Вы тут

Рыжанкоў: Радуе, што пытанняў у жыхароў становіцца менш...


Адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў падчас прыёму грамадзян у Слаўгарадскім раёне.


Адміністрацыя Прэзідэнта прадаўжае ажыццяўляць выязныя прыёмы грамадзян у рэгіёнах. На прыём да першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі ў Слаўгарадзе запісалася сем чалавек непасрэдна з горада і гэтага раёна, а таксама жыхары Магілёўскага і Бялыніцкага раёнаў.

Заяўніца са Слаўгарада звярнулася з просьбай, каб васьмікватэрны дом, у якім яна жыве, не зносілі. Дом прызнаны непрыдатным, і паўстала пытанне або знесці яго, або рабіць капрамонт і перасяляць жыльцоў у арэнднае жыллё. Жанчына аргументуе, што дом знаходзіцца ў вельмі зручным для яе месцы, і яна не жадае нікуды пераязджаць. Старшыня райвыканкама Сяргей Міхалюта паведаміў, што пытанне «зносіць або рамантаваць» стаіць па трох дамах. На капрамонт спатрэбіцца прыкладна два мільёна беларускіх рублёў, без дапамогі вобласці датацыйнаму раёну не абысціся. Другі варыянт таксама нятанны. Бо ў выпадку зносу прыйдзецца даць арэнднае жыллё жыхарам 40 кватэр. У Слаўгарадзе ж арэнднага жылля наогул няма. 

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта паабяцаў, што пахадайнічае перад аблвыканкамам, каб дапамаглі з фінансаваннем капрамонта. Па словах Сяргея Міхалюты, капрамонт рэальна зрабіць за летні перыяд. На гэты час жыхарам будзе дадзена часовае жыллё.

Віталій Васільевіч жыве ў аграгарадку Васькавічы Слаўгарадскага раёна з 2013-га года. Увесь гэты час ён стаіць у чарзе на жыллё ў Васькавіцкім сельсавеце і ніяк не можа справіць улазіны. Сёння ён на чарзе дванаццаты. Мужчына пенсіянер і яго турбуе, што з такімі тэмпамі выдзялення жылля ён яго не дачакаецца. На прыёме высвятлілася, што вызваліўся дом у суседняй вёсцы. Калі іншыя суіскальнікі жылля, якія стаяць перад ім, адмовяцца туды пераязджаць, ён зможа засяліцца хоць сёння. Мужчына таксама паскардзіўся на тое, што ў яго праблемы з атрыманнем пенсіі. Ён — грамадзянін Расіі і ўзніклі складанасці з яе афармленнем. Яно вельмі зацягваецца і жыць няма на што, скардзіцца мужчына. Максім Уладзіміравіч паабяцаў садзейнічанне з падрыхтоўкай дакументаў праз расійскае Пасольства.

У цяжкую сітуацыю трапіла жыхарка вёскі Новая Слабада. Яна выступіла паручыцелем у суседкі, якая ўзяла крэдыт. Хутка высветлілася, што суседка крэдыт не выплачвала, і ўсе абавязацельствы па выплатах ляглі на паручыцеля. Заяўніца пагасіла крэдыт з працэнтамі, а цяпер спрабуе спагнаць гэтыя грошы з вінаватай. Складанасці ў тым, што тая ўжо пяць гадоў нідзе не працуе і на яе ўтрыманні знаходзіцца непаўналетняе дзіця. Пытанне ўзятае на кантроль.

Кіраўніца жыллёва-будаўнічага кааператыву прыйшла на прыём ад імя жыхароў 40-кватэрнага дома. На яго абслугоўванні знаходзіцца вялікая тэрыторыя і ўзніклі праблемы з яе асфальтаваннем, паколькі для жыхароў гэта дорага. Яна не ведала, што ў райвыканкаме гэтае пытанне ўжо прапрацавалі, прычым станоўча для жыхароў.

А вось для таго, каб разабрацца ў сітуацыі індывідуальнай прадпрымальніцы, якая паскардзілася на няякасную пракладку водаадводнай канавы каля яе ўчастка, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта нават выехаў на месца. Высветлілася, што пад’езд да дома заяўніцы сапраўды пагоршылася. Трэба будзе панізіць бардзюр і скарэкціраваць пад’езд.

Усе пытанні, з якімі звярнуліся жыхары трох раёнаў, на кантролі, заяўнікі атрымаюць адказы ва ўстаноўленыя законам тэрміны. Максім Рыжанкоў паабяцаў заяўніцы з Бялыніцкага раёна асабіста наведаць яе праблемны аб’ект. Жанчына неаднаразова звярталася да мясцовых улад,у тым ліку прадстаўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта, але пытанне дагэтуль не вырашана. Праблема ў тым, што пясок з дарогі пастаянна змываецца на яе ўчастак і засмечвае яго.

Падсумоўваючы вынікі прыёма грамадзян, Максім Рыжанкоў выказаў задаволенасць тым, што колькасць зваотаў паступова зніжаецца. А той характар пытанняў, якія існуюць, паказвае, што заяўнікі або самі своечасова не дайшлі да старшыні райвыканкама, або гэтыя пытанні ў кампетэнцыі абласных ці рэспубліканскіх органаў улады. «Як наконт аварыйных дамоў у Слаўгарадзе, па фінансаванні рамонта якіх я буду размаўляць з губернатарам. Галоўнае, людзі абазначылі гэтую тэму, а ўлады ўжо будуць думаць, як яе вырашаць,» — удакладніў ён.

Пасля прыема грамадзян Максім Рыжанкоў наведаў у Слаўгарадзе філіял холдынга «Бабуліна крынка» і філіял бабруйскага прадпрыемства «Чырвоны харчавік-Слаўгарад». Размаўляючы з журналістамі, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што атрымаў вельмі добрыя ўражанні ад наведання раёна.

— Прыемна ўразілі новыя вытворчасці, трэба і іншым нашым моцным прадпрыемствам браць прыклад з таго ж «Чырвонага харчавіка» і ісці падымаць эканоміку ў малыя гарады. Знамянальна, што тут ствараецца высокаякасная прадукцыя, якая запатрабаваная за мяжой, а сярэдняя зарплата дасягае амаль 900 рублёў. І гэта пры тым, што прадпрыемства яшчэ не запрацавала на поўную магутнасць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

г. Слаўгарад

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.