Вы тут

Як палепшыць якасць жыцця пажылых людзей?


Па звестках на гэты год, у Беларусі пражывае каля 1,5 мільёна пажылых людзей, старэйшых за 65 гадоў. Паводле прагнозу, у 2030-м іх колькасць перавысіць два мільёны. Пажылыя людзі нярэдка маюць сардэчна-сасудзістыя хваробы, праблемы з апорна-рухальным апаратам, кагнітыўныя расстройствы, такія як зніжэнне памяці і працаздольнасці, пакутуюць ад псіхічных расстройстваў, у прыватнасці дэменцыі. Як вядома, людзі сталага веку больш цяжка пераносяць і COVІD-19, а наступствы ад гэтага захворвання могуць істотна пагаршаць іх стан здароўя. На Міжнародным семінары «Сярэбраны анлайн-форум: псіхічнае здароўе і сацыяльны дабрабыт» спецыялісты з розных галін расказалі, што дапамагае палепшыць якасць жыцця пажылых людзей, як знайсці ў ім сэнс і вярнуць цікавасць. Аказваецца, заставацца ў страі часам дапамагаюць самыя простыя рэчы: падтрымліваць гігіену, рэгулярна харчавацца, выконваць элементарныя практыкаванні.


Адзінота — фактар рызыкі для псіхічнага здароўя

Як расказала кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра («Актыўнае даўгалецце») намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. М. Машэрава Людміла Жылевіч, у Беларусі сярэдняя працягласць жыцця складае 74,5 года. Па гэтым паказчыку наша краіна нядрэнна выглядае на постсавецкай прасторы. Праўда, разрыў паміж сярэдняй працягласцю жыцця ў мужчын і жанчын дасягае 10 гадоў. Агульнаеўрапейская тэндэнцыя старэння насельніцтва характэрна і для Беларусі. Пажылым людзям усё больш патрабуецца дапамога, а для гэтага неабходная інтэграцыя ўсіх сектараў: ад медыцыны і сацыяльнай абароны да адукацыі і праваахоўнікаў.

— COVІD-19 часта становіцца трыгерам паталагічнага старэння, калі ў чалавека, асабліва пасля 75 гадоў, імкліва зніжаюцца функцыянальныя магчымасці. У такім узросце складана аднаўляцца. Дадаюцца адзінота, хранічны стрэс, негатыўная інфармацыя аб самой хваробе. І ў пажылых людзей на фоне COVІD-19 адбываецца дэкампенсацыя асноўных захворванняў, дадаецца псіхалагічная незадаволенасць, яны больш жорстка адаптуюцца, — пералічвае наступствы Людміла Жылевіч.

Даследаванні паказваюць, што ў Еўропе ўзровень інфіцыравання COVІD-19 і смяротнасці ад яго наступстваў сярод пажылога насельніцтва нашмат вышэйшы, чым сярод маладых людзей. Як адзначае Манфрэд Хубер, прадстаўнік Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у пажылых людзей, якія знаходзяцца ў ізаляцыі падчас пандэміі, можа ўзмацняцца развіццё дэменцыі. Гэтай жа думкі прытрымліваецца і Тара Кек, супрацоўніца Універсітэцкага каледжа Лондана. Яна лічыць, што адзінота — значны фактар рызыкі для псіхічнага здароўя і такіх хвароб, як атлусценне. Падчас пандэміі адзінота сярод пажылых людзей павялічваецца.

— Мы правялі даследаванне сярод пажылых людзей у Босніі і Герцагавіне. З апытаных 58 % адказалі, што задаволены сваёй сям’ёй. Пры гэтым 75 % пажылых людзей адчуваюць адзіноту. Гэта азначае, што да яе схільныя нават тыя старыя, якія жывуць у добрых сем’ях. Ключавыя фактары рызыкі, якія выклікаюць адзіноту, — смерць сужэнца і сяброў.

Пры гэтым Тара Кек адзначае, што даследаванні паказваюць: пашырэнне сацыяльных кантактаў не ўплывае на адчуванне адзіноты, а толькі на сацыялізацыю.

— Пажылым людзям не хапае ўпэўненасці ў сваіх сілах, яны часта маюць адмоўныя ментальныя ўстаноўкі. Усе мы абрастаем сацыяльнымі сувязямі ў месцах працы, а выходзім на пенсію, і сувязі разрываюцца. Тое ж самае адбываецца і пры пераездзе пажылога чалавека.

