Вы тут

Сімфонія халоднай восені


Для ўсіх — класіка і не толькі


Дырыжор Юрый Караваеў.

У праграме XLVІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Беларуская музычная восень» 15 канцэртаў, у якіх выступаюць як вядучыя калектывы Белдзяржфілармоніі, так і выдатныя выканаўцы з Беларусі і Расіі.

— «Беларуская музычная восень» сёлета дазволіць нам атрымаць непаўторную асалоду, — адзначыў напярэдадні фестывалю генеральны дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Нікіта. — Мы імкнёмся рабіць праекты даступнымі, каб зацікавіць і новых наведвальнікаў. Працуем над тым, каб ва ўсіх, хто не можа прыйсці да нас з-за ковідных абмежаванняў, з’явілася магчымасць атрымліваць доступ да прамых трансляцый з нашых канцэртных залаў.

Адкрылася «Беларуская музычная восень» цыклам канцэртаў пад назвай «Класіка для ўсіх». У Малой зале імя Рыгора Шырмы 14 лістапада новую праграму прэзентаваў народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў. Канцэрт ён прысвяціў сваёй маці, спявачцы, педагогу Ларысе Ілюкевіч. У памяць аб ёй выканаўца склаў канцэрт выключна з транскрыпцый вакальнай музыкі, прычым менавіта тых твораў, якія яны выконвалі разам.

Адметныя філарманічныя прэм’еры восені 2021 года слухачы маглі ацаніць 18 лістапада ў выкананні Дзяржаўнага камернага аркестра. Гэта дзве містэрыі, якія былі напісаны па заказе мастацкага кіраўніка аркестра Яўгена Бушкова. Першая — сучасны полімедыйны праект са спалучэннем музыкі, відэаінсталяцыі, светлавога дзеяння і драмы пад назвай «Сёстры з Раю» Віталя Воранава для голасу, камернага аркестра, фартэпіяна, аргана, ударных і электрагітары. Другая — твор «Кросны Макошы» Канстанціна Яськова для народнага голасу, струнных, ударных і фартэпіяна.

21 лістапада ў Вялікай зале будуць адзначаць 100-годдзе выдатнага хормайстра Віктара Роўды. У канцэрце «Хор як лёс» прадставяць творы беларускіх і рускіх кампазітараў. «Рускі рэквіем» — лірыка-філасофская кантата Сяргея Танеева «Іаан Дамаскін» — аснова праграмы. На юбілейным канцэрце сустрэнуцца салісты Вялікага тэатра Беларусі — лаўрэаты міжнародных конкурсаў Анастасія Храпіцкая (сапрана), Аляксандр Міхнюк (тэнар) і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Станіслаў Трыфанаў (барытон). Раім не абмінуць і 50-гадовы юбілей Вячаслава Статкевіча, мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята»: 21 лістапада адбудзецца канцэрт-святкаванне «Я сэрца аддам Беларусі».

23 лістапада ў Вялікай зале пецярбургскі выканаўца, лаўрэат міжнародных конкурсаў Ягор Колесаў прэзентуе праграму «Музыка сабораў Парыжа». Для наведвальнікаў фестывалю прагучаць творы парыжскіх арганных маэстра і класікаў Баха і Моцарта, якія натхнялі французскіх арганістаў. Дарэчы, у гэты ж дзень у Малой зале імя Шырмы слухачоў чакаюць на канцэрт фартэпіяннай музыкі ў выкананні расійскіх піяністаў, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Мікалая Кузняцова і Яўгеніі Кудоі.

25 лістапада — сольны канцэрт заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Шумілінай. У яе праграме «Чароўныя гукі раяля» — рамантычныя творы Глінкі, Ліста, Шуберта і Шумана. Між тым Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр запрашае 26 лістапада ў Малую залу імя Шырмы на працяг серыі вечароў у камерным фармаце. Адбудзецца сустрэча з Аляксандрам Анісімавым, артыстамі аркестра і сапрана Ірынай Крыкуновай. Партыю фартэпіяна выканае Вольга Макарава. У праграме «Любоў-чараўніца» прагучаць творы Мануэля дэ Фальі, Роберта Шумана, Дзмітрыя Шастаковіча.

