Вы тут

Пайшоў з жыцця вядомы на Брэстчыне аграрый Леанід Лявонаў


Сёння дзевяць дзён, як не стала Леаніда Іванавіча Лявонава, ганаровага грамадзяніна Маларыцкага раёна, які амаль паўстагоддзя кіраваў гаспадаркай, вывеў яе ў калгасы-мільянеры, пабудаваў на той час фактычна вёску будучыні.


За гады работы не раз даводзілася бываць у Хаціславе. І заўсёды знаходзіўся чалавек, што раіў абавязкова напісаць пра іх былога старшыню, які на заслужаным адпачынку так і застаўся жыць у вёсцы. Пра яго адклікаліся з нязменнай павагай. Напісаць давялося толькі ў студзені з нагоды 90-гадовага юбілею Леаніда Іванавіча («Звязда» за 21 студзеня 2021 г. — аўт.).

Яго жыццё, напэўна, вартае кнігі альбо кінаэпапеі пра пасляваеннае калгаснае будаўніцтва. Не проста малады, зусім юны выпускнік сельгастэхнікума прыехаў у 1953-м годзе кіраваць гаспадаркай, якую складалі бедныя, гаротныя жыхары вёсак, у пачатку аб'яднання налічвалася ўсяго 20 кароў. А дабірацца сюды можна было толькі сцяжынамі між лясоў і балот. Не было дарог, тэхнікі, вытворчых памяшканняў — не было нічога, што сёння складае калектыўную гаспадарку. І літаральна праз некалькі гадоў усё гэта стала паяўляцца. Сваімі сіламі праводзілі меліярацыю на балотах — абкопвалі ўручную рыдлёўкамі ўчасткі, стоячы па калена ў вадзе. Малады старшыня працаваў разам з усімі. Паслухаўшы парады сталых людзей, ён садзіў лес, каб стрымаць пясчаныя буры, якія літаральна не давалі жыць людзям.Так адваёўвалі найлепшыя кавалкі зямлі ў прыроды. Галоўнае, што вяскоўцы яму паверылі, падтрымалі.

Паступова ўсё стала наладжвацца, паявіліся тэхніка, кадры, дарогі. А з гадамі калгас «Запаветы Леніна» паставіў рэкорды ўраджайнасці, надояў, прываг. Работнікі штогод атрымлівалі ордэны і медалі, у гаспадарку ехалі па вопыт з усяго Савецкага Саюза. Але галоўным дасягненнем гаспадаркі стаў дабрабыт калгаснікаў: будавалі добраўпарадкаванае жыллё, інфраструктуру. Першы ў раёне Хаціслаў — цэнтральная сядзіба — перажыла газіфікацыю. У тым ліку і дзякуючы таму, што Леанід Лявонаў быў абраны ў Вярхоўны Савет БССР. Разам з калегамі-аднадумцамі яны ўтрымалі гаспадарку ў цяжкія 1990-я. А ў 2001-м, калі Леаніду Іванавічу споўнілася 70 гадоў, ён сам напісаў заяву. Лічыў, што заўсёды важна своечасова сыходзіць, саступаць месца маладым, а не чакаць, пакуль папросяць.

Калі адзначалі юбілей, многія адгукнуліся добрым словам, згадалі яго заслугі, інтэлігентны стыль кіраўніцтва. Як і цяпер, калі прыйшлі правесці калегу, настаўніка, старшыню, успаміналі яго асаблівую сціпласць: гэты чалавек ніколі не гнаўся за ўзнагародамі і званнямі, але заўсёды разумеў і шанаваў навакольных.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Старшыня калгаса

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.