Вы тут

Што і пачым можна набыць сёння на Камароўскім рынку


Камароўка — адзін з ключавых аб'ектаў сезоннага і пазасезоннага гандлю прадуктамі харчавання ў Мінску: у звычайныя дні тут бывае 30 тысяч пакупнікоў, а перад святамі па прадукты прыходзіць да 80 тысяч чалавек. У наступным годзе рынак адсвяткуе свой 40-гадовы юбілей.


 pixabay.com

На 32 пунктах прадукцыю прадстаўляюць беларускія заводы. Дарэчы, усе тавары паступаюць на Камароўку выключна пасля лабараторнага кантролю, а для хатняй і лясной прадукцыі прадугледжаны і радыялагічны кантроль.

З нядаўніх часоў на рынку таксама даступная прадукцыя ад фізічных асоб — духмяная выпечка, вэнджаніна, арахісавая паста, зефір і прысмакі хатняй вытворчасці.

— На наступным тыдні ў першым сектары сезоннага рынку запрацуе навагодні кірмаш, будуць прадавацца святочныя гірлянды, серпанцін, цацкі, сувенірная прадукцыя, — дзеліцца навінамі начальнік аддзела сацыяльнага развіцця рынку Іван Ткачук. — Мы ўжо пачалі ўпрыгожваць тэрыторыю да свята, а завершым гэты працэс да 1 снежня.

Іван Ткачук звяртае ўвагу на сяміметровую ёлку, якая красуецца над цэнтральным уваходам у крытым павільёне. А ўсяго на рынку і прылеглай тэрыторыі з'явіцца каля 35 навагодніх дрэў. Каля радыёвузла па традыцыі ўсталююць вялікага надзіманага снегавіка. Маляўнічая кампазіцыя ўпрыгожыць зону каля фантана.

Навагодняе ўбранне — толькі частка падрыхтоўкі да зімовага сезона.

— Будзе арганізавана 10 пляцовак для продажу навагодніх дрэў — у кадках і свежазрэзаных. У нас штогод прадугледжана такая колькасць месцаў, і яны запатрабаваныя, ёсць пастаянныя арандатары, якія ўжо дзясятак гадоў гандлююць гэтай прадукцыяй, — распавядае начальнік службы арганізацыі рынкавага гандлю Анжэла Барановіч. — Продажы жывых елак стартуюць 17 снежня.

Анжэла Барановіч дзеліцца і іншымі навінамі:

— Напярэдадні зімовага часу мы прадугледжваем размяшчэнне прадаўцоў з сезоннага рынку ў купальнай частцы і ў адміністрацыйна-гаспадарчым комплексе, дзе ўжо стаяць дадатковыя сталы. Туды з надыходам халадоў пераедуць пункты з садавіной і гароднінай.

На пытанне аб тым, наколькі ўзрастае паток пакупнікоў у пераднавагоднія тыдні, работнікі адказваюць: раз у 10, а напярэдадні свят сярэднядзённую колькасць наведвальнікаў можна памнажаць на 100.

Так што хутка пачнуцца гарачыя дзянькі. Ну а пакуль Камароўка жыве звычайным жыццём. З павеваў апошняга часу — аб'ява каля ўвахода аб рабоце пункта вакцынацыі. Дарэчы, адкрыты ён быў яшчэ ў маі. Зараз рэжым работы здраўпункта, дзе можна прышчапіцца адной з трох вакцын, такі: з аўторка да пятніцы — з 10.00 да 18.00, у суботу і нядзелю — з 10.00 да 15.00. Зазіраем унутр. Як расказвае лекар, з мая тут прышчапіліся больш за 4 тысячы чалавек, апошнім часам попыт на вакцынацыю павялічыўся, у сярэднім у дзень сюды прыходзіць да 50 чалавек. З сабой трэба мець толькі пашпарт і, вядома, быць здаровым.

Абыходзячы рынак, мы не маглі не зазірнуць у лабараторыю ветэрынарна-санітарнай экспертызы.

— Правяраем прадукцыю на ўтрыманне радыенуклідаў і нітратаў, таксама праводзім комплексную ветсанэкспертызу такога мяса, як трус, птушка, бараніна, і ветагляд мяса, якое паступае ад заводаў, — тлумачыць начальнік лабараторыі Кацярына Дубікоўская.

У адным з памяшканняў спецыялісты, як на кухні, робяць нарыхтоўкі: здрабняюць гародніну, якую трэба праверыць на нітраты. Далей нарыхтоўка праходзіць яшчэ шэраг працэдур, перш чым трапіць на замеры.

— Калі проба перавышае дапушчальныя значэнні, партыя тавару адбіраецца і ўтылізуецца. Калі прадукцыя чыстая, то выдаюцца дазваляльныя талоны і можна гандляваць, — тлумачаць у лабараторыі.

— Сёлета намі праверана 163 тысячы партый, гэта 53 тысячы тон прадукцыі. Не выпушчана ў продаж 360 партый (каля 3 тон), — распавядае Кацярына Дубікоўская. — У тым ліку па нітратах перавышэнне было ў сямі выпадках (127 кілаграмаў не пайшло ў продаж), не прайшлі кантроль па радыенуклідах 23 кілаграмаў грыбоў і 74 кілаграмаў ягад. Гэты тавар быў утылізаваны.

Аповед аб рынку будзе няпоўны без размовы з першай асобай прадпрыемства. Аб тым, як калектыў перажывае каранавірусны перыяд і аб планах на будучыню расказаў генеральны дырэктар Мінскага Камароўскага рынку Мікалай Хмяльніцкі.

