У Выдавецкім доме «Звязда» выйшла новая кніга вядомага беларускага паэта Алеся БАДАКА — «Уладар ветру». 107 твораў — 106 вершаў і адна паэма, паэма «Ра». З чатырох зборнікаў, разбежка ў якіх па часе выдання паміж першым і чацвёртым — трыццаць гадоў (1989 — 2019). І чатыры вершы — з новай, нядаўна пачатай кнігі: «Мора Герадота», «Усяслаў Чарадзей», «***У дні нясцерпна душныя...», «Ніхто». Завяршальны раздзел так і называецца: «З пачатай кнігі».
Відавочна, што Алесь Бадак надзвычай патрабавальны да сябе аўтар, паэт, які ўзіраецца ў тое, што дзееца навокал настолькі ўедліва, што часам здаецца: ён бачыць усё наскрозь. Як вось у гэтым творы — «Камяні», у якім спавядаецца чалавек-гараджанін, спавядаецца пра тое, што яго трывожыць жаданне жыць адным целам, адною душою з вёскай... «—Вы купілі душу?/ — Я купіў/ Сам сябе ў прадпрымальнага часу,/Каб прыкметы вясковае расы/ З ім дарэшты ў сабе не згубіў./ — Вы так любіце вёску?/ — Люблю,/ Але тую, што стала ўспамінам,/ Ён даўно па шчацэ сцёк слязінай./ З той хвіліны яго пазнаю/ Па адным толькі паху — па тым,/ Што паўсюль і з нічога ўзнікае, — / Гэта вёска за мною лятае,/ Дзе б ні быў я на свеце і кім»...
Алесь Бадак, які нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Туркі Ляхавіцкага раёна, на Берасцейшчыне, прайшоў багаты творчымі ўдачамі літаратурны шлях. Акрамя паэтычных кніг «Будзень», «За ценем самотнага сонца», «Маланкавы посах», «Развітанне з вечнасцю», выдаў шэраг кніг прозы. З нядаўніх — зборнік апавяданняў і аповесцяў «Ідэальны чытач». Творчасць пісьменніка адзначана высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі — медалём Францыска Скарыны, ордэнам Францыска Скарыны, многімі літаратурнымі прэміямі. Апавяданні, аповесці, вершы Алеся Бадака перакладзены на англійскую, кітайскую, сербскую, венгерскую, рускую, таджыкскую і іншыя мовы народаў свету.
Сяргей ШЫЧКО
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».