Вы тут

Што ў папраўчых установах робіцца каб асуджаныя пайшлі па правільным шляху


«Жыццё пражыць — не поле перайсці. Ніколі нельга ставіць на сабе крыж. Трэба ісці наперад. Усе мы не без граху, усялякае здараецца ў жыцці. Не трэба смуткаваць і дажываць дні. Патрэбна жыць і развіваць душу, якая ёсць у кожнага. І прабачыць сабе, папрасіць прабачэння перад Богам, дараваць тым, хто нам шкодзіў. Я думаў, што мой лёс — дажываць дні і не псаваць жыццё родным. Упэўнены, і на вас ужо крыж паставілі. Але не! Вы павінны самі сабе сказаць: «Я буду шчаслівы». Нікому не дазваляйце вас зламаць. Ідзіце ў жыццё, да сваёй сям'і і да сваіх будучых дзетак», — з такімі словамі вядомы параалімпіец Аляксей Талай звярнуўся да асуджаных, з якімі сустрэўся ў папраўчай установе № 2 горада Бабруйска.


Фота Дэпартамента выканання пакаранняў МУС.

Матывацыйны спікер рэгулярна наведвае папраўчыя ўстановы. Яго мэта — не вучыць жыць дарослых людзей, а закрануць іх сэрцы і душы, расказаць, як важна любіць жыццё, нягледзячы ні на што. Ідэя праводзіць падобныя трэнінгі ад Аляксея Талая ў калоніях належыць Дэпартаменту выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

— У сістэме выканання пакаранняў, у цэнтры якой людзі з рознымі лёсамі, неабходна, каб з імі працавалі прадстаўнікі грамадскасці, таму мы запрашаем прадстаўнікоў грамадскай супольнасці, якім давяраюць, — расказвае начальнік аддзела выхаваўчай работы са спецкантынгентам у папраўчых установах, следчых ізалятарах і лячэбна-працоўных прафілакторыях Дэпартамента выканання пакаранняў МУС падпалкоўнік унутранай службы Дзяніс ПАЎЛЕНКА. — Важна, каб словы аб патрыятызме, жыцці яны чулі не толькі ад чалавека ў пагонах, але і ад звычайнага грамадзяніна, які сам перажыў складаную жыццёвую сітуацыю і змог яе пераадолець. Асуджаныя павінны бачыць, што нават у найскладанейшых сітуацыях не ўсё страчана.

Першы крок да новага жыцця

Відэавіншаванне з Новым годам ад параалімпійца, бізнесмена, члена Канстытуцыйнай камісіі і матывацыйнага спікера, якое летась паказалі ва ўсіх калоніях, выклікала рэзананс сярод асуджаных. І стала ясна: трэба сустракацца асабіста. Першай калоніяй, якую наведаў Аляксей Талай, стала папраўчая ўстанова № 8 у Оршы. Тут адбываюць пакаранне тыя, хто асуджаны неаднаразова.

— Спецыфіка гэтых людзей у тым, што яны любяць сябе шкадаваць, — заўважае Дзяніс Паўленка. — Яны кажуць, што пайшлі на злачынства, таму што не маглі знайсці работу, іх падставілі і гэтак далей. А тут яны бачаць чалавека без рук, без ног, у якога ёсць работа, сям'я. Гэта зараджае ў асуджаных унутраныя супярэчнасці, яны пачынаюць аналізаваць сваё жыццё. Працэс выпраўлення перш за ўсё псіхалагічны. Чалавек павінен сам захацець змяніцца. А калоніі ствараюць для гэтага ўсе ўмовы: людзі тут працуюць, вучацца. Сустрэча з Аляксеем Талаем для некаторых можа стаць першым крокам у жаданні змяніць жыццё.

Дзякуючы Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС, карэспандэнт «Звязды» пабывала падчас такіх сустрэч у выхаваўчай і папраўчай установах горада Бабруйска. «Супрацоўнікі калоній адзначаюць, што асуджаныя заўсёды абмяркоўваць такія сустрэчы, — расказвае намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі папраўчага працэсу Дэпартамента выканання пакаранняў МУС палкоўнік унутранай службы Аляксандр КРАЛЬКО. — Апошнія прызнаюцца, што іх гэта матывуе. Невядома, як бы яны сябе паводзілі, трапіўшы ў такую складаную сітуацыю. Наколькі працуе такая матывацыя — іншае пытанне. У адных яна ўзнікае на найбліжэйшую перспектыву, некаторым такога запалу хапае надоўга. А ёсць і тыя, хто дасягае пэўных поспехаў і сапраўды мяняецца».

