Вы тут

Школьныя абеды супраць фаст-фуду


Сучасныя дзеці вельмі пераборлівыя ў ежы. З такой праблемай сутыкаюцца многія сем'і. А як накарміць, напрыклад, тысячу альбо дзве тысячы дзяцей? Пры гэтым усе неабходныя нормы захаваць і задаволіць жаданні школьнікаў. А галоўнае, не страціць пазіцыі падчас татальнага наступлення фаст-фуду. Карэспандэнт «Звязды» адправілася ў сумесны рэйд з дэпутатам і спецыялістам у сферы дзяржкантролю ў сталовую гродзенскай школы.


«Дзяжурную» катлету ядуць не ўсе

У школьнай сталоўцы горада Гродна рыхтуюцца да прыёму чарговай групы школьнікаў. На абед прыйдуць вучні малодшых класаў. У меню — рысавая каша з катлетай і марынаваным агурком. На дэсерт — печыва з сокам. Безумоўна, асноўная страва карысная і дыетычная. Але, відавочна, далёка не кожнаму спадбаецца. Настаўніца пачатковых класаў Алёна Фёдараўна канстататуе: «Так. Дзеці цяпер пераборлівыя». «А што яны добра ядуць?» — пытаюся. «Каўбасу вараную, сасіскі. Гэта амаль усе ядуць, магчыма, таму, што так прывучаныя дома. Яшчэ добра ядуць свіныя катлеты, курыныя — горш ядуць, любяць плоў. А вось тварожную запяканку ядуць адзінкі, большасць пакідае некранутай».

Сапраўды, у многіх малодшых школьнікаў значная частка порцыі так і засталася на талерцы, якую пасля абеду дзеці панеслі у раздатачны блок. Праўда, па словах работнікаў кухні, у старшакласнікаў талеркі чысцейшыя, яны ядуць лепш.

Праблема школьнага харчавання заўсёды выклікала спрэчкі. Недаедзеныя порцыі былі заўсёды. Між тым галоўнае патрабаванне да арганізатараў харчавання адно — дзеці ў школе павінны быць сытыя. Такую думку падчас маніторынгу выказвае член Пастаяннай камісіі Нацыянальнага сходу Беларусі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Алёна Патапава. Як прафесійны педагог і маці, яна лічыць важным для здароўя правільнае і збалансаванае харчаванне школьнікаў падчас вучэбнага працэсу. Многія дзеці праводзяць у школе цэлы дзень, застаюцца на дадатковыя заняткі, трэніроўкі. Таму неабходна, каб яны своечасова і якасна харчаваліся.

Нормы ніхто не адмяняў

Меню школьніка ўлічвае цэлы шэраг нарматыўных паказчыкаў. У першую чаргу, існуюць грашовыя нормы, якія адпавядаюць кожнай узроставай катэгорыі. Ёсць нормы харчавання з улікам сезоннасці. Напрыклад, больш натуральных прадуктаў прыпадае на вясну і восень. Для дзяцей з асобнымі відамі захворванняў складаецца спецыяльны рацыён. Таксама меню ўлічвае асартымент спажывецкага рынку і магчымасці тэхналагічнага абсталявання. Ну і, вядома, падлічваецца энергетычная каштоўнасць кожнай стравы. Як расказала намеснік дырэктара камбіната школьнага харчавання Ленінскага раёна Гродна Ірына Ваўчкевіч, меню распрацоўваецца на навуковай аснове, кожныя дзесяць дзён аналізуецца выкананне нормаў і пры неабходнасці карэкціруецца.

— Самая карысная ежа — свежапрыгатаваная, таму ва ўсіх школах наладжана сістэма гарачага харчавання, — адзначыла суразмоўніца. — У нас арганізавана цэнтралізаваная дастаўка прадуктаў, але ёсць школы, дзе прывазное харчаванне, мы гатуем на іншых базах і дастаўляем абеды ў школы па 4-5 разоў на дзень. Такіх устаноў адукацыі ў Гродне ўсяго некалькі.

 

Як правіла, большасць школьнікаў сілкуецца ў школьных сталоўках. Прыносіць хатнюю ежу не рэкамендуецца з-за даволі высокіх патрабаванняў па тэрміне яе захавання. І ўвогуле атрымаць кашу з катлетай лепш, чым даваць дзіцяці нейкі бутэрброд з сабой, лічыць Іна Ваўчкевіч. У школе харчаванне якас-
нае, утрыманне солі невялікае, апрацоўка ежы ашчадная. Ды і кошт школьнага абеду прымальны. У залежнасці ад узросту школьніка на дзень плата за абед складае ад 1 рубля 70 капеек да 2 рублёў 5 капеек. Значная частка датуецца дзяржавай. Школьнікі 1—4 класаў харчуюцца бясплатна.

Ці такі прывабны шведскі стол?

Алёна Патапава згадвае, што яе дачка падчас вучобы ў школе была прыхільніцай шведскага стала. Але наўрад ці гэта можна назваць паўнавартасным харчаваннем. Як правіла, усе дзеці выбіраюць смажанку альбо замяняюць гарачы абед перакусамі.

— Страчваецца сам сэнс школьнага харчавання — атрымаць здаровую дыетычную ежу, — упэўнена дэпутат. — На самай справе шведскі стол павінен прадугледжваць некалькі варыянтаў нармальнага здаровага абеду, карыснай гарачай стравы — мяса альбо рыбы. І калі школьнік можа менавіта з гэтага абраць, тады ўсё будзе добра і правільна. Але такі падыход патрабуе дадатковых тэхнічных магчымасцяў як школы, так і камбіната школьнага харчавання.

Па прынцыпе шведскага стала ў Гродне харчаваннем ахоплена каля 20 % устаноў адукацыі. Як правіла, з невялікай колькасцю вучняў. А ў новых мікрараёнах горада школы налічваюць больш за дзве тысячы чалавек. Наладзіць шведскі стол для такой колькасці праблематычна. У сваю чаргу, арганізатары школьнага харчавання шукаюць нешта новае, каб зацікавіць вучняў, і сочаць за тым, каб было менш адходаў.

— Відавочны ўплыў фаст-фуду на дзяцей: мы атрымліваем заяўкі з просьбай выключыць рыбу, кашы, — расказвае Іна Ваўчкевіч. — У якасці альтэрнатывы і дадатковага харчавання ў нас паўсюдна працуюць буфеты, дзе мы рэалізоўваем новыя віды страў, блізкіх да фаст-фуду. Гэта ролы з птушкі, бургеры з ашчаднай цеплавой апрацоўкай, дазволеныя для харчавання дзяцей. Распрацоўваецца некалькі відаў арганізацыі харчавання, у тым ліку з элементамі шведскага стала. Там ёсць варыянты меню на выбар. Так удаецца накарміць больш школьнікаў, папоўніць запас іх энергіі, якая расходуецца падчас вучобы.

Маніторыць, каб палепшыць

За выкананнем нормаў харчавання ў школах вобласці вядзецца кантроль. Маніторынг ахоплівае ўвесь спектр мерапрыемстваў — ад санітарна-эпідэмічных да тэхналогіі гатавання страў. Як расказала начальнік упраўлення КДК Гродзенскай вобласці Наталля Жур, асноўныя парушэнні звязаныя менавіта з гатаваннем ежы. Гэта недакладванне сыравіны і малаважкія порцыі. Напрыклад, агульная вага порцыі адпавядае нормам, але ў ёй аснову складае гарнір, а вось мяса ці рыбы менш, чым патрабуецца. Падчас такога маніторынгу ў адной са школ вобласці выяўлены недахоп мяса ў смажаніне амаль напалову. Праўда, такія выпадкі вельмі рэдкія, адзначылі ў кантрольным ведамстве.

— У кастрычніку мы правялі аналіз меню ў асобных школах. Рацыён паказаў, што ніжэй за норму выкарыстоўваліся такія прадукты, як мяса, птушка, садавіна, малако і кісламалочныя прадукты. Затое макароны і кандытарскія вырабы прысутнічалі звыш устаноўленых нормаў, — дадае прадстаўнік дзяржкантролю.

Усе парушэнні не застаюцца без адпаведных мер. Аб выніках маніторынгу інфармуюцца адміністрацыі раёнаў, больш за 80 арганізатараў школьнага харчавання прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці.

На думку кантралёраў, настаў час перагледзець асартымент страў і нормы харчавання для школьнікаў, укараняць новыя формы і метады ў дадзенай справе.

Маніторынг з удзелам парламентарыя засведчыў, што харчаванне ў наведанай гродзенскай школе адпавядае ўсім неабходным нормам. Дэпутат Алёна Патапава лічыць, што сістэмная работа ў згаданым пытанні дае свае вынікі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».