Вы тут

Сенатары адправяцца ў рэйд па крамах і аптэках


На працягу наступнага тыдня — з 30 лістапада па 3 снежня — члены Савета Рэспублікі будуць маніторыць ваганні коштаў на сацыяльна-значную групу прадуктаў харчавання і цэны на лекі ў аптэках.


Нагадаем, што год таму Прэзідэнт паставіў перад парламентарыямі задачу далучыцца да маніторынгу цэн на прадукты харчавання і лекі. Сенатары актыўна ўключыліся ў работу, ахапіўшы аб’екты гандлю і аптэкі па ўсей краіне. Перыядычна па выніках гэтых маніторынгаў факты неабгрунтаванага завышэння цэн адпраўляюцца ў МАРГ і Міністэрства аховы здароўя.

Як расказала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна РУНЕЦ, штомесяц сенатары ва ўсіх рэгіёнах, дзе яны пражываюць, выходзяць на маніторынг цэн. Ахоплены 117 гандлёвых аб’ектаў 28-мі гандлёвых сетак.

— Пры маніторынгу звяртаецца ўвага на наяўнасць тавараў, каб не было ажыятажу і дэфіцыту, кантралююцца цэны, якія прапануюць гандлёвыя сеткі, і вытворцы. Пры выяўленні фактаў завышэння цэн, уся інфармацыя накіроўваецца ў МАРГ для прыняцця мер рэагавання, — кажа яна.

Сенатар адзначае шчыльнае ўзаемадзеянне з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў гэтым пытанні:

— За 10 сёлетніх месяцаў выпісана 217 прадпісанняў аб парушэннях нарматыўных актаў па цэнаўтварэнні, 208 службовых асоб прыцягнуты да адказнасці, у бюджэт пералічана каля 900 тысяч рублёў, — патлумачыла Таццяна Рунец.

Суразмоўніца адзначыла, што члена Савета Рэуспублікі аналізуюць цэны не толькі на прадукты харчавання і першай неабходнасці, але і на іншыя тавары.

— Мы бачым рост, але ён заўсёды аналізуецца і вывучаюцца яго прычыны, — падкрэсліла яна і звярнула ўвагу на сітуацыю, якая склалася на сусветных рынках. — Па даных ААН, рост цэн на раслінны алей з пачатку года дасягае 70%, на цукар — 38%, мяса — 20%. Гэта дастаткова вялікія лічбы, якія аказваюць уплыў і на цэны ў нашай краіне.

У прыватнасці, па ацэнцы МАРГ, за год гародніна стала даражэй на 24,8%, малако і малочныя прадукты — 7,7%, крупы і бабовыя — 6,1%. Спецыялісты канстатуюць: павышаны рост цэн на прадукты харчавання абумоўлены негатыўнымі тэндэнцыямі на знешніх рынках. Падчас пандэміі ў многіх краінах скарацілася вытворчасць сыравіны. Лакдаўн і каранцін прывялі як да абмежавання вытворчасці, так і распаўсюджання гатовай прадукцыі. У сувязі з аднаўленнем эканамічнага росту пастаўшчыкі не паспяваюць за ўзрастаючым попытам, што вядзе да павышэння цэн.

Так, харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН паведамляе, што восенню 2021 года сусветныя цэны на харчаванне дасягнулі найбольш высокага паказчыка за апошнія 10 гадоў — гадавы прырост склаў у кастрычніку 29,3%, у Расіі прадукты харчавання за год сталі даражэйшымі на 12,1%, гародніна — на 48,6%.

— Таму Прэзідэнт ставіць задачу, каб урад і вытворцы неабгрунтавана не павышалі цэны, каб грамадзяне з невялікім заробкам мелі магчымасць набыць тавары першай неабходнасці, — падкрэсліла Таццяна Рунец.

Сенатар адзначае і важнасць забеспячэння харчовай бяспекі краіны:

— Не сакрэт, што ў свеце, па даных ААН, каля 9% насельніцтва пакутуюць ад голаду і недахопу ежы. Таму харчовая бяспека краіны — на першым месцы, — кажа яна.

Другі сегмент, які знаходзіцца ў фокусе ўвагі парламентарыяў — маніторынг цэн у аптэках:

— Гэта таксама вельмі важны сегмент, — пераканана старшыня профільнай камісіі. — Ахоплена каля 400 найменняў у аптэчнай сетцы.

Паводле яе слоў, сенатары адзначаюць несістэмныя збоі ў пастаўках лекаў беларускіх вытворцаў. У такім выпадку Савет Рэспублікі ўзаемадзейнічае з Міністэрствам аховы здароўя і высвятляе прычыны.

— Таксама грамадзяне звяртаюць увагу на розніцу цэн у розных аптэках. Тут мы стараемся патлумачыць, што кошт у аптэцы залежыць ад многіх фактараў і ёсць магчымасць набыць лекі ў іншай аптэцы, дзе тавар танней. Акрамя таго, аптэчныя сеткі выкарыстоўваюць сістэму зніжак. У прынцыпе, цэны ў аптэках не выклікаюць у нас вялікіх нараканняў, у асноўным, там парушэнняў няма, — кажа сенатар.

Яна расказала, што па даручэнні Старшыні Савета Рэспублікі ў перыяд з 30 лістапада да 3 снежня запланавана правядзенне чарговага рэйду па крамах і аптэках. Каб работа была якаснай і прынесла чаканы вынік, у Савеце Рэспублікі правялі нараду з удзелам прадстаўнікоў МАРГ.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».