Таму добра, калі ў пенсіянера ёсць той, хто можа дапамагчы яму ў штодзённых клопатах. А адзін з сучасных спосабаў павысіць упэўненасць пажылога чалавека ў сабе — навучанне лічбавай грамаце. Дарэчы, у Беларусі каля 60 % пажылых людзей ніколі не выкарыстоўвалі гаджэтаў. Многія з іх не ведаюць, як карыстацца смартфонам. Спецыялісты сыходзяцца ў меркаванні, што варта іх уцягваць у гэта, асабліва ва ўмовах пандэміі.

Прылады, якія дапамагаюць старэць дастойна

Сёння маецца і шэраг сучасных прылад, якія істотна аблегчаць жыццё пажылых і людзей з інваліднасцю. Апошніх, дарэчы, у Беларусі больш за 576 тысяч. Прычым за апошнія дзесяць гадоў гэта лічба вырасла на 70 тысяч. Вельмі часта пажылыя людзі і інваліды залежаць ад сваіх блізкіх, нават калі іх захворванне і не вельмі цяжкае. Але, каб аблегчыць жыццё такому чалавеку і яго сям’і, існуе шмат рэчаў.

— Часта пажылыя не ў стане зрабіць такія паўсядзённыя рэчы, як пачысціць зубы, надзець абутак. У сучасным свеце шмат рашэнняў, якія дапамагаюць старэць дастойна ў любым узросце, — кажа кіраўнік Рэспубліканскага таварыства інвалідаў-калясачнікай Яўген Шаўко.

Прылады самыя разнастайныя: ад трымальніка чайніка, які дазваляе не падымаць яго з рызыкай праліць кіпень, да рэчаў, якія дапамагаюць самастойна зашпільваць гузікі на адзенні. Вялікая колькасць прылад прызначана для кухні. Яны дапамагаюць адкрываць слоікі, бутэлькі, чысціць бульбу і іншую гародніну (асабліва гэта важна, калі пажылы чалавек мае праблемы з адной рукой, напрыклад, яна кепска працуе пасля інсульту), наразаць прадукты, намазваць сметанковае масла (гэта актуальна для людзей з рознымі захворваннямі суставаў).

Розныя сталовыя прыборы дапамагаюць пажылым людзям самім камфортна паесці. Яны маюць спецыяльную форму, рамяні, якія дазваляюць фіксаваць прыбор на кісці, мяняць вугал нахілу, што дапамагае прымаць ежу ў любым становішчы. Стабілізацыйныя лыжкі паказаны людзям з трэмарам рук.

Прылады для прыняцця ванны і душа накіраваны на тое, каб дапамагчы пажылому ці хвораму чалавеку залезці ў ванну, падтрымліваць раўнавагу, памыць спіну ці ногі ў зручным становішчы. Ёсць і дапаможнікі для самастойнага пад’ёму з ложка, для самастойнага адзявання, у тым ліку абутку і шкарпэтак, зашпільвання гузікаў. Актыўныя захваты дапамагаюць узяць прадметы, да якіх пажылому чалавеку складана дацягнуцца ці нахіліцца. Прасціны з датчыкамі намакання будуць карысныя для ляжачых хворых.

Аўтаінфарматары дазваляюць запісаць любое галасавое пасланне, якое будзе агучана ў патрэбны момант. Напрыклад, калі ў дзверы пажылога чалавека звоніць госць, прылада гэта распазнае і агучвае госцю інфармацыю пра тое, што званіць ці грукаць варта больш актыўна, бо пажылы чалавек дрэнна чуе, ці трэба крыху пачакаць, бо гаспадар не можа хутка падысці і адчыніць дзверы.

З усімі гэтымі прыладамі, а іх вялікая колькасць, можна азнаёміцца на сайце spіnlіfe.by.

— Калі тавару няма ў наяўнасці, мы можам прывозіць яго пад заказ, бо маем сувязі і вялікі досвед у імпарце такіх прылад, — кажа Яўген Шаўко.

Ёсць і самыя сучасныя распрацоўкі мабільных дадаткаў для пажылых і людзей з інваліднасцю, у тым ліку з дэменцыяй. Адно з іх — TERESA, распрацаванае стартапам TERESA HELP. Яно можа быць падключана да любога мабільнага тэлефона, якім карыстаецца пажылы чалавек. Там маецца дэтэктар падзення, аўтаматычны выклік экстранных службаў. Дадатак прадугледжвае магчымасць камунікацыі з блізкімі. Калі на руцэ пажылога чалавека маецца смарт-гадзіннік, то ўсе яго паказанні, напрыклад, ціск, пульс, перадаюцца ў цэнтр апрацоўкі даных, і пры пэўных паказчыках таксама ёсць магчымасць аўтаматычнага выкліку экстраннай дапамогі. Праграма нагадае пажылому чалавеку, што трэба своечасова прыняць лекі. Асобным модулем будуць распрацаваны такія функцыі, як дастаўка прадуктаў, выклік цырульніка. Дадатак падыходзіць у тым ліку для тых пажылых людзей, якія жывуць адны, а іх блізкія знаходзяцца ў іншым горадзе ці краіне.

