Вы тут

Пяць анкет Уладзіміра Караткевіча


26 лістапада. Дзень нараджэння нашага любімага Уладзіміра Сымонавіча Караткевіча... Чалавека, які адкрыў нам новую гістарычную Беларусь — рыцарскую, шляхецкую, інсургенцкую, гераічную... Пісьменніка, чые кнігі дасюль узначальваюць рэйтынгі папулярнасці.


Што больш яскрава дапаможа ўявіць вялікага чалавека, чым ягоныя ўласныя прызнанні? У 13-м томе Збору твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25-ці тамах, які цяпер выходзіць у выдавецтве «Мастацкая літаратура», апублікаваныя ягоныя анкеты... Давайце перачытаем іх і даведаемся незвычайныя факты.

1. Знікла аповесць пра Неферціці

Так званая малая аўтабіяграфія («Дарога, якую прайшоў»), захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў фондзе Янкі Казекі. Яна напісаная 1 снежня 1964 года для кнігі пісьменніцкіх аўтабіяграфій «Пра час і пра сябе», укладальнікам якой быў Казека.

Уладзімір Караткевіч успамінае час, калі ў 1944-м пасля пакутлівых блуканняў, эвакуацыі вярнуўся на Беларусь і давучваўся ў школе.

«Многіх з нас цягнула да вершаў. Столькіх, што мы нават выдалі некалькі нумароў рукапіснага часопіса «Званочак».

Чамусьці вершы былі патрэбней за многае. А пісаліся ж пры святле гільзы на нямецкіх бланках ці на звароце доўгіх жоўтых канвертаў, таксама нямецкіх. Аддавалі перавагу канвертам, з-за добрай паперы».

Караткевіч тады напісаў не менш за дзвесце вершаў, але нікому іх не паказваў. Пакуль не прыйшла новая настаўніца па прозвішчы Грыневіч. Вось неяк так атрымалася, што Валодзя ёй вершы і паказаў...

«Яны і прыгодніцкая аповесць «Загадка Неферціці» былі «надрукаваныя» ў нашым «Званочку». І гэта была адзіная мая «публікацыя» за дзесяць год. Цяпер усё гэта недзе згубілася, і шкадаваць аб гэтым, пэўна, няма чаго».

Караткевіч мо, і не шкадаваў, а вось мы, ягоныя адданыя чытачы, вядома, шкадуем... Знайсці б цяпер той «Званочак», прачытаць аповесць «Загадка Неферціці»!

2. Лічыў сябе Дон Кіхотам і Кала Бруньёнам

Сябар Уладзіміра Караткевіча Юрый Гальперын у 1957-м даслаў яму анкету. Караткевіч працаваў тады настаўнікам у Оршы. Але адказы на пытанні, якія, дарэчы, былі надрукаваныя толькі ў 2015 годзе, уражваюць. Напрыклад, з любімых замежных паэтаў Караткевіч згадвае «Данте, Гейне — странная пара», з драматургаў — Сафокла, з празаікаў — Ралана і Сервантэса, з сучасных — Паўстоўскага і Коласа.

Музыку Караткевіч любіў класічную, «эстрадную, в общем, на 90 % терпеть не могу». Любімыя кампазітары — Бетховен, Чайкоўскі, Мусаргскі, любімыя музычныя творы — «V і ІX Бетховена, «Франческа да Римини» Чайковского». З песень Караткевіч назваў цыкл «Зімні шлях» Шуберта і песні Бетховена. Любімыя артысты — Шаляпін, Святаслаў Рыхтэр, Натан Рахлін. Мастакі — «из белорусов — Ковальский. Из поляков — Матейко и циклы Гротера. Из западных — Рембрандт». Архітэктары — «Кажется, мог бы полюбить Иктина, если бы видел не только по фотографиям в альбомах. Люблю Баженова, но не во всем».

Прадказальны адказ наконт краін, якія больш за ўсё цікавяць, — «Прежде всего и навеки Беларусь». Вось далей троху нечакана: «Потом Индия, Италия, острова южных морей».

Звернем увагу на пытанне пра ўпадабаных літаратурных герояў:

«Дон Кихот, Кола Брюньон, все, на кого валятся шишки и которые побеждают (даже в смерти)».

Безумоўна, гэтак Караткевіч казаў і пра сябе.