— Летась, калі пачалася пандэмія, прынялі пастанову аб штодзённай аплаце гандлёвага месца, каб ліквідаваць рызыкі для арандатараў. Час паказаў, што гэта было правільнае рашэнне, — кажа гендырэктар. — За гэты перыяд мы практычна не страцілі арандатараў. Магчыма, хтосьці стаў здымаць меншую колькасць гандлёвых месцаў, але касцяк людзей застаўся. Сумеснымі намаганнямі выстаялі.

Прадпрыемства працуе рэнтабельна і працягвае вызначаную раней мадэрнізацыю.

— Летась правялі рэканструкцыю трансфарматарнай падстанцыі, павялічылі яе магутнасці. Зараз завяршаецца будаўніцтва новага блока для збору бытавых адходаў. Там будзе аўтаматызаваная сістэма сартавання, — працягвае Мікалай Хмяльніцкі. — У наступным годзе плануем прыступіць да замены шклення крытага рынку, якое ўжо не адпавядае цяперашнім патрабаванням. Праект ёсць, ён ухвалены. Работа па замене будзе ісці па чарзе на працягу двух гадоў. Вядома ж, без закрыцця рынку.

Новыя вітражы вырашаць пытанне з вентыляцыяй крытага павільёна ў гарачы перыяд года. Гэта актуальнае пытанне, паколькі аб'ект пабудаваны ў 1980 го-
дзе, калі тэхналогіі былі зусім іншыя і аб кандыцыяніраванні гаворка не вялася. Дарэчы, дырэктар падзяліўся такім фактам: канструкцыя купалу ўнікальная, яго трымаюць 38 тоўстых сталёвых тросаў. Штомесяц правярае іх на трываласць спецыялізаваная кампанія.

Нават халаднаватай лістападаўскай раніцай на галоўным харчовым рынку краіны можна сустрэць дзясяткі тых, хто жадае закупіцца свежай гароднінай і садавіной. Пачым цяпер прапануюць набыць сезонную прадукцыю, высветліў карэспандэнт газеты «Звязда».

Наступленне халадоў — зусім не падстава адмаўляцца ад паходу па прадукты на сезонную частку рынку, лічаць заўсёднікі Камароўкі. Тым больш цяпер наступіла пара, калі варта актыўна запасацца вітамінамі.

Для гэтага ў першую чаргу зазіраем на прылаўкі з ягадамі. Па-ранейшаму на рынку можна знайсці клубніцы — у сярэднім па 20—25 рублёў за кілаграм. Прапануюць і шкляначкі маліны з абляпіхай. За 0,5 літра давядзецца аддаць 10 рублёў.

Карысныя журавіны і чарнаплодную рабіну можна купіць каля 7,5 рубля. Кіло першай у некаторых месцах ёсць і даражэй — па 9—10 рублёў. Танней абыдуцца брусніцы — у раёне 6-7 рублёў за кілаграм.

Па кавуны ў лістападзе чэргі не выстройваюцца, як яшчэ пару месяцаў таму, але набыць салодкі плод па-ранейшаму можна. Цана пытання — да 3 рублёў за кілаграм. Прадаўцы гарантуюць, што падбяруць максімальна сакавіты і смачны. У суседніх пунктах на прылаўках павабна ляжаць дыні. Цэннік на іх знаходзіцца на ўзроўні
5-6 рублёў.

Выбар садавіны цяпер нашмат большы, чым ягад. Асартымент адных толькі яблыкаў здзіўляе. Тут і «Ананаснае», і «Голдэн», і «Чэмпіён», і з дзясятак іншых — знойдуцца сарты і для пірагоў, варэння, і каб проста паласавацца. Большасць каштуе па 2 рублі за кілаграм.

Ёсць на прылаўках і грушы. Духмяная мядовая, напрыклад, выйдзе ў 2,5-3 рублі.

Мандарыны з кіслінкай на рынку ўдалося адшукаць па 4 рублі, лімоны з апельсінамі — па 5 рублёў. Вінаград розных гатункаў атрымаецца купіць ад 3 да 6 рублёў, гранаты і хурму — ад 3-4 рублёў. Экзотыку ў выглядзе фейхоа, якая нагадвае мікс ананаса, яблыка і мяты, прадаюць ад 5,5 рубля за кілаграм.

Як гарачыя піражкі на рынку разыходзіцца гародніна. Хатнія пупырчатыя агурочкі многія прадаўцы гатовыя прапанаваць па 3-5 рублёў, гладкія — на пару рублёў даражэй, таматы — каля 4 рублёў. Добра раскупляюць і баклажаны — іх рэалізоўваюць па 3,5 рубля.

Морква адправіцца да пакупніка за 1,5—2 рублі, трохі даражэй — буракі і перац. У дыяпазоне 2—2,5 рубля атрымаецца закупіцца цыбуляй і капустай. Кіло бульбы выходзіць у 1,8—2 рублі за кілаграм. Але самую дробную рэальна купіць удвая танней.

Зеляніну ў большасці гандлёвых пунктаў прадаюць па рублі. З больш дарагіх пучкоў — рукала, кінза па 2 рублі, брокалі — па 4 рублі.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.

Грамадства

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Ідэя стварыць гурток авіямадэлістаў у нейкім сэнсе звязана і з размяшчэннем побач з райцэнтрам былога ваеннага аэрадрома.

Грамадства

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Будаўнічыя ідэі распрацоўваюцца ў лабараторыі аднаго брэсцкага вучонага.