Вы тут

Як праходзяць службу салдаты роты інфармацыйных тэхналогій


Яшчэ некалькі гадоў таму падчас выбару месца службы (а ў некаторых выпадках такое прадугледжваецца) прызыўнікі аддавалі перавагу сілам спецыяльных аперацый, паветрана-дэсантным войскам і разведцы. Цяпер жа вялікай папулярнасцю сярод будучых вайскоўцаў карыстаецца рота інфармацыйных тэхналогій, якая за тры гады свайго існавання ўжо паспела займець славу элітнага падраздзялення Узброеных Сіл. Аднак ці кожны можа туды трапіць? Гэта днямі высвятлялі карэспандэнты «Звязды».


Свой воінскі абавязак, які ў дадзеным выпадку звязаны з інтэлектуальнай работай, ваеннаслужачыя роты інфармацыйных тэхналогій, або «айці»-роты, як яе паміж сабой называюць салдаты, нясуць у Мінску. Унікальнае падраздзяленне знаходзіцца на базе Ваеннай акадэміі — менавіта ў сценах галоўнай кузні ваенных кадраў краіны армейскія інтэлектуалы ствараюць праграмнае забеспячэнне ў інтарэсах Узброеных Сіл.

Ахвотных шмат — месцаў мала

Служба вайскоўцаў айці-роты мала падобная на тую, якую нясуць іншыя салдаты. Іх палігон — гэта сучасны офіс. Зброя — камп'ютар. Толькі замест салідных касцюмаў — вайсковая форма, якая маладым людзям, дарэчы, вельмі пасуе.

Рота інфармацыйных тэхналогій была створана па рашэнні міністра абароны тры гады таму. У снежні 2018 года першыя байцы прыступілі да выканання сваіх абавязкаў па распрацоўцы праграмнага забеспячэння.

Кожныя паўгода ў «айці»-роту прыходзяць новыя вайскоўцы. Акурат у гэты час адбываецца частковая змена складу: адны звальняюцца ў запас, іншыя папаўняюць армейскія шэрагі. Як правіла, салдаты служаць у падраздзяленні год. Пасля заканчэння ваеннай кафедры маладыя людзі прызываюцца на паўгода.

Конкурс у роту інфармацыйных тэхналогій вялікі: прыкладна 10 чалавек на месца. «Бярэм хлопцаў з вопытам камерцыйнай распрацоўкі праграмнага забеспячэння ад аднаго да трох гадоў, — заўважае начальнік навукова-даследчай лабараторыі (інфарматызацыі) навукова-даследчай часці Ваеннай акадэміі маёр Максім КАЗАРОВЕЦ. — На тэрыторыі акадэміі маладыя людзі праходзяць сумоўе, нашы супрацоўнікі рыхтуюць для іх тэставыя заданні. Узровень кваліфікацыі спецыялістаў нам дапамагаюць вызначаць і салдаты, якія ўжо служаць у роце інфармацыйных тэхналогій. Затым вывучаюцца асабістыя справы прызыўнікоў: у іх не павінна быць сур'ёзных адміністрацыйных правапарушэнняў. У ваенкаматах праводзіцца псіхалагічнае тэсціраванне: правяраюцца нервова-псіхалагічная ўстойлівасць і разумовыя здольнасці чалавека. Прыдатным для праходжання тэрміновай службы прызыўнік павінен быць і па здароўі. Аднак самы галоўны крытэрый падчас адбору — жаданне самога прызыўніка».

Павел Абрамаў прызнаецца, што ў роту інфармацыйных тэхналогій трапіць было складана. І гэта нягледзячы на тое, што па спецыяльнасці салдат тэрміновай службы — эканаміст-праграміст. «Некаторыя маладыя людзі лічаць, што служба ў войску непатрэбная, — кажа Павел. — Я не згодны з гэтым. Як мінімум, армія неабходная для станаўлення характару, умацавання мужчынскага стрыжня». Ён, сын палкоўніка, ведае, пра што кажа. Больш за тое, у Паўла носяць пагоны і маці, і старэйшы брат — яны ў званні капітана.

Ваенныя баталіі ў «анлайн»

Нягледзячы, што ў гэтых вайскоўцаў шмат прывілеяў у параўнанні з астатнімі салдатамі, першапачатковую ваенную падрыхтоўку ніхто не адмяняў. Як і ўсе ваеннаслужачыя, яны праходзяць курс маладога байца. Пасля прыняцця прысягі маладых людзей размяркоўваюць па праектах.

— Прынцып работы пабудаваны так, каб у межах службы юнакі паспявалі завяршыць праекты, за якія ўзяліся ў пачатку, — кажа Максім Казаровец. — Заданні для роты фарміруюцца зыходзячы з патрэб Узброеных Сіл. Як правіла, гэта праекты па ўліку матэрыяльных сродкаў, аналітычныя праекты, якія ажыццяўляюць аналіз уведзеных даных і выдаюць пэўны вынік. Напрыклад, распрацоўваем аналітычныя праграмы, якія на аснове матэматычных мадэляў, аналізу дазваляюць ацаніць ваенна-палітычную абстаноўку ў пэўнай краіне, а таксама дапамагаюць зрабіць высновы аб тым, хто пераможа ў тым ці іншым ваенным канфлікце.

Адзін з нашумелых праектаў, распрацаваных байцамі роты, — працэдурны трэнажор самалёта «Як-130», на якім адбываецца навучанне курсантаў Ваеннай акадэміі па лётнай спецыяльнасці. Магчымасці трэнажора пашырыліся: цяпер дастаткова надзець спецыяльны шлем, рычагі кіравання — і ступень пагружэння ў працэс павялічваецца да 90 — 95 %.

Віртуальна-тактычны трэнажор палігона «Белая Лужа» — таксама распрацоўка армейскіх «айцішнікаў». Віртуальны палігон дазваляе весці паўнавартасны тактычны бой з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, абменьвацца паведамленнямі, аддаваць каманды, кіраваць тэхнікай і ўзаемадзейнічаць па сетцы. Такім чынам курсанты арганізоўваюць ваенныя баталіі ў анлайн-рэжыме. Гэта дазваляе больш якасна навучаць будучых камандзіраў узводаў, аднак не адмяняе рэальную практыку.

Пасля арміі — нарасхват!

Распарадак дня салдата роты інфармацыйных тэхналогій мала чым адрозніваецца ад рэжыму іншых вайскоўцаў тэрміновай службы: ранні пад'ём, зарадка, агульнастраявая падрыхтоўка, вывучэнне воінскіх статутаў, базавых вайсковых дысцыплін. Адзінае адрозненне — замест спецыяльнай і самастойнай падрыхтовак праводзяцца заняткі ў класе, у межах якіх яны распрацоўваюць праграмнае забеспячэнне.

У сваіх дзеяннях «айцішнікі» ў пагонах больш свабодныя, чым астатнія. Інтэлектуальная праца вымушае дадатковага адпачынку ў выглядзе прагулкі на свежым паветры або чаявання. Невыпадкова побач з залай, дзе салдаты працуюць, — пакой, дзе тыя ў любы час могуць перакусіць, папіць кавы або патэлефанаваць родным.

Для Дзмітрыя Русака ўвесь час быць на сувязі са сваёй сям'ёй — вельмі важна. У маладога чалавека расце малая дачушка, таму яму хочацца быць у курсе першых поспехаў свайго дзіцяці. Афіцэры не супраць: галоўнае, каб ён прафесійна выконваў свае абавязкі. Дзмітрый прызнаецца, што пасля службы плануе змяніць месца работы. Да арміі малады чалавек працаваў у прамысловасці. Цяпер у яго ёсць усе шанцы зрабіць кар'еру ў «айці»-сферы — а ўсё дзякуючы арміі, якая ў прафесійным плане дала яму нямала вопыту.

За перыяд службы вайскоўцы «айці»-роты развіваюцца, павышаюць сваю кваліфікацыю, абменьваюцца адзін з адным вопытам. Таму не дзіва, што пасля заканчэння тэрміну яны ўладкоўваюцца на больш высокааплатныя рабочыя месцы, чым мелі да прызыву.

Калі Пятру Баркуну прыйшла павестка ў армію, малады чалавек вучыўся на чацвёртым курсе БДУІРа, разам з тым працаваў у прыватнай «айці»-кампаніі. Профільная вышэйшая адукацыя, а таксама вопыт работы давалі ўсе шанцы трапіць у роту інфармацыйных тэхналогій. Работадавец ваеннаслужачага быў задаволены, што яго спецыяліст трапляе ў роту інфармацыйных тэхналогій. Супрацоўнік не толькі не страціць за гэты час сваю кваліфікацыю, а наадварот, набярэцца вопыту. Пётр адслужыў ужо паўгода. Засталося столькі ж. Ён — першы дызайнер у «айці»-роце.

Малады чалавек не хавае: родныя ганарацца тым, што ён служыць у элітным падраздзяленні беларускай арміі. У войску ў сям'і служылі ўсе мужчыны і бабуля, якая была радысткай у воінскай часці. «З Днём абаронцаў Айчыны мы ў першую чаргу віншуем бабулю, бо яна адслужыла ў войску больш, чым мы, мужчыны, разам узятыя», — прызнаецца Пётр Баркун.

Для «айцішнікаў» у пагонах створаны камфортныя ўмовы і там, дзе яны адпачываюць. Казарма, калі яе можна так назваць, абсталявана па апошнім слове тэхнікі: сучасныя трэнажоры, пральныя машыны, душавыя кабіны. Адным словам, грэх скардзіцца. А яны гэтага і не робяць. Умовы выдатныя, займаюцца тым, чым і да арміі, і ў звальненні, калі вызначыліся на праектах, ходзяць часцей, чым астатнія. Маладым людзям лёгка знаходзіцца ў адным калектыве: яны ўсе маюць вышэйшую адукацыю, з адной сферы дзейнасці. Хлопцы прызнаюцца, што ў арміі займелі сяброў, з якімі будуць падтрымліваць адносіны і пасля службы.

Вераніка КАНЮТА 

Фота: Аліна МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».