Вы тут

Цмок і цюцька. Чаму Літва раззлавала Кітай?


Кітай панізіў дыпламатычныя адносіны з Літвой да ўзроўню паверанага ў справах. Аб гэтым паведаміла ТАСС са спасылкай на МЗС КНР. У заяве ведамства ўдакладняецца, што, нягледзячы на рашучыя пратэсты з боку Кітая, Літва ўхваліла стварэнне так званага «прадстаўніцтва Тайваня ў Літве». «Кітай у сувязі з гэтым выказвае рэзкую незадаволенасць», — дадалі ў МЗС. Адносіны Літвы і Кітая абвастрыліся сёлета ў жніўні, калі літоўскія ўлады далі афіцыйную згоду на адкрыццё прадстаўніцтва Тайваня. Пекін пайшоў на рашучыя меры — адклікаў свайго пасла і звярнуўся да літоўскага боку з просьбай адклікаць свайго прадстаўніка з КНР, што Вільнюс і зрабіў у пачатку верасня. Чаму Літва раззлавала Кітай, чаго чакаць надалей?


Фота: pixabay.com

Не тым шляхам

Некалькі гадоў таму Літва імкнулася сябраваць з Кітаем. Вільнюс цікавіўся транснацыянальным праектам «Адзін пояс — адзін шлях», які ініцыіраваў старшыня КНР Сі Цзіньпін. Глабальная ініцыятыва ў тым ліку плануе стварэнне транспартнай інфраструктуры для перамяшчэння тавараў паміж Паднябеснай і Заходняй Еўропай. Літва разлічвала атрымаць кітайскія інвестыцыі і загрузіць свае парты на Балтыцы. У лістападзе 2018 года тагачасны прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ наведала Паднябесную. Падчас візіту кіраўнік дзяржавы называла Кітай важнай для Вільнюса краінай, рэкламавала літоўскія прадукты харчавання, а ў Шанхаі асабіста сустрэлася са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, нагадаў іz.ru.

Аднак неўзабаве сітуацыя кардынальна змянілася. Паміж ЗША і Кітаем разгарнулася гандлёвая вайна, і амерыканскі Дзярждэп рэкамендаваў сваім саюзнікам і сатэлітам адмовіцца ад узаемадзеяння з Пекінам. У 2019 годзе дэпартамент дзяржбяспекі (ДДБ) Літвы ўпершыню ў сваёй справаздачы назваў Кітай пагрозай. Сцвярджалася, што КНР запаўняе рэспубліку шпіёнамі, вярбуе чыноўнікаў, імкнецца атрымаць доступ да засакрэчанай інфармацыі. У сваю чаргу, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа папярэджваў, што магчымыя інвестыцыі Кітая ў будаўніцтва глыбакаводнага порта ў Клайпедзе могуць... нашкодзіць нацыянальнай бяспецы краіны.

Характэрнай для новага тыпу адносін стала кампанія супраць карпарацыі Huaweі. Тая збіралася ўстанавіць у Літве сістэму мабільнай сувязі пятага пакалення (5G). Але літоўскія палітыкі абвінавацілі Huaweі ў сачэнні і шпіянажы. «Ёсць пэўная інфармацыя аб тым, што там існуюць так званыя backdoors, праз якія можна выцягваць даныя з камер, тэлефонаў ці той жа сістэмы 5G», — казаў кіраўнік ДДБ Дарус Яўнішкіс. Пазней рэспубліка афіцыйна адмовіліся ад кітайскага абсталявання. Пры гэтым кіраўнік тэлекамунікацыйнай кампаніі Telіa Lіetuva Дон Стромберг прызнаў, што надзвычай перспектыўнае і выгаднае супрацоўніцтва разарвалі па геапалітычных прычынах.

У 2020 годзе дэпартамент дзяржбяспекі Літвы выпусціў новую справаздачу, у якой абвінаваціў Пекін у імкненні да тэхналагічнай перавагі. Цікава, што дакумент з'явіўся ў разгар пандэміі каранавіруса. Неўзабаве пасля гэтага Кітай адправіў прыбалтыйскай рэспубліцы гуманітарную дапамогу — 20 тысяч масак і 120 тысяч пальчатак. Прыгожы жэст у Вільнюсе, зрэшты, не ацанілі. Восенню мінулага года ў краіне прайшлі парламенцкія выбары, на якіх перамогу атрымалі кансерватары з партыі «Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты». Адразу пасля абвяшчэння вынікаў галасавання ў аб'яднанні паабяцалі абараняць дэмакратыю па ўсім свеце — «ад Беларусі да Тайваня».

