Вы тут

Выданне Міністэрства ўнутраных спраў «На страже» адзначыла 90-годдзе


Пачынаючы з 12 лістапада 1931 года газета скрупулёзна вядзе летапіс беларускай міліцыі, расказвае аб людзях у пагонах, якія шчыра і добрасумленна нясуць службу па ахове грамадскага парадку, забяспечваючы мірнае жыццё мільёнам беларусаў. Чаму газета цікавая не толькі для тых, хто працуе ў міліцыі, якімі эксклюзіўнымі магчымасцямі валодаюць ведамасныя журналісты і як выданню ўдаецца не толькі трымацца на плаву ў век інфармацыйных тэхналогій, а яшчэ і павышаць свой тыраж, карэспандэнту «Звязды» расказаў галоўны рэдактар газеты «На страже» Яўген САЧАК.


Фота: з архіва рэдакцыі газеты «На страже».

— Яўген Сяргеевіч, у якіх умовах стваралася галоўнае выданне беларускай міліцыі?

— Станаўленне міліцэйскай газеты як паўнавартаснага перыядычнага выдання непарыўна звязана з гістарычнымі вехамі не толькі беларускіх органаў унутраных спраў, але і ўсёй краіны. 27 лютага 1930 года Цэнтральны выканаўчы камітэт і Савет Народных Камісараў БССР зацвердзілі новае Палажэнне аб Рабоча-Сялянскай міліцыі і крымінальным вышуку БССР. Для павышэння ўзроўню ідэйна-палітычнай, выхаваўчай і арганізатарскай работы ў асяроддзі вартаўнікоў правапарадку 12 лістапада 1931 года быў выпушчаны першы нумар газеты «На варце Кастрычніка» (на беларускай мове газета выходзіла да Вялікай Айчыннай вайны). Пілотны нумар выйшаў на чатырох палосах тыражом у паўтары тысячы экзэмпляраў. Газета адразу стала аўтарытэтнай і папулярнай у чытачоў. Аб гэтым сведчыў паток лістоў у рэдакцыю і шырокая сетка пазаштатных карэспандэнтаў. Матэрыялы для выдання пісалі ўсе: камандзіры і палітсупрацоўнікі, паставыя міліцыянеры і оперупаўнаважаныя, партыйныя і камсамольскія дзеячы.

— Сёння «На страже» верная сваім традыцыям: гэта газета пра міліцыянераў. Аднак ці толькі для іх? Хто, акрамя супрацоўнікаў ведамства, яшчэ вас чытае?

— Наша газета — карпаратыўнае выданне. Таму пераважная большасць падпісчыкаў, а адпаведна і чытачоў, — людзі, якія служаць або працуюць у ведамстве. Невыпадкова асноўныя тэмы, якія асвятляем на старонках выдання, так ці інакш звязаны з праваахоўнай дзейнасцю. Дыяпазон даволі шырокі: ад афіцыйных загадаў аб пераходзе на летнюю або зімовую форму адзення да разваг аб сэнсе службы, стаўленні да прафесіі вопытнага або маладога супрацоўніка, учарашняга курсанта або сталага кіраўніка. Расказваючы аб дзейнасці таго ці іншага міліцыянера, спрабуем знайсці нейкую прафесійную разынку, якая можа быць не толькі цікавая, але і карысная. Напрыклад, не раз чуў меркаванне запраўскіх сышчыкаў аб тым, што іх прыцягваюць публікацыі аб раскрыцці злачынстваў. Здавалася б, сваіх гісторый дастаткова на цэлую газету і не на адну. А, як аказалася, з нашага выдання яны не толькі даведваюцца аб практыцы калег, але знаходзяць і бяруць на ўзбраенне пэўныя нюансы. Таму імкнёмся, каб газета была карыснай. Яшчэ адна важная чытацкая катэгорыя — родныя нашых супрацоўнікаў. Газета прыходзіць у сям’ю, таму разумеем, што яна мусіць быць не толькі для таго, хто звязаны з міліцыяй. Публікуем бытавыя парады, шукаем адказы на жыццёвыя пытанні, гаворым пра здароўе, раз на два тыдні выходзіць спецыяльная старонка для маленькіх чытачоў. Не забываемся і пра нашых ветэранаў.

— А ці наладжана з аўдыторыяй выдання зваротная сувязь?

— Ужо не першы год праводзім анкетаванне: просім выказацца аб газеце, падказаць цікавую тэму для публікацыі, задаць пытанне, пакінуць прапанову. У пачатку гэтага года правялі ананімнае апытанне з максімальна спрошчанай магчымасцю даслаць нам электронны адказ. Трэба сказаць, што гэта спрацавала: атрымалі каля тысячы прапаноў. Было нямала цікавых, у тым ліку і крытычных, водгукаў. Усё прааналізавалі, вынікамі падзяліліся з чытачамі. Нешта рэалізавалі, штосьці ўзялі на заметку. І цяпер ведамасная газета адкрытая да новых прапаноў і гатова расказваць пра ўсё, што будзе цікава чытачу. Практычна ў кожным нумары мы нагадваем пра спосабы зваротнай сувязі. Дзяліцеся сваімі ідэямі — і мы будзем вам карысныя.

