Вы тут

Жыхар Слонімскага раёна паўстане перад судом за жорсткае забойства знаёмага


Следчае ўпраўленне УСК па Гродзенскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы аб забойстве з асаблівай жорсткасцю ў Слонімскім раёне, паведамляе БелТА са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка УСК па Гродзенскай вобласці Іну Пазняк.


Паводле звестак следства, ноччу 18 верасня ў адной з вёсак Слонімскага раёна падчас распівання спіртных напояў 58-гадовы гаспадар дома нанёс свайму знаёмаму больш за 30 удараў нажом, малатком і іншымі прадметамі па розных частках цела. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў 40-гадовы мясцовы жыхар памёр на месцы.

Раніцай наступнага дня абвінавачаны перамясціў цела загінулага і закапаў на агародзе. Пра гэта мужчына паведаміў у міліцыю. Пры правядзенні праверачных мерапрыемстваў гэтая інфармацыя пацвердзілася, на месца прыбыла следча-аператыўная група.

Следчым з прыцягненнем спецыяліста УГКСЭ па Гродзенскай вобласці праведзены агляд месца здарэння, дапытаныя абвінавачаны і сведкі. З удзелам абвінавачанага праведзена праверка паказанняў на месцы, у ходзе якой мужчына расказаў і наглядна прадэманстраваў абставіны злачынства.

Дарэчы, на дачыненне да злачынства правяраліся і іншыя асобы, якія бывалі ў двары абвінавачанага. Таму падчас папярэдняга следства праводзіліся экспертныя даследаванні, у тым ліку судова-медыцынскія, комплексныя генатыпаскапічныя, медыка-крыміналістычныя экспертызы.

Паводле заключэння судова-медыцынскай экспертызы, прычынай смерці пацярпелага сталі шматлікія цялесныя пашкоджанні, якія ўскладніліся вострай кровастратай. Па выніках правядзення комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы ўстаноўлена, што абвінавачаны на момант здзяйснення злачынства быў здольны ў поўнай меры ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі, у стане афекту не знаходзіўся.

Па выніках расследавання мужчыну прад’яўленае абвінавачванне па п. 6 ч. 2 арт. 139 (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю) КК Беларусі. Ён заключаны пад варту.

Расследаванне крымінальнай справы завершана, справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі