Вы тут

Апошні прыстанак у спісах не значыцца...


Аляксандра Матошку з Расоншчыны многія ведаюць як аўтара звяздоўскай рубрыкі «Алё, народ на провадзе! Або вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў». Але гэтым разам ён даслаў у рэдакцыю іншую гісторыю. Праўдзівую. Але зусім НЕ вясёлую...


На фо­та­здым­ку ві­даць, што мес­ца ўсю­ды ха­пае...

«Людзі, што вы робіце? Так жа нельга!»

«Нават у самым страшным сне не мог убачыць тое, пра што прыйдзецца напісаць у газету, — дзеліцца сваімі перажываннямі Аляксандр Іванавіч, які жыве ў вёсцы Янкавічы. — 29 кастрычніка я страціў права быць пахаваны побач са сваёй жонкай, якая памерла 13 гадоў таму. З якой мы нарадзілі чацвёра дзяцей».

Справа ў тым, што 27 кастрычніка ў Янкавічах раптоўна памерлі дзве жанчыны. Родзічы ж узялі і пахавалі маці з дачкой у 30 сантыметрах ад магілы жонкі Аляксандра Матошкі.

«Няўжо нельга было зрабіць усё па-людску, адступіўшы нейкія два метры?» — абураецца Аляксандр Іванавіч.

Не разумее наш чытач і таго, чаму работнікі сельсавета дапусцілі такую прыкрую сітуацыю. Бо згодна з рашэннем Расонскага райвыканкама № 146 ад 18.03.2020 года менавіта яны павінны выдзяляць зямельныя ўчасткі для пахавання ў сельскай мясцовасці. Але ж ніхто з работнікаў сельсавета не прыходзіў на могілкі, канкрэтнае месца не паказваў.

«Калі гаротных хавалі, адна неабыякавая жанчына пазваніла старшыні Янкавіцкага сельскага Савета (дарэчы, Таццяне Кальнінай, аднакласніцы маёй памерлай жонкі), маўляў, людзі, што вы робіце? Гэтак жа нельга!.. Але было ўжо позна нешта мяняць...»

Наша чытач не рэзерваваў сабе месца для пахавання побач з магілай жонкі. Спадзяваўся, што гэта само сабой для ўсіх зразумела. «Гэта ж не Полацкія могілкі, дзе шмат чаго абязлічана. А маленькая вёска, дзе ўсе пра ўсіх усё ведаюць. Зразумела, што павінен я там легчы. Аказваецца — далёка не для ўсіх...»

Калі Аляксандр Матошка паспрабаваў нешта высветліць па тэлефоне з братам і сынам памерлых, якія арганізоўвалі пахаванне, то сутыкнуўся з грубасцю і хамствам. «Ніхто нават не падумаў папрасіць прабачэння за гэткую бяздушнасць», — абураецца Аляксандр Іванавіч.

Калі наш чытач даведаўся, што чужых жанчын пахавалі пад бокам у яго жонкі — быў, мякка кажучы, у шоку. «У мяне падняўся ціск, я рэзка саскочыў з імунітэту... Цяпер ужо крыху супакоіўся... Махнеш рукой, ды ўсё... Хопіць на могілках месца ўсім, па вялікім рахунку. Але ж... Нельга так адносіцца да гэтых глыбокіх этычных нормаў. Я ні з кім сварыцца не хачу. Як той казаў, цягнік сышоў, ужо нічога не зменіш. Хай ляжаць тыя жанчыны спакойна. Адно прыкра, што ў будучым іх магілы будуць неахайныя, закінутыя...»

«Сказалі, што будуць хаваць побач са сваячкай. А зрабілі па-іншаму...»

Пасля размовы з Аляксандрам Матошкам я патэлефанавала ў Янкавіцкі сельскі Савет. Пацікавілася, як атрымалася такая сітуацыя? Кіраўнік спраў Таццяна Кандрацьева растлумачыла, што на тэрыторыі сельскага Савета не адны могілкі, а цэлых 14. І ўсе яны на рознай адлегласці ад адміністрацыйнага будынка.

«У сельсавеце працуюць два чалавекі: я і старшыня. Ніхто з нас, вядома, не стаіць на кожным пахаванні», — заўважае жанчына. І яе можна зразумець.

Ужо потым, як правіла, на наступны дзень старшыня сельсавета едзе і фіксуе свежую магілу. Ужо па факце прысвайваюць ёй нумар і ўносяць у спецыяльную камп'ютарную праграму месца, дзе пахаваны чалавек. З 2014 года работнікі сельсавета наогул вялі толькі ўлік пахаванняў. Больш як год таму з'явілася новае рашэнне райвыканкама.

«Цяпер, калі да нас прыходзяць сваякі памерлага і пішуць заяву на атрыманне матэрыяльнай дапамогі, мы разам абмяркоўваем, дзе яны плануюць хаваць сваіх блізкіх, — кажа Таццяна Кандрацьева. — Я даю аловак і прашу намаляваць схемку, якія магілкі знаходзяцца побач. Як правіла, усе выбіраюць месца побач са сваякамі, што ў прынцыпе лагічна. Ніякага пісьмовага дазволу мы не выдаём, усё робіцца на словах».

Дагэтуль не ўзнікала ніякіх пытанняў: як дамовіліся, так і хаваюць. І родзічам памерлых маці і дачкі работнікі сельсавета раілі хаваць сваіх каля магілы роднай сястры мужа адной з жанчын. А яны зрабілі па-іншаму... Узялі і пахавалі побач з чужымі людзьмі.

