Вы тут

Першую аперацыю па перасадцы сэрца правялі ў Магілёве


Медыкі называюць гэта прарывам. У пачатку лістапада ў Магілёве адкрыўся новы сучасны кардыяхірургічны корпус, і вось першыя вынікі. Бабруйчанін, які пакутаваў на гранічную сардэчную недастатковасць, атрымаў здаровае сэрца, і ёсць спадзяванні, што наперадзе ў яго — доўгае жыццё.


— Мы ішлі да гэтай аперацыі не адзін год, — кажа намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Усё пачалося яшчэ 12 гадоў таму, калі мы адкрывалі кардыяхірургічнае аддзяленне ў абласной бальніцы і збіралі каманду ўрачоў-спецыялістаў, выпрацоўвалі ўстойлівыя сувязі з РНПЦ кардыялогіі, бо гэта асноўны цэнтр падрыхтоўкі нашых спецыялістаў у частцы сардэчнай, сасудзістай хірургіі. І на гэтым шляху мы шмат чаго дасягнулі. У прыватнасці, у Магілёве ўжо былі аперацыі на прыпыненым сэрцы. Магчымасць здзейсніць аперацыю самай высокай складанасці з'явілася ў нас пасля таго, як мы атрымалі ад дзяржавы падарунак — сучасны кардыяхірургічны модуль у выглядзе корпуса з неабходным наборам аперацыйнага абсталявання.

Першая ў Магілёве аперацыя па перасадцы сэрца праводзілася пры непасрэдным удзеле галоўнага кардыяхірурга Беларусі, доктара медыцынскіх навук, акадэміка Беларускай Акадэміі медыцынскіх навук Юрыя Астроўскага.

— Гэта кардыяхірург з сусветным імем, — падкрэслівае Валерый Анатольевіч. — Дзякуючы яму і нашым спецыялістам дастаткова малады мужчына атрымаў магчымасць жыць. Цяжка нешта прагназаваць у гэтай сітуацыі, але тое, што ён у прытомнасці пасля некалькіх гадзін аперацыі, дае падставы казаць: шанцы даволі вялікія. Спадзяёмся, што гэта аперацыя стане прадаўжэннем жыцця.

Сэрца — не першы вопыт трансплантацыі ў Магілёве, перад гэтым была ўжо і трансплантацыя ныркі, іншых органаў. Але менавіта пасля перасадкі сэрца можна казаць смела, што ў Магілёў прыйшла вялікая кардыяхірургія.

— Трэба падзякаваць за гэта і нашым спецыялістам, — адзначае Валерый Малашка. — І ў першую чаргу — галоўнаму ўрачу Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы Анатолю Куліку. Я яшчэ помню той момант, калі мы яго пераконвалі перайсці з магілёўскай бальніцы № 1, дзе ён быў намеснікам галоўнага ўрача па хірургіі, загадчыкам сасудзістага аддзялення ў абласную бальніцу. Можна было зразумець яго разгубленасць, бо гэта быў крок у невядомасць. Трэба было ісці ў новы калектыў, станавіцца на яшчэ неспазнаную прафесійную сцежку. Ён прыняў рашэнне, а дзяржава стрымала свае абавязацельствы. І цяпер у нас ёсць і спецыялісты, і магчымасці.

Аперацыя па перасадцы сэрца — вялікае дасягненне, але трэба працаваць далей — выходжваць чалавека. Яшчэ будуць патрэбны кансультацыі сталічных кардыяхірургаў, кардыятэрапеўтаў, рэанімацыйных службаў, але галоўнае — зроблены першы крок. Для магілёўскіх урачоў гэта вопыт пакуль новы, і яны вытрымалі экзамен на выдатна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.