Вы тут

Качанава: Сітуацыя вакол бежанцаў здольная прывесці да ўзброенага канфлікту


Аб гэтым заявіла кіраўнік парламенцкай дэлегацыі Беларусі на 53-м пленарным пасяджэнні Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў (МПА СНД) старшыня Савета Рэспублікі.


Яна скарысталася магчымасцю данесці да сваіх калег заклапочанасць кіраўніцтва краіны выбухованебяспечнай сітуацыяй на мяжы Беларусі і Польшчы і выступіла з заявай на гэту вельмі важную і актуальную тэму. Мэта заявы — паведаміць сусветнай супольнасці пра нашу пазіцыю і разлік на тое, што Беларусь будзе пачутая. 

Спікер верхняй палаты парламента нагадала, што ў Беларусі ў міры і згодзе жывуць людзі розных нацыянальнасцяў і канфесій. «Але мы ніколі не маглі падумаць аб тым, што сутыкнемся з сур’ёзнай міграцыйнай сітуацыяй на мяжы Беларусі з Еўрапейскім Саюзам, якая можа стаць небяспечнай», сказала Наталля Качанава. 

— Сітуацыя на беларуска-польскай мяжы вакол бежанцаў здольная прывесці да ўзброенага канфлікту, — акцэнтавала ўвагу спікер. 

Яна з горыччу заявіла аб тым, што нашу краіну неправамерна абвінавачваюць у стварэнні міграцыйнага крызісу. Публікуюцца фэйкі, хлусня і дэзінфармацыя. Мы катэгарычна гэта не прымаем. Беларусь не з’яўляецца прычынай і крыніцай гэтай праблемы.

Наталля Качанава выказалася аб сапраўдных прычынах крызісу на мяжы: «людзі ўцякаюць ад вайны і галечы з краін Блізкага Усходу ў дзяржавы Еўрапейскага Саюза. Ім еўрапейцамі было абяцана лепшае жыццё.» А тым часам грамадзяне Беларусі, сенатары, дэпутацкі корпус, грамадскія арганізацыі абураныя прадузятым стаўленнем да Беларусі з боку еўрапейскіх краін. 

У заяве яна адзначыла, што беларускія ўлады неаднаразова звярталіся ва ўсе еўрапейскія арганізацыі, да сваіх калег, дэпутатаў. Але, на жаль, там іх не вельмі чуюць. Наталля Качанава прызналася, што ў Мінску з вялікай занепакоенасцю даведаліся аб уключэнні ў праект парадку дня 143-й Асамблеі Міжпарламенцкага саюза ў Мадрыдзе надзвычайнага пункта на тэму «Стрыманне гандлю людзьмі, спыненне парушэнняў правоў чалавека і работа ў напрамку свабодных і сумленных выбараў у Беларусі». Гэта ініцыятыва належыць дэлегацыям Германіі, Латвіі, Нідэрландаў і Польшчы.

Наталля Качанава паведаміла, што ў дачыненні да мірных бежанцаў польскім бокам выкарыстоўваюцца сілавое ўздзеянне, прымяняюцца вадамёты, слёзатачывы газ, светлашумавыя гранаты і хімічныя рэчывы. Сярод пацярпелых жанчыны і дзеці. Па гэтых фактах Следчы камітэт Беларусі ўзбудзіў крымінальную справу. Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі стварылі для бежанцаў прымальныя ўмовы. Асаблівая ўвага нададзена здароўю людзей.

Па ацэнцы Старшыні Савета Рэспублікі сітуацыя на беларуска-польскай мяжы здольная прывесці да ўзброенага канфлікту. Гэты міграцыйны крызіс — брудная, несумленная палітыка, якая накіравана на вырашэнне нейкіх сваіх палітычных пытанняў, зрабіла выснову Старшыня Савета Рэспублікі.

Гэта заява знайшла водгук у сэрцах парламентарыяў дзяржаў СНД. У прыватнасці, старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка выказала словы падтрымкі Беларусі. Яна адзначыла, што Расія гатовая аказаць ёй любую дапамогу для вырашэння праблемы бежанцаў на беларуска-польскай мяжы. Але, на яе думку, для нармалізацыі гэтай сітуацыі патрэбны палітычныя рашэнні. Бо гэта пытанне не толькі Беларусі і не столькі Беларусі. Павінны быць прыняты палітычныя рашэнні ў Еўрасаюзе, куды гэтыя бежанцы імкнуцца за лепшым жыццём. Што датычыцца Беларусі, то Валянціна Мацвіенка пажадала ёй трымацца, паабяцала аказаць любую дапамогу, усё неабходнае садзейнічанне з расійскага боку. 

А вось меркаванне старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Сяргея Рачкова, якое ён выказаў журналістам пасля завяршэння работы пленарнага пасяджэння. На погляд сенатара, Еўрапейскаму саюзу неабходна шукаць развязку ва ўзаемадзеянні з кіраўніком беларускай дзяржавы. Прэзідэнт Беларусі ў тэлефонных кантактах з выконваючай абавязкі канцлера Германіі Ангелай Меркель прапаноўваў пэўны алгарытм дзеянняў. Таму ў любым выпадку рашэнне неабходна знаходзіць. Зараз мяч на полі Еўрапейскага саюза. Нашым еўрапейскім партнёрам неабходна дзейнічаць, а не гаварыць аб нейкіх новых санкцыях у адносінах да Беларусі, якая цалкам выконвае міжнароднае, гуманітарнае права, аказвае дапамогу бяздольным людзям, якіх жыццё прымусіла шукаць прытулак у іншай краіне, падкрэсліў сенатар. 

Трэба сказаць, што гэта «беларускае пытанне» не значылася ў парадку дня пленарнага пасяджэння. Але на ім мы спецыяльна засяродзілі ўвагу, бо яно сёння мае выключнае значэнне для нашай краіны. Яно, відаць, узнікла спантанна, але знайшло грунтоўнае абмеркаванне. 

Акрамя гэтага парламентарыі разгледзілі 14 пытанняў. Напрыклад, прынялі сумесную заяву МПА СНД, Рэгіянальнага бюро Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Вене і Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «Аб мерах заканадаўчага забеспячэння працоўнай міграцыі ў перыяд пандэміі», у якой прапануюцца ўніверсальныя меры і гарантыі для працоўных-мігрантаў у галіне сацыяльнай абароны і аховы здароўя.

У ходзе пасяджэння таксама былі разгледжаны мадэльныя законы «Аб роўным доступе да прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння ВІЧ-інфекцыі ў краінах СНД», «Аб донарстве органаў», «Аб ацэначнай дзейнасці». Член Савета Рэспублікі Фелікс Яшкоў прадставіў удзельнікам пасяджэння дакументы па пытаннях абароны і бяспекі. рэгулявання абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў.

Падчас пасяджэння была зацверджана новая рэдакцыя Палажэння аб пастаянных камісіях Асамблеі — адзін з асноўных дакументаў, якія рэгламентуюць дзейнасць МПА СНД і яе органаў. Па гэтым пытанні выступіў член Прэзідыума Савета Рэспублікі Сяргей Сівец. Беларускім бокам унесены змястоўныя прапановы аб неабходнасці замацавання алгарытму размеркавання кіраўніцтва ў пастаянных камісіях сярод парламентаў і ўвядзення аднолькавага прадстаўніцтва намеснікаў старшынь пастаянных камісій. Прапановы былі ўлічаны пры падрыхтоўцы дакумента.

Леанід ТУГАРЫН

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.