Вы тут

Пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа прайшло ў Мінску


Пасяджэнне Кансультатыўнага савета пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі па справах беларусаў замежжа прайшло ў Мінску. Выпрацаваць новыя рашэнні для падтрымкі ініцыятыў беларусаў за мяжой, пачуць іх меркаванні па актуальных пытаннях, у прыватнасці, па кансалідацыі грамадства і абнаўленні Канстытуцыі, што праходзіць у Год народнага адзінства, — для гэтага і не толькі сабраліся кіраўнікі і прадстаўнікі беларускіх арганізацый за мяжой.


Гэта ўжо шостае пасяджэнне, якое праводзіцца штогод. Члены Кансультатыўнага савета, а таксама запрошаныя ў якасці гасцей беларусы прыехалі днямі ў Мінск з розных краін свету. Сустрэцца ізноў на Радзіме былі рады ўсе запрошаныя, асабліва ўлічваючы тыя абставіны, што летась савет не збіраўся з прычыны пандэміі.

— Можна было б сказаць, што такі фармат работы стаў звыклым і руцінным, але цэлы шэраг абставін і падзей надае нашай сустрэчы асаблівыя сэнс і гучанне , — павітаў гасцей міністр замежных спраў Уладзімір Макей. — Па-першае, мы былі вымушаныя прапусціць пасяджэнне летась. Аднак нягледзячы на складаную эпідэмічную сітуацыю, мы нацэленыя выпрацаваць новыя рашэнні для падтрымкі ініцыятыў і правядзення сумесных мерапрыемстваў з беларусамі замежжа. Па-другое, гэта выклікі, з якімі сутыкнулася наша краіна пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні мінулага года, палітычныя і эканамічныя захады супраць дзяржавы і беларускага народа. Па-трэцяе, тыя маштабныя задачы, якія цяпер стаяць перад краінай, — аднаўленне Канстытуцыі, кансалідацыя ўсяго грамадства, тая работа, што праходзіць пад дэвізам Года народнага адзінства.

Таксама Уладзімір Макей адзначыў, што ўвагі патрабуе і наступны факт: намаганні асобных дзеячаў накіраваныя на ўнясенне расколу ў беларускія дыяспары, настройванне беларусаў замежжа супраць дзяржавы і адзін аднаго. Такі падыход проста непрымальны, адзначыў міністр.

Прадстаўнікі дэлегацый розных краін падзяліліся сваімі ўражаннямі і расказалі пра дзейнасць аб'яднанняў беларусаў за мяжой.

— Лёс Беларусі нам неабыякавы. Калі б мы не ставіліся з любоўю да краіны, дзе мы жылі (а цяпер раз'ехаліся па розных краінах), мы б тут не сабраліся, — адзначыла Ала Сандлер, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Вашынгтоне. — Многія ўдзельнікі гэтай сустрэчы прайшлі вялікі шлях, каб сюды прыляцець літаральна на адзін дзень. Я не шкадую аб тым, што прыляцела. Чакаю пачуць вельмі шмат інфармацыі.

Аксана Шумейка, кіраўнік аб'яднання беларусаў Іарданіі, расказала пра дзейнасць сваёй арганізацыі:

— Беларусаў у Іарданіі каля 300 па афіцыйных даных, каля 500 — па неафіцыйных. У нашым аб'яднанні каля 50 беларусаў,
у асноўным гэта жанчыны з дзецьмі, але мы імкнёмся прыцягваць і іх мужоў. Мы функцыянуем з 2019 года, і за апошні год шмат зрабілі. Ёсць два праекты, якія з'яўляюцца візітоўкай беларусаў Іарданіі. Гэта літаратурны праект «Чытаем па-беларуску», ён прысвечаны Дню Перамогі — мы чытаем вершы і прозу беларускіх аўтараў. І конкурс, які мы выводзім на міжнародны ўзровень, — конкурс дзіцячага малюнка па матывах беларускіх казак «З рога ўсяго многа». Я спадзяюся, што сёлета мы далучым да гэтага конкурсу больш краін, і нават плануецца спецыяльны прыз ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, што вельмі прыемна. Суарганізатарам гэтага конкурсу з'яўляецца Пасольства Беларусі ў Іарданіі.

Дзмітрый Раманоўскі, прадстаўнік беларускай арганізацыі «Беларусь-форум» у Германіі, расказаў, што грамадская арганізацыя працуе з 2015 года, на працягу гэтага часу падтрымлівае цесныя сувязі ў галіне навукі і культуры.

— З-за пандэміі, на жаль, ніякіх мерапрыемстваў мы цяпер не праводзім. Да 2019 года ў горадзе Кобленц, гэта зямля Рэйнланд-Пфальц, мы ладзілі дні культуры Беларусі ў рамках міжнароднага культурнага тыдня. Прыязджалі дзіцячыя музычныя калектывы, мы арганізоўвалі выстаўкі беларускіх мастакоў, якія жывуць у Германіі. Спадзяёмся, што ў хуткім часе зможам працягнуць нашу дзейнасць па папулярызацыі беларускай культуры ў Германіі.

Алена КРАВЕЦ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Асаблівыя сэнс і гучанне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».