Вы тут

Лукашэнка: Галоўнае для нашага грамадства — захаваць нашу дзяржаўнасць


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у сумесным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі. Ён падкрэсліў, што праца па падрыхтоўцы змен Канстытуцыі выйшла на фінішную прамую.


Разам з Канстытуцыйнай камісіяй над праектам Асноўнага закона працавала спецыяльна створаная рабочая група. У склад Камісіі і групы ўвайшлі аўтарытэтныя эксперты, прафесіяналы ў розных галінах дзейнасці і проста вопытныя людзі.

«Зроблена нямала. Адзначу, што Канстытуцыйная камісія ўнесла напрацаваныя прапановы, акумуляваўшы ў тым ліку шматлікія ініцыятывы грамадзян. Падрыхтаваны Камісіяй варыянт Канстытуцыі ўзяла за аснову працоўная група, якая засяродзіла сваю дзейнасць на шэрагу нявырашаных прынцыповых пытанняў, на важнейшых канстытуцыйных нормах», — нагадаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў выніку такой дзейнасці ўдалося выпрацаваць важнейшыя канстытуцыйныя нормы. Замацаваны статус Усебеларускага народнага сходу, пераразмеркаваны паўнамоцтвы паміж органамі дзяржаўнай улады, гарантавана стабільнасць дзяржаўнага апарата — так, як падаецца рабочай групе. Сфармуляваны пераходныя становішчы. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што яны яшчэ не канчатковыя і над імі яшчэ прыйдзецца працаваць, можа быць, і кардынальна.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што гэтае сумеснае пасяджэнне — чарговае ў распрацоўцы змяненняў. Яно не падводзіць рысу пад работай над змяненнямі ў Асноўны закон. «Я бы прасіў вас уважлівым чынам падысці да таго праекту, які сёння ёсць. Вам усё роўна давядзецца гэта абдумаць і прыняць канчатковае рашэнне перад прадстаўленнем гэтага праекту Прэзідэнту», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што не ва ўсім меркаванні Камісіі і працоўнай групы супадалі. Але, па яго словах, гэта абсалютна нармальна, паколькі ў спрэчках нараджацца ісціна. І таму прапановы Канстытуцыйнай камісіі атрымалі сваё развіццё пасля адпаведнай дапрацоўкі.

Некалькі разоў кіраўнік дзяржавы сустракаўся з працоўнай групай. «Трэба было абгаварыць адчувальныя пытанні. Бо вынікі нашай працы вызначаць, якой будзе нашая краіна ў будучыні», — падкрэсліў ён.

УНС проста просіцца ў Канстытуцыю

Прэзідэнт канстатаваў, што самыя галоўныя змены Асноўнага Закона накіраваны на значнае ўмацаванне інстытута народаўладдзя.

«Менавіта ў гэтых мэтах і задумвалася канстытуцыйнае замацаванне статусу УНС. Надзяленне яго стратэгічна важнымі для стабільнасці краіны паўнамоцтвамі. Як я не раз казаў, УНС — гэта наша веча. Лічу, што дадзены Інстытут народаўладдзя адпавядае нацыянальнаму ўкладу жыцця беларусаў. Апошнія падзеі пераканалі, беларускі народ, што нам не варта бегчы за нормамі, прынцыпамі і ладам жыцця там (на Захадзе. — Заўв. аўт). Вы бачылі, што дэкларуецца адно, прапіхваецца нам другое, а робяць яны... Робяць, як робяць, вы гэта бачылі», — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Усебеларускі народны сход з’явіўся даўно і адыграў сваю вялікую ролю, асабліва першы УНС. Па яго словах, гэта не новы орган. І сёння ён проста просіцца ў Канстытуцыю.

«І тут справа не ў асобах. Асабліва падкрэсліваю, ніякіх канкрэтных асоб у Канстытуцыі быць не павінна. Ніякай Канстытуцыі Лукашэнка пад сябе не робіць», — канстатаваў беларускі лідар.

