Вы тут

Агляд часопісаў


«Полымя»

«…Дзе хацелі прарэзацца крылы»

Надзвычай узрадаваў лістападаўскі нумар «Полымя» прозай: разнапланавая і шматтэмная, яна задаволіць густ самага патрабавальнага чытача. Два апавяданні Віктара Гардзея — «Ратунак ад самоты» і «Свацця баба Лізавета», — напісаныя багатай сакавітай мовай, як экскурс углыб беларускай ментальнасці, душы, з аднаго боку схільнай да самоты і пошукаў чагосьці невытлумачальнага, што знаходзіцца па-за межамі ўсіх спазнаных сэнсаў і разумення, а з іншага — хітраватай і спрактыкаванай, пра якія гавораць сабе наўме. Неад’емная характарыстыка прозы Віктара Гардзея — адметная іронія, незласлівая, як дарагі напой, настоеная на аўтарскім светабачанні. Расповеды, дзе няма выразна акрэсленага сюжэту і актыўнага дзеяння, тым не менш, выразна раскрываюць лірычную асобу галоўнага героя, у якой угадваецца сам аўтар: «Над галавой, як быццам нічога і не здарылася, весела міргаюць зоркі, поўня з жоўтай стала серабрыстай і скацілася за Каменку ўбок, зрэшты, нябесныя свяцілы мяне зусім не цікавяць: у роспачныя хвіліны чалавек занадта пануры й маўклівы. Прычынай таму — мая адзінота і юнацкая наіўнасць, але ратунку ад самоты не бывае, у чым можна было ўпэўніцца не адзін раз. Ды пры ўсёй рызыкоўнасці сваёй натуры я адчуваю прыкрасць і віну, што зрабіў камусьці блага, няхай і незнарок, а выпадкова…»


Арыгінальна, нечакана рэалізаваў задуму Іван Штэйнер. Сама назва твора «Delirium» (што ў перакладзе з латыні — вар’яцтва, памяшальніцтва) і яго аўтарскае вызначэнне як «Псіхадэлічная гісторыя з элементамі дэтэктыва», якая пачынаецца з дакладной запіскі і пратакола абследавання аб’екта, што ўтрымлівае словы інспектара: «Адзін я туды больш не пайду: здароўе даражэй…», інтрыгуе сходу, напружанне паступова ўзрастае… Гісторыя магла б быць прачытана за адзін вечар, але яе працягу, а потым і завяршэння давядзецца чакаць не адзін месяц — у часопісе толькі пачатак… Іван Штэйнер застаецца верны сабе: гіпертэкстуальнасць, іскрамётны гумар, інтэлектуалізм…

Апавяданне Алены Брава пад назвай «Дзяўчаткі на даху», здавалася б, магло расказаць пра нешта вясёлае ці злёгку небяспечнае з разраду дзіцячых свавольстваў, але гэта памылковая «наводка». У цэнтры аповеду — самотная, хворая, балесная асоба з параненай душой, неперажытым горам страты. Асабліва заслугоўвае ўвагі аўтарскі прыём, праз які пісьменніца выводзіць увагу на гераіню твора: «Некалькі радкоў пра лёгкую дзявочую постаць зачапіліся за жалезны борт эпохі, якая прайшла, захаваліся, хоць папера пажоўкла і выцвіла чарніла. Ці прайшла разам з эпохай Ганна? У маім нататніку яна так і стаіць на бальнічным калідоры каля адчыненага акна, туга зацягнуўшы на таліі паясок казённага баёвага халата, і над яе галавой узлятае і ападае белая празрыстая фіранка»… Эса дэ Кейрош — аўтар апавядання «Скарб», з якім знаёміць рубрыка «Галасы свету» — адзін з самых выбітных прадстаўнікоў партугальскай літаратуры. Твор яго, пераствораны з партугальскай мовы па-беларуску Рыгорам Ляшуком, мае прыхаваную алегорыю: тры браты, тры ключы ад куфра з золатам (у якім насамрэч хаваецца лёс кожнага з братоў), тры ўчынкі і адпаведная адплата кожнаму…

У рубрыцы «Паэзія» выступілі аўтары Алесь Бадак з падборкай «Нічога не знікае» (у якой асабліва моцным з’яўляецца верш «Усяслаў Чарадзей» — асоба старажытнага князя, нягледзячы на аддаленасць у часе, атрымалася надзіва блізкай і зразумелай: «Слухае іх Усяслаў Чарадзей // Кожнае слова дае яму сілы. // І на спіне крываточыць радзей // там, дзе хацелі прарэзацца крылы»); Святлана Якубоўская (падборка «З дабрынёй у змове» не пазбаўлена арыгінальных маляўнічых метафар: «У далонях вясны закіпае чаромха», «Вабяць ландышы зноў белазубай усмешкай») і Станіслаў Валодзька (нізка «Спяшаюся пакланіцца»).

Вартыя ўвагі і публікацыі ў іншых рубрыках часопіса. Так, Адам Глобус згадвае Алеся Разанава, Тамара Аўсяннікава разважае над лістамі Яўгеніі Янішчыц да Сяргея Панізьніка, Людміла Рублеўская распавядае гісторыі кахання Гальяша Леўчыка, Уладзіміра Жылкі, Язэпа Пушчы, Аркадзя Куляшова і Яўгеніі Пфляўмбаўм, адлюстраваныя ў іх вершах…

Тадора ШПІЛЬКА


«Нёман»

Зімовы сон жыцця

Жыццё, здаецца, доўгае, а расказаць пра яго амаль і няма чаго. Такая думка круцілася ў галаве гераіні аднаго з апавяданняў Алены Паповай, надрукаваных у новым нумары «Нёмана». Але ці не схільны кожны з нас, незалежна ад узросту, да такіх несуцяшальных роздумаў, ці не апаноўваюць гэтыя горкія пачуцці ў самы непадыходзячы момант, калі час дзейнічаць, ствараць, шукаць? А тут яшчэ гэтая зіма…

Аднак не будзем адхіляцца. Увага — на Алену Папову з яе апавяданнямі з цыкла «Сны жыцця». Лейтматыў прозы — неўладкаванасць жыцця ўсё таго ж маленькага чалавека, які, прайшоўшы дарогу цалкам ці напалову, паспеў задумацца пра сябе толькі раз-два, заняты клопатам аб шчасці блізкіх і родных. «Неяк азірнулася Ада на сваё жыццё, а ў ім — адна праца, — піша Алена Папова пра ўжо згаданую гераіню. — Кватэрка-маламерка, з якой дваццаць пяць гадоў бруд выграбала, заводскі цэх, заводскі двор, заводская сцяна — шэрая, маркотная, без канца, без краю… Ідзеш міма яе іншы раз, ідзеш, ногі цягнеш, крокі лічыш, вечнасць… І раптам цесна стала Адзе ў сваім жыцці, моташна стала, сумна… І дні ў яе пачаліся цьмяныя, цесныя, сумныя… Як быццам ужо і не жыла Ада, а проста несла сваё цела па абрыдлым дням ад панядзелка да суботы». Здаецца, чыталі пра падобнае шмат разоў, але тэкст пабудаваны так, што крочыш побач: сумняваешся, спадзяваешся і адмаўляешся ад такой рэчаіснасці. У цэнтры трох гісторый пісьменніцы — жаночыя лёсы Старой, Аўсянкінай і Ады, а таксама пабочных гераінь. Аўтар паказвае, як несвоечасовая (калі можна ў гэтым выпадку ўжыць такі прыметнік) страта можа зламаць чалавека, спыніць жывы механізм жыцця. Алене Паповай удаецца паказаць не толькі ўнутраны стан персанажаў, але і навакольнае асяроддзе. У малой прозе гэта надзвычай каштоўна.

«Два апавяданні» прапануе Ліна Мрагі. Першага пад назвай «Негабарытны груз» дастаткова, каб зразумець, што аўтар — непапраўны аптыміст і, магчыма, рамантык. Кожны складнік твора сведчыць пра пэўную меладраматычнасць сюжэта з ноткамі непраўдападобнасці ды ідэалізаванасці: ад галоўнага героя астранаўта Скота Ліна з яго запозненай і, як падаецца, не зусім зразумелай чытачу сумленнасцю да маментальнага выканання волі нябожчыка-бацькі. Справядлівасць перамагае, каханне знаходзіцца, зло адолена — і ўсё гэта за перыяд менш чым суткі. Прытым сам герой у гэты час нічым асаблівым не займаецца і ўвогуле незразумела, што яго чакала ў рэальным жыцці. Але Ліна Мрагі сумнявацца не дае: і жылі яны доўга і шчасліва.

Паэзія гэтым разам прадстаўлена падборкамі «Не знайду ніколі на пытанні адказу я…» Міколы Мятліцкага ў перакладзе Юрыя Шчарбакова, «Прачнецца радасць на белым свеце…» Таццяны Лейкі і «З мінулага ў будучыню…» Святланы Быкавай. Адзіны мужчынскі погляд мастацкай часткі нумара прадстаўлены вершамі «Бурка», «Вілія», «Галубоўская», «Тут, у Полацку, плынь гадоў напеўная…», «Зноў купальская ноч…», якія могуць стаць любімымі для аматараў творчасці Міколы Мятліцкага.

Яўгенія ШЫЦЬКА


«Маладосць»

Паміж будучыняй і мінуўшчынай

У процівагу натуральнаму парадку рэчаў аўтары лістападаўскага нумара часопіса «Маладосць» заўтра чакаюць адлігу, а зусім не першага снегу, як можна было б падумаць. Ды не проста чакаюць — літаральна прагнуць. Халоднай часінай пісьменнікі і пісьменніцы жадаюць цяпла, а таксама «нябёсаў таямніцу разгадаць» і зліцца з наваколлем у дзіўным танцы. Шмат чаго хацелі б яны, але па іроніі лёсу ніяк не могуць атрымаць жаданага… Шчымлівым пачуццём фрустрацыі прасякнуты радкі большасці твораў у лістападаўскай падборцы.

Свежая «Маладосць» адкрываецца невялічкім фантастычным эсэ Яны Цэглы «Тварожнае Возера». У ім безыменная пара («стомленая акторка і занадта паспяховы махляр») на скрадзеным караблі ляціць праз касмічную прастору да планеты Тварожнае Возера. Ляціць, каб забыцца, каб пачаць жыццё наноў і растварыцца ў сусвеце, застацца ў рэшце рэшт сам-насам. Наперадзе ж іх чакае яшчэ некалькі дзён маруднага палёту. Эскізнасць, неапрацаванасць, нават незавершанасць твора, што выяўляецца тут і там, нівеліруюцца надзвычайнай шчырасцю, якая проста абяззбройвае і, трэба заўважыць, вельмі падкупляе.

Карціну дапаўняюць размешчаныя далей вершы Аксаны Гаджыў з тымі ж праблемамі, але з тымі ж прыкладна і «заслугамі». Чытаючы гэтыя творы, чарговы раз пераконваешся, што менавіта ў падобных тэкстах, тэкстах маладых аўтараў (далёка не заўсёды ўмелых, але затое прагных да творчасці), тэкстах у чымсьці недасканалых, ды затое не паточных і не збітых, нярэдка трапляюцца сапраўдныя перліны, чый вясёлы бляск ёсць адлюстраванне ўсёй глыбіні мастацкага таленту таго ці іншага маладога творцы.

Адной з такіх яркіх перлінак дакладна можна лічыць апошнія радкі фантасмагорыі Аксаны Гаджыў «На Уздзвіжанне». Лірычны герой пасылае ў неба такую просьбу: «Падступны прарок, танцуй са мной! // Давай замарудзім кадр. // І я адкажу сваёй галавой // За гэты святы макабр». І толькі паглядзіце, якім злавесным, але моцным аксюмаранам завяршае аўтар сваё выступленне. Ух, ажно дрыжыкі пабеглі!

Падборку працягвае Віктар Шніп з фрагментамі дзённікавага рамана «Заўтра была адліга», знаёмага ў тым ліку і чытачам газеты «Літаратура і мастацтва». Пісьменнік дзеліцца некаторымі асабліва мудрымі назіраннямі са свайго жыцця, напрыклад: «Калі ты нешта прайграў, дык гэта не значыць, што ты слабак. Проста той, хто выйграў, крыху мацнейшы за цябе на дадзены момант. Вось і ўсё». Ёсць у рамане і больш цікавыя думкі.

Навум Гальпяровіч уласнымі вершамі сцвярджае галоўную ідэю лістападаўскага нумара «Маладосці» аб тым, што «просіцца патрэба <…> пачуць душой, пра што нам шэпча неба». Маргарыта Латышкевіч у сваю чаргу працягвае ўжо ўмацаваную традыцыю жыццяпісаў на старонках часопіса, прапануючы чытачам прафесійна скроеную біяграфічную аповесць пра Яна Баршчэўскага «Цень крыжа на каляінах». Завяршаюць літаратурную частку нумара вершы Алесі Цэван, Кацярыны Мізерыі і проза маленькіх форм ад Георгія Марчука, Івана Мелава і Наталлі Ніканчук. Апошняе апавяданне «Гульназ» асабліва звяртае на сябе ўвагу мноствам слэнгавай лексікі і інтэрнэт-тэрміналогіі.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».