Вы тут

Вячаслаў Статкевіч: Глыбіня народнай музыкі бязмежная


Галасістая, залівістая, гуллівая, шматколерная, крылатая і заўсёды жывая народная песня... А ў выкананні заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята» гэта палёт эмоцый і наталенне шчырасцю. Нядаўна ансамбль «Свята» адзначыў 37-годдзе, а яго знакаміты кіраўнік Вячаслаў Статкевіч — 50-гадовы юбілей. Як гэта — паяднаць лёс з народнай музыкай і зрабіць яе «Святам» — у нашай гутарцы. 


— Вячаслаў, вы аддалі душу народнай песні, а любімаму калектыву прысвяцілі 30 гадоў... 

— Крыху меней — 28, у ансамблі «Свята» я з 1993-га, а 30-годдзе адзначаю сваёй агульнай творчай дзейнасці. Цікавасць да беларускай народнай песні ў мяне з дзяцінства. Хораша спявала маці, гэта я ўвабраў, як кажуць, з малаком. Затым многа займаўся сам. Так падабаліся народныя песні, што шукаў варыянты, змяняў рытмічныя малюнкі. Вёў рубрыкі ў часопісах «Гаспадыня», «Роднае слова», друкаваўся ў газеце «Звязда». Першыя песні з дзяцінства, якія запомніліся, — любімыя матуліны «Туман ярам», «Цячэ вада ў ярок». Што ж да апошняй, дык пад яе музыку, памятаю, як танцавалі на вечарынках у клубе вёскі Тарнова, што на Лідчыне, і ў школе. Сам я з вёскі Рэпнікі хутара Паспешка. У нас з’явілася лямпачка Ільіча, толькі калі я вучыўся ў дзясятым класе. На вёску хадзілі тэлевізар паглядзець, асабліва чакалі, калі ў праграме будзе зямлячка — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ганна Радзько. Пастаянна слухаў радыё на батарэйках, у той час гучала шмат розных мелодый. Наша вёска была спеўная, гэта цяпер 13 чалавек толькі засталося. Суседкі ведалі адмысловыя песенныя варыянты. У кожнай народнай песні ёсць аўтар: хтосьці прыдумаў, другі дапрацаваў, трэці падхапіў. Бывае, запісваеш, як бабулька спявае, дык яна спахапляецца: «Ой, тут ужо наспявала з іншай песні!» Часам творы розныя, а куплеты перамяжоўваюцца. Такая трансфармацыя, якая падтрымліваецца народам, ідзе ўвесь час. 

— У гэтым няспынная творчасць? 

— Так. Адну і тую ж песню можна заспяваць сумна, а можна — весела, яшчэ — дадаць тэмпу, рытму, і яна будзе зусім іншая. Неяк у народнага артыста Беларусі Якава Навуменкі ўзялі ў рэпертуар песню «Ночка, ночка чараўніца». Паскорылі тэмп. Дык ён здзівіўся: «Што вы мне тут за танцы зрабілі?!» Маўляў, ноч — гэта ж цішыня, павольнасць. Таксама як і з песняй «Цячэ вада ў ярок». Рэкі ж нашы цякуць павольна, а зараз песню зрабілі хуткай, амаль полечнай. Такім чынам, мяняецца час, а разам з ім — і ўспрыманне песні. Дарэчы, Якаў Навуменка сваю музычную дзейнасць распачынаў у ансамблі «Свята» тэнарам.

На ніве народнай творчасці мы ў свой час цесна супрацоўнічалі з Ігарам Лучанком, Іванам Раманчуком, Міхаілам Гецам, зараз з Алегам Чыркуном, Дзмітрыем Сушко, Уладзімірам Гінько, Галінай Сёмінай, Леанідам Нікольскім. Дзякуючы паэту Івану Цітаўцу песень маем на тры альбомы. Ён нам як хросны бацька. Назву юбілейнага канцэрта «Я сэрца аддам Беларусі!» я выношваў пяць гадоў і папрасіў, каб ён напісаў тэкст, потым сам яшчэ дапрацаваў, дадаў адзін куплет, а Яўген Дзеравянка паклаў на музыку. Гэта прэм’ера юбілейнай праграмы. Я і сам пішу. У мяне выйшла пяць альбомаў, дзе ёсць і народныя песні, і песні сучасных беларускіх кампазітараў на словы нашых паэтаў. Напрыклад, Валянціны Паліканінай, Івана Карэнды, Міхася Пазнякова, Міколы Чарняўскага, Уладзіміра Мазго, Кастуся Цыбульскага. З Кастусём вельмі даспадобы працаваць, бо ёсць песні, для якіх ён піша і музыку, і словы. На маім юбілейным канцэрце (дарэчы, пакажуць 4 снежня ў 16:35 па БТ3) прагучала чатыры яго творы, два прэм’ерныя. Ёсць песня на словы Алеся Бадака. Але аснова ўсё ж — беларуская народная песня. 

— Ваш калектыў першы ў Беларусі пачаў адраджаць народную музычную спадчыну.

— У 1984 годзе, калі ствараўся калектыў, Генадзь Цітовіч сказаў: «Я многа бульбы паспытаў, але ж такой — не». Заснавальнікам ансамбля і першым мастацкім кіраўніком быў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Купрыяненка, якога ў гэтым годзе, на жаль, не стала. Ён пасля сябе пакінуў столькі аранжыровак, зборнікаў — дзесяцігоддзі можна купацца ў народнай музыцы. Рэпертуар мы чэрпалі з Палесся. Напачатку было многа песень а капэла, своеасаблівая фішка ансамбля. Палессе — самая многагалосая, самая захаваная мясцовасць, культура. За балотамі — таямніца творчасці. Палешукі на вялікі свет маглі глянуць толькі зімой, калі ляжа лёд, а так сядзелі на купіне. Вось і спявалі. Аўтэнтычная музыка не перастае цікавіць: працуюць маладзёжныя клубы, дзе вывучаюць старадаўнія танцы, спяваюць народныя песні. Шмат моладзі і ў нашым ансамблі. Рознабаковы, цікавы артыст Дзмітрый Барсукоў: можа заспяваць і сыграць на розных інструментах (флейта, дудка, дуда). Антону Пракапцову ўсяго 21 год, але і ён спявае, а таксама іграе на клавішах. Вольга Казякоўская танцуе, а калі трэба, дык і бразготку возьме, і куплет падпяе. Кожны можа падхапіць на розным узроўні. Артыст Іван Наскоў, які прыйшоў нядаўна, хіліўся больш да эстрады, але пранікся народнай песняй. У нас працуюць людзі розных пакаленняў, хтосьці з вёскі, хтосьці з горада. Але паразумецца дае народная музыка. 

— Яна аб’ядноўвае? 

— Безумоўна. Бывае цяжка раскруціць эстрадную песню: колькі трэба ўкласці сродкаў! Народную ж спяваеш — яе тут жа падхопліваюць, бо няйнакш дзесьці чулі. Яна адразу западае ў сэрца, запамінаецца. Дарэчы, мы з вамі размаўляем у зале, дзе 18 гадоў таму назад працаваў вялікі Уладзімір Мулявін. Тут стаяў яго раяль. Шпалеры пафарбавалі ўсяго адзін раз, захавалі, што было. Дык вось Уладзімір Мулявін узвысіў народную песню, а Васіль Купрыяненка на такі ж узровень узвёў народную музыку. У яго ўсё было адмыслова напісана, перацякала адно ў другое... Вальсы, кадрылі, лірычныя замалёўкі. Ён сабраў 40 полек. А яшчэ — галопы, траістыя, таўкачыкі, дзятлы... Дзятлы ў свой час у нас танцаваў мастацкі кіраўнік заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Кашталапаў. На жаль, ужо тры гады, як яго не стала. У нас багатая рэпертуарная палітра. Музыка, песня, танец — пастаянны сінтэз. А ўвогуле ансамбль «Свята» вельмі мабільны. Бо мы можам усё. Самавіты танцор Віталь Смусянок загадвае нашай балетнай часткай. Людміла Кірыленка, чый муж працуе ў «Бяседзе», — салістка з голасам ад Бога. Выдатная Алена Літаш 25 гадоў у ансамблі як цымбалістка. Нязменная, чароўная скрыпачка Таццяна Карабкова з намі з 1996 года. Вельмі таленавітыя бас-гітарыст Ігар Асідчанка і баяніст Антон Малеёнак. Не здраджвае калектыву наш зорны альт Кацярына Булатоўская. Зараз да нас вяртаецца Святлана Байдак. Цудоўнае сапрана ў Вікторыі Катляровай. Па сутнасці, можам абыходзіцца без апаратуры. Гучаць галасы — і ўжо дзея. Хаця вось купілі барабанную ўстаноўку, чакаем барабаншчыка, бо вялікая сцэна патрабуе малюнка. Раней была басэтля. Калі ляталі ў Лондан, Пекін — прыйшлося браць бас-гітару: менш займае месца ў самалёце. А ўвогуле, куды б ні ездзілі, прымалі нас добра. Любая народная культура заўсёды ўспрымаецца выдатна. Нядзіўна, у нас жа мова пасля італьянскай па мілагучнасці другая. Нават перакладчык не патрэбен, бо міні-спектакль на сцэне апавядае найлепш. 

— Акрамя агульнавядомай «Цячэ вада ў ярок», у вашым рэпертуары яшчэ безліч адметных песень, сярод якіх — «Куры-чабатуры». Чула яе ва Украіне, праўда, як «Куры-цокотуры». Думаецца, якраз там яе арыгінал... А адкуль наш варыянт? 

— Гэтую песню перапрацаваў кампазітар Алег Чыркун, напісаў сваю мелодыю. Яна загучала зусім іначай. Матыў пра шыбку, якую пабілі, напрыклад, найбольш набліжаны да арыгінала. Адкуль песня? Калі браць рэгіён Палесся, складана вызначыць: гэта Піншчына або тая ж Ровеншчына... Калі браць Чарнігаўшчыну (раней Чарнігаўская губерня), там дагэтуль столькі беларускіх песень, што можна выдаваць зборнікі. Калі параўноўваю наш хор і чарнігаўскі, столькі супадзенняў. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікола Сірата, які з Чарнігаўшчыны, многае да нас адтуль прывёз. А тая ж Смаленшчына ці Пскоўшчына — столькі цікавых беларускіх песень! Ці паехалі мы ў Новасібірск, а там — беларускія гурты, спяваюць на чысцюткай мове. А прыехаўшы ў Перм, знайшоў радню, якая пераехала туды пасля вайны. Разгаварыліся, згадалі вёску Чаплічы Лідскага раёна. Пачалі разбірацца — мы траюрадныя. 

— Так, дзякуючы народнай песні пашыраюцца гарызонты і гістарычныя, і фальклорныя, і тэксталагічныя... 

— Адметную песню «Два дубкі» я прывёз з Піншчыны, калі там праходзіў адзін з першых фальклорных фестываляў, якія ладзіў фалькларыст Васіль Ліцвінка. Гэта было ў 1995 годзе, ён адбываўся на баржы, што стаяла на Піне. А ў 1996-м мы ездзілі на першыя «Дажынкі» на Століншчыну. Потым з’явіўся зборнік з малюнкамі Міхася Раманюка пра строі, касцюмы розных рэгіёнаў Беларусі, і менавіта там былі гэтыя «Дубкі» з нотамі і яшчэ два дзясяткі песень. А варыянтаў вельмі багата, у тым ліку тэкставых. У адной з нашых песень «Ой, у полю крыніца» таксама ёсць куплет пра дубкі, якія схіліліся. Потым я прывёз песню «Ох, доля мая, сіні вочы твае, як цябе не бачу, баліць сэрца мае», адрэдагаваў тэкст, дадаў дзве сінкопы, і варыянт падхапілі розныя калектывы: ад Мазыра да Віцебшчыны. Я тады словы «паглядае, пазірае» замяніў на «прыпякае». А ў песні «Ночка цёмная, ноч нявідная, галоўка мая нявыспаная» фразу «не з кім ночку спаць» я змяніў на «з кім жа». Гляджу — адзін калектыў, другі, трэці так зрабілі — расхопліваюць! 

— Чаму фальклор не губляе актуальнасці? 

— Таму што глыбіня народнай музыкі бязмежная. Хаця зараз народу больш гарадскога, аднак аматары, улюбёныя ў народную песню, былі і будуць. Бо яна простая, запамінальная, з цікавым сюжэтам. Думаеш: як можна было знайсці такія ўдалыя рыфму, вобраз, дзе ў той маленькай сялянскай хатцы кветка можа быць у розных іпастасях: гэта і дзяўчына, і прадмет варажбы, і сушаная заварка для гарбаты. І адсюль столькі ж сюжэтаў. Адметнае і гучанне. На Гарадзеншчыне, напрыклад, менш падгалоскаў. Зусім іншая сітуацыя на Палессі: вядзе першы голас. Што да музычных інструментаў, то цымбалы ў нас лічаць галоўным інструментам, але ж найперш — гэта дуда, дудка. Зазірніце ў тэлефонны даведнік — колькі там прозвішчаў, дзе ёсць корань «дуд, дут». У нашым рэпертуары выкарыстоўваем дудкі, жалейкі, саломкі, ёсць колавая ліра з 1984 года. А вось акардэон характэрны больш для заходняй Беларусі, у нас жа — баян. 

— Ці не згас ваш творчы запал падчас пандэміі? 

— З дырэктарам «Свята» Маратам Лагуткам мы прынялі рашэнне, што павінны працаваць, рэпеціраваць. Калі і сядзелі дома, то ўвесь час здымалі кліпы. Я на дачы каля 50 песень а капэла запісаў, жонка Анастасія ўсё здымала. Таццяна Карабкова наздымала шмат сюжэтаў, дзе на скрыпцы іграла. Людміла Кірыленка таксама замалёўкі а капэла дасылала. Рабілі кліпы на вуліцы з канём, у нацыянальных строях. Калі кожны дзень рэпетыцыі, творчасць, гэта дае плён: расцеш над сабой. І ўсё дзякуючы імпэту ад працы, любові да народнай песні. 

— А вы маглі б гэты імпэт знайсці ў іншай сферы? 

— «Свята» — гэта ўжо маё жыццё, тут я вырас. Са «Святам» мы адно цэлае, разам прайшлі вялікі шлях. Я ўдзячны Васілю Ліцвінку, які ў свой час параіў у гэтым калектыве працаваць. Ён узначальваў Саюз фалькларыстаў Беларусі. Нельга не згадаць Уладзіміра Раговіча, які выдаваў песні на палескім дыялекце. Я многа ў творчы багаж узяў. У свой час у нас працавалі заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Святлана і Уладзімір Салодкія, заслужаная артыстка Марыя Маршак, таленавіты артыст Міхась Пацук. Калі палічыць усіх, хто прайшоў праз «Свята», сцэна філармоніі была б, відаць, паўнюсенькая. Хацеў бы шчыры дзякуй сказаць таксама Анатолю Казаку, які займаецца фальклорам, кіраўніку калектыву «Крэсіва». Ён выдатны як рэпетытар па вакале, прынёс багата цікавых твораў, якія выкарыстоўвае наш ансамбль. Я надзвычай рады, што мне было ў каго вучыцца стаўленню да творчасці, да нашай роднай песні.

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА


P.S. Міхась Пазнякоў Вячаславу Статкевічу

Ты быў народжаны для песні — 
Народнай, сонечнай, жывой.
Узнёслы, апантаны, весні, 
Ты ёй адданы ўсёй душой.

Ты быў народжаны для свята, 
Ствараць народу пазітыў.
І тваім лёсам стала «Свята» — 
Цудоўны, слынны калектыў.

Ты быў народжаны для славы.
І хоць за ёй не гнаўся сам, 
Ды яркі брэнд Статкевіч Слава 
Вядомы вёскам, гарадам.

Вядомы добра ўсёй краіне, 
Зусім не дзеля ўзнагарод 
Ты ёй удзячным, шчырым сынам 
Спяваеш, служыш трыццаць год!

Табе Ўсявышнім і бацькамі 
Падоран голас залаты.
О, колькі акрыліў з гадамі 
Прыгожых сэрцаў песняй ты!

Нясі ж далей высока, годна 
На беларускі ўвесь прасцяг 
Заўжды любімы ўсенародна 
Радзімай песні горды сцяг!

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.