Вы тут

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?


Дзейнасць антысавецкага падполля на тэрыторыі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны, а таксама ў пасляваенны перыяд дагэтуль з'яўляецца адной з найбольш складаных тэм у беларускай гісторыі. Нягледзячы на тое, што пачынаючы з 1990-х гадоў у нашай краіне выйшла шмат навуковых публікацый, прысвечаных дзейнасці польскага антысавецкага падполля на тэрыторый БССР, аб рэальных фактах ведаюць у асноўным даследчыкі, якія вывучаюць тэматыку. У сваіх інтарэсах гэта спрабуюць выкарыстоўваць асобныя беларускія і замежныя аўтары, распаўсюджваючы праз сацыяльныя сеткі і месенджары «альтэрнатыўныя» погляды, далёкія ад навуковай аб'ектыўнасці, але якія выклікаюць інфармацыйны хайп.


Байцы злучэння Арміі Краёвай «Поўдзень».

Аб тым, чаму навуковыя гіпотэзы саступілі месца безапеляцыйным палітычным заявам, а масавая гістарычная свядомасць аказалася перад пагрозай быць адкінутай да ўзроўню значна горшага, чым у перыяд халоднай вайны, карэспандэнту «Звязды» расказаў галоўны саветнік Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, кандыдат гістарычных навук Ігар Валахановіч.

— Ігар Аляксандравіч, дзейнасць польскага падполля на тэрыторыі Беларусі была вельмі супярэчлівай. Чаму нават сёння, калі ўжо пасля тых падзей прайшло шмат гадоў, складана ёй даць ацэнку?

— Тэматыка, звязаная з дзейнасцю антысавецкага падполля на тэрыторыі Беларусі падчас Другой сусветнай вайны, а таксама ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, амаль не вывучалася ў савецкі перыяд. І на гэта было шэраг прычын. Па-першае, савецкая краіна з'яўлялася шматнацыянальнай дзяржавай, і для таго, каб не правакаваць міжнацыянальныя канфлікты, у тым ліку антысавецкая дзейнасць польскай Арміі Краёва не афішыравалася. Адбывалася гэта яшчэ і таму, каб не абвастраць палітычнае становішча: тое, што савецкай уладзе шмат гадоў актыўна супрацьстаялі сілы антысавецкага ўзброенага падполля, магло выклікаць шмат пытанняў. Як такая моцная краіна, якая перамагла нацысцкую Германію, на працягу дзесяцігоддзя пасля заканчэння вайны не магла нейтралізаваць узброеныя антысавецкія фарміраванні, што негатыўна ўплывалі на ўнутрыпалітычную і знешнепалітычную сітуацыю ў заходнім рэгіёне Савецкага Саюза, у тым ліку БССР? Калі паглядзець сродкі масавай інфармацыі таго перыяду — рэспубліканскія, рэгіянальныя, — мы там не знойдзем інфармацыю пра маштабы і трагічныя вынікі дзейнасці антысавецкага ўзброенага падполля. І нават у пасляваенных выступленнях міністра дзяржаўнай бяспекі БССР Лаўрэнція Цанавы на партыйных з'ездах не гаварылася аб тым, што існуюць узброеныя антысавецкія фарміраванні, якія здзяйсняюць тэракты ў адносінах да супрацоўнікаў органаў бяспекі, партыйных і савецкіх органаў, а таксама простых грамадзян, якія падтрымліваюць мерапрыемствы савецкай улады. Работа па іх нейтралізацыі, вядома, праводзілася, але вынікі працы не раскрываліся. Паўплывала на гэтае маўчанне і сітуацыя, абумоўленая халоднай вайной, якую Савецкаму Саюзу аб'явіў калектыўны Захад. У тых, хто знаходзіўся на нашай тэрыторыі на нелегальным становішчы, бачылі сілу, якая будзе дэстабілізаваць сітуацыю ў заходнім рэгіёне СССР і спрыяць дасягненню знешнепалітычных мэт Захаду.

— Пры якіх умовах была створана Армія Краёва?

— Вядома, што 17 верасня 1939 года польскі ўрад пакінуў тэрыторыю краіны і апынуўся ў эміграцыі. Адразу знаходзіўся ў Парыжы, а пасля акупацыі Францыі ў 1940 годзе трапіў у Лондан. У навуковы абарот увайшло паняцце «польскі эмігранцкі ўрад у Лондане». Дык вось яшчэ ў канцы 1939 года гэты ўрад прыняў рашэнне стварыць на акупаванай тэрыторыі Польшчы ўзброенае падполле, якое б фарміравалася з ліку перш за ўсё польскіх вайскоўцаў, якія там засталіся. Меркавалася, што ў падпольную барацьбу добраахвотна ўключацца таксама ўсе патрыятычна настроеныя палякі, перш за ўсё моладзь. Акрамя таго, на тэрыторыі Вялікабрытаніі былі створаны спецыяльныя базы, дзе з дапамогай брытанскіх вайскоўцаў і супрацоўнікаў спецслужбаў рыхтаваліся кадры, якія накіроўваліся на акупаваную тэрыторыю Польшчы, у тым ліку і для стварэння і падтрымкі дзейнасці ўзброенага падполля. Першай падпольнай арганізацыяй, якая была створана ў канцы 1939-га — пачатку 1940-га гадоў, з'яўляўся Саюз узброенай барацьбы. У лютым 1942 года на яго базе была арганізавана Армія Краёва. Яна стваралася па ўзоры той польскай арміі, якая існавала на пачатак Другой сусветнай вайны.

— Што ўяўляла сабой Армія Краёва на Беларусі?

— У адпаведнасці з тым тэрытарыяльна-адміністрацыйным дзяленнем, якое існавала ў Польшчы, Арміяй Краёвай на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі створаны тры акругі: Навагрудская, Віленская і Палеская. На момант пачатку аперацыі «Баграціён» у іх склад уваходзіла амаль 20 тысяч узброеных «акоўцаў». Прыкладна столькі ж знаходзілася ў так званай канспіратыўнай сетцы: тыя, хто дапамагаў з харчаваннем, прадстаўляў сваё жыллё, хто знаходзіўся на легальным становішчы і перадаваў разведынфармацыю. Калі Беларусь была вызвалена, большая частка з іх засталася на савецкай тэрыторыі і, нягледзячы на тое, што ваенна-палітычная сітуацыя карэнным чынам памянялася, працягвала сваю падпольную дзейнасць ужо ў тылах войскаў Чырвонай арміі, якія ажыццяўлялі вызваленчы паход у напрамку той жа Варшавы.

— Атрымліваецца, першапачаткова Армія Краёва была створана з мэтай барацьбы палякаў супраць нямецкай акупацыі. Што паўплывала на тое, што праз кароткі час Савецкі Саюз стаў ёй ворагам?

— Польскае падполле арганізоўвалася адразу як антынацысцкае, так і антысавецкае адначасова. У аснову яго ідэалогіі лягла тэорыя барацьбы з «двума ворагамі» — гітлераўскай Германіяй і сталінскім Савецкім Саюзам, якія, па меркаваннях аўтараў і прыхільнікаў гэтай тэорыі, восенню 1939 года акупавалі тэрыторыю Польшы, падзялілі яе паміж сабой і тым самым знішчылі польскую дзяржаўнасць. Такім чынам, яшчэ тады пачала сваё развіццё актуальная ў наш час тэма абвінавачвання Савецкага Саюза не толькі ў нападзе на Польшчу разам з Германіяй, але і ўвогуле — у развязванні Другой сусветнай вайны. Асноўнай мэтай дзейнасці ўзброенага падполля стала аднаўленне з ваеннай і палітычнай дапамогай Вялікабрытаніі польскай дзяржавы ў межах на верасень 1939 года і з усімі палітычнымі атрыбутамі другой Рэчы Паспалітай. Зыходзячы з такога пасылу, мы бачым, што факт уваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР у верасні — лістападзе 1939 года польскімі палітычнымі коламі не браўся да ўвагі. Гэта дае нам сёння падставу рабіць высновы, што польскае ўзброенае падполле ў той час было адначасова не толькі антынацысцкім, антысавецкім, але фактычна і антыбеларускім, хоць напрамую аб гэтым гаворка не ішла. Тэма аднаўлення другой Рэчы Паспалітай у межах на верасень 1939 года стала палітычнай мэтай амаль для ўсіх польскіх партый і палітычных арганізацый таго часу, якіх падтрымліваў эмігранцкі ўрад у Лондане.

Рэчы, канфіскаваныя ў «акоўцаў».

— Архіўныя звесткі пацвярджаюць: польскія партызаны маюць дачыненне не толькі да барацьбы з германскімі акупантамі, але і да забойстваў савецкіх партызан і мірных жыхароў...

— Калі паглядзець дакументы Вялікай Айчыннай вайны, асабліва перыяду ад вызвалення Беларусі да заканчэння баявых дзеянняў на савецка-германскім фронце, «акоўцы» здзяйснялі ў тыле Чырвонай арміі дыверсійныя і тэрарыстычныя акцыі. Зафіксаваныя нападзенні на чырвонаармейцаў, камандзіраў. Нават ажыццяўляліся спробы здзейсніць дыверсіі на чыгунцы. У той жа час большая частка Арміі Краёвай змагалася з нацыстамі падчас Варшаўскага паўстання. Астатнія працягвалі выконваць тыя палітычныя задачы, якія ставіліся перад імі: аднаўленне польскай дзяржаўнасці на верасень 1939 года. Калі мы паглядзім апублікаваныя ў наш час беларускімі архівістамі і даследчыкамі дакументы, шмат было загінулых не толькі з ліку супрацоўнікаў сілавога савецкага блока, ахвярамі тэрору станавіліся і простыя грамадзяне, якія падтрымлівалі савецкую ўладу: настаўнікі, супрацоўнікі савецкіх устаноў, пошты, тэлеграфа, бібліятэк. Ахвярамі былі ўсе: і беларусы, і рускія, і палякі, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Калі весці гаворку аб перыядзе нацысцкай акупацыі рэспублікі, былі неаднаразовыя выпадкі, калі «акоўцы» нападалі на асобныя групы савецкіх партызан. Хоць змагаліся разам з нашымі партызанамі яны і супраць нацыстаў: былі акцыі па вызваленні Пінскай турмы, Івянца, сумесная аперацыя супраць карнікаў у раёне Налібоцкай пушчы. Аднак калі праводзіць статыстыку, то, на жаль, найбольш сутыкненняў было паміж «акоўцамі» і савецкімі партызанамі, чым паміж «акоўцамі» і немцамі.

— Сёння некаторыя былыя «акоўцы», якія ўдзельнічалі ў барацьбе з савецкімі партызанамі і мірнымі жыхарамі, часткай польскага грамадства і палітыкаў успрымаюцца ледзь не нацыянальнымі героямі, якія змагаліся з камунізмам. Той жа Рамуальд Райс (Буры), які прымаў удзел у знішчэнні мірных беларусаў на Беласточчыне. Былі нават спробы прапагандаваць яго імя ў нашай краіне, асабліва сярод беларускіх палякаў...

— Пачынаючы з 1990-х гадоў актыўна ідзе працэс па фарміраванні і развіцці пэўных уласных гістарычных палітык, або палітык памяці. Тэрмін узнік у 1980-я гады ў ФРГ, калі частка гісторыкаў выступіла з прапановай: хопіць немцам каяцца ў выніках Другой сусветнай вайны, трэба паглядзець на тыя падзеі па-іншаму. Такая прапанова выклікала негатыўную рэакцыю ў нямецкім грамадстве, гістарычных кругах. Гэта было ўспрынята як спроба гістарычнага рэваншу. А з канца 1990 — пачатку 2000-х гадоў у Польшчы тэрмін «гістарычная палітыка» ўзялі на ўзбраенне і навукоўцы, і палітыкі, каб заявіць і ў сябе ў грамадстве, і на міжнародным узроўні, што яны прапануюць правядзенне ўласнай гістарычнай палітыкі, каб знайсці свае гістарычныя карані і абараніць нацыянальныя падыходы ад тых краін, якія з гэтым незгодныя. Потым гэта было падхоплена краінамі Балтыі, іншымі краінамі Усходняй Еўропы, каб заявіць аб сабе па-іншаму: не так, як трактавалася іх гісторыя ў сацыялістычны перыяд ці савецкі час. А ўсё ў тым ліку дзеля таго, каб хутчэй уступіць у Еўрапейскі саюз і ваенны блок НАТА. Так узніклі тэорыі двайной ці трайной акупацыі той жа Прыбалтыкі. З той жа мэтай у Польшчы «праклятыя салдаты» падаюцца як нацыянальныя героі, у тым ліку Рамуальд Райс. У складзе Арміі Краёвай ён пачынаў сваёй дзейнасць на тэрыторыі сучаснай Пастаўшчыны, потым перайшоў у Польшчу. Менавіта там ён займаўся здзекамі і вынішчэннем мірнага насельніцтва — сёння гэта можна расцэньваць як акты генацыду: ён забіваў людзей толькі таму, што яны былі беларусы і праваслаўныя.

— Найбольш ад рук Бурага і яго памагатых пацярпелі праваслаўныя беларусы Беласточчыны...

— У студзені 1946 года «праклятыя салдаты» на чале з Райсам у раёне Беластока на працягу некалькіх дзён затрымлівалі і рабавалі мясцовых жыхароў праваслаўнага веравызнання. Адпускалі толькі тых, хто ўмеў перахрысціцца па-каталіцку і прачытаць малітву «Ойча наш» па-польску. Падчас гэтай экстрэмісцкай акцыі было спалена 5 вёсак і забіта па этнічнай прыкмеце 79 праваслаўных беларусаў, у тым ліку жанчын, дзяцей і старых. У прыватнасці, 29 студзеня 1946 года тэрарысты на чале з Райсам здзейснілі нападзенне на Гайнаўку, дзе забілі дваіх савецкіх салдат, яшчэ два былі паранены. На наступны дзень у вёсцы Старыя Пухалы бандыты Бурага з асаблівай жорсткасцю (абухамі сякер) забілі звыш 30 беларускіх сялян. Затрыманы Райс быў уладамі Польшчы толькі ў лістападзе 1948 года. Польскі суд прымяніў да яго вышэйшую меру пакарання. У снежні 1949 года прыгавор быў прыведзены ў выкананне.

— А ці атрымалі па заслугах іншыя ўдзельнікі польскага антысавецкага падполля?

— Дзеянням усіх арыштаваных на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўдзельнікаў антысавецкага падполля савецкімі судовымі органамі была дадзена юрыдычная ацэнка ў адпаведнасці з нормамі крымінальна-працэсуальных і крымінальных кодэксаў БССР або СССР. Да таго ж у перыяд актыўнай тэрарыстычнай дзейнасці антысавецкага падполля ў 1947—1951 гадах у Савецкім Саюзе было адменена смяротнае пакаранне. У 1990—2000-я гады ўсе крымінальныя справы на дадзеную катэгорыю асоб былі перагледжаны ў межах працэсу рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 1920—1950-х гадоў. У большасці выпадках аб'ектыўна яны былі прызнаныя тымі, якія не падлягаюць рэабілітацыі.

Інструкцыя Арміі Краёвай па правядзенні дыверсій.

— А як працэс гераізацыі антыгерояў успрымаецца польскім грамадствам?

— У 1990-я гады, калі быў створаны польскі Інстытут нацыянальнай памяці, былі прыхільнікі таго, каб прыдаць таму ж самаму Райсу статус нацыянальнага героя, але былі і тыя, хто выступаў супраць гэтай палітычнай рэабілітацыі. Усё залежала ад таго, хто ў Польшчы знаходзіўся каля ўлады. У 2000-я гады мы больш сталі звяртаць на гэта ўвагу, асабліва калі ў Гайнаўцы сталі праходзіць традыцыйныя маршы ў падтрымку «праклятых салдатаў». Мы ведаем, што гэта рэгіён, дзе пражывалі і пражываюць шматэтнічныя беларусы. Аднак у польскім грамадстве, не толькі сярод жыхароў Беласточчыны, але і сярод палітыкаў, дэпутатаў Еўрапарламента ёсць тыя, хто выступае супраць правядзення такіх маршаў. І з кожным годам праціўнікаў маршаў становіцца больш. Асобна хачу звярнуць увагу на пазіцыю Польскай праваслаўнай царквы, якая ў кастрычніку 2019 года кананізавала 30 старапухальскіх мучанікаў, якія загінулі за праваслаўную веру. Вызначаючы рэакцыю польскага грамадства, трэба адзначыць, што сёлета ўпершыню Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прыехаў у Гайнаўку і ўсклаў кветкі на магілу ахвяр тэрору «праклятых салдат», нават схіліў калена. Гэта сімвалічна. Але вельмі важна, у якой ступені гэты крок будзе мець працяг і які.

— Ёсць пэўныя палітычныя сілы, якія зацікаўлены ў тым, каб перагледзець нашу гісторыю...

— Сёння мы глядзім на падзеі гісторыі не з пункту гледжання савецкай камуністычнай ідэалогіі, а з пункту гледжання краіны, якая набыла незалежнасць. І беларусы, як і іншыя, маюць поўнае права даваць уласныя канцэпцыі гістарычнага развіцця сваёй краіны, дзяржаўнасці. Таму, ацэньваючы дзейнасць польскага антысавецкага падполля, мы акцэнтуем увагу не толькі на яго антысавецкім характары. Мы кажам пра тое, што яно не было прабеларускім: яно дзейнічала насуперак нашым нацыянальным інтарэсам. Ні развіццё беларускай мовы, ні культуры, ні тым больш дзяржаўнасці імі не прадугледжвалася. Калі б не мы атрымалі перамогу, нас чакала б вяртанне ў лепшым выпадку ў тыя ўмовы, якія існавалі пасля Рыжскага мірнага дагавора. Тое, што ў 1945 годзе Беларусь апынулася сярод краін — заснавальніц Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, яны, вядома, улічвалі, але адкрыта аб гэтым не выказваліся. Нашы тэрытарыяльныя межы былі гарантаваныя пагадненнем не толькі паміж Савецкім Саюзам, Вялікабрытаніяй і ЗША — яны былі гарантаваныя на ўзроўні ААН. Гэта вялікае дасягненне. Дзеянні савецкіх органаў бяспекі па нейтралізацыі антысавецкага падполля на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў пасляваенны час былі накіраваны ў тым ліку на стварэнне ўмоў для далейшага паспяховага развіцця беларускай нацыі і ўмацавання нацыянальна-дзяржаўнай ідэнтычнасці беларусаў у межах БССР як адной з гістарычных форм беларускай дзяржаўнасці.

Вераніка КАНЮТА

Фота з публікацый Ігара ВАЛАХАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Антыбеларускае падполле

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.