«Вы ж уяўляеце, што такое вясковыя могілкі? — працягвае мая суразмоўніца. — Там жа і кусты недзе. Відаць, яны пахадзілі-пахадзілі... Убачылі добрае, прыбранае месца. У Матошак на могілках заўсёды чысценька. І пахавалі там. Не падумалі... Пахавалі, вядома, вельмі блізка. Так, як хаваюць на гарадскіх могілках, дзе дэфіцыт месцаў. Ямы ж капала рытуальная служба з Полацка».

У адпаведнасці з нашым заканадаўствам, чалавеку бясплатна выдзяляюцца два месцы на могілках (што гарантуе пахаванне на гэтым участку не толькі памерлага, але і ў будучым аднаго з яго блізкіх сваякоў). Пры жаданні можна зрабіць радавое пахаванне і зарэзерваваць звыш двух месцаў. Але гэта ўжо платная працэдура. Побач з жонкай Аляксандра Іванавіча Любоўю пахавана яе маці, якая памерла ў 2012 годзе. Такім чынам, двухмесны ўчастак, які выдзяляецца на бясплатнай аснове, сям'я выкарыстала.

«Заяву на пашырэнне ўчастка ніхто не пісаў, — кажа Таццяна Кандрацьева. — Калі Аляксандр Іванавіч хацеў там зрабіць радавое пахаванне, трэба было зарэзерваваць участак. Ну, ці хоць бы проста калкамі яго абазначыць, як робяць некаторыя. Тады б ніхто б там не пахаваўся».

...Вось і атрымліваецца, што па законе быццам бы нічога не парушана: жанчын пахавалі на свабодным участку, месца ж не было зарэзервавана. А па-чалавечы?..

«Па-чалавечы, зразумела, крыўдна, няправільна, — дадае Таццяна Фёдараўна. — Таму Аляксандр Іванавіч і абураўся. Тэлефанаваў і пытаўся, ці дазволім мы яму пахавацца ў галавах жонкі. Там ёсць месца і з іншага боку. Калі ён хоча зарэзерваваць яго, мы можам тое зрабіць у любы дзень. Але для вясковых людзей гэта пакуль нязвыкла... Калі ў Расонах ужо плацяць грошы і рэзервуюць месцы на могілках, то на тэрыторыі нашага сельскага Савета пакуль не было прэцэдэнту».

«Можна спадзявацца на разуменне і спагаду. Але лепш падкласці саломкі...»

Так ужо склалася, што ў невялікіх вёсках многія рэчы дагэтуль пускаюць на вусную дамоўленасць. А потым, калі штосьці здараецца, кусаюць локці... Спасылаюцца на чалавечнасць ці на паперку...

Але, як паказвае жыццё, калі разлічваць толькі на вусную дамоўленасць, адпрацаваная схема рана ці позна дасць збой. Як гэта, прынамсі, і адбылося ў сітуацыі, у якую трапіў наш чытач.

Але ж, пагадзіцеся, усё магло б скласціся інакш, калі б Аляксандр Іванавіч афіцыйна зарэзерваваў тое месца на могілках побач з жонкай. Ну, ці хоць бы сімвалічна адгарадзіў кавалак зямлі... Ці калі б работнікі сельсавета прысутнічалі на ўсіх пахаваннях. Хоць уявіць гэта даволі складана.

Лепш, вядома, загадзя пранумараваць усе свабодныя ўчасткі на могілках і даваць пісьмовы дазвол на пахаванне ў канкрэтным месцы. Праўда, тут ёсць свае цяжкасці. Вясковыя могілкі — не гарадскія, дзе ўся зямля падзеленая на сектары, рады, роўненька, пад лінеечку. Там людзі пахаваныя часта вельмі хаатычна, магілкі размешчаныя і ўздоўж, і ўпоперак. Тым не менш, некаторыя сельсаветы ўжо спрабуюць ўпарадкаваць свае могілкі. Бо час дыктуе новыя ўмовы і правілы...

Работнікі ж Янкавіцкага сельскага Савета мяркуюць, што было б больш парадку, каб, як у Полацкім раёне, з'явілася спецарганізацыя, якая б узяла на сябе адказнасць за вясковыя могілкі. Сваякі памерлага звярталіся б туды. І спецыяльна навучаныя людзі дапамаглі б ім раздзяліць усе клопаты па пахаванні.

Разам з тым, у маленькай вёсцы, дзе ўсе адно аднаго ведаюць, мы дагэтуль па звычцы спадзяемся на разуменне і спагаду... Наіўныя, думаем, што заўсёды будзе так, як было спрадвеку... Але, хочам мы таго ці не, усё мяняецца... Як спявалі «Песняры»: «Няма таго, што раньш было...».

Яшчэ ў маім дзяцінстве, памятаю, вяскоўцы не замыкалі хату, клалі ключ пад дыванок ці наогул падпіралі дзверы венікам. Цяпер жа некаторыя не тое што на дзверы, але і на вароты вешаюць замок.

Ды і вясковыя могілкі цяпер не тыя, што былі даўней. Калі раней па іх можна было прайсціся, як па роднай вуліцы, — усе вяскоўцы, якія знайшлі там свой спачын, былі знаёмыя. Дык сёння туды вязуць хаваць чужых людзей з горада. Бо на вясковых могілках гэта пакуль можна зрабіць бясплатна...

Сітуацыі бываюць розныя. Людзі бываюць розныя... На жаль, ніхто з нас не застрахаваны ад бяздушнасці, абыякавасці, бесчалавечнага стаўлення... Таму лепш перастрахавацца і, як той казаў, падкласці саломкі. Хоць бы там, дзе гэта можна зрабіць.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў. 

Грамадства

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Нават у лёгкай форме перанесеная каранавірусная інфекцыя не праходзіць для арганізма бясследна.