Вы тут

Каля 450 твораў ад 200 аўтараў прадстаўлена на трыенале «Канцэпт»


Першае ў Беларусі трыенале «Канцэпт» адкрылася ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва». Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, фатаграфія, арт-дызайн, інсталяцыі, відэаарт — прэзентаваны зрэз работ папулярных і не вельмі мастацкіх практык ад майстроў розных пакаленняў з Мінска і ўсіх рэгіёнаў краіны. У экспазіцыі як асобныя работы, так і цэласныя праекты — усяго на фестывалі каля 450 твораў ад 200 аўтараў, якія актыўна працуюць у гэтым кірунку. Да ўдзелу былі запрошаны прафесійныя мастакі, а таксама студэнты і аматары, якія прайшлі папярэдні адбор Беларускага саюза мастакоў — арганізатара I трыенале «Канцэпт».


Алеся Скарабагатая «Гасцінчык I», 2021 г.

Дыялог аб мастацтве

Падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю «Канцэпту», першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч расказала, што фестываль сталі рыхтаваць яшчэ ў пачатку года і атрымалі вынік: колькасць заявак, пададзеных на ўдзел, была вялікая. Стваральнікі маштабнай экспазіцыі імкнуліся паказаць, што ў Беларусі ёсць шмат аўтараў, якія гавораць на нетрадыцыйнай мове з вялікай колькасцю эксперыментаў і нечаканай пластыкай. 

— Саюзу мастакоў важна было выступіць каталізатарам працэсу. Наша роля заключалася ў тым, што мы прапаноўваем ідэю і знаходзім сабе партнёраў, — расказала Наталля Шаранговіч. — Хацелася сфарміраваць пэўнае творчае поле, каб у яго ўключыліся мастакі розных пакаленняў. Моладзь, якая толькі пачынае ўдзельнічаць у нашых праектах, атрымлівае дадатковы стымул. Можна ўбачыць, з чаго ўсё пачалося і да чаго прыйшло. Калі мы гаворым аб канцэптуальным мастацтве, то разумеем, што ў Беларусі ў чыстым выглядзе яно адсутнічае. У нас жа няма такой традыцыі або школы. Тым не менш ёсць шмат мастакоў, якія хочуць эксперыментаваць з тэхнікай, пластыкай, тэмай. А гэта ўжо выхад у іншую прастору, паралельную рэальнасць у мастацтве, што цікава гледачам і самім мастакам.

Антон Мартынюк.З праекта «Альтэрнатыва».

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Марыя Нецвятаева адзначыла, што ў сучасным мастацтве вялікая роля адведзена куратару. У дадзеным выпадку гэтую работу ўзяў на сябе Беларускі саюз мастакоў. 

— Гэта вялікая праца, якая не застанецца незаўважанай гледачом. Яму будзе здавацца, што ўсё арганічна ў прасторы, дзе экспануюцца творы. Аднак зразумець, якая за ўсім стаіць работа, дастаткова цяжка, калі ты з гэтым ніколі не сутыкаўся. Важна, што такія маштабныя праекты ў першую чаргу заклікаюць да дыялогу. Цяпер трыенале — праект, які выводзіць на дыялог аб сучасным беларускім мастацтве, — адзначыла Марыя Нецвятаева.

Гняздоўе эксперыментаў

Кожная з работ на трыенале прадстаўляе асобныя канцэпты, у якіх ёсць эксперыменты з формай, пластыкай, колерам, святлом... Гледачы павінны быць гатовы да метамарфоз, трансфармацый, актуалізацый і ператварэнняў. Як заўсёды, вылучаюцца творы вядомага мастака Валерыя Калтыгіна. Яго своеасаблівая серыя — «Буржуйка-1» (2008), «Буржуйка-2» (2009), «Буржуйка» (2019) — гульня з паветрам, адлюстраванне крохкасці прыгожага, адметнае бачанне фігуратыўнай скульптуры. Некалькі арт-аб’ектаў, унікальных, створаных з таго, што ў літаральным сэнсе магло быць сабрана на вуліцы (дрот, трубы, жалезабетонныя слупы), прадставіў Алесь Фалей. Мноства дасціпных твораў прэзентаваў Сяргей Шыла, якому падуладныя і дрэва, і метал, і палатно. Выкарыстоўвае ён і пластык: што іранічна, у творы «Гняздоўе» прадстаўлены зямны шар — некалі частка арт-аб’екта была глобусам. Але што такое пластык у параўнанні з косткамі жывёл, якія ў сваіх работах выкарыстоўвае Антон Мартынюк?

Не засталіся па-за ўвагай гледача, прынамсі, на адкрыцці цэнтральнай экспазіцыі, работы, у якіх істотна важная кожная дэталь: «Гісторыя як міфатворчасць» (2021) Рональда Кісялёва, «Інцыдэнт у начной маршрутцы» (2020) Сяргея Грыневіча, «Характарыстыка» (2021) і серыя «Азбука мадэрнізму» (1996) Сяргея Кажамякіна... 

Валерый Песін «Птушаняты ў паветры», 2021 г.

Між тым на трыенале «Канцэпт» заўважна, што мастакі не баяцца адвесці позірк ад надзённага ці агульнаграмадскага, не саромеюцца разважаць пра ўнутранае «Я», пра такое пафаснае для кагосьці вечнае. Найлепшы прыклад — адметная скульптура Андрэя Вераб’ёва «Нараджэнне, жыццё, смерць і жыццё пасля смерці Андрэя Вераб’ёва» (2021).

