Вы тут

Рассакрэчаныя дакументы, звязаныя з Коласам і Купалам, перададзеныя ў музей


Днямі Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа атрымаў каштоўны падарунак. Уручыў яго дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Іван Мамайка. Сфера яго інтарэсаў не абмяжоўваецца выключна палітычнымі справамі: Іван Андрэевіч атрымаў вышэйшую гістарычную адукацыю ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце. А любоў і зацікаўленасць да гісторыі Беларусі не страціў па сённяшні дзень. 


— Працуючы з архіўнымі дакументамі, я знайшоў той, з якога нядаўна снялі грыф сакрэтнасці, — распавёў Іван Мамайка. — Гэта справаздача намесніка паўнамоцнага прадстаўніка аб’яднанага палітычнага ўпраўлення па БССР аб нацыянальным пытанні. Справаздача датуецца снежнем 1924 года. Знойдзены дакумент можна назваць каштоўным адразу з-за трох рэчаў. Па-першае, там робіцца агляд нацыянальнага пытання Беларусі. Па-другое, дакумент адлюстроўвае становішча паэтаў і пісьменнікаў на той час. Бачна супрацьстаянне класавага і нацыянальнага. Напрыклад, адзначалася, што ў творах і Якуба Коласа, і Янкі Купалы нацыянальная сутнасць стаіць намнога вышэй за класавую. Але, нягледзячы на гэта, беларускія камуністы друкуюць Якуба Коласа, замест таго, каб друкаваць малавядомага пісьменніка толькі на падставе, што яго твор класава вытрыманы, а сам творца — камсамолец.

Акрамя гэтых тэм, у знойдзенай справаздачы цікавым чынам асвятляецца пытанне цэнзуры: як на погляд Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення трэба друкаваць тыя творы, якія прапаноўваюць беларускія пісьменнікі. Асобнай і найбольш вялікай каштоўнасцю Мамайка лічыць знойдзеныя рукапісы Якуба Коласа і Янкі Купалы, якія былі прыкладзены да справаздачы: 

— Я не ведаю, якім чынам гэта атрымалася, але нейкім шляхам супрацоўнікамі Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення былі здабыты рукапісы апавядання Якуба Коласа «Адгукнуўся», а таксама верша Янкі Купалы «Перад будучыняй». Тыя рукапісы адрозніваюцца ад таго, што ў выніку было надрукавана. 

Iван Мамайка падкрэслiў, што цiкавасць да гісторыі сваёй краiны ў грамадстве узрастае, асаблiва сярод моладзi: 

— Аднак патрэбна разумець, што на медыяпрасторы, асаблiва ў розных блогах, распаўсюджваюцца псеўдагістарычныя тэорыі, у тым ліку аб узнiкненнi дзяржаўнасці Беларусi. Бяспрэчным i падцверджаным архiўнымi дакументамі з’яўляецца той факт, што менавiта у 1918 — 1920-х гадах, нягледзячы на безупынныя ваенныя дзеяннi, кайзераўскую, а затым польскую акупацыю, з вялiмi цяжкасцямi, але ўзнікла на геапалiтычнай прасторы i было прызнана ў свеце дзяржаўнае ўтварэнне на савецкай аснове, якое аб’ядноўвала беларусаў — ССРБ. Пасля пераўтварэння ў БССР i трох узбуйненняў тэрыторыі ў 1924, 1926 i 1939-м гадах, асноўныя беларускiя землi былi iм аб’яднаны. Гэта адбылося ў тым лiку дзякуючы такiм гiстарычным асобам, як Якуб Колас i Янка Купала.

Як было адзначана, Іван Мамайка перадаў знойдзеныя дакументы музею Якуба Коласа. У сваю чаргу супрацоўнікі музея адзначылі, што ўжо некалькі гадоў плануюць зрабіць выставу «Якуб Колас — дэпутат», і прапанавалі працягнуць сумесную працу далей. 

Напрыканцы сустрэчы Іван Мамайка выказаў словы падзякі Нацыянальныму архіву Рэспублікі Беларусь і яго дырэктару Андрэю Дземянюку. 

Арына КАРПОВІЧ

Фота: Яўген ПЯСЕЦКІ


Ад рэдакцыі. Газета «Звязда» (нумар за 27 кастрычніка 2021 г.) у матэрыяле, прысвечаным філіялам музея Якуба Коласа, звярнула ўвагу на наступную праблему. У 2022 годзе, якраз перад юбілеем Якуба Коласа, у Стоўбцах адбудуцца «Дажынкі». Супрацоўнікам літаратурна-мемарыяльных музеяў, а таксама жыхарам горада вельмі хочацца ўстанавіць помнік народнаму паэту якраз у наступную восень, да дзён правядзення свята. Ладзілі нават суботнік, грошы ад якога пойдуць на помнік. Але гэтых сродкаў, на жаль, недастаткова. 

Дзяржаўны музей Якуба Коласа запрашае ўсіх жадаючых дапамагчы ў гэтай справе. 

Установім помнік Якубу Коласу на яго малой радзіме разам!

Адкрыты дабрачынныя рахункі для збору грашовых сродкаў на стварэнне і ўстаноўку помніка народнаму паэту Якубу Коласу ў горадзе Стоўбцы.

  • ЦБУ № 624 ОАО «АСБ Беларусбанк» у г. Стоўбцы
  • МФО AKBBBY2X
  • УНП 100325912
  • Адрас: 222666, г. Стаўбцы, вул. Цэнтральная, 6б
  • Раённае ўнітарнае прадпрыемства «Стаўбцоўскі АКБ»
  • УНП 600022536
  • Дабрачынныя рахункі:
  • BY22AKBB31320000000040000000 /у беларускіх рублях/
  • BY14AKBB31320000100020000000 /у доларах ЗША/

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.