У кут за паводзіны

Нядзіўна, што сёлета канфлікты працягнуліся. У лютым Вільнюс адмовіўся купляць сканеры для надгляду багажу ў аэрапортах ад кітайскай кампаніі Nuctech. Тая прапанавала самыя выгадныя ўмовы і выйграла тэндар, але ўрадавая камісія заблакіравала здзелку. «Літва вырашыла не быць часткай тэхнасферы, якая ствараецца і кантралюецца Кітаем», — заявіў кіраўнік парламенцкага камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны Лаўрынас Кашчунас.

Увесну гэтага года літоўскія парламентарыі ўзнялі ўйгурскае пытанне. Вільнюс сам адчайна напрошваўся і нават правакаваў абвастрэнне. У маі Літва гучна выйшла з кітайскага блока 17+1. Гэты фармат зарадзіўся ў 2012 годзе як пляцоўка для супрацоўніцтва Кітая з краінамі Усходняй Еўропы для рэалізацыі праекта «Новага шаўковага шляху». І не проста выйшла, а заклікала іншыя краіны ЕС рушыць услед гэтаму ж прыкладу. «Такой рэчы, як «17+1», больш не існуе, паколькі там адсутнічае Літва», — цытавала ў канцы мая выданне Polіtіco словы відавочна задаволенага сабой кіраўніка МЗС Літвы Габрыэлюса Ландсбергіса.

Гісторыя з адкрыццём прадстаўніцтва Тайваня стала чарговай чырвонай рысай, якую перайшла Літва ў адносінах з Кітаем. Эксперты лічаць, што Паднябесная відавочна не пакіне без увагі дэмарш Літвы. «Вільнюс доўгія гады спрабаваў сфарміраваць максімальна антыкітайскую пазіцыю сярод усіх членаў ЕС па уйгурскім, тыбецкім і іншых пытаннях. Мабыць, Літва мае на мэце стаць у вачах Вашынгтона ўмоўным цэнтрам супраціву Расіі і Кітаю ва Усходняй Еўропе», — заўважыў spbvedomostі.ru кітаязнаўца Мікалай Вавілаў.

Як лічыць намеснік дырэктара Інстытута Далёкага Усходу РАН Андрэй Астроўскі, «было б нядрэнна аб наступствах падумаць». «Рэакцыя Кітая прадказальная, — заўважыў ён. — КНР заўсёды вельмі цвёрда рэагуе на любыя дзеянні, якія ствараюць пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці краіны.

А рашэнне адкрыць прадстаўніцтва Тайваня з'яўляецца менавіта такім крокам». Па словах эксперта, у літоўскім МЗС павінны былі гэта разумець і пралічыць наступствы. Тым больш што іх суседзі-латышы ўжо зрабілі такое глупства — у 1992 годзе адкрылі ў сябе прадстаўніцтва Тайваня. Кітай адрэагаваў гэтак жа імкліва і жорстка, як і зараз. «Характэрна, што тады праз два гады тайваньскае прадстаўніцтва латышы закрылі, прычым з прабачэннямі перад Кітаем. І падстаў меркаваць, што рэакцыя Пекіна на дзеянні Вільнюса сёння будзе іншая, няма», — заўважыў аналітык.

Эксперты сцвярджаюць, што Літва стала адным з ініцыятараў абвастрэння адносін ЕС з КНР. «Вільнюс імкнецца цесна ўзаемадзейнічаць з Вашынгтонам, выступае ў ролі правадніка амерыканскай палітыкі ў рэгіёне. Зразумела, што Пекін зможа абысціся без прыбалтыйскай рэспублікі, эканамічна Літва зацікаўлена ў супрацоўніцтве значна больш», — адзначыў іz.ru Мікалай Вавілаў.

