Вы тут

Сцэнічная інтэрпрэтацыя класікі


У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага 12 лістапада адбылася прэм’ера спектакля «Браты Карамазавы», пастаўленага паводле рамана сусветнага класіка Фёдара Дастаеўскага. Прэм’ерны паказ быў прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. Рэжысёрскі дэбют народнай артысткі Беларусі Вольгі Клебановіч стаў першай прэм’ерай на галоўнай сцэне пасля амаль трохгадовага рамонту сцэнічнага комплексу. Разбіраемся, наколькі трыумфальным атрымалася вяртанне…


Дзмітрый Карамазаў (Руслан Чарнецкі) выпрошвае тры тысячы ў Кацярыны Хахлаковай (Вікторыя Кавальчык).

Ва ўсёй красе

Пасля надзвычай працяглага прастою на радасць гледачам у верасні расчыніліся дзверы Вялікай залы Горкаўскага тэатра! Мінула больш за два з паловай гады з таго моманту, як галоўная пляцоўка ўстановы была закрыта на мадэрнізацыю ці, папросту кажучы, рамонт… Аднак жа неабходнасць у капітальным абнаўленні наспела значна раней. Рамантаванне ўнутраных памяшканняў праводзілася паступова, у некалькі этапаў, і, уласна, да галоўнага з іх — рэканструкцыі сцэны — дабраліся толькі ў 2019 годзе. Па тым часе тэхнічнае абсталяванне комплексу ўжо лічылася катэгарычна састарэлым.

Перад рабочымі стаяла задача літаральна перасабраць, абнавіць усё начынне. Варта адразу агаварыцца, што саму залу, яе адмысловую архітэктуру і гістарычны дэкор, не чапалі, рэканструявалі выключна закуліссе і планшэт. Былі заменены машынерыя, светлавы пакет (асвятляльныя прыборы), а таксама пашыраны крылы сцэны (памяшканні, размешчаныя за кулісамі паабапал падмосткаў). Па словах мастацкага кіраўніка тэатра, абноўлены механізм паваротнага круга і светлавое абсталяванне дазволяць дасягаць новых вяршынь ва ўвасабленні мастацкіх вобразаў.

Класічныя пастаноўкі з пастаяннага рэпертуару

Рускага драматычнага, такія як «Утаймаванне свавольнай», «Ідэальны муж», «Зоркі сёмага неба», «Гора ад розуму» і некаторыя іншыя, поўным ходам ідуць на вялікай сцэне ажно ад самага пачатку 89-га сезона. Аднак трэба разумець, што яны пакуль не выкарыстоўваюць усіх магчымасцей новага абсталявання, а толькі ўзнаўляюць малюнак былых пастановак. Прадэманстраваць жа сапраўдную моц сучаснай тэхнікі якраз павінен спектакль Вольгі Клебановіч «Браты Карамазавы».

Мяркуючы па выніку, рэалізаваць тэхналагічны патэнцыял мадэрнізаванай сцэны атрымалася напоўніцу. Светлавое рашэнне прэм’ернай пастаноўкі вызначаецца надзвычайнай дэталёвасцю і неверагоднай сілай (як у прамым, так і ў пераносным сэнсе): ад шматлікіх лямпаў слабай інтэнсіўнасці, якія, нібыта веерныя пэндзлі, лесіруюць сцэнічную прастору, да асобных моцных пражэктараў, што служаць фарміраванню абрысаў, робяць акцэнты ў драматургіі і падкрэсліваюць найбольш важныя дэталі сцэнаграфіі. Можаце быць упэўнены: тут ёсць што падкрэсліваць.

Грушанька Святлова (Вольга Здзярская) са сваім палякам (Дзяніс Нямцоў).

Секулярная прастора

Працягваючы тэму афармлення, нельга не адзначыць уражальны маштаб мастацкага рашэння «Карамазавых» Вольгі Клебановіч. Дзякуючы павялічаным крылам, тэатр нарэшце здолеў вярнуцца да фірменных аб’ёмных дэкарацый, якія так палюбіліся наведвальнікам установы. На сцэне мінімум бутафорыі (хітрая лаўка бліжэй да гледачоў, некалькі крэслаў, пара столікаў ды розная драбяза) і агромністая дэкарацыя-пакой з рухомай задняй сценкай і рассоўным шкляным экранам спераду. Дэкарацыя расцягнулася на ўсю шырыню сцэны. Усё гэта дапаўняецца шыкоўна пашытымі касцюмамі для кожнага з герояў.

І хаця сама па сабе сцэнаграфія спектакля, безумоўна, вельмі захапляе (чаго толькі каштуюць «сціплыя» купалы-цыбуліны, якія падвешаны на стропах над асноўнай дэкарацыяй і апускаюцца пры змене месца дзеяння), але ж сінергіі з тым, што разыгрываецца ў яе межах, прама скажам, не адбываецца. Верагодна, на тое паўплывала адразу некалькі фактараў: і жаданне максімальна дагадзіць публіцы пасля перапынку, і рэжысёрскі недагляд, і, што важней, творчая амбіцыйнасць мастачкі Аляксандры Карнажыцкай. У творцы відавочна выпрацаваўся індывідуальны стыль, ад якога яна не адважылася адступіцца.

Мастацкае афармленне сцэны, нягледзячы на ўсю вынаходлівасць і незвычайнасць, не надта супадае з сутнасцю драматычнага дзеяння. Канешне, можа стацца, што гэткі кантрапункт — свядомае рашэнне аўтараў пастаноўкі, але падчас спектакля на тое нічога не паказвае. Белыя сцены і строгая геаметрыя нібыта павінны падкрэсліваць містычнасць (перад намі ж «містычны дэтэктыў»), аднак праўда ў тым, што ніякай містыкі ў пастаноўцы няма і раман перанесены на сцэну амаль што літара ў літару (не лічачы непазбежных скарачэнняў).

У выніку атрымліваецца нават адваротны эфект: сцэнаграфія не толькі не надае падзеям звышнатуральных уласцівасцей, але, на жаль, яшчэ і пазбаўляе твор яго сакральнага зместу. Стылёвая, еўрапейская дэкарацыя, якая архітэктурна наследуе эстэтыцы мадэрнізму, уступае ў прамы канфлікт з рэлігійнай эстэтыкай літаратурнага арыгінала. На месцы страшнаватага Скатапрыгоньеўска, населенага юродзівымі і святымі больш высокага рангу, ды разам з тым смярдзючага і бруднага, паўсталі гладкія белыя сцены. Скіту старца з кнігі супрацьпастаўлена на сцэне пустое стэрыльнае памяшканне.

Павел Смердзякоў у выкананні Сяргея Савянкова.

Сон ці рэальнасць?

Бадай адзіная рэч у спектаклі, якая зважае на сцэнаграфію ці нават зроблена з аглядкай на яе, — гэта музычнае суправаджэнне. Пастаянны кампазітар Горкаўскага і даўні суаўтар Сяргея Кавальчыка, мастацкага кіраўніка пастаноўкі (а па сумяшчальніцтве і ўсяго тэатра), Цімур Каліноўскі пры напісанні музыкі, хутчэй за ўсё, кіраваўся менавіта знешнім вобразам дэкарацый і, адштурхоўваючыся ад яго, ствараў, што называецца, па матывах. Горкая іронія заключаецца ў тым, што музыка не толькі не становіцца ключом да разумення ўкладзенага рэжысёрам сэнсу, але і наўпрост уводзіць у зман, яшчэ больш заблытваючы гледачоў.

Ізноў тая ж праблема… Высокі ўзровень выканання, таленавітыя мастацкія рашэнні, і ўсё гэта, тым не менш, слаба стасуецца з сэнсам прагавораных рэплік. У «Карамазавых» Вольгі Клебановіч музыка, як ёй і належыць, абмалёўвае фабулу, ставіць акцэнты і пры дапамозе сістэмы матываў дапамагае гледачам лепш арыентавацца ў часе і геаграфіі дзеяння — словам, патурае драматургіі. Аднак трывожная танальнасць, што была абрана кампазітарам, у спалучэнні з сумнай, як у бальнічным пакоі, белізной сцен наводзіць на думку, што перад намі калі не хваравітыя думкі аднаго з герояў, то хаця б чыёсьці соннае трызненне.

Потым высвятляецца, што гэта не зусім так. Больш за тое, падманлівае адчуванне ў выніку нічым не пацвярджаецца! Няхай чорт, які прыходзіць у галюцынацыях да Івана Карамазава, і напраўду нешта такое паміж іншым прамаўляе, спектакль усё адно заканчваецца звернутымі да залы маральнымі павучаннямі (толькі не Алёшы, як у рамане, а старца Зосімы). Часам самі акцёры быццам намякаюць сваёй ігрой на нерэальнасць таго, што адбываецца на сцэне. Але ж, на вялікі жаль, надзеі не спраўджваюцца…

Адным мірам...

Што ж да артыстаў, з пастаўленай перад імі задачай яны спраўляюцца проста цудоўна. Ды зноў жа ёсць нюанс… Рэплікі за нязначным выключэннем амаль даслоўна паўтараюць тэкст кнігі (хаця ўжо толькі завучыць іх уяўляецца сапраўдным подзвігам). Тое ж тычыцца і падзей у спектаклі: яны хіба што крыху перастаўлены месцамі, каб стварыць ілюзію дэтэктыўнай гісторыі. Больш за тое, усе высновы і філасофскія сентэнцыі таксама запазычаны ў Фёдара Міхайлавіча.

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што «Браты Карамазавы» — гэта якасны спектакль, зроблены густоўна, тэхнічна і на вышэйшым узроўні, аднак пазбаўлены ў той жа час мастацкай цэласнасці і, што самае крыўднае, уласнага сэнсавага ядра. Ён не прапануе асаблівага прачытання, аўтарскай інтэрпрэтацыі. Нягледзячы, аднак, на недахопы, пастаноўка ўспрымаецца як падзея вялікая і дакладна вартая ўвагі.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота з сайта НАДТ імя М. Горкага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў. 

Грамадства

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Нават у лёгкай форме перанесеная каранавірусная інфекцыя не праходзіць для арганізма бясследна.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СТРАЛЕЦ. Ад таго, як сплануеце тыдзень, залежыць, ці паспееце завяршыць важныя справы. 

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?