— Раскажыце, калі ласка, аб вашых спецыялізаваных выпусках...

— У кожным нумары выходзіць адзін або два спецвыпускі. Прысвечаны яны канкрэтным службам, падраздзяленням, знамянальным датам. Назвы кажуць самі пра сябе: «Імя табе — участковы», «Ідзе патруль па горадзе», «Дарогам — парадак», «Пад знакам савы», «Вучыся, курсант», «Вайсковыя весці», «Злачынства і пакаранне» і іншыя. У межах спецвыпускаў падымаюцца надзённыя пытанні па розных кірунках праваахоўнай дзейнасці, публікуюцца меркаванні спецыялістаў, дзеляцца ўласным вопытам прадстаўнікі той ці іншай службы. Самым запатрабаваным летась чытачы прызналі штомесячны спецвыпуск «Чалавек і Закон» з навінамі аб заканадаўстве і юрыдычнымі пытаннямі. Яно зразумела: наша інфармацыя дапамагае супрацоўнікам лепш арыентавацца ў прававых навацыях.

— Сучасныя спосабы перадачы інфармацыі ўдасканальваюцца з кожным днём, і друкаваным СМІ за імі складана ўгнацца. Ці ўкараняеце ў сваю выдавецкую дзейнасць трэнды сучаснай журналістыкі?

— Вядома, сёння газета не можа канкурыраваць з электроннымі крыніцамі інфармацыі ў аператыўнасці. Разлічваем на іншае: даём больш падрабязны і дэталёвы разгляд тэм, якія зацікавілі чытачоў. А вось у іх вызначэнні электронныя масмедыя часам становяцца нам памочнікамі. Грамадскі рэзананс нярэдка падказвае журналісту, якую тэму лепш узяць у распрацоўку. Сюды ж дадаём магчымасці міліцэйскага ведамства ў ацэнцы падзей, іх аналізе, у дабаўленні падрабязнасцяў і нюансаў, у кампетэнтных каментарыях. Таму матэрыял на тэму, якая ўжо, здавалася, асвятлялася з усіх бакоў, можна прыгожа і паўнавартасна дапоўніць. Не трэба забываць і пра тое, што ведамасныя журналісты, натуральна, валодаюць зразумелымі эксклюзіўнымі магчымасцямі атрымання інфармацыі. Не раз нашы публікацыі станавіліся інфармацыйнымі нагодамі, падказвалі тэмы для калег з іншых СМІ, у тым ліку электронных.

— Хто сёння працуе ў газеце?

— У гэтым кантэксце, як гаворыцца ў вядомым выказванні, для нашага калектыву характэрны сплаў досведу і маладосці. Гэта аптымальны варыянт. У газеце працуюць і зусім яшчэ маладыя карэспандэнты, а ёсць і аксакалы з салідным журналісцкім багажом. Свядома не называю імёны і прозвішчы, бо трэба будзе пералічыць ледзь не ўсю рэдакцыю. Разам працягваем шукаць новыя сюжэты для матэрыялаў і прыёмы афармлення газетных старонак. Да таго ж і кіраўніцтва ведамства па-добраму стымулюе калектыў. Наша мэта — абапіраючыся на існуючыя традыцыі, не спыняцца ў развіцці. Пастаянныя чытачы заўважаюць змены. У складзе рэдакцыі ёсць афіцэры, але грамадзянскіх спецыялістаў найбольш. Усіх аб’ядноўвае жаданне прагрэсіўна рухацца наперад у творчасці, разам з тым упэўнена стаяць на варце інтарэсаў ведамства і на пазіцыях дзяржавы.

— Апошнім часам на самых розных пляцоўках падман выдаецца за праўду, насельніцтву навязваюцца псеўдафакты, а людзі часцей вераць блогерам, чым прафесійным журналістам. Чаму, на ваш погляд, так адбываецца і ці трэба з гэтым змагацца?

— Інфармацыйнае супрацьстаянне, якое абвастрылася на працягу апошніх двух гадоў, стала своеасаблівай лакмусавай паперкай у медыяпрасторы. Журналісты «На страже» не далі засумнявацца сваім чытачам у кампетэнтным і сумленным поглядзе на тое, што адбывалася. Мы не раз былі ў гушчы тых падзей, бачылі ўсё на ўласныя вочы, размаўлялі з калегамі з розных службаў і падраздзяленняў, імкнуліся аб’ектыўна разумець і аналізаваць. Таму нам было нескладана расказваць пра тое, што бачылі, што перажывалі. У апанентаў, лічу, былі першапачаткова дыяметральна супрацьлеглыя мэты, і яны да іх ішлі па вядомых, прапісаных, адпрацаваных методыках падачы інфармацыі, дзе апраўданы любыя сродкі. Безадказна хлусіць і злараднічаць — проста. Разбіраць факты і прапаноўваць нешта канкрэтнае значна складаней. Змагацца трэба праўдай. У ёй сіла. Аб гэтым не раз гаварыў Прэзідэнт нашай краіны. Прыемна адзначыць, што кіраўнік дзяржавы павіншаваў газету з 90-гадовым юбілеем. Гэта высокая ацэнка нашай працы. І яна адпавядае меркаванню чытачоў.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.