Пры гэтым, як лічыць прафесар МДІМА Кірыл Коктыш, у цяперашнім канфлікце Літвы і КНР Вільнюсу не варта разлічваць на дапамогу Бруселя. «Прыбалтыйскія краіны занадта ўжо трапятліва прыслухоўваюцца да Вашынгтона, Літва не з'яўляецца выключэннем і нават па сваёй «чуласці» ідзе на першым месцы. Усе яны ва ўсім арыентуюцца на ЗША, і гэта насцярожвае Еўрасаюз. Любыя цяжкасці, якія ў іх узнікаюць, насамрэч на руку Бруселю, таму што гэта можа падарваць уплыў па-праамерыканску настроеных палітычных эліт і прывядзе да ўзмацнення ўплыву Бруселя на ўсходнееўрапейскіх членаў ЕС. Таму яны, канешне, могуць дапамагчы, а могуць і не дапамагаць. Атрымліваецца, што сваімі паводзінамі Літва сама загнала сябе ў кут», — заключае аналітык.

Галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута Еўропы РАН Мікалай Мяжэвіч кажа, што рацыянальнаму тлумачэнню літоўская знешняя палітыка не паддаецца. «ВУП рэспублікі ў разы меншы за ВУП аднаго Шанхая. Паводзіны Літвы не ўпісваюць у тэорыю міжнародных адносін. Але трэба разумець, што літоўскія ўлады дзейнічаюць не ў сваіх інтарэсах, а ў інтарэсах ЗША. Калі памятаць пра гэта, то ўсё ўстае на свае месцы», — падкрэсліў эксперт.

Шмат рычагоў

Яшчэ ў жніўні, калі пачала разгортвацца гісторыя з адкрыццём прадстаўніцтва Тайваня, кітайская Chіna Raіlway Contaіner Transport Corp. праінфармавала кліентаў у Літве аб тым, што прамыя грузавыя цягнікі з Паднябеснай у балтыйскую рэспубліку адмяняюцца. Гэта зрабілі «ў сувязі з напружанай палітычнай сітуацыяй паміж краінамі». Прэзідэнт Літоўскай канфедэрацыі прамыслоўцаў Відмантас Янулявічус заўважыў літоўскаму парталу 15mіn, што гэта балючае рашэнне, бо літоўскі бізнес перажывае адразу некалькі ўдараў, у тым ліку санкцыі супраць Беларусі і пошук новых пастаўшчыкоў сыравіны.

Таксама высветлілася, што спыняюцца не толькі кітайскія цягнікі ў Літву — экспарцёры краіны скардзяцца, што Кітаю аказалася больш не патрэбная літоўская прадукцыя — мэбля, малочная прадукцыя, збожжа... Дырэктар мэблевага прадпрыемства Medvіta Арунас Залецкіс распавёў парталу Delfі, што 99 працэнтаў продажаў кампаніі — у Кітай. Зараз продажы застопарыліся, і прадпрымальнік плануе ўвогуле вывесці свой бізнес з Літвы: «Кітайцы нідзе не хочуць бачыць літоўскую кампанію».

Не хавае свайго расчаравання і кіраўнік аднаго з найбуйнейшых у краіне прадпрыемстваў па перапрацоўцы малака «Vіlkyskіu pіenіne» Гінтарас Берташус: раней урад Літвы заахвочваў паездкі ў Кітай, арганізоўваў бізнес-місіі, а зараз усё наадварот. Кіраўнік кампаніі сцвярджае, што продажы на гэтым рынку спыніліся, вытворчасць падае. Нават літоўскія збожжавыя больш не ходзяць па «Шаўковым шляху». «Нашы партнёры ў Кітаі проста шукаюць прычыны для разрыву гандлёвых адносін», — прызнае прэзідэнт Літоўскай асацыяцыі перапрацоўшчыкаў і гандляроў збожжам і кіраўнік кампаніі Agrokoncerno grudaі Караліс
Шымас.

Эксперты справядліва ўказваюць на тое, што ў Літве ўжо цяпер ледзь не ўсё закручана вакол «Зроблена ў Кітаі», а Пекін можа знайсці спосабы паўплываць не толькі на прамыя гандлёвыя плыні паміж краінамі, але і задушыць літоўскую эканоміку акруговымі шляхамі. «Кітай — вялізная краіна. Праз некалькі гадоў па намінальным унутраным валавым прадукце ён можа стаць найбуйнейшай эканомікай свету. Па парытэце пакупніцкай здольнасці ён ужо з'яўляецца сусветным лідарам. У яго шмат рычагоў уплыву на розныя краіны, у тым ліку і на ЕС, з якім у Пекіна вельмі моцныя гандлёвыя сувязі», — сказаў тэлеканалу Lіetuvos rytas літоўскі палітолаг Лінас Каяла.

Камар у катле

Літва — вельмі маленькая і слабая краіна, навошта яна ўтварае хаос, здзіўляецца адна з найбуйнейшых і ўплывовых у КНР газета «Хуаньцю шыбаа» (выданне спецыялізуецца на асвятленні міжнародных падзей, агульны тыраж — каля 2 мільёнаў асобнікаў. Партал «Хуаньцюван» — адзін з самых наведвальных у Паднябеснай: штодзённая аўдыторыя дасягае больш за 100 мільёнаў чалавек) у сваім рэдакцыйным артыкуле, нагадваючы, што Пекін абвясціў аб паніжэнні дыпламатычных адносін з Вільнюсам.

«Выкладаючы прычыны дыпламатычнага паніжэння, Кітай выкарыстоўваў вельмі стандартныя фармулёўкі», — адзначае выданне. Пры гэтым яно папярэджвае, што дзяржаўныя паводзіны і дыпламатычная мова КНР сведчаць аб тым, што ён проста «трымае сябе ў рамках дазволенага». «Навошта Літве пераходзіць дарогу Кітаю? Насельніцтва гэтай краіны меншае за колькасць людзей, якія пражываюць у раёне Чааян Пекіна. Літва — гэта нават не моська, якая брэша на слана (ці звяглівая і надакучлівая цюцька насуперак дракона. — Рэд.), яна — не больш чым блыха», — абураецца «Хуаньцю шыбаа».

Як падкрэслівае газета, «нават калі Кітай разарве дыпламатычныя адносіны з такой маленькай несумленнай краінай, дазволіўшы ёй устанавіць дыпламатычныя адносіны з Тайванем, гэта будзе не больш чым дабаўленне яшчэ аднаго камара ў кацёл кітайскай дыпламатыі». У артыкуле «Хуаньцю шыбаа» таксама звяртаецца ўвага на тое, што «парламенты Злучаных Штатаў і заходніх краін пачалі дастаўляць усё больш праблем Пекіну, «з'явіліся такія ашуканцы, як Літва, якія патрабуюць кампенсацыю за нанесеную імі ж шкоду».

«Рашэнне праблемы наконт таго, як справіцца з недастатковай стратэгічнай мудрасцю Літвы, цалкам знаходзіцца ў руках Пекіна», — рэзюмуе выданне. EADaіly дадае, што чытачы «Хуаньцю шыбаа» прапанавалі падзяліць Літву паміж Расіяй і Беларуссю, адрэагаваўшы такім чынам на дыпламатычныя супярэчнасці паміж афіцыйнымі Пекінам і Вільняй.

Нагадаем, што раней у лістападзе старшыня КНР Сі Цзіньпін падчас анлайн-сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам перасцярог Штаты ад гульняў з незалежнасцю Тайваня. Байдэн паабяцаў не падтрымліваць незалежнасць Тайваня і не ствараць саюзаў супраць Кітая.

Тым часам кіруючая кааліцыя Германіі заявіла, што выступае за дыялог з Кітаем. Пра гэта гаворыцца ў тэксце кааліцыйнага пагаднення, якое заключылі сацыял-дэмакраты, лібералы і «зялёныя» — партыі, якія прадстаўляюць наступны ўрад ФРГ. «Мы імкнёмся да супрацоўніцтва з Кітаем усюды, дзе гэта магчыма», — адзначаецца ў пагадненні.

На гэтым фоне дзеянні літоўскіх улад выглядаюць проста вар'яцтвам. Што дазваляе, напрыклад, лідару парламенцкай апазіцыі Рамунасу Карбаўскісу сцвярджаць: «У нас самы безнадзейны ўрад у гісторыі Літвы. Імпатэнты цягнуць краіну ў прорву». Не паспрачаешся.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Змены ў падатковы кодыэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодыэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.

Грамадства

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Ідэя стварыць гурток авіямадэлістаў у нейкім сэнсе звязана і з размяшчэннем побач з райцэнтрам былога ваеннага аэрадрома.