Для дзяцей трэба пакінуць нармальную краіну

«Пры гэтым Беларусь застанецца прэзідэнцкай рэспублікай. Так мы абаронім асновы дзяржаўнасці. Захаваем і замацуем пераемнасць свайго гістарычнага досведу, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, — Давайце будзем шчырыя — усё будзе залежаць ад таго, які прэзідэнт прыйдзе на змену гэтаму. Таму мы і падстрахоўваемся Усебеларускім народным сходам», — дадаў ён.

Па словах Прэзідэнта, лягчэй і спакайней вакол Беларусі не будзе. Паколькі Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні ўсіх дарог, спакойнага жыцця тут ніколі не было і не будзе. «Нават калі мы будзем за імі бегаць, на каленях стаяць за тымі ці іншымі краінамі. Спакойна не будзе, таму што праз нас праходзіць галоўная дарога. Яны пройдуць праз нас туды і назад — і нас няма, як гэта было ва ўсе часы. Гасподзь нас пасяліў на гэтым кавалку зямлі і нікуды не падзенешся. Трэба забяспечыць нармальнае жыццё на гэтым кавалку зямлі», — заявіў ён.

Па словах кіраўніка дзяржавы, многае будзе залежыць ад асоб і ў тым ліку ад першай асобы дзяржавы, не перабольшваючы ролю ў гісторыі. «Мы стварылі сваю суверэнную незалежную дзяржаву, якая праіснавала больш за чвэрць стагоддзя. Але для дзяцей трэба пакінуць нармальную краіну і дзяржаву. Сёння трэба пераканаць людзей, кожнага, што галоўнае не асабістае, а галоўнае для нашага грамадства — захаваць нашу дзяржаўнасць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Трэба праяўляць ініцыятыву

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што у найбліжэйшы час падрыхтаваны праект Асноўнага Закона будзе вынесены на ўсенароднае абмеркаванне. На гэтым этапе кожны грамадзянін зможа стаць удзельнікам канстытуцыйнага працэсу.

«Думаю, што членам Канстытуцыйнай камісіі і працоўнай групы варта данесці да насельніцтва значэнне прапанаваных канстытуцыйных навацый. Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што ўжо 55-60 працэнтаў насельніцтва гатовыя прыйсці на выбары і падтрымаць праект Канстытуцыі, прычым не бачачы яго, а атрымліваючы інфармацыю па асобных момантах. Калі мы добра папрацуем і апублікуем гэты праект Канстытуцыі, людзям раскажам пра навацыі, навошта мы прымаем гэтую Канстытуцыю, людзі нас падтрымаюць, як гэта было ў сярэдзіне 90-х», — выказаў упэўненасць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы даручыў сустракацца з людзьмі — у працоўных калектывах, па месцы жыхарства, у грамадскіх аб’яднаннях, выступаць у СМІ, расказваць аб Канстытуцыі. Адным словам — праяўляць ініцыятыву.

«Павінен вас папярэдзіць, што тыя, хто больш за ўсё крычаў аб пераменах, і аб тым, што трэба амаль што не прыбраць гэтага Прэзідэнта, зламаць, забіць, сёння закрычалі, што не трэба новая канстытуцыя», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён расказаў, што яму вядома аб плане, які распрацавалі беглыя праціўнікі ўлады і паабяцаў паказаць усім, чаго яны хочуць. «Гэта пасмешышча поўнае. Гэты план беглых, там за мяжой, каб атрымаць фінансаванне, інакш не скажаш, ён проста смешны. Я чытаю і думаю, няўжо Захад адурэе і дасць на гэта грошы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што яны рыхтуюцца зламаць Канстытуцыю і зноў вывесці людзей на вуліцу, калі атрымаецца, адзначыўшы, што гісторыя ні чаму не вучыць.

Паводле слоў Прэзідэнта, на рэферэндум грамадзяне павінны прыйсці з дакладным разуменнем сутнасці ўсіх новаўвядзенняў і неабходнасці іх прыняцця.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?