Аснова якасці жыцця — чысціня і рэгулярнае харчаванне

Цікавым вопытам падзялілася дырэктар патранажнага агенцтва па доглядзе хворых і пажылых людзей (г. Новасібірск) Вольга Дземенева. Яго работнікі дапамагаюць людзям у стацыянары і дома. Сярод падапечных агенцтва — каля 10 % людзей з траўмамі апорна-рухальнага апарату, 30 % людзей з сардэчна-сасудзістымі хваробамі і каля 60 % маюць кагнітыўныя расстройствы. Па назіраннях Вольга Дземеневай, каля 35 % людзей, якія маюць такія цяжкія расстройствы, знаходзяцца ў паліятыўных хоспісах, жывуць адны — каля 15 %, звяртаюцца да паслуг сядзелкі ці агенцтва — 30 %, жывуць у сям’і — 20 %.

— Адзіноту кожны перажывае па-свойму. Ва ўсіх нас прысутнічае страх перад сыходам, і з узростам людзі перастаюць з ім змагацца, чым пагаршаюць якасць свайго жыцця. Аснова якасці жыцця — простыя маніпуляцыі, такія як гігіена, рэгулярнае харчаванне. Таму варта нагадваць пажылым: часцей мыемся, рэгулярна харчуемся, знаходзімся ў чысціні — гэта на 30 % павышае якасць жыцця. Важна захоўваць гігіену кішэчніка. Хвароба — гэта праграма, і нават з ёй мы можам жыць ці пастарацца ад яе пазбавіцца. Зразумела, што прыбраць яе ў сталым узросце, калі хвароб — букет, наўрад ці атрымаецца. Але палепшыць якасць жыцця магчыма. Тут вельмі важна захоўваць цікавасць да самога сябе, прымаць прызначаныя лекі, выкарыстоўваць дыхальныя практыкі ці самыя простыя практыкаванні, старацца па максімуме ўсё рабіць самому дома, абслугоўваць сябе і нават дапамагаць блізкім, — раіць Вольга Дземенева.

Пазбавіцца страху дапамагае правільнае дыханне

З людзьмі, якія перанеслі каранавірусную інфекцыю, тут працуюць па сваіх напрацоўках, выкарыстоўваючы тэхнікі дыхання.

— Чалавек, які перахварэў на COVІD-19, застаецца з наступствамі для здароўя і цяжарам страху. Дыханне дапамагае пазбавіцца страху. Варта закрыць вочы, падумаць пра сябе і пачаць глыбока дыхаць жыватом, што дазваляе прапрацаваць усе блокі: эмацыянальны і фізічны стан. У аснове дыхання ляжыць тэхніка Цынун, або дыханне па метадзе Бутэйка. Гэта дапамагае развіваць асэнсаванае ўспрыманне жыцця, — дзеліцца Вольга Дземенева.

Яшчэ адзін спосаб вярнуць радасць — колератэрапія. Калі ўзнікае пустата і нежаданне жыць, спецыялісты раяць звяртацца да свайго творчага пачатку — узяць ручку, алоўкі і пачаць маляваць. Колератэрапія ў спалучэнні з распрацоўкай маторыкі рук вельмі карысныя для псіхікі ў любым узросце.

— Калі вы маеце справу з пажылым чалавекам, важна ацаніць яго стан і тое, што ён можа выконваць самастойна. І максімальна прымушаць яго рабіць пасільныя заняткі дома і ў абслугоўванні сябе. Гэтым вы дапаможаце падоўжыць яму жыццё, палепшыць яго якасць, захаваць інтарэс і павагу да самога сябе.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.

Грамадства

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Ідэя стварыць гурток авіямадэлістаў у нейкім сэнсе звязана і з размяшчэннем побач з райцэнтрам былога ваеннага аэрадрома.

Грамадства

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Будаўнічыя ідэі распрацоўваюцца ў лабараторыі аднаго брэсцкага вучонага.