Вы тут

Падарожжа ад Лагойска да румынскіх Карпат, або Як ратавалі медзведзяня


Сумная гісторыя, што пачалася ў красавіку гэтага года, атрымала шчаслівы працяг. Дзякуючы ўзаемадзеянню прыродаахоўных і іншых арганізацый, медзведзяня, што засталося без маці, атрымала шанц на вяртанне ў натуральнае асяроддзе.

Падрабязнасці раскрыла кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяна Жалязнова.


Часовы прытулак у Мінскім заапарку

Гісторыя медзведзяняці пачалася з шэрага трагічных падзей: страта маці, а затым і сумны досвед зносін з людзьмі (пра гэта «Звязда» пісала ў нумары ад 25.05.2021). Калі маленькага мядзведзіка знайшлі, побач з ім слядоў маці не было. Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя арганізаваў выезд камісіі па аказанні дапамогі дзікім жывёлінам, якая ўстанавіла, што медзведзяня знясіленае і мае патрэбу ў дапамозе. На жаль, прадстаўнікі гэтага віду могуць жыць самастойна толькі ва ўзросце ад двух гадоў, таму было прынята рашэнне аб адлове малога. Жывёліну перадалі ў Мінскі заапарк на часовае ўтрыманне.

— Рашэнне пакінуць медзведзяня менавіта на часовае ўтрыманне было выклікана дзвюма прычынамі: у Мінскім заапарку няма ўмоў, якія б дазвалялі ўтрымліваць дарослага звера, — тлумачыць Таццяна Жалязнова. — Мядзведзь — гэта буйная жывёліна, якой патрабуюцца пэўныя ўмовы ўтрымання. Другое — у нас была надзея на тое, што мы зможам даць яму шанц жыць у дзікім асяроддзі, а не ў клетцы. Таму Мінскім заапаркам сумесна з Мінпрыроды была арганізавана маштабная работа па пошуку рэабілітацыйных цэнтраў, якія б пагадзіліся прыняць нашага мядзведзіка на нейкі час, каб навучыць яго там і затым вярнуць у натуральнае асяроддзе ў Беларусі.

Хто дапамог жывёліне?

На заклік аб дапамозе адгукнуўся рэабілітацыйны цэнтр для мядзведзяў-сірот Bear Agaіn (Румынія). Дзякуючы фінансавай падтрымцы беларуска-германскага прадпрыемства «Санта Брэмар», дапамозе ад фонду абароны мядзведзяў World of Bears, праекта па выратаванні і абароне бурага мядзведзя ва Украіне і штодзённаму клопату супрацоўнікаў Мінскага заапарка, 17 лістапада 2021 года медзведзяня было выпушчана ў дзікае асяроддзе на тэрыторыі рэабілітацыйнага цэнтра для мядзведзяў-сірот Bear Agaіn для праходжання далейшай рэабілітацыі.

— Мы вельмі ўдзячныя за тую дапамогу, якую аказалі Bear Agaіn, яны садзейнічалі з афармленнем усіх неабходных дакументаў, — адзначае Таццяна Жалязнова. — Паколькі мядзведзь трапляе пад дзеянне канвенцыі СІТЭС, і з нашага боку, і з боку Румыніі выконваліся ўсе патрабаванні па перамяшчэнні такога віду жывёлін, што знаходзяцца на мяжы глабальнага знікнення.

Перш чым адправіць медзведзяня ў іншую краіну, трэба было вакцынаваць яго ад шаленства, набыць ашыйнікі, каб затым можна было адсочваць яго месцазнаходжанне. Увесь гэты час яно знаходзілася ў Мінскім заапарку, дзе было ізалявана ад зносін з людзьмі, каб у яго не сфарміравалася прыхільнасць да чалавека — гэта было адно з патрабаванняў рэабілітацыйнага цэнтра.

— Хацелася б падзякаваць і «Санта Брэмар» за тую фінансавую дапамогу, якую яны аказалі, гэта вялікія выдаткі — клетка, транспарт, суправаджэнне. — Адгукнуліся і нашы калегі з Украіны, якія арганізавалі зручны маршрут для медзведзяняці з мінімальнай колькасцю прыпынкаў, бо дзікай жывёліне складана знаходзіцца ў клетцы доўгі час. Атрымаўся міжнародны праект па выратаванні нашага мядзведзіка, — з усмешкай расказвае спецыяліст.

На рэабілітацыі

Цяпер чырванакніжнік два гады будзе знаходзіцца ў рэабілітацыйным цэнтры. Гэта вялікая тэрыторыя, дзе выключана ўмяшанне чалавека. Мядзведзі там вучацца рабіць бярлогі, класціся ў спячку, знаходзіць ежу. Гэта праграма, накіраваная на тое, каб жывёліна самастойна адаптавалася да дзікага асяроддзя, магла выжыць без удзелу чалавека. Затым, па заканчэнні курса яе вернуць у Беларусь і выпусцяць у раёне Бярэзінскага запаведніка. Туды, дзе ёсць усе неабходныя ўмовы для жыцця прадстаўнікоў віду.

— Работа была праведзеная каласальная, — адзначае Таццяна Жалязнова. — Упершыню мы сутыкаліся з такімі цяжкасцямі, і вельмі рады, што ўсё добра вырашылася. Да прыезду ў Мінскі заапарк медзведзяня было вельмі худзенькае, на мяжы знясілення, з праблемамі са здароўем. Былі нават думкі, што яно не выжыве. Але ў заапарку яго адкармілі, выхадзілі. Калі адпраўлялі ў рэабілітацыйны цэнтр, яно ўжо было падобнае да пампушкі! Як сказалі супрацоўнікі цэнтра, ён самы адкормлены сярод усіх мядзведзяў, якія там ёсць (смяецца).

На працягу ўсёй дарогі ў рэабілітацыйны цэнтр медзведзяня харчавалася мёдам і вінаградам, а пад канец пачало злавацца — яму надакучыла быць у клетцы. У цэнтры цяпер знаходзяцца 13 мядзведзяў ва ўзросце да двух гадоў. Там не ўтрымліваюць жывёлін у няволі пастаянна, іх рэабілітуюць і адпускаюць.

— Мы вельмі рады, што жывёліна атрымала шанц жыць паўнавартасным жыццём, — кажа Таццяна Жалязнова. — У нас таксама ёсць рэабілітацыйныя цэнтры, напрыклад, у Асіповічах, дзе займаюцца птушкамі, але з буйнымі жывёлінамі працаваць цяжэй, таму цэнтраў для іх у Беларусі пакуль няма. Але мы спадзяёмся, што з цягам часу, пры супрацоўніцтве з арганізацыямі, мы зможам стварыць нешта падобнае ў нашай краіне, каб дапамагаць жывёлінам.

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».