3. Ненавідзеў «накапіцельства»

Караткевіч нібы прадбачыў сённяшнюю маскультуру спажывальніцтва з прынцыпам геданізму — жыць для сябе. 11 снежня 1976 года ў Дубултах — нават пазначыў дакладны час, 21.42 — ён адказаў на пытанні Алега Бембеля пра нацыянальнае і інтэрнацыянальнае... Тут шмат разважанняў пра беларускую гісторыю, культуру і нацыянальны характар, тым больш Караткевіч на той момант падрыхтаваў сваю кнігу «Зямля пад белымі крыламі». На пытанне пра страты, якія панесла чалавецтва падчас Другой сусветнай вайны, акрамя мільёнаў жыццяў і рэчыўных каштоўнасцяў, Караткевіч разважае так:

«Што тычыцца душ людскіх, то тут страты ідуць за кошт яшчэ жывых, але траўміраваных, за кошт той невялікай у працэнтах, але досыць вялікай колькасна часткі, якія вырашылі што «жыццё кароткае», а таму адарваліся ад іншых, зашыліся ў свае маленькія «версалі», якіх нічога не цікавіць, акрамя «накапіцельства», кішэні, калекцый, вілаў.

Такім глыбока пляваць на чалавека побач, на ўсё чалавецтва, на родную мову, на родны народ».

Караткевіч робіць рэзкую выснову:

«Яны прыпаўзлі, яны і адпаўзуць, як чэрві.

А чалавек, чалавецтва, культура, мова, нацыя жылі і будуць жыць вечна».

4. Цаніў адсутнасць «катурнаў»

Праз дзесяць дзён у тым жа доме творчасці Дубулты, 22 снежня 1976 года, Караткевіч дае «доўгі адказ на тры кароткія пытанні». На жаль, не пазначана, хто менавіта даслаў тыя пытанні. Калі на апошнія два — «Як вы ўяўляеце шчасце?» і «Якія змены адбыліся з вамі за апошні год?», Караткевіч адказвае парай абцякальных сказаў, то на першае — «Якія якасці падабаюцца вам у людзях, што вас акружаюць?», дае развагі на некалькі старонак.

«Нельга жыць без любові або павагі навакольных да цябе. І гэты прынцып, якому столькі ж год, колькі чалавецтву, але якому раней следавалі адзінкі , — цяпер прынцып многіх і многіх тысяч. І ён вельмі просты: салдат ты або генерал — жыві так, як твае суседзі-салдаты. Спі з імі на пяску ці снезе, прыйдзе такое,— галадай з імі, дзяліся апошнім. А калі будзе добра, то і напіся разам з імі. Яны прабачаць, бо й самі не лепшыя. І ніколі не судзі аб сваім салдаце, генерале, паэце па тым, як аб ім кажуць.

Ён не мае «камандзірскага голасу», але ён 36 гадзін, самотны, стрымлівае 22 чэрвеня пераправу немцаў цераз Буг (прыклад В. С. Рудава, які раскапаў гэтую гісторыю). Ён, сучаснік, можа быць балбатун і ўзвейвецер, але, магчыма, толькі ў яго знойдуцца сапраўдныя радкі на час вялікай бяды.

Цярпімасць — вось што галоўнае. Пры мужнасці і адданасці».

5. Лазіў ноччу па скалах

У 1979 годзе Караткевіч атрымаў ліст ад старшага выкладчыка кафедры беларускай літаратуры БДУ Таццяны Шамякінай з просьбай даць адказы на пытанні невялікай анкеты, каб выкарыстаць для работы са студэнтамі. Пісьменнік не прамарудзіў, быў, як заўсёды, шчыры і іранічны.

«Ну і рос, як усе. З іхняй бясконцай цікавасцю да ўсіх з'яў і праяў жыцця. З прынцыпам, які і цяпер ува мне не выветрыўся: «гэта цікава, а значыць, я павінен гэта ведаць» (не датычыцца асабістых сакрэтаў людзей: гэтым у нас усе грэбавалі), «нехта ўмее — значыць, магу і я».

Нехта плавае, скача ў ваду, ловіць змей дзеля яду, баброў, умее лазіць па скалах — значыць, і я магу. І павінен гэта рабіць добра, бо дрэнна нешта рабіць сорамна».

У наступных адказах Караткевіч пацвярджае гэты прынцып.

«І на маім шляху егеры, змеяловы, чабаны, начлег на Марыяцкай вежы ў Кракаве, скалалазы, ганчары, свяшчэннікі, народныя майстры скрыпак, следчыя і г.д.

...Сцэна ў кактэбельскай міліцыі. Пагранічнікі затрымалі. Маёр: «Каго затрымалі? Мы яго шмат год ведаем. Добрыя людзі ўсе спяць, а гэты псіх лазіць ноччу па скалах». Мне гэтыя словы — самая дарагая ўзнагарода».

І каб зрабіць падарунак пісьменніку ў дзень яго нараджэння — перачытайце ягоныя творы.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «Добрыя людзі ўсе спяць, а гэты псіх лазіць ноччу па скалах»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў. 

Грамадства

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Нават у лёгкай форме перанесеная каранавірусная інфекцыя не праходзіць для арганізма бясследна.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СТРАЛЕЦ. Ад таго, як сплануеце тыдзень, залежыць, ці паспееце завяршыць важныя справы.