Згодна з праграмай, серыя акадэмічных канцэртаў завершыцца аўтарскім вечарам кампазітара Сяргея Бельцюкова да яго 65-годдзя. Кампазіцыі маэстра 27 лістапада ў Малой зале імя Шырмы выканаюць Мінскі струнны квартэт, салісты Філармоніі для дзяцей і юнацтва Ганна Янкоўская і Максім Абравец, салістка Вялікага тэатра Беларусі Іна Русіноўская, а таксама інструменталісты Ксенія Бельцюкова (скрыпка), Дыяна Гантарэнка (флейта), Марына Рамейка, Вольга Макеева, Алена Кузьміч, Мікіта Бельцюкоў (фартэпіяна). Прагучаць вакальныя цыклы на вершы Максіма Багдановіча і Леаніда Дранько-Майсюка, кантата «Начны матылёк», квартэт, трыа, камерныя п’есы. Запланавана таксама прэм’ера — фантазія «Мне шкада кветак» на вершы Бо Цзюй для голасу, скрыпкі і фартэпіяна.

Завяршальным акордам фестывалю мастацтваў стане творчы вечар Ігара Іванова — цудоўнага выканаўцы, мастацкага кіраўніка Ансамбля салістаў Белдзяржфілармоніі. У рэпертуары квартэта выканаўцаў не толькі класічныя творы, але і народныя і папулярныя кампазіцыі.

Эстрада і настальгія

Ледзь не галоўным мерапрыемствам, прысвечаным папулярнай музыцы, стала прэзентацыя грунтоўнага выдання Вольгі Брылон «Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент. Гісторыя эстрады Беларускай дзяржаўнай філармоніі. 1930—1980-я гады». Кнігу прадставілі ўжо напярэдадні адкрыцця фэсту.

У зборніку падрабязна расказваецца аб зараджэнні і станаўленні Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў перадваенныя гады. Вядома, што з таго часу і амаль няспынна да свайго расфарміравання ў студзені 1990 года эстрадны аддзел быў адным з яе падраздзяленняў. Аўтар адзначае: за некалькі дзесяцігоддзяў праз Белдзяржфілармонію прайшлі і ўславілі яе сотні эстрадных артыстаў. Пра выдатных людзей, імёны якіх на слыху, а многія забытыя за даўнасцю гадоў, гэтая кніга. Расказвае Вольгі Брылон у тым ліку і пра забытыя жанры — такія як канферанс, спартыўная акрабатыка, мастацкі свіст, ілюзіён, жангліраванне. У выданне ўвайшлі сотні фатаграфій і архіўных дакументаў.

У канцэрце-прэзентацыі 17 лістапада ў суправаджэнні аркестра выступілі славутыя беларускія артысты, якія сталі героямі кнігі: заснавальнік ВІА «Сябры» народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, легенды ВІА «Верасы» народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Надзея Мікуліч, сузаснавальнік ВІА «Песняры» Уладзі-

міра Мулявіна заслужаны артыст Беларусі Уладзіслаў Місевіч ды іншыя. Дарэчы, канцэрт падрыхтаваны сіламі Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча.

— Так атрымалася, што менавіта народны аркестр захоўвае і прапагандуе забытыя ўзоры музыкі Мулявіна, «Песняроў», — адзначае Уладзіслаў Місевіч. — І гэта не «Волагда» і не «Касіў Ясь канюшыну…», а сапраўдныя глыбінныя творы Валодзі. Менавіта народны аркестр у цяжкую хвіліну падставіў плячо і нясе гэтую музыку. І зараз для мяне кожная іх праграма, якая хаця б крышку судакранаецца з «Песнярамі», — гэта свята і нават сэнс жыцця.

Яўгенія ШЫЦЬКА, Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?