Вы тут

Калі вірус пад кантролем, людзі з ВІЧ жывуць доўгае жыццё


​Першае снежня — Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. І хоць падчас пандэміі каранавіруса ўся ўвага накіравана на COVІD-19, распаўсюджванне не менш каварнага захворвання — ВІЧ-інфекцыі — чалавецтву пакуль не ўдалося спыніць. аб тым, што ВІЧ нельга скінуць з рахунку, сведчыць хоць бы гіпотэза пра тое, што новы штам каранавіруса, які выяўлены ў Паўднёвай Афрыцы ў канцы лістапада і атрымаў назву «Амікрон», мог з’явіцца ў арганізме чалавека з ВІЧ. Калі імунітэт аслаблены, арганізм не можа канчаткова справіцца з вірусам і знішчыць яго. У такім выпадку вірус месяцамі можа захоўвацца ў арганізме, не забіваючы чалавека, але і не знікаючы. За гэты час ён бясконца муціруе і эвалюцыяніруе да больш дасканалых варыянтаў, якія дазваляюць хутчэй пранікаць у клеткі і пазбягаць імуннай абароны, а значыць, станавіцца надзвычай заразным для чалавека. Менавіта Паўдёва-Афрыканская Рэспубліка, дзе жыве каля 7,5 мільёна чалавек з ВІЧ, і стала радзімай «Амікрона».


Па стане на 1 лістапада 2021 года ў Беларусі зарэгістравана 32 тысячы выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Са станоўчым статусам у краіне жыве больш за 23 тысячы чалавек. За апошнія 10 гадоў большая частка новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі рэгіструецца ва ўзроставай групе 35-49 гадоў.

— Калі раней мы казалі, што ВІЧ-інфекцыя датычыцца ў асноўным маладога пакалення — людзей да 30 гадоў, то сёння мы канстатуем тэндэнцыю яе старэння. Больш за 80 % новых выяўленых выпадкаў у нас рэгіструецца ва ўзроставых групах 30-39 гадоў і 40 гадоў і старэйшых, — кажа загадчык аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтэральных вірусных гепатытаў РНПЦ гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксандр Атаманчук.

У 80 % выпадкаў інфекцыя перадаецца палавым шляхам. Ін’екцыйны шлях пры ўжыванні наркотыкаў складае каля 15 %. Але ёсць рэгіёны, дзе больш высокая колькасць ін’екцыйнага шляху перадачы — гэта Мінск і Мінская вобласць.

— У нас нераўнамерныя геаграфічнае распаўсюджанне і рэгістрацыя новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Больш за 75 % людзей з ВІЧ жыве ў трох рэгіёнах: Гомельская вобласць, Мінск і Мінская вобласць, — адзначае суразмоўнік.

У Беларусі прайсці дабравольнае медыцынскае абследаванне, у тым ліку і ананімнае, можна ў любой арганізацыі аховы здароўя, дзе маецца працэдурны кабінет. Працуюць ананімныя кансультацыйныя пункты для прадстаўнікоў ключавых груп насельніцтва, якія аказваюць паслугі па кансультаванні і тэсціраванні на ВІЧ-інфекцыю. Таксама ёсць магчымасці не толькі прайсці абследаванне ва ўстанове аховы здароўя, але і свабодна купіць тэст у аптэцы і зрабіць яго дома.

Абследавацца варта як мага раней, асабліва калі ў вас ёсць падазрэнні, што вы маглі заразіцца. Як мага больш ранняе выяўленне і лячэнне дазваляе папярэдзіць развіццё розных бактэрыяльных і вірусных інфекцый, туберкулёзу, анкалагічных хвароб.

— Сёння ні адзін са спосабаў прафілактыкі не можа спыніць распаўсюджванне ВІЧ-інфекцыі, — падкрэслівае Аляксандр Атаманчук. — Аднак ёсць навукова абгрунтаваныя і эфектыўныя спосабы папярэджання заражэння, а таксама зніжэння рызыкі інфіцыравання. Гэта выкарыстанне прэзерватываў, ужыванне антырэтравіруснай тэрапіі пацыентамі з ВІЧ, бо яна не толькі падтрымлівае жыццё і здароўе такога хворага, але і вызначаецца прафілактычным эфектам. Гэта азначае, што тыя пацыенты, якія маюць добрую схільнасць да лячэння, не толькі кантралююць ход сваёй хваробы, дасягаючы невызначальнай віруснай нагрузкі, але і папярэджваюць перадачу ВІЧ сваім палавым партнёрам. Да спосабаў папярэджання адносіцца прымяненне стэрыльных іголак і шпрыцаў пры ўнутрывенных маніпуляцыях.

Спецыялісты адзначаюць, што эпідэмія COVІD-19 аказала істотны ўплыў і на сітуацыю з ВІЧ-інфекцыяй. З-за ўвядзення абмежавальных мерапрыемстваў у арганізацыях аховы здароўя знізілася колькасць зваротаў па тэсціраванне. Аднак прымаюцца ўсе меры, каб мінімізаваць наступствы. У прыватнасці, прэпараты пацыентам выдаюцца на больш доўгі тэрмін, рэалізоўваюцца праекты па забеспячэнні пацыентаў антырэтравіруснай тэрапіяй.

Пацыенты з ВІЧ хварэюць на COVІD-19 з той жа частатой, што і неінфіцыраваныя людзі. Пры гэтым спецыялісты сыходзяцца на думцы, што ім паказаныя прышчэпкі супраць каранавіруса.

— ВІЧ-інфекцыя з’яўляецца хранічнай інфекцыяй, і яна, як і любое іншае хранічнае захворванне, абцяжарвае ход COVІD-19 і павышае рызыку цяжкіх наступстваў і смяротных зыходаў. Таму сёння медыцынскія работнікі выступаюць за вакцынацыю пацыентаў ад каранавіруснай інфекцыі, — аргументуе Аляксандр Атаманчук.

Сёння ў Беларусі гарантаванае бясплатнае лячэнне ўсіх пацыентаў, якія жывуць з ВІЧ, незалежна ад стадыі хваробы і ўзроўню імунітэту. Яно адбываецца ў спецыялізаваных дыспансерных кабінетах і аддзяленнях, якія ёсць ва ўсіх рэгіёнах. Там пацыенты абследуюцца на ўсе інфекцыі на ўзроўні імунітэту, а пасля падбіраецца неабходная тэрапія.

— З 2018 года ў краіне дзейнічае прынцып «Тэрапія для ўсіх». Гэта значыць, як толькі мы выявілі пацыента, адразу пачынаем яго лячыць, не даводзячы да цяжкіх ускладненняў. У абследаваннях і тэрапіі мы абапіраемся на рэкамендацыі СААЗ, таму мы лечым гэтак жа, як і ў іншых краінах свету. Лячэнне для пацыентаў бясплатнае, прэпараты закупляюцца ў неабходнай колькасці і праблем з іх атрыманнем у нашых пацыентаў няма, — тлумачыць загадчык кансультацыйна-дыспансернага аддзялення па ВІЧ-інфекцыі Гарадской інфекцыйнай клінічнай бальніцы Марына ГАРАВАЯ.

Абследавацца на ВІЧ мусяць і ўсе цяжарныя жанчыны. Пажадана нават рабіць гэта падчас планавання цяжарнасці. Бо маці, якая атрымлівае антырэтравірусную тэрапію, з верагоднасцю, блізкай да 100 %, не заразіць сваё дзіця. Дзяржава падтрымлівае сем’і з такой праблемай: жанчын забяспечваюць дзіцячым харчаваннем, каб знізіць рызыку заражэння падчас груднога кармлення.

— Нягледзячы на тое, што інфекцыя, здавалася б, неактыўная, але калі яе запусціць, пацыенты дасягаюць цяжкага стану.Таму нягледзячы на пандэмію каранавіруса, заклікаем памятаць, што ВІЧ-інфекцыя нікуды не падзелася і яе трэба лячыць. Ёсць магчымасць абследаваць на ВІЧ усе вірусныя пнеўманіі, якія трапляюць у стацыянары, і мы пра гэта напамінаем нашым калегам, — кажа Марына Гаравая.

Нягледзячы на тое, што ВІЧ — хранічная інфекцыя, якую нельга вылечыць, дзякуючы антырэтравіруснай тэрапіі працягласць жыцця хворых параўнальная з астатнімі людзьмі. Апошнія даследаванні паказалі, што працягласць жыцця такіх пацыентаў нават большая, чым у агульным сярод насельніцтва, бо такія пацыенты знаходзіцца пад пастаянным назіраннем інфекцыяніста і іншых урачоў і іх хранічныя і вострыя захворванні выяўляюцца на больш ранніх стадыях. Але гэта актуальна, калі захворванне выяўляецца своечасова. Калі пацыент звяртаецца па медыцынскую дапамогу ў тэрмінальных стадыях, не заўсёды ўдаецца нават захаваць яму жыццё.

— У сучасных умовах баяцца ВІЧ-інфіцыраваных, нават калі гэта муж ці жонка, не варта. Пацыент, які прымае антырэтравірусную тэрапію, мае прыгнечаную вірусную нагрузку (а гэта значыць, мінімальную колькасць віруса ў крыві), і для свайго партнёра ён не заразны. З такімі людзьмі можна ўступаць у шлюб і мець дзяцей, — рэзюмуе Марына Гаравая.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Важна выявіць і пачаць лячыць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».