Псіхалагічны выбух

Псіхолагі сцвярджаюць: галоўнае ў матывацыйнай справе — гаварыць людзям тое, што ім блізка і цікава. Аляксей Талай гэта добра ведае. Таму ў сваіх выступленнях закранае самыя розныя тэмы. Дзяніс Паўленка расказвае, што апошнім часам у калоніях зроблены акцэнт на здаровым ладзе жыцця, наладжана інфраструктура, праводзяцца спаборніцтвы. За час адбывання пакарання людзі, якія раней атрымлівалі толькі павесткі ў міліцыю, пачынаюць збіраць кубкі, дыпломы, граматы. Напрыклад, у папраўчай установе № 2 горада Бабруйска асуджаныя ініцыіравалі стварэнне спартыўнай залы, распрацавалі эскізы трэнажораў і нават аб'ядналіся ў хакейную каманду.

— Калі Аляксей расказвае ім пра сваю спартыўную кар'еру, яны разумеюць, наколькі спорт важны для жыцця, — удакладняе Дзяніс Паўленка. — Яны бачаць, што чалавек можа сканцэнтраваць у сабе мноства здольнасцяў і развіваць іх. У іх адбываецца своеасаблівы псіхалагічны выбух: чаму чалавек без рук і ног змог, а яны не могуць. Спадзяюся, гэта дапаможа ім і на свабодзе весці нармальны лад жыцця, а не вяртацца на злачынны шлях.

У выступленнях Аляксей робіць акцэнт на сваім дзяцінстве, расказвае, як яго выхоўвалі бацькі, дзядуля. Адзначае, што менавіта іх выхаванне дапамагло перажыць тую катастрофу, якая здарылася з ім у 16 гадоў. «Асуджаныя — як тыя дзеці: усе расповеды Аляксея прапускаюць праз сябе, успамінаюць сваё дзяцінства, якое, магчыма, было падобным да дзяцінства Аляксея, — тлумачыць Аляксандр Кралько. — Яны разважаюць, чаму ён змог узяць сваё жыццё ў рукі, а яны — не. Не ўсе, вядома, так думаюць. Але калі хаця б у часткі асуджаных такія думкі ўзніклі, было б добра».

Зразумела, што адна сустрэча не можа цалкам змяніць светапогляд дарослага чалавека. Аднак Аляксей Талай пастаянна прысутнічае ў жыцці асуджаных.

Артыкул — не кляймо

— У вачах некаторых асуджаных я бачыў душу: чалавек усвядоміў сваю віну і адчувае пакуты сумлення, — дзеліцца Аляксей Талай. — Мне іх шкада. І я прашу Бога, каб яны выстаялі, вытрымалі і пачалі новае жыццё, знайшлі на гэта сілы. Няхай такіх людзей падобныя сітуацыі зробяць мацнейшымі, а не раззлуюць на ўвесь свет. Асабліва гэта важна зусім маладым хлопцам, з якімі я сустракаўся ў калоніі для непаўналетніх.

Не ставяць крыж на асуджаных і спецыялісты Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. «Нельга меркаваць аб чалавеку толькі па яго злачынстве, — перакананы Дзяніс Паўленка. — Усё індывідуальна, усякае можа здарыцца ў жыцці. Людзі тут самыя розныя. У кожным злачынстве трэба разбірацца». Згаджаецца з ім і Аляксандр Кралько: «Самі па сабе крымінальныя артыкулы — не кляймо. І калі асуджаныя пры дапамозе нашых супрацоўнікаў і людзей, якія іх наведваюць, адкрыюць у сабе нешта добрае і будуць развіваць, вялікая верагоднасць таго, што на свабодзе яны пойдуць па правільнай сцяжынцы. Наша задача — падтрымаць і зрабіць так, каб яны захавалі любоў да свету».

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: Працэс выпраўлення — псіхалагічны працэс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?