Вы тут

Якія змены прадугледжваюцца ў Законе «Аб дарожным руху»?


Аб гэтым на чарговай сесіі Савета Рэспублікі расказаў сенатарам міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ.


Паводле яго слоў, мэтай змен з’яўляецца ўдасканаленне прававых і арганізацыйных асноў дарожнага руху.

— Разам з мерамі па павышэнні дарожнай бяспекі прадугледжаны шэраг палажэнняў, накіраваных на стварэнне больш камфортных умоў для ўдзелу грамадзян у дарожным руху, а таксама забеспячэння іх правоў і законных інтарэсаў, — патлумачыў міністр.

Разбярэмся разам, што за навацыі нас чакаюць.

Па-першае, у якасці новага дакумента, які сведчыць права кіравання транспартнымі сродкамі, прадугледжана выдача міжнароднага пасведчання кіроўцы.

— Гэтая неабходнасць абгрунтавана пэўнымі цяжкасцямі, якія ўзнікаюць у беларускіх грамадзян за мяжой, — кажа Іван Кубракоў і ў яксці прыкладу прыводзіць немагчымасць узяць машыну напракат у некаторых краінах без міжнароднага пасведчання ці, наогул, прыраўноўванне кіроўцаў без гэтага дакумента да асоб, якія не маюць права кіравання.

Паводле слоў міністра, адпаведная працэдура ўжо ўключана ў пералік адміністратыўных працэдур, якія выконваюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян.

Па-другое, грамадзяне Расійскай Федэрацыі змогуць захаваць права кіраваць транспартнымі сродкамі на падставе свайго нацыянальнага пасведчання да сканчэння тэрміну яго дзеяння незалежна ад атрымання імі віду на жыхарства ці грамадзянства Беларусі. Робіцца гэта для забеспячэння роўных правоў грамадзян Саюзнай дзяржавы.   

Зараз, у прыватнасці, пры атрыманні віду на жыхарства ці пашпарта Рэспублікі Беларусь расіяне абавязаны на працягу 90 дзён замяніць сваё нацыянальнае пасведчанне кіроўцы, інакш яны прыраўноўваюцца да асоб, якія не маюць права кіравання.

Па-трэцяе, з’явіцца магчымасць навучання, здачы практычнага кваліфікацыйнага экзамену і атрымання права кіравання транспартнымі сродкамі без механічнай трансмісіі. На думку распрацоўшчыкаў законапраекта, гэта адпавядае пажаданням тых кіроўцаў, якія плануюць у далейшым кіраваць толькі такімі транспартнымі сродкамі.

— З улікам прымаемых дзяржавай мер па папулярызацыі выкарыстання электрамабіляў прапануемая навацыя таксама павінна садзейнічаць распаўсюджанню ў краіне гэтага віду транспарту, — перакананы міністр.

Па-чацвёртае, аўташколы перастануць узгадняць маршруты для практычнага навучання курсантаў з ДАІ. Робіцца гэта дзеля ўдасканалення навучальнага працэсу па практыцы кіравання аўтамабілем. Пры гэтым Міністэрства ўнутраных спраў атрымае паўнамоцтвы па вызначэнні ўчасткаў дарог, па якіх навучанне будзе забаронена.

— Гэтая навацыя дазволіць скасаваць адпаведную адміністратыўную працэдуру, — патлумачыў міністр.

Ён таксама расказаў, што праектам закона прадугледжваецца вызначэнне асноўных параметраў дарожнага руху, ажыццяўлення яго маніторынгу і прынцыпаў яго арганізацыі. І гэта ўжо пятая навацыя.

— З’яўляецца магчымасць кіравання дарожным рухам і яго рэгулявання дзякуючы інтэлектуальнымі транспартнымі сістэмамі, выкарыстанне якіх дазволіць аператыўна ўплываць на змену дарожнай абстаноўкі і інфармаваць аб гэтым удзельнікаў дарожнага руху, - кажа Іван Кубракоў.

У якасці прыкладу ён прыводзіць знакі пераменнай інфармацыі (ці інакш — электронныя табло), якія заўчасна ў рэжыме рэальнага часу могуць інфармаваць кіроўцу аб небяспецы наперадзе: ДПЗ, будаўнічых работах, заторах ці іншых фактарах.

Паводле слоў міністра, такія знакі разам з інфармаваннем змогуць усталёўваць і пэўныя абмежаванні для дарожнага руху ў выпадку змены дарожнай абстаноўкі. Напрыклад, змяншаць хуткасць на некаторых участках пры ўзнікненні небяспекі для руху.  

Нарэшце, трэба сказаць і аб пэўных зменах, якія датычацца медыцынскага забеспячэння дарожнага руху.

Як расказаў Іван Кубракоў, для аператыўнага і цэнтралізаванага адсочвання інфармацыі аб выдадзеных медыцынскіх даведках кіроўцам, якія пацвярджаюць іх прыдатнасць да кіравання транспартнымі сродкамі ці, наадварот, прызнаных непрыдатнымі да гэтага, на Міністэрства аховы здароўя ўскладаецца абавязак весці ўлік гэтых звестак і прадставіць дасяг да інфармацыі МУС і мінсельгасхарчу.

— Гэта дазволіць вырашыць адразу дзве задачы: выключыць неабходнасць прадстаўлення медыцынскай даведкі пры выкананні адпаведных адміністратыўных працэдур, а таксама дазволіць своечасова размяшчаць у аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму ДАІ звестак аб асобах, якія не маюць права кіравання транспартнымі сродкамі па медыцынскіх паказаннях, — перакананы міністр.

Пералік навацый на гэтым не заканчваецца, але з’яўляецца больш дробязным, таму на гэтым і абмяжуемся.

Напрыканцы Іван Кубракоў дадаў, што прыняцце закона «Аб дарожным руху» не патрабуе дадатковых бюджэтных сродкаў, звязаных з яго рэалізацыяй.

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіла РУСАГА, прадугледжаныя праектам закона змены накіраваны на вырашэнне спрэчных пытанняў правапрымянення, павышэнне бяспекі і эфектыўнасці дарожнага руху, што павінна спрасціць і жыццё кіроўцаў.

Калегі па сенатарскім корпусе пагадзіліся з выступоўцам і падтрымалі законапраект.

Вольга АНУФРЫЕВА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?