Вы тут

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі распачалі работу кніжныя выстаўкі, прысвечаныя творчасці паэтаў-юбіляраў


Экспазіцыя «Небасхіл паэзіі Алеся Каско», прымеркаваная да 70-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта і перакладчыка, знаёміць нас са зборнікамі вершаў «Кругабег», «Прыадхінуты небасхіл», «Набліжэнне», «Скразная лінія», «Час прысутнасці» і іншымі творамі аўтара. Ён нарадзіўся на Брэстчыне, у вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёна. Творчая спадчына Алеся Канстанцінавіча засталася як памяць пра яго ў кнігах вершаў, навэл і дзённікавых запісаў. Першы яго паэтычны зборнік «Скразная лінія» прасякнуты любоўю да роднай зямлі і трывогай за яе будучыню. Ужо пазней з'явіліся кнігі «45: вершы», «Прынадхінуты небасхіл», «Набліжэнне», «Межавыя знакі». Зборнікам «Нічога больш» Алесь Каско заявіў пра сябе як пра літаратурнага перакладчыка з македонскай, нямецкай, польскай, украінскай моў. А вось ужо ў кнізе выбранай паэзіі «Кругабег» чытач можа ўбачыць роздумы паэта аб пройдзеным і перажытым. Трэба адзначыць і тое, што пісаў Алесь Каско і для дзіцячай аўдыторыі. Убачыла свет яго кніга сабраных і запісаных на Брэстчыне народных казак «Чыстага ўсё нячыстае баіцца». Таксама на самых юных разлічаны і яго вершы ў кнізе «Два сонцы». На выстаўцы кожны чытач зможа ўбачыць не толькі кнігі з вершамі паэта, але і пазнаёміцца з выданнямі ў яго рэдакцыі і з матэрыяламі пра жыццё і творчасць Алеся Каско.


А вось выстаўка «Паэзіі святло зямное» — гэта прысвячэнне 90-годдзю паэта, драматурга, публіцыста, крытыка і перакладчыка Анатоля Вярцінскага, які з'яўляецца ўраджэнцам Віцебскай вобласці. Экспазіцыя знаёміць наведвальнікаў са шматлікімі паэтычнымі зборнікамі паэта, літаратурна-крытычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі, нарысамі, эсэ, а таксама перакладамі з рускай, украінскай, літоўскай, балгарскай і іншых моў. Асобны раздзел выстаўкі прысвечаны матэрыялам пра жыццё і творчасць паэта. Яго імя даўно займае пачэснае месца ў беларускай літаратуры. Сярод прадстаўленых твораў пісьменніка можна ўбачыць зборнікі «Песня пра хлеб», «Тры цішыні», «Чалавечы знак», «Святло зямное» і іншыя. Адзначым, што досыць плённа працаваў Анатоль Ільіч і ў жанры драматургіі, а яго п'есы-казкі для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!», «Скажы імя сваё, салдат» былі паспяхова пастаўленыя на сцэне беларускіх тэатраў. Дапаўняюць экспазіцыю таксама і пераклады аўтара, якія ён рабіў з рускай, літоўскай, украінскай, латышскай, балгарскай, польскай і венгерскай моў.

Абедзве экспазіцыі можна наведаць у зале беларускай літаратуры да 4 студзеня. Уваход магчымы па чытацкім білеце альбо білеце сацыякультурнага цэнтра. Пры жаданні прадстаўленыя кнігі можна замовіць праз электронны каталог.

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Паэты застаюцца жыць у слове

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.