурнага ансамбля Свята-Успенскага манастыра ў Жыровічах. Асаблівасцю пабудовы храма з’яўляецца месца яго размяшчэння — ён быў збудаваны на самай высокай пляцоўцы з усёй тэрыторыі манастыра. Такое размяшчэнне — гэта сімвалічны знак, што адлюстроўвае гару пакут.
У цяперашні час манастыр прыцягвае да сябе шмат экскурсій. Вялікая колькасць людзей прыязджаюць сюды штогод 20 траўня, у дзень святкавання з'явы Жыровіцкай іконы Божай Маці, калі па прынятым у манастыры звычаі, пасля літургіі ва Успенскім саборы хросны ход накіроўваецца да дзвярэй Яўленскага храма для здзяйснення набажэнства з акафістам Жыровіцкай іконе.
У гістарычным цэнтры горада Слонім знаходзіцца галоўная сінагога – жамчужына яўрэйскай культуры. Гэты храм з'яўляецца абарончым збудаваннем. Будынак мае магутныя сцены без адметных дэкаратыўных элементаў. Архітэктура вытрыманая ў стылі барока. Знешняе аблічча сінагогі простае, але за непрыметнымі сценамі схаваныя старадаўнія роспісы з выявай яўрэйскай сімволікі. Тут таксама захавалася Біма – месца для публічнага чытання Торы.
Па сваім прамым прызначэнні сінагога праслужыла аж да 1940 года. Пасля вайны тут знаходзіўся спачатку склад, пазней – гандлёвае памяшканне.
Тры гады таму Фонд яўрэйскай спадчыны аплаціў рамонт даху закінутага будынка. Летась сінагога была выстаўлена на аўкцыён, таргі не адбыліся з-за адсутнасці заявак. Не так даўно Слонімская сінагога ўвайшла ў чацвёрку самых значных еўрапейскіх храмаў. Зараз гаворка ідзе аб стварэнні гісторыка-культурнага цэнтра, музея. У абноўленым выглядзе гэта будзе адно з найпрыгажэйшых месцаў горада з багатай культурнай спадчынай.
Дарэчы, на тэрыторыі Гродзенскай вобласці сфармавалася амаль чатырыста пяцьдзясят рэлігійных суполак і васямнаццаць канфесій. Гэта адзіны ў Беларусі рэгіён, дзе сярод вернікаў дамінуе рымска-каталіцкая царква.
Аліса СКІБА
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».