Вы тут

У «Маскве» разбілі талерку. Што мы ўбачылі на адкрыцці ХХVII «Лістапада»


Абноўлены ХХVII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пачаў працу. У гэтым годзе змены адбыліся ва ўсіх напрамках, пачынаючы з дызайну галоўных сімвалаў фестываля і заканчваючы дырэкцыяй, а таксама складам сябраў журы. Ужо ў першы дзень работы конкурсу стала зразумела, што «Лістапад» будзе вызначацца яркімі разнастайнымі колерамі і неспадзяванымі вырашэннямі. Чаму ў мяне склалася такое меркаванне — чытайце ў рэпартажы, прысвечаным адкрыццю галоўнага кінафестывалю краіны. 


«Лістапад» з чырвонай дарожкай

«Беларусьфільмам», які арганізоўваў ХХVII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад», ужо не адзін раз было адзначана, што ўдзел у конкурснай і пазаконкурснай праграме прыме каля 100 стужак. Так што дні працы фестывалю абяцаюць быць насычанымі. У чым мы пераканаліся, калі ў кінатэатры «Масква» адбылося ўрачыстае адкрыццё. Зразумела, які кінафестываль без чырвонай дарожкі — па традыцыйна разасланым чырвоным дыване прайшлі пазнавальныя персоны, кіназоркі, рэжысёры, кіраўнікі кінастудый. 

Нагадаю, што ў гэтым годзе конкурс праходзіць пад слоганам «Кіно — сімфонія адзінства». Арганізатары спадзяюцца, што кіно стане пэўным мастком паміж душамі людзей з розных краін. Мэта высакародная. 

Сваё выступленне, якое прагучала падчас адкрыцця, добра знаёмы беларусам народны артыст Расіі, кінарэжысёр, пісьменнік, грамадскі дзяяч Мікалай Бурляеў прысвяціў тэме праваслаўна-славянскага братэрства. Вядомы кінематаграфіст успомніў, як пачынаўся гэты беларускі фестываль, і ўхваліў яго сёлетні дэвіз. Мікалай Бурляеў прывёз на «Лістапад» два фільмы, адзін з якіх будзе сусветнай прэм’ерай.

— У кінафоруму сапраўды выдатны слоган, што актуальна ў наш бурны час, з улікам аспектаў, звязаных з пандэміяй, — адзначыў і намеснік прэмер-міністра Ігар Петрышэнка. — Мы хочам, каб дзякуючы нашаму кінафестывалю людзі сталі яшчэ дабрэйшымі. Ёсць розныя традыцыі, культуры, але існуе адно, што аб’ядноўвае людзей, — імкненне жыць у згодзе, сяброўстве і камфорце, каб творчы складнік дзейнасці чалавека быў накіраваны на стварэнне, а сімфонія кіно аб’ядноўвала людзей. Каб было менш розных супярэчнасцяў, войн, канфліктаў, менавіта мастацтва павінна несці людзям праўду. Дакументалістыка павінна адлюстроўваць аб’ектыўную рэальнасць, людзі павінны бачыць і ведаць, што і як адбывалася. 

Арганізатары прэзентавалі гасцям фестывалю і творчыя выступленні. Са сцэны «Масквы» прагучала песня з драматычнага тэлесерыяла «Адліга» ў выкананні Аляксандры Гайдук і Руслана Чарнецкага. Таксама ў межах адкрыцця кінафестывалю выступіў арт-гурт «Беларусы». 

Вяртаючыся да тэмы айчыннага кінапрацэсу, нельга абмінуць наступную навіну: падчас адкрыцця «Лістапада» быў уручаны спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За захаванне і развіццё традыцый і духоўнасці ў кінамастацтве». Прэмію атрымаў Ігар Волчак, майстар беларускай анімацыі:

— Вялікі дзякуй за такую высокую ацэнку маёй працы, — адзначыў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. — Усе намаганні былі б абсалютна бескарысныя, калі б не наш цудоўны калектыў — студыя анімацыйных фільмаў і тыя людзі, якія дапамагалі мне рабіць іх. Я прыйшоў на «Беларусьфільм» 53 гады таму. Ведаеце, мне вельмі пашанцавала тады, бо гэта было світанне беларускага кінематографа. Цяпер ужо я нясу гэтую эстафету і перадаю яе маладым. Жадаю ад усёй душы, каб моладзь праявіла сябе, каб здымаліся цудоўныя фільмы, каб мы маглі ганарыцца і атрымліваць такія прызы. 

Як было адзначана раней, «Лістапад» у гэтым годзе прайшоў шмат трансфармацый. Змяніўся старшыня — пасаду заняў народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў. Падчас адкрыцця фестывалю Аляксандру Яфрэмаву выпала самая сімвалічная задача: разбіць талерку з аўтографамі ўдзельнікаў мінулых гадоў. Менавіта з такога ж рытуалу, дарэчы, пачынаюцца здымкі кожнага фільма.

— З вялікай пяшчотай я ўспамінаю, як займаў маю цяперашнюю пасаду на фестывалі Расціслаў Іванавіч Янкоўскі. Ён сустракаў кожнага госця так, быццам той быў самым блізкім і дарагім сваяком. Сцэна кінатэатра «Масква» рабілася працягам яго дома. Ён ствараў тую атмасферу адзінства, аб якой мы зараз кажам, — распавёў Аляксандр Яфрэмаў. — Я спадзяюся, што тая праграма, якую мы пабачым, будзе цікавай. Нам ёсць чым здзіўляць. Гэта наша духоўнасць, сумленнасць, чысціня і чалавечыя каштоўнасці. Шчаслівага шляху, «Лістапад»-27! 

Міністр культуры Анатоль Маркевіч адзначыў: 

— Мы вельмі пазітыўна ацэньваем гэты фестываль. Выдатна, што мы ўсе разам абмяркоўваем важныя кінапраекты. Прадстаўлены работы з 54 краін, што сведчыць аб тым, што цікавасць у нашых калег, партнёраў, сяброў вельмі вялікая. Шэраг дзяржаў упершыню бяруць удзел у гэтым мерапрыемстве. Мы рады гасцям, якія знайшлі магчымасць прыехаць у Беларусь. Гэта вельмі важна, бо сустракаючыся, мы абменьваемся думкамі, бачым культуру іншых краін. Мы разумеем, што культура ідзе наперадзе ўсіх працэсаў.

Цырымонія адкрыцця ХХVII «Лістапада» завяршылася паказам фільма з секцыі ігравога кіно. Аўстрыйска-нямецкая стужка «Каралеўская гульня» рэжысёра Філіпа Шцёльцля распавяла аб нягодах і змаганні юрыста Йозэфа Бартака ў перыяд фашысцкай акупацыі Аўстрыі. 

«Лістападзік» з маляваным Багдановічам

Адначасова з асноўным конкурсам распачаў сваю працу і «Лістападзік», які ў гэтым годзе прадставіў 14 карцін для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі. 

Адкрываліся дарослы «Лістапад» і дзіцячы «Лістападзік» у адзін дзень, але адпаведна ўзроставай аўдыторыі, «малодшы» фестываль пачалі ў больш ранні час. Падчас адкрыцця «Лістападзіка» у кінатэатры «Піянер» дырэктар «Беларусьфільма» Уладзімір Карачэўскі, звяртаючыся да маленькіх гледачоў, адзначыў: 

— Увесь тыдзень мы запрашаем вас у падарожжа па свеце кіно. Мы, дарослыя, робім усё, каб у нас не было вайны, і каб краіны сябравалі паміж сабой. Гэты фестываль і мультфільмы — цудоўны падарунак для дзяцей. Жадаю, каб вы былі здаровымі і радаснымі, каб вашыя бацькі не засмучаліся, зазіраючы ў вашы дзённікі, і, вядома ж, шчаслівага дзяцінства.

Фільмам адкрыцця «Лістападзіка» стала анімацыйная стужка Алены Туравай «Зоркі сёмага неба». Гэта поўнаметражны музычны мультфільм, які распавядае гісторыю аб трох сябрах, што змагаюцца з жахамі жорсткага свету нажывы і спажывальніцтва. Так, пасыл казкі адпавядае ўсім канонам і нясе дзецям добрае і вечнае, пры гэтым і сюжэт, і мастацкае вырашэнне сучасныя і поўныя алюзій, зразумелых менавіта даросламу гледачу. Таксама ў конкурснай праграме была паказаная венгерская стужка «Томі і львяня» рэжысёра Жолта Пальфі, пра тое, як выдуманае львяня дапамагае хлопчыку набыць неабходныя рысы характару. 

Надзвычай прыемна было бачыць работы беларускіх рэжысёраў Алены Пяткевіч і Ігара Волчака. Алена Пяткевіч працягвае працаваць у тыповым для яе напрамку: праз свае стужкі яна распавядае аб вядомых творчых дзеячах Беларусі. Гэтым разам галоўным героем мультфільма «Я тайну ў глыбіні душы хаваю» стаў Максім Багдановіч. А вось Ігар Волчак стварыў карціну пад назвай «Прэлюдыя і фуга», якая ўвасабляе ўспаміны з дзяцінства. Як адзначыў сам рэжысёр, гэты мультфільм накіраваны на больш дарослую публіку, якая памятае аб краіне, што некалі існавала і мела назву СССР. Работы розных напрамкаў, але ў іх ёсць агульная рыса — уласны аўтарскі почырк. 

Зразумела, што рабіць вынікі пакуль рана. Наперадзе чакае яшчэ шмат фільмаў і сустрэч з рэжысёрамі, артыстамі, кінакрытыкамі. На гэтым тыдні мінскія кінатэатры будуць працаваць ва ўсю моц, а наша галоўная задача — як мага падрабязней пазнаёміцца з праграмай фестывалю. 

Арына КАРПОВІЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.