Вы тут

Новы медыцынскі цэнтр налета прыме пацыентаў у зарэчным раёне Брэста


Не так даўно старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук падпісаў рашэнне аб стварэнні двух новых медыцынскіх устаноў — «Брэсцкая гарадская паліклініка 5» і «Брэсцкая гарадская дзіцячая паліклініка 3». «З'яўленне названых устаноў азначае хуткае завяршэнне будаўніцтва медыцынскага цэнтра ў зарэчнай частцы горада», — напісаў з гэтай нагоды ў сваім тэлеграм-канале мэр.


Зараз вядзецца падбор кандыдатур галоўных урачоў у новыя паліклінікі. А работы на будоўлі працягваюцца. Налета шматфункцыянальны медыцынскі цэнтр, аналагаў якому пакуль няма ў рэгіёне, прыме першых пацыентаў. Цэнтр будзе складацца з дарослай і дзіцячай паліклінік, а таксама жаночай кансультацыі.

Ужо сёння відаць, што будынак, спраектаваны спецыялістамі ААТ «Брэстпраект», упрыгожыць сабой новы мікрараён. Зараз у так званай зарэчнай частцы горада пражывае больш за 100 тысяч чалавек, у тым ліку каля 30 тысяч дзяцей. Новы аб'ект разгрузіць гарадскія паліклінікі, якія цяпер прымаюць значна больш пацыентаў за змену, чым прадугледжана планамі наведванняў. Асабліва гэта адчуваецца па медустанове паўднёвага гарадка, дзе лечацца людзі з новых мікрараёнаў.

Комплекс, які ўзводзіцца, складаецца з шасціпавярховай дзіцячай паліклінікі на 600 наведванняў у змену, пяціпавярховага лячэбна-дыягнастычнага комплексу агульнапаліклінічнага профілю на 500 наведванняў і жаночай кансультацыі на 190 наведванняў. Будаўніцтва аб'екта пачалося ў снежні 2019 года. Варта сказаць, што будаўнікі прыйшлі не на пустую пляцоўку: спачатку спатрэбілася знесці непатрэбныя пабудовы, што засталіся ад былой вайсковай часці, потым зрабіць падсыпку, падвесці камунікацыі. Нягледзячы на любыя ўмовы надвор'я, работу не перапынялі ні на адзін дзень. Таму ўзвядзенне ідзе нават з некаторым апераджэннем графіка. Да канца года будаўніча-мантажныя работы абяцаюць завяршыць.

Заказчыкам аб'екта выступае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва гарвыканкама. Паводле інфармацыі яго кіраўніка Уладзіміра СМОРШЧАКА, агульны кошт медцэнтра складае 51 мільён рублёў. Палова сумы паступае з абласнога бюджэту, другая палова даецца ў выглядзе крэдыту банка развіцця.

Міністэрства аховы здароўя абяцае паставіць для комплексу абсталяванне на 10,5 мільёна рублёў. Дарэчы, на стадыі праектавання да распрацоўкі дакументацыі прыцягвалі медыцынскіх работнікаў. Памяшканні спраектаваны з улікам зручнай работы каманды — урача агульнай практыкі, памочніка ўрача і медсястры. А лабараторыя размешчана паміж паліклінікамі і жаночай кансультацыяй. Улічаны патрэбы фізічна аслабленых людзей, маюцца на ўвазе не толькі інваліды, але і асобы пажылога ўзросту, пацыенты з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, цяжарныя жанчыны, малыя дзеці. Для ўсіх катэгорый будзе створана візуальнае, гукавое, тактыльнае інфармацыйнае асяроддзе.

Штодня на аб'екце шчыруюць больш за дзве сотні працаўнікоў прадпрыемства «Брэстаблсельбуд» і двух упраўленняў будтрэста № 8. Летам на будоўлі працавалі байцы студэнцкіх атрадаў. Падчас рэспубліканскага суботніка ў красавіку гэтага года старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА працаваў тут разам з калектывамі прадпрыемстваў «Камунальнік» і «Брэстаблсельбуд». Былі высаджаны дрэвы каля аднаго з карпусоў цэнтра. Зараз на самай галоўнай гарадской будоўлі сацыяльнага прызначэння інтэнсіўна вядуцца добраўпарадкаванне і ўнутраная аддзелка.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.