У Палацы мастацтва хапае і цэласных праектаў асобных аўтараў. Напрыклад, «Luminarium» гродзенскага мастака Аляксандра Балдакова прадстаўляе серыю арт-аб’ектаў, графічных кампазіцый і прасторавых структур, аб’яднаных аптычнымі якасцямі святла і яго мастацкай трансфармацыяй. «Залежнасць» віцебскай мастачкі Валянціны Ляховіч, рэалізаваная Віцебскім цэнтрам сучаснага мастацтва, прэзентуе жывапіс і канцэптуальныя аб’екты ў стылістыцы трэш-арт. Уласны павільён атрымала мінская аўтарская некамерцыйная галерэя «Брама»: тут змешчаны чорны метал Марыі Тарлецкай, а таксама работы са шкла Алены Чэпелевай і Жанны Марозавай. Брэсцкі мастак Уладзіслаў Куфко прадставіў праект-атракцыён «Вялікі Круіз», своеасаблівую метафару стварэння свету і падарожжа душы па сусвеце. Адметны праект — «Дэканструкцыя» Дзмітрыя Аганава. «Спалены матыў» (2021), «Dreaming» (2021), «Аўтапартрэт» (2018), «Дуалізм» (2021) ды іншыя не такія кідкія па некаторых характарыстыках у параўнанні з многімі на трыенале, аднак іх чароўнасць — для ўдумлівага гледача.

Прыступка новых форм і сэнсаў

У экспазіцыі «Designatum», што адкрылася ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў рамках трыенале «Канцэпт», — скульптура і графіка, якія аб’ядноўвае пошук спосабаў новага мастацкага выказвання праз арыгінальную форму. 

Васіль Васільеў «У чаканні Маісея», 2021 г.

— У нас атрымалася не ў чыстым выглядзе канцэптуальная выстаўка, — падкрэсліў падчас адкрыцця намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Андрэй Басалыга. — Тут можна ўбачыць шмат работ традыцыйнага мастацтва. Нельга адразу пераскочыць усе стадыі развіцця і апынуцца на тым узроўні сучаснага канцэптуальнага мастацтва, якім дыхае планета. Мы крыху спазняемся ў гэтым кірунку. Тым не менш не стаім на месцы, развіваемся і ўключаны ва ўсе працэсы. У праекце «Designatum» мы сабралі самыя паказальныя імёны мастакоў, якія працуюць з новымі формамі і сэнсамі.

У галерэі Міхаіла Савіцкага работы прадставілі 8 творцаў: графік Андрэй Басалыга і скульптары Максім Пятруль, Аляксандр Шапо, Дзяніс Кандрацьеў, Аляксандр Сакалоў, Кірыл Крахалёў, Павел Куніцкі, Марына Баранчык-Красоўская. Тэксты-анатацыі да скульптур і графічных твораў былі напісаны самімі аўтарамі. Гэта радуе: усё ж стварэнне тэксту — творчы працэс, які непарыўна звязаны з самім творам. З яго дапамогай можна ці адчуць пункт адліку, ці адшукаць ключ да разумення, ці знайсці пэўныя падказкі.

Як лічыць куратар выстаўкі Іван Арцімовіч, сёння беларускае мастацтва знаходзіцца ва ўнікальным становішчы: захоўвае ў сабе традыцыю і ў той жа час арганічна ўбірае і прымае новыя формы канцэптуальнага мастацтва. 

— Для мяне было важна працаваць з мастакамі, якія выкарыстоўваюць сучасную пластычную мову, якія не саромеюцца творчых эксперыментаў і напаўняюць работы не толькі знешнім, але і глыбокім унутраным зместам. І гэта ў кожнага сваё — пазачасавага, філасофскага, агульначалавечага парадку, — разважае Іван Арцімовіч.

Васіль Касцючэнка «Скрыжаванне», 2021 г.

Экспазіцыю «Designatum» можна наведаць да 12 снежня.

Планаваць і не спяшацца

Асобныя выстаўкі праекта адкрыюцца і на іншых пляцоўках сталіцы ў фармаце фестывалю мастацтва. Так, акрамя «Designatum», ужо прэзентавана экспазіцыя «Movement» — у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прадставілі жывапіс з калекцыі БСМ і работы выставачнага праекта I трыенале «Канцэпт». Гарадская мастацкая галерэя твораў Л. Д. Шчамялёва з 1 снежня запрашае на выстаўку мастака-авангардыста «Аляксандр Салаўёў. Як ёсць...» (заслужаны дзеяч мастацтваў БССР пайшоў з жыцця ў маі 2021 года). 8 снежня ў арт-гасцёўні «Высокае мѣста» прадставяць эксперыментальны тэкстыль «Tex-experience».

Між тым цэнтральная экспазіцыя ў Палацы мастацтва будзе працаваць да 16 снежня. Раім планаваць наведванне — часу на вандроўку па залах Палаца мастацтва, не кажучы ўжо пра абдумванне большасці твораў, спатрэбіцца вельмі шмат. Без перабольшання гэта адзін з найбуйнейшых мастацкіх праектаў апошняга часу, аднак ці здольна публіка не заблытацца ў такой колькасці канцэптаў і ацаніць яго маштаб, асэнсаваць зробленае маладымі і сталымі айчыннымі творцамі, вылучыць для сябе найбольш важнае і неабходнае?

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».