Сустрэчы з замежнымі гасцямі кінафестывалю «Лістапад» працягваюцца. Чарговай пляцоўкай для абмену вопытам стаў Музей гісторыі беларускага кіно — 23 лістапада адбыліся майстар-класы ад расійскіх і грузінскіх экспертаў кінаіндустрыі.
Першую лекцыю, прысвечаную пітчынгу дэбютных праектаў, прачытаў дырэктар Моладзевага цэнтра Саюза кінематаграфістаў Расіі Дзмітрый Якунін. На майстар-клас прыйшлі студэнты Акадэміі мастацтваў. Будучыя рэжысёры, аператары і сцэнарысты даведаліся, як прасунуць створаны фільм.
Дзмітрый Якунін распавёў аб неабходных складніках поспеху: зразумелы сінопсіс, падрабязная прэзентацыя і вывераны фінансавы план. Акрамя гэтага дырэктар падзяліўся метадамі працы з маладымі кінематаграфістамі Расіі. Каб адшукаць новыя таленты, быў праведзены Усерасійскі маладзёжны кінафорум, які закрануў шмат гарадоў краіны. Такім чынам арганізатары жадалі перавесці фокус увагі з Масквы, дзе і так дастаткова студый. І сапраўды, новыя імёны знайшліся ў Якуціі і Кабардзіна-Балкарыі.
Другая сустрэча адбылася з рэжысёрам, прадстаўніком «Грузія фільм» Хатунай Хундадзэ. На майстар-клас прыйшлі навучэнцы мінскай гімназіі. Школьнікам прадэманстравалі класіку грузінскай мультыплікацыі, а таксама распавялі гісторыю яе стварэння. Напрыклад, першая анімацыйная стужка была прысвечана чалавечку, які вылазіць з газетнага аркуша.
Напрыканцы свайго выступлення Хатуна Хундадзэ адначыла:
— Я мяркую, што анімацыя і музыка не патрабуюць перакладу. Калі вы ўмееце маляваць — малюйце, стварайце сваіх герояў. І ў пэўны час гэтыя персанажы абавязкова ажывуць.
Нагадаю, што ў межах «Лістапада» Музей гісторыі беларускага кіно прапануе яшчэ адзін праект. Выстава «Віктар Тураў. Подых жыцця» прысвечана 85-годдзю з дня нараджэння беларускага кінарэжысёра. Наведвальнікі ўбачаць эскізы дэкарацый і касцюмы, зробленыя мастакамі-пастаноўшчыкамі, а таксама кінаплакаты, фотаздымкі і тэматычную інсталяцыю. Азнаёміцца з экспазіцыяй можна будзе да 31 снежня.
Арына КАРПОВІЧ
